— Няпраўда! Любоў Валянціны Іосіфаўны не была сляпая: яна ведала ўсе Сашавы недахопы.

Так яно і было. Але і любіла мяне яна самааддана.

Мне дазвалялася многае. Мама ніколі, напрыклад, не адмаўляла мне ў просьбах. Але я ведаў, што трэба прасіць. І прасіў - кнігі.

Калі мне споўнілася шэсць гадоў, яна прывяла мяне ў маленькую кнігарню на вуліцы Гарнавых, над Старым мостам. Вуліца вяла ад бабцінай хаты да “тытунёўкі”, шлях быў, так бы мовіць, сямейны. У кнігарні, якая складалася з двух маленькіх гандлёвых пакояў і зусім ужо мікраскапічнай бакоўкі, гаспадарылі дзве прадавачкі - Алена Мікалаеўна і Ганна Міхайлаўна, цёмнавалосая і рудая. Мама прывяла туды, паказала ім мяне, дазволіла мне самому выбраць сабе кнігу. І сказала:

— Калі Саша будзе прасіць пакідаць кнігі да вечара - пакідайце. Да трох рублёў.

Гэта быў мой ліміт у шасцігадовым узросце. Тры рублі ў тыдзень на кнігі. Амаль бутэлька гарэлкі.

Я ішоў з хаты - тады мы жылі ў “тытунёвым” доме па адрасе: вуліца Міра, дом 3, — і абавязкова заходзіў у “сваю” кнігарню. Алена Мікалаеўна і Г анна Міхайлаўна паказвалі мне навінкі. Я быў самым маладым пакупніком, верагодна, за ўсю гісторыю крамы. Я адкладаў кнігу і бег да мамы на працу, на “тытунёўку”. З цэха выходзіла адна з маміных сябровак-каляжанак: цёця Зіна Коўрах, цёця Ліда Бутрымовіч - і мяне вялі ў цэх.

Мама працавала майстрам папяроснага цэху. Цэх быў на добрым рахунку, таму Павел Пятровіч унёс маму ў кадравы рэзерв. Да таго часу яна была партыйнай. Менавіта на партыйную яе свядомасць і націснуў Сяргееў, калі ўгаварыў кінуць наладжаны цэх і сысці старэйшым майстрам у цыгарэтны. Цыгарэтны цэх быў “дзіркай”. Ніводны начальнік, нягледзячы на вышэйшую адукацыю, не мог з ім зладзіць. Мама разумела, што гэта дакладны пройгрыш, але Сяргееў паабяцаў ёй кватэру з падменнага фонду. І яна пагадзілася: дзеля мяне.

У цэху пахла тытунём. Гэта не пах тытунёвага дыму - гэта свежы пах сухога тытуню, які я і дагэтуль памятаю, памятаю носам. Мама ніколі не курыла сама - не куру і я. Так выйшла. Калі я быў у шостым ці сёмым, не памятаю, класе, яна пасадзіла мяне перад сабой.

— Курыш?

— Не.

— А хлопцы ў класе?

Двое курылі. Але мама была старшынёй бацькоўскага камітэта школы, і прасцей было адразу пайсці і напаклёпнічаць дырэктару. Я маўчаў.

— Зразумела. Вось, стаўлю пачак у сервант. Захочаш курыць - вазьмі цыгарэту. Яны папросяць - вазьмі, колькі трэба, і аднясі.

Той пачак гарадзенскага “Космасу”, самых дарагіх тады цыгарэт, прастаяў да канца дзясятага класа. Мама дэманстратыўна зняла яго са шкляной паліцы:

— Цяпер сам за сябе адказваеш. Хочаш - куры.

.Я праходзіў у цэх услед за цёткай Зінай ці цёткай Лідай. Мама сядзела разам з іншымі майстрамі ў шкляным пакоі, дзе шум працуючых машынаў быў менш чутны. Яна размаўляла па тэлефоне. Захавалася фатаграфія тых часоў, дзе яна размаўляла па тэлефоне. Але мне заўсёды здавалася, што ў цэху, калі я прыходзіў, яна працягвала нейкую вечную размову. Потым пакідала слухаўку і запытальна глядзела на мяне:

— Ну?

— Дай рубель. Кнігі прывезлі.

Мама ведала: серада - значыць, прывоз быў. Удакладніўшы, якую менавіта кнігу гэтым разам я збіраюся купіць, яна давала мне неабходную суму. І я, шчаслівы, бег у “сваю” краму.

Раз на год, пасля заканчэння чарговага класа, яна рабіла мне падарунак. Гэта мог быць, напрыклад, рыжскі бабінавы магнітафон “Дайна” з вынесеным мікрафонам і велізарнымі, як мне здавалася, шпулькамі з плёнкай. Я спаліў яго ў першы ж вечар, калі мама была ў другой змене: утыркнуў у разетку не шнур, а перахаднік да тэлевізара, з двума латуннымі наканечнікамі, што боўталіся на дроціках. “Дайна” задыміла, і я ледзь паспеў выдраць перахаднік.

Іншым разам мама набыла мне стэрэапрайгравальнік з дзвюма раскошнымі, як мне здавалася, калонкамі, і ўсялякія дзіцячыя кружэлкі. Асабліва я любіў слухаць “Карлсана” з чароўным Ліцвінавым у галоўнай ролі, і “Мюнхаўзэна” з Плятам і Цейцам. Плят і Цейц самі падаваліся мне казачнымі персанажамі, але я ўжо ведаў, хто такі Плят, а як выглядаў Цейц, не ведаю дагэтуль.

Але за ўсе гэтыя падарункі я павінен быў добра працаваць. Маёй працай была вучоба. Мама выкарыстоўвала прынцып гасразліку: жадаеш атрымаць падарунак - вучыся. А паколькі вучоба давалася мне лёгка, то я пачуваўся проста мільянерам без капейкі ў кішэні.

Улетку мама абавязкова вазіла мяне куды-небудзь. Гародня і сам па сабе здавалася мне велізарным светам, хоць цяпер я ўжо ведаю розніцу паміж ёй і, скажам, Токіа. Але тады любая паездка была вар'яцкай ма­рай. За гады вучобы я двойчы пабываў у Ленінградзе, двойчы ў Маскве, у Кіеве, Вільні, Рызе, Мінску, Бярэсці. Мама сыходзіла ў адпачынак у жніўні - і мы сядалі ў аўтобус, які даваў фабкам яе цэху як вечнаму пераможцу сацспаборніцтва, і разам з іншымі - Міронавічамі, Сягоднікамі, Коўрахамі, Шаўчэнкамі - ехалі. Памятаю, як па дарозе, здаецца, у Кіеў, мы заначавалі ў полі - і прачнуліся ад фараў камбайнаў, якія выйшлі ўначы на ўборку.

Апошнім нашым сумесным падарожжам была паездка ў Маскву на зімовых вакацыях 1981 года. Мама ўгаварыла фабкам аплаціць нашаму класу, як лепшаму ў падшэфнай школе, квіткі на цягнік. Гэта была цалкам нявінная хітрасць: я збіраўся паступаць у ГИТИС на тэатразнаўства. Я нават прыйшоў у ГИТИС, узяў нейкую брашуру з правіламі і праграмамі. Але ўсё было дарма. Мама захварэла, і я застаўся ў Гародні.

Гэта было зразумела. У нас з ёй больш нікога не было. Толькі мы - адно ў аднога.

Бацькі свайго я не ведаю. Я імкнуўся не размаўляць з мамай на гэтую тэму. Мне было няёмка. Аднойчы ў двары я пабіўся з хлапчукамі, якія скакалі вакол і крычалі:

Вы читаете Мама
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×