• 1
  • 2

Орлов Владимир (2)

У нас у Серабранцы (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

У нас у Серабранцы

Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.

Вядома, я мог напiсаць на канвэрце назву вулiцы й паставiць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насiлi, i ў гэтым сэнсе жылося зацiшна.

Хто завiтваў да мяне на гасьцiны, можа засьведчыць, што падвал быў з усiмi выгодамi й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзiць на працу, дзе мiлiцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапiскi.

Пасьля гэтага ў Саюзе пiсьменьнiкаў запыталiся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранiклiся шкадобаю i праз год далi мне кватэру.

Так я й апынуўся ў нас у Серабранцы, i цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапiскi маю законнае права скласьцi пратакол на хамяка Хаменнi й на котку Басю (у афiцыйным дакумэньце будзе фiгураваць поўнае ймя: Басота).

Апрача асобаў сумнiцельных i непрапiсаных, у нашым доме ў розны час жылi й жывуць людзi прапiсаныя, вядомыя ды заслужаныя.

Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калiсьцi пiсьменьнiк Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзiў Уладзiмер Караткевiч, якi, кажуць, браў тут чарку й сьпяваў песьнi ня горай, чым ён гэта робiць у забароненым некалi фiльме паводле ягонага раману 'Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi'.

Цяпер у нас у доме жыве крытык i перакладчык Галiна (ашчаджаючы яе спакой, абыйдземся бяз прозьвiшча). Жыве таксама паэтка Валяньцiна, якая зрэдзьчас падпiсваецца псэўданiмам Вiта Гнаная. Атрымлiваецца сапраўдная лiтаратурная вiктарына, да якой можна дадаць пытаньне: якi вядомы беларускi археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязi з тым, што ў яго ў археалягiчнай разьведцы ўтапiлiся штаны?

Гэты археоляг, купiўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.

Тут жывуць Алесь, Алiна, ажно два Данчыкi i Дануся.

А калi дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнiм мiнулым нацыяналiста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.

Паблiзу нашага дому ёсьць канал, на якiм вядуцца качкi. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў 'перестройки' i адляцеў кудысьцi ў эмiграцыю.

А вось яшчэ адзiн знаны нацыяналiст прафэсар Уладзiмер Конан 'перестройку' вытрымаў i па-ранейшаму глядзiць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховiка.

Часам прафэсар можа ўбачыць, як ранiцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскi. Мiнакi з захапленьнем назiраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзiн з выбаршчыкаў, на тое ён i народны дэпутат.

Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскi ранiцай на канал i - у ваду. А на беразе сядзiць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, i нiякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускiх выдавецтваў, 'мает рацыю'). Сядзiць гэты вудаль i глыбакадумна так кажа:

- Ну што, Пятро, дабегаўся?

Дэпутат зьдзiвiўся, але плыве як нiчога нiякага.

А вудаль удакладняе:

- Вылазь, Пятро. Пераварот.

Дэпутат зiрнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.

Тут ён i зразумеў, што гэта ня жарцiкi. Ды якiя там жарцiкi, калi пiсьменьнiк Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зiмы ўжо разоў зь дзесяць.

Народ вудзiў рыбу, а народны дэпутат апрануўся й паехаў хутчэй у парлямант. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адсiдкi, культурна складаў у партфэль камплект бялiзны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягнiку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.

Карацей, 19 жнiўня.

Гэта парлямэнтары.

У паспалiтых людзей таксама ўзьнiклi свае праблемы.

Да мяне, скажам, падыходзiць на двары старшыня дамкаму - цiхi такi пэнсiянэр i аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Гляджу: быццам падмянiлi старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.

- Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?

Я яму:

- А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?

- Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек непростой. Я когда-то комсомольский штаб Минска возглавлял.

Мяне неяк мiжволi ад суровай прозы пацягнула на паэзiю:

Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,

Тоячы словы i думкi свае...

'Ня выдам нiкога, апрача аднаго пiсьменьнiка, - прысягнуў я сам сабе страшэннаю прысягай. - Яму ўсё адно нiчога ня будзе'.

I пайшоў слухаць далей радыё 'Свабода'.

З допытам, як вядома, атрымалася адтэрмiноўка.

I тут я, слабы чалавек, узяў грэх на душу. Пазванiў днi праз тры да былога начальнiка камсамольскага штабу ў дзьверы.

- Ляксеiч, хачу як суседа папярэдзiць. Народны фронт прыняў рашэньне: усiх старшыняў дамкамаў - арыштаваць.

Сьпярша, бо быў, як зазвычай, п'яны, ён даў веры.

- Владимир Алексеевич, спасибо.

Добра, што цяпер талёны выдаюць у домакiраўнiцтве.

Яшчэ днi праз тры ў мяне быў дзень нараджэньня. Якраз тады, як Малафеева (ня трэнэра, а таго, што спрабаваў муштраваць усiх нас) сьцягнулi на сэсii з трыбуны, а ягоны папярэднiк пэнсiянэр усесаюзнага значэньня Ахрэм Сакалоў падруляваў на службовай 'Волзе' да ЦК i ўбачыў труну, вакол - плакальшчыцаў, а на труне машастовую стужку са сьцiплым надпiсам: 'Ум, честь и совесть'.

Таго вечара сябры падаравалi мне кавалак гранiту, адбiты ад будынiны ЦК КПБ, той, што стаяла насупраць гарадзкой прыбiральнi, на якую касавурылiся, круцячы насамi, бюсты таварышаў Маркса й Ленiна.

Такiм чынам хоць частку былой парцейнай маёмасьцi пашэнцiла прыватызаваць i мне.

Так нашая Серабранка апынулася ў сувэрэннай Рэспублiцы Беларусi.

Жыць, праўда, паспалiтаму чалавеку стала ня надта каб лепей i весялей. Нават бел-чырвона-белыя сьцягi вывешваць на гаўбцах ужо нецiкава, а бэсэсэраўскiх назапасiць у нас у доме не даўмелiся.

Аднак, калi зробiцца зусiм сумна, можна схадзiць на нашую пошту.

Вось, напрыклад, я хачу даць тэлеграму з сувэрэннага Менску знаёмаму ў сувэрэнны Ню-Ёрк.

- Нi дурыце галаву, - кажа паштарка. - Нi ў какii Ню-Ёркi нiкакii цiлiграмы нi прынiмаiм.

- А ў якiя-небудзь Наваполацкi якiя-небудзь тэлеграмы прымаеце?

- У Наваполацкi прынiмаiм.

Пiшу, высалапiўшы ад стараньня язык, друкаванымi лiтарамi, каб, крый Божа, чаго не пераблыталi.

Тэлеграфiстка прачытала й пытаецца:

- А што такоя 'вiншую'?

- Поздравляю, - перакладаю я на мову нашай нацыянальнай меншасьцi.

- Так бы i пiсал. А Вiнцэсь - эта што? Фамiлiя?

- Iмя.

- Да нет такова iмя, - гаворыць яна з сумесьсю ўквеленасьцi й шкадобы. Дурут тока галаву.

Тэлеграму яна ўсё ж прымае, ды потым высьвятляецца, што мае высiлкi пайшлi тунна, бо тэкст, каб не пакрыўдзiць нацменшасьць, пераклалi на 'общепонятный'. Дзякаваць Богу, што хоць ня сталася, як з адным мастаком, якому таксама пераклалi й замест паведамленьня пра хаўтуры атрымалася запрашэньне на

  • 1
  • 2
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату