Хлопцы i дзяўчаты моўчкi скiравалi за Анатолем, толькi Мiкола нехаця плёўся ззаду...
- А я кажу: калi ў мяне жонка патлусцее - будзе кожную ранiцу вакол хаты бегаць! - сур'ёзна паўтарыў Анатоль, памешваючы мярзотны кiпень у катле.
- Як ты называеш гэтую страву? - наiўна папыталася Галя, лiслiва заглядваючы ў твар хлопцу.
Анатоль раздражнёна ўздыхнуў i нiчога не адказаў. Аленка пацягнула Галю за штармоўку i пасадзiла з сабою побач на бярвенца.
- Думай, калi пра што пытацца! - па-даросламу шыкнула на яе. - Бачыш - ён заняты! Гэта ж ягоны фiрменны напiтак: глiнтвейн...
- Глiнтвейн? - перапытала Галя. - А з чаго ён?
- Гарачае вiно з перцам, карыцаю i гваздзiкай, - шапнула Аленка.
Анатоль строга глянуў у iх бок i сказаў:
- А вось што зробiць кожная з вас, калi заўважыць, што спаднiчка стала цесная?
Iрэна павярнулася да Аленкi i ўзбуджана зашаптала:
- Гэтае вiно, гэтае вiно... падобнае на вусны Янкi! Такiя гарачыя, палкiя... Мяккiя, як мармелад... Я хацела б растаптаць ягоныя вусны сваiмi абцасамi!
Вочы дзяўчыны гарэлi д'ябальскiм агнём.
- Не зацыклiвайся! - строга вымавiла Аленка. - Твае думкi пра яго блакiруюць аўру, i нi адна разумная iдэя не прыйдзе да цябе. Адкiдвай гэтыя думкi, iнакш звар'яцееш!
Аленка ўсмiхнулася Анатолю i сказала:
- Ну, калi мая спаднiчка стане цеснай, то я буду ранiцай бегаць па два кругi вакол возера, больш нават за нашага майстра бегу - Мiколу!
Мiкола задаволена кiўнуў Аленцы, правёў пальцамi па струнах гiтары:
- Цудоўная жонка камусьцi будзе! А вы, Iрэна з Галяй, што зробiце?
- Знайду багатага мужа, каб купiў другую спаднiцу! - скрывiла вусны Iрэна.
- А я... - марудзiла Галя, не ведаючы, што адказаць, каб спадабацца Анатолю.
Нарэшце, паказваючы сваю эканомнасць i гаспадарлiвасць, вымавiла:
- А я зраблю такiя клiны, каб пашырыць... Лампасiкi...
Гучны выбух смеху разарваў вячэрнюю цiшыню ля вогнiшча. Не смяяўся толькi адзiн Анатоль.
- Трэба некаму схадзiць на хутар, - пасля доўгага маўчання вымавiў ён, яек купiць альбо курыцу... Заўтра будзе працяглы маршрут. Пешшу да Вiшанькi. Нiякiх болей аўтобусаў. Лiшнюю вагу скiнем i мазгi праветрым...
- Нам трэба Уздзенскi раён наведаць, - напомнiў Антось, сур'ёзна задумлiвым позiркам гледзячы на Анатоля. - У вёсцы Нiзок стаiць паўразбураны маёнтак Наркевiча-Ёдкi. У 'Зборнiку помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi' за 1987 год, па Менскай вобласцi, пра нашага славутага земляка нi слова...
- Нiзок ёсць у маршруце, - згодна кiўнуў галавою Анатоль i дадаў: - Дык, можа, ты збегаеш на хутар? Вазьмi каго-небудзь з дзяўчат!
- Ну, дык вы ж самi казалi ранiцою, што прадасце курыцу, - разгублена стаяла перад маленькаю, з падслепаватымi вачыма старою Галя.
- А на чым вы з таго боку пераехалi, га? На лодцы? - перапытала тая. - А шмат заплацiлi дзядзьку, га? Ну, дык мо ведаеце, колькi каштуюць куры на базары, раз з таго боку прыплылi? А то мяне ўсё падманваеце. Вы ж, як цыганы-валацугi, гэткiя...
- Колькi скажаце, столькi i дадзiм! - выцягнуў з кiшэнi грошы Антось, блакiтныя, з хмарынкай вочы хлопца лагодна глядзелi на старую.
- Ай, - сутулiлася тая, нервова прайшлася па двары, заўважыла, што Галя сарвала спелую вiшню, i падцiснула вусны. - Не прадам! Заўтра дачка прыедзе з Полацка, скажа кошт, вось заўтра i прыходзьце!
- Ды ну вас к чорту! - раззлавалася Галя, выплюнуўшы костачку ад вiшнi. Мы хадзiлi ў паход па Берасцейскай вобласцi, дык там нам малако i яйкi бясплатна давалi, частавалi! Во дзе людзi добрыя!
- Цьфу! - плюнула старая. - Галеча там - не хаты, а квадратныя каробкi! А ў нас хаты доўгiя, прыгожыя...
- I задам да людзей! - выкрыкнула Галя, успомнiўшы Мiколавы словы, i пабегла з двара.
Ля хмызняку яе схапiў за руку Антось.
- Ды не нервуйся ты! - ласкава сказаў ён. - Вось дзе не трэба, дык ты смелая, а як у кампанii, то замкнутая, цiхая. А як адкрыеш рот, то глупства змарозiш, аж думаецца тады: дурная ты цi прыкiдваешся?
Галя пакрыўджана адпiхнула яго i моўчкi пайшла па вузкай сцежцы да маленькай, схаванай за высокiм плотам з яблыневым садам хаткi.
- Не крыўдуй, прабач мне! - папрасiў Антось. - Я хачу табе дапамагчы! Ты тыповы меланхолiк, а каб перамагчы сваю скаванасць, трэба стаць у цэнтры ўвагi, напрыклад, прыйдзi ў турклуб з тортам, якi спякла сама, i скажы голасна, маўляў, усiх запрашаю, альбо давай цяпер паспрабуй, мы вернемся да палатак, а ты раскажаш што-небудзь цiкавае!
Галя недаверлiва глянула на хлопца.
- Не бойся, я цябе падтрымаю, - запэўнiў яе Антось, спагадлiва пазiраючы ў твар, - ты толькi памятай, што ты прыгожая, прывабная, мiлая, непасрэдная, як дзiцятка. Запомнi, ты - мiлая! Калi будзеш расказваць, глядзi на мяне, я буду трымаць рукi вось так i ўсмiхацца табе, каб ты не збiлася з панталыку, згода?
Галя засмяялася i сказала даверлiва:
- Ведаеш, у мяне з другiмi хлопцамi iнакш. З другiмi я смялейшая, упэўненая ў сябе, а з Анатолем, не ведаю, чаму такая нязграбная...
- Проста ён табе падабаецца. Вось калi перастане падабацца, станеш сама сабою. Табе трэба знайсцi сябра альбо закахацца ў другога.
- Навошта? - не зразумела Галя.
- Вы не падыходзiце адно аднаму. Анатолю патрэбна такая жанчына, з якою ён мог бы раiцца, у якой ёсць жыццёвы вопыт, а ты яшчэ дзiця. Яму трэба сталая жанчына. I табе - сталы чалавек, якi б мог дараваць тваю дзiцячую непасрэднасць. I пакахаць цябе за тваю чыстую душу.
Ён памаўчаў i дадаў:
- А наогул, не трэба табе нiякi замуж. Не псуй душы сваёй, iдзi лепш у манастыр.
Галя глянула на яго, як на вар'ята.
- Я хачу, каб у мяне была сям'я! - усклiкнула яна. - Хадзiць разам з дзеткамi ў паходы. Шчаслiвая спартовая сям'я, пра якiя паказваюць па тэлевiзары i якiя я часта бачу ў паходах.
- Гэта толькi звонку здаецца, што яны шчаслiвыя, а на самай справе рэўнасць, здрады...
- Адкуль ты такога набраўся? - раззлавалася Галя i пiхнула нагою дзверцы, каб увайсцi ў двор.
Гаспадыня хаты сядзела на драўлянай падлозе i вiла вяроўку. Ручкi яе былi маленькiя, як у дзiцяцi, галоўка таксама, а вочы юркiя, цьмяныя, недаверлiвыя.
- Мо малака прадасце, бабуля? - ветлiва спытаў, прывiтаўшыся, Антось.
- Не, - цвёрда адказала тая. - Карову сурочыце! У нас нiчога не даюць i не прадаюць, трэба ўжо ведаць! Кветак, трускалак на расаду не даюць, бо звядуцца, яек i малака не прадаюць, бо сапсуецца карова!
- У вас што, вядзьмарак шмат, што ўсяго баiцеся?
- Анягож! - затрэсла галавою старая. - Бацюшка хацеў крыж паставiць на могiлках, дык чорная сiла не дала, малiтва да Бога не прабiваецца. I не паставiлi! У нас, аж да Дзвiны, аж да Полацка самага поўна ведзьмакоў, а ўжо там, пад Полацак, ды пад Вiцебск, да Расеi блiжэй - няма нячысцiкаў. А тут захад, вось i чэрцi круцяцца.
- Дык мы ж не нячысцiкi, мы - турысты, - усмiхнуўся Антось.
- К чорту вас, к чорту! - ускочыла старая i выпхнула iх з хаты.
- Пайшлi з гэтага гiблага месца, - махнула рукою Галя i ўздыхнула: Хутчэй бы да Менскай вобласцi выбрацца! Я згодная i ноччу iсцi!
III
- Ну, хто раскажа што цiкавае? - разглядваючы начное зорнае неба, спытаў Анатоль. - I iсцi лягчэй будзе.
- Лепш слухай пошчак конiкаў у траве! - агрызнуўся Мiкола, папраўляючы заплечнiк. - Ганяеш, як на разрад! Я ў майстры спорту па турызме не хачу! Папярэджваў жа ўсiх, што лепш на гэтыя хутары не сунуцца, вось да чаго твая ўпартасць, Анатоль, даводзiць! На пусты жывот да Менска пiлiць трэба!
- Ну, не сярдуй, - прымiрэнча адказаў Анатоль, - мы ж крыху аўтастопам праехалi, ужо да Менскай