вобласцi рукою падаць. Ля Плешчанiц на начлег запынiмся. Будзем там у тры гадзiны ночы.

Антось падышоў да Галi i нешта шапнуў на вуха. Тая голасна сказала:

- Сябры, паслухайце паданне!

Анатоль азiрнуўся, запынiўся, быццам чакаў ад яе нейкага падвоху. Але дзяўчына, усмiхнуўшыся, павольна пачала аповяд:

- Гэта здарылася ў той час, калi людзi ваявалi з лукамi i стрэламi. На вайне ў аднаго хлапчука загiнуў бацька. Старэйшы брат яго сказаў: 'Вось вырасту i адпомшчу за татку!' А хлапчук i кажа: 'А я памiру ўсiх заўтра ранiцою!' Пасмяялiся з хлопчыка ўсе i леглi спаць. А той пабег да сваiх воiнаў i паздымаў з лукаў цяцiвы. Пабег да ворагаў i зрабiў тое ж. Нацягнуў гэтыя цяцiвы на драўляную дошку з дзiркай, атрымалiся струны. Крануў iх рукою - i палiлася журботная мелодыя. Прачнулiся воiны абодвух бакоў i пайшлi глядзець, што дзе здарылася. Бачаць, на тым полi, дзе яны бiлiся, сядзiць маленькi хлапчук i iграе на незвычайным iнструменце. Пачалi яны пытацца ў яго, што ён тут робiць. 'Са зброi вашай гуслi зрабiў я, - адказаў той, - вось i распавядаюць яны, колькi гора i слёз прынеслi войны людзям. Гуслi могуць весялей зайграць, але толькi тады, калi вы братамi станеце'. Маўчаць воiны, не ведаюць, што i адказаць. 'Хворыя вашы душы, - мовiў хлопчык, - буду вам лекарам!' I дзiўная музыка палiлася з-пад ягоных пальчыкаў, абудзiла наваколле. Заслухалiся воiны. А калi сонейка паказалася з-за лесу, пачалi воiны абдымацца i плакаць, называць адзiн аднаго братамi. Вось так музыка зрабiла цуд, - закончыла Галя, - вось так, кажуць старыя, з'явiлiся першыя гуслi.

Антось па-сяброўску сцiснуў Галiну руку i шапнуў: 'Я ж казаў - ты мiлая. Усё ў цябе атрымалася...'

- Малайчына! - жвава вымавiў Мiкола i паляпаў Галю па плячы.

Дзяўчаты засмяялiся. Iрэна глянула на Сцяпана: а што скажа ён? Той моўчкi крочыў, гледзячы пад ногi.

- Прывал! - злiтаваўся Анатоль i кiнуў на траву свой заплечнiк. Паўгадзiны!

Мiкола расчаравана ўздыхнуў.

- Пайшлi паходзiм па начным лесе! - прапанавала Сцяпану Iрэна. Той згадзiўся. Нейкi момант iщлi ўбок ад прывалу моўчкi.

- Скажы што-небудзь! - засмяялася Iрэна.

Сцяпан згроб яе ў абдымкi i пачаў палка цалаваць. Iрэна смяялася, адбiвалася ад яго.

- 'Зоркi, умытыя вячэрнiм дажджом...' Паэтычна, праўда? - прашаптала Iрэна. - Гэта Мiкола напiсаў такi верш. А яшчэ: 'Мы з табою сустрэнемся, веру я... Я цябе адшукаю мiж зорак. Для цябе расчыню я дзверы, я стаў iншым, не той, што ўчора...' Прыгожа? А ты любiш вершы?

- Не, - адказаў Сцяпан, выпускаючы яе з абдымкаў. - Той, хто складае вершы, крыху шызануты, 'не от мира сего'.

- Ну, што ты галiмацью нясеш? - пакрыўдзiлася Iрэна. - Дзе ты такое вычытаў?

- Што такое 'галiмацья'? - не зразумеў хлопец.

- Ты што, не ведаеш? - засмяялася Iрэна. - Гэта калi чалавек гаворыць розныя глупствы. А ведаеш, адкуль пайшло гэтае слова? Адзiн доктар, Галь Мацье, француз, выпiсваў хворым лекi, а на рэцэптах пiсаў розныя анекдоты, для падтрымання духу. Ён быў выдатны псiхолаг, калi так рабiў...

- Я не чытаю кнiжак, - вяла вымавiў Сцяпан, - толькi дэтэктывы або пра агароднiя культуры, пра жывёлу хатнюю. Вось як парсючкоў кармiць, ведаеш? Каб сала было з праслойкаю?

Iрэна скрывiлася i ўздыхнула, падняўшы вочы ў неба.

- А ў вас на хутары ходзяць на вячоркi? - пацiкавiлася яна.

- А як жа! Суседка прыходзiць з таго хутара, буталь прыносiць, у карты рэжамся ўсю ноч...

- I ўсё? А гiсторыi розныя расказваеце? Ну, напрыклад, пра даўнiну цi пра што страшнае?

- Пра якую там даўнiну? Як даўней жылi, так i цяпер! А страшнае што? Вунь у Аўдоццi карова здохла, дык, бедная, высахла ўся, вось табе i страшнае, бо з трох кароў за малако мiльён мела, а цяпер толькi дзве засталiся...

Iрэна засяроджана глядзела ў твар хлопцу.

- Давай лепш цалавацца! - абняў яе Сцяпан.

- А ў цябе дзяўчына ёсць? - вырываючыся ад яго, спытала Iрэна.

- Вось ты i будзеш дзяўчынаю, - прашаптаў ён i павалiў яе на мокрую ад расы траву. - Паедзеш са мною на хутар жыць, згода?

Iрэна сцепанулася ад холаду i адказала:

- Згода, толькi дай мне падняцца, уся штармоўка мокрая! Паўгадзiны прайшло ўжо, пайшлi, а то Анатоль нервавацца будзе!

Яна паднялася i пайшла. Сцяпан застаўся сядзець у траве, засяроджана пазiраючы ёй услед.

Нёман зiхацеў блакiтнай стужкай на сонцы. Але падарожнiкi, не даходзячы да моста, скiравалi ўправа. Пайшлi да дзiвоснай брамы - увахода ў разбураны маёнтак. Сярод старых дрэў стаялi яшчэ ўцалелыя, скалечаныя часам i людзьмi сцены, высокая вежа будынка, на муры якой, зверху, расла зялёная трава i цягнулася да сонца маленькае дрэўца.

- Сядзiба Наркевiча-Ёдкi, - прамовiў Антось. - Славуты беларускi вучоны семнаццатага стагоддзя...

Мiкола прысеў пад раскiдзiстым дубам, скiнуў кеды, паставiў стомленыя ногi на халодную зялёную траву. Аленка дастала тэрмас, налiла ў блакiтную накрыўку гарбаты i падала хлопцу. Той узяў i, усмiхнуўшыся, пацалаваў ёй руку. Аленка ўспыхнула, твар яе засвяцiўся радасцю. Непадалёку ад iх стаяла легкавая машына белага колеру. Да яе падышоў сярэдняга росту мужчына ў белым касцюме i чорным гальштуку, якi быў заколаты прыгожаю, з белымi зiхоткiмi камянямi заколкаю. Валасы мужчыны зачасаныя ўгору, на скронях - сiвiзна.

- Ой, гэта ж Вайдаш дзеда Ўладыморыка! - узрадавалася Галя. - Мiкола, гэта ж Дуброўскi! Пайшлi да яго.

Анатоль строга цыкнуў на яе.

- Гэта з нашай вёскi чалавек, - сказаў Мiкола, - пайду павiтаюся.

I ён пайшоў. Праз некалькi хвiлiн паклiкаў сяброў да машыны.

- Ну што, разам паснедаем? - усмiхнуўся Дуброўскi, прапаноўваючы ўсiм залазiць у машыну. - Зараз я вас завязу на цудоўны поплаў. Спрадвек мiж лугавiн цяклi тут дзве рэчкi - Лоша i Уса, - зазначыў ён, заводзячы машыну, а потым злiлiся ў адну. I вось ужо няма, 'нема' iх дзвюх, цячэ адна рэчка Нёман. Праўда, гэта падобна на каханне - злiццё дзвюх душ у адну?

- Ага! - заёрзала Галя на каленях у Анатоля, схiлiлася, перагнуўшыся з задняга сядзення на пярэдняе, да Дуброўскага. - А вы памятаеце мяне, Вайдаш? Як вы прыязджалi да дзеда, то я прыходзiла да вас, i мы з вамi пiлi малако з абаранкамi?

- Памятаю, - засмяяўся Дуброўскi, - i як ты казала, што я твой старэйшы брат. Табе так хацелася старэйшага брата!

- Вы i цяпер для мяне, як брат! Як прыедзеце, то мне так хочацца да вас прыбегцi, але ўжо сорамна, бо я дарослая, яшчэ што падумаюць!

Анатоль тузануў Галю за штармоўку: 'Такiя размовы вядуцца сам-насам!' Галя адмахнулася ад яго, як ад мухi, i прадоўжыла:

- А памятаеце, як мы з вамi паехалi на рыбу? Сядзелi на беразе, размаўлялi, i раптам бабёр з вады вылез! А навокал - пшанiца каласiцца, а сярод яе валошкi i маленькi астравок, на якiм раслi хвоi! Сапраўды, як у таго мастака, у Шышкiна!

Дуброўскi закiваў галавою.

- Гэта было 25 лiпеня 1982 года, - павярнуўся ён да дзяўчыны з усмешкаю.

- Як вы гэта запомнiлi? - радасна здзiвiлася тая.

- Потым скажу, - засмяяўся Дуброўскi i затармазiў.

Падарожнiкi высыпалi на зялёны луг. Паздымалi штармоўкi, пачалi даставаць з заплечнiкаў ежу. Дуброўскi разаслаў на траве белы папяровы абрус, паклаў на яго некалькi пакетаў з ежай.

- Пойдзем разам да рэчкi, - прапанавала яму Галя, - рукi памыем.

- Пайшлi, - згадзiўся Дуброўскi, прыхапiўшы з сабою ручнiк.

Запытальна глянуў на Аленку, але тая прытулiлася да Мiколы i нiкога не заўважала побач. Мiкола настройваў гiтару. Антось дзелавiта 'накрываў на стол', раскладваючы лыжкi i мiскi. Сцяпан рэзаў хлеб. А Анатоль уважлiва разглядваў iншамарку Дуброўскага, стукаў нагою па колах. Толькi Iрэна засмучаным

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату