Аляксандр, і сцвярджаў, быццам дзед Юзік, карыстаючыся ваенным гармідарам, збег у Польшчу, далей ад Саветаў, завёў там новую сям'ю, пакінуўшы бабцю з пяццю дзецьмі, і жыў потым за мяжой калі не шчасліва, то, ва ўсякім разе, доўга. Тады мая мама заставалася адзінай апорай бабці.

У першы раз, уласна кажучы, маму вывезлі не ў Нямеччыну, а на заходнія землі Польшчы, аддадзеныя фольксдойчэ. Мама працавала там на нейкага баўэра. Дагэтуль не ведаю, ці было гэта прозвішча, ці проста нямецкае слова, якое пазначае гаспадара. Здарылася гэта ў 1942 годзе. Але гаспадар дрэнна ставіўся да яе, біў, карміў кепска - і мама, пятнаццацігадовая дзяўчынка, не вытрымаўшы ўсяго гэтага, проста сышла ад яго дахаты. Ішла пешшу, ехала на спадарожных. Пад Беластокам каля яе спыніўся грузавік з нямецкімі салдатамі. Афіцэр, які ехаў у кабіне побач з кіроўцам, пацікавіўся, куды ідзе фройляйн. Яна адказала, што дахаты. Ён выйшаў і прапанаваў заняць яго месца ў кабіне, а сам падняўся ў кузаў, да салдатні, якая нешта гергетала.

Так мама даехала да Г ародні. Дайшла да бабцінай хаты. Бабця спытала, што яна робіць тут, у Гародні. Адказ прымусіў яе збялець. Яна схапіла дачку за руку і, балазе, было ўжо цёмна, адвяла да сваёй сяброўкі, імя якой я так ніколі і не даведаўся. Мама казала пра яе як пра бабулю Сенькевічову.

Раніцай маму разбудзіў стук у вакно. Грукаў суседскі хлапчук:

— Валю, Валю! Там тваіх павялі!

“Тваіх павялі”. Куды? Гэта было зразумела. Маму прывезла карная каманда, якая прыехала ў горад. Бываюць і такія супадзенні. Вестка пра ўцёкі ад гаспадара дагнала яе і вось такім страшным стукам у шыбу папярэджвала пра небяспеку, якая пагражала маці, братам і сёстрам. Трэба было паспець.

Бабуля Сенькевічова жыла на далёкім канцы цяперашняй вуліцы Чырвонапартызанскай. Адлегласць невялікая, гарадзенцы ведаюць. Але калі мая, ужо шасцідзесяціпяцігадовая, мама распавяла мне гэтую гісторыю, я ўявіць сабе не змог, як яна здолела прабегчы яе - з такой хуткасцю за такі час. Хоць маю сям'ю пры мне ніхто і ніколі не “вадзіў” вось так - ні да сценкі, ні проста ў паліцэйскі пастарунак.

Маму дапытваў стары немец, які працаваў у камендатуры, здаецца. Гутарка была цалкам у духу сорак другога года: адразу пасля бітвы пад Масквой, але яшчэ да Сталінграда. Ды і наогул - да часу на “новых савецкіх” (гэта значыць былых польскіх) землях фашысты імкнуліся асабліва не лютаваць: партызан не было, а гэта значыць - і патрэбы ў татальным запалохванні.

— Чаму сышла ад гаспадара? - запытваў немец маму.

— Не карміў, біў.

— А калі карміць будзе - працаваць будзеш?

Што яна павінна была адказваць?

— Буду.

Яна прабыла з бабцяй яшчэ месяцаў восем. Потым, як гаворыць сямейнае падданне, яе зноў вывезлі - гэтым разам у Кёнігсберг, дзе яна і прабыла да пачатку наступу савецкіх войскаў на Ўсходнюю Прусію. А там гаспадыня - маладая ўдава забітага на ўсходнім фронце за паўгода да таго лейтэнанта - дала ёй трохі грошай, нейкія рэчы і дамаглася пропус­ку па нямецкай тэрыторыі. Дахаты. Ёй ужо ўсё было зразумела. І мама вярнулася ў Г ародню другі раз.

Як жывое пацверджанне гэтай гісторыі - захаваны ў мяне сподак з коркавага дрэва, які той самы лейтэнант прывёз з Афрыкі, дзе ён служыў да свайго апошняга паходу. І ўспаміны пра тое, як мама вазіла мяне ў Калінінград - ужо калі я скончыў сёмы клас. Яна паказала мне тады і месца, дзе стаяла хата, у якой яна жыла, і магілу Канта—дакладней, тое месца, дзе яна знаходзілася да пераносу. Я не разумеў, адкуль яна гэта ведае: ну, ведае — і ведае, была тут калісьці да мяне і без мяне. А калі? І чаму?..

Яна вярнулася дахаты пасля знаходжання ў лагеры для інтэрнаваных. Гэтая старонка яе жыцця мне практычна невядомая: мама ніколі пра яе не ўспамінала. Звычайна казала адразу пра 1946 год — калі, давучыўшыся апошні год у школе, паступіла працаваць на гарадзенскую “тытунёўку”.

З “тытунёўкай” гісторыя была дзіўная. Маму павінны былі туды ўзяць, як той казаў, па-любому: бо там працаваў дзед. Але і дзеда ўжо не было, і на фабрыцы забылі пра тыя часы, калі належала Шарашэўскім. На фабрыцы, ужо дзяржаўнай, працавалі новыя людзі. Дырэктарам яе ледзьве не з самага паваеннага часу быў Павел Пятровіч Сяргееў.

Сяргеева я памятаю ўжо старым. Ён ствараў нейкае круглае ўражанне: невысокага росту, поўны, упэўнены ў сабе, — я б сёння сказаў, “хрушчовападобны”. Але гэта — пачатак сямідзясятых гадоў. А калі мама казала пра іх агульную фабрычную маладосць, вочы ў яе загараліся. Верагодна, гэтак жа гарэлі яны і ў самога Сяргеева.

Сяргееў не меў вышэйшай адукацыі, і гэта давала шанец усім, хто таксама яе не паспеў атрымаць. Мама адукаваных людзей паважала і шанавала. Але самой ёй дыплом і запаветны “ромб” на лацкане атрымаць не давялося, таму ў маёй “корачцы” яна бачыла як бы маральнае кампенсаванне за ўсе ўласныя няспраўджаныя надзеі. Але сама яна была маладая, разумная, энергічная, і фабрычную кар'еру пачала рабіць імкліва. Пра гэта ўскосна сведчыць і той факт, што ў 1949 годзе яна атрымала рэкамендацыю ў партыю.

Далей у маёй памяці зноў узнікаюць нейкія ўрыўкі яе аповедаў. Адбыўшы кандыдацкі стаж, мама нібыта дайшла да бюро гаркама партыі. Там яе развярнулі з пытаннем, сакраментальным і застрашальным адначасова:

— А чаму, калі вас вывозілі ў Нямеччыну, вы засталіся жывой, калі ўсе сумленныя людзі загінулі?

Ну і што адказваць на такое пытанне?

Адтуль, з тых жа часоў усплываюць і два “камсамольскія” прозвішчы, якія маму падчас усёй гэтай гісторыі “выратавалі”. Гэта Адам Магільніцкі, будучы генпракурор БССР, чыю кар'еру ганебна абарве “віцебская справа”, і Аляксандр Аксёнаў, будучы прэм'ер машэраўскай Беларусі - абодва памерлыя ўжо - хоць з абодвума я паспеў пазнаёміцца праз шмат гадоў. Пра Аксёнава мама згадвала заўсёды са шчырай пяшчотай: ён быў сакратаром Г арадзенскага абкама ЛКСМБ у тыя часы. І калі, ужо як кіраўнік урада, ён прыехаў на “тытунёўку” і заўважыў двух маладых яшчэ і эфектных жанчынаў, што стаялі ў натоўпе фабрычнай наменклатуры, сказаў Сяргееву:

— Это же мои комсомолочки!

І абедзвюх запрасіў да дырэктара на чаяванне.

Вы читаете Мама
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×