на тыграў паказвалася са сланамi палявалi. Едыгей тую карцiну таксама паглядзеў. Выходзiлi з кiно, размовы розныя пачалiся, i дзiвiлiся чыгуначнiкi, што недзе на сланах ездзяць. А нехта ўголас сказаў:

- I што вы дзiвiцеся сланам, Едыгееў Каранар чым горш за слана? Нагрузi, дык ён цягне, як слон!

- I праўда! - засмяялiся наўкол.

- Ды што слон! Слон той толькi ў гарачых краiнах жыве. А няхай бы паспрабаваў у нас на саразеках узiмку. Слон твой i капыты адкiне, далёка яму да Каранара!

- Слухай, Едыгей, а чаму табе не згламаздаць такую ж будку на Каранары, як там у Iндыi на сланах? I будзеш сабе ездзiць, як багацей якi!

Едыгей пасмейваўся. Жартавалi з яго, але прыемна было слухаць, як захапляюцца ягоным Каранарам.

Але ж i папакутаваў той зiмой, паперажываў праз гэтага свайго Каранара...

Але гэта здарылася ўжо з надыходам халадоў. А ў той дзень заспеў яго ў дарозе першы снегапад. Сняжок i перад тым браўся сыпацца, але хутка раставаў. А тут i пайшоў, i пайшоў, суцэльным змрокам узялося неба, вецер закруцiў. Густа, цяжка павалiў снег белым вохлап'ем. Не холадна было, але мокра i няўтульна. А галоўнае, не вiдаць нiчога наўкол. Што было рабiць? У саразеках не схаваешся, каб перачакаць непагадзь. Заставалася адно - даверыцца моцы i чуццю Каранара. Ён павiнен прывезцi дадому. Едыгей даў яму поўную волю, а сам падняў каўнер, насунуў на лоб шапку i цярплiва сядзеў, дарэмна стараючыся разгледзець што-небудзь па баках. Густая навiсь снегу, i толькi. Каранар iшоў у той крутаверцi, не прыцiшваючы кроку i, мабыць, разумеючы, што гаспадар яму цяпер не гаспадар, таму во i маўчыць, нiчым не дае знаць пра сябе. Вялiкай моцы павiнен быў быць Каранар, каб так вось, з такiм грузам бегчы праз снегапад. Магутна i горача дыхаў, несучы на сабе гаспадара, i крычаў, роў, як звер, а то i пачынаў выць працяжна, нудна i ўсё iшоў нястомна i бесперапынна скрозь iмклiвы густы снег...

Дзiва што - занадта доўгай падалася Едыгею тая дарога. 'Хутчэй бы дабрацца', - думаў ён i ўяўляў сабе, як дома, мабыць, непакояцца, гледзячы на такое надвор'е. Укубала, нябось, трывожыцца, толькi выгляду не падае. Можа, i Зарыпа трывожыцца. Трывожыцца, вядома, але тым больш хавае гэта. Вунь нават на вочы яму трапiць баiцца. А што, спытаць, адбылося? Бо нi словам, нi ўчынкам не даў каму падумаць, што нешта тут ёсць. Усё як заўсёды. Толькi нiбыта яны, апынуўшыся на адной дарозе, азiрнулiся раптам, цi так iдуць? I далей пайшлi. Вось i ўсё. А як яму пры гэтым, гэта ўжо ягоны клопат. Няхай гэта нiкому не балiць. Сам разбярэцца, развяжа вузел, што муляў яму ўсё больш...

Гэта не простыя думкi былi, пакутлiвыя i непраглядныя. Вось i зiма ўжо настала, а ён па-ранейшаму не мог забыць Зарыпу, але не мог нават i ў думках адмовiцца ад Укубалы. На гора сабе яму яны былi патрэбны абедзве, а яны, мусiць, ведаючы пра гэта, не хацелi прыспешваць рашэнне. Вонкава ўсё было як заўсёды. I так прайшло лета, i так мiнула восень, за якою насунулася сiвая, непраглядная зiма.

Сiратлiва i няўтульна адчуваў сябе Едыгей на адзiноце ў гэтым снегападзе. Вецер бiў у твар, бязлюдна было наўкол. Каранар час ад часу торгаў галавой, абтрасаючы снег i будзячы цiшыню рыкам i ўсхлiпамi. I гаспадару рабiлася яшчэ няўтульней. Не ўдавалася яму спынiцца на нейкай пэўнай думцы. Не мог пэўна прызнацца Зарыпе, не мог адрачыся ад Укубалы. I тады ён пачынаў лаяць сябе апошнiмi словамi: 'Быдла! Свалата! Сабака! Галава дурная!' - i яшчэ такiм жа парадкам. Але нiчога не памагала... Адзiная радасць, якая чакала яго, былi дзецi.

Думкi пра дзяцей былi ратункам для Едыгея, тут ён прыходзiў да згоды з самiм сабой. Ён уяўляў, як дабярэцца да Баранлы-Бураннага, як выбегуць малыя з дома, пачуўшы, што ён прыехаў, i не загонiш iх назад, хоць снег iдзе, i будуць круцiцца каля ног: 'Дзядзька Едыгей прыехаў! На Каранары! Бульбу прывёз!' - i тое, як строга i ўладна загадае ён вярблюду легчы на зямлю i тады, увесь аснежаны, злезе з Каранара, абабiваючы з сябе снег i паспяваючы тым часам пагладзiць малых па галаве, i як потым пачне разгружаць мяшкi з бульбай i паглядваць, цi не паявiцца Зарыпа, калi яна дома, - ён ёй нiчога не скажа асаблiвага, ды i яна не скажа, ён толькi паглядзiць ёй у твар i будзе тым задаволены, каб потым зноў засумаваць, бо такая ўжо яму доля...

Так адольваў ён дарогу ў той завiрушны дзень. Праз усю дарогу не пакiдалi яго сумненнi, роздум. I ўсю дарогу круцiла снег завiруха.

Ад той завiрухi i зiма лягла ў саразеках, ранняя i сiберная ад самага пачатку.

З надыходам халадоў зноў пачаў вар'явацца Каранар, зноў узбунтавалася ў iм неадольная сiла, i ўжо нiхто не мог стрымаць яго.

На трэцi дзець пасля завiрухi ўзняўся марозны вецер i лягла над стэпам iмглiстая халадэча. Далёка i выразна чулiся на марозе рыпучыя крокi, кожны гук, кожны шоргат чулiся надзiва выразна. Цягнiкi былi чутны за шмат кiламетраў. А калi на свiтаннi пачуў Едыгей трубны розгалас Каранаравага рыку ў загоне i тое, як ён таптаўся i расхiстваў загарадзь за домам, зразумеў, якi клопат надарыўся яму. Хутка апрануўся, выйшаў у цемень, паспяшаў да загона i раскрычаўся, калюча рвучы горла марозным паветрам:

- Ты чаго гэта? Канец свету пачуў? Зноў за сваё? Зноў кроў маю пiць? Змоўкнi! Пашчу закрый, кажу! Нешта ты сёлета занадта рана пачаў!

Але ўсё было дарэмна. Вярблюд i не падумаў лiчыцца з iм. Ён патрабаваў свайго, ён роў, фыркаў, пагрозлiва клацаў зубамi, ламаў загон.

- Учуў, значыцца? - казаў ужо Едыгей з дакорам. - Ну зразумелая справа, табе цяпер трэба бегчы ў статак. Эх-эх! I хто гэта падстроiў вам так, што толькi раз на год здагадваецеся пра тое, чым маглi б займацца ў любы дзень без шуму i роспачы? Бач ты, канец свету!

Усё гэта казаў Едыгей больш сабе, бо добра разумеў сваю бездапаможнасць. Нiчога не заставалася, як адчынiць загон. I не паспеў ён адсунуць цяжэразную, увелькi з чалавекам зашчапку з жэрдак, як, ледзь не збiўшы яго з ног, Каранар рынуўся вонкi i пабег у стэп з ярасным крыкам, шырока раскiдваючы цыбатыя ногi i трасучы тугiмi чорнымi гарбамi. Мiгам прапаў з вачэй, толькi цэлая снежная хмара паднялася за iм.

- Цьфу ты! - плюнуў услед гаспадар i дадаў, злуючыся: - Бяжы, дурань, а то спознiшся!

Едыгею з ранiцы трэба было заступаць на працу. Таму i давялося прымiрыцца з Каранаравым бунтам. Каб ведаў, чым гэта скончыцца, хiба адпусцiў бы яго няхай бы лепш лопнуў ад крыку. Але хто без яго мог справiцца з атанам? Паспадзяваўся, што той ахаладае на волi, супакоiцца, i ўсё будзе добра...

А ў сярэдзiне дня прыйшоў Казангап i сказаў яму, спагадлiва ўсмiхаючыся:

- Ну, бай, дрэнныя твае справы. Толькi што на выпасе быў. Твой Каранар пайшоў, я думаю, у вялiкi паход. Тутэйшых кайманак яму ўжо малавата.

- Ты не жартуй, кажы сур'ёзна.

- Што ж тут несур'ёзнага? Кажу табе, пацягнула яго ў другi статак. Нешта ўчуў, звяруга. Бачу, бяжыць стэпам, аж зямля гудзе. Раве, слюня цячэ. Думаў, растопча, так ён паўз мяне шаснуў на злом галавы. Бач, нашага статка мала. Размах яму трэба. Моцны, гад!

Едыгей узнепакоiўся не на жарт. Уявiў сабе, колькi клопату будзе, колькi непрыемнасцей.

- Ды хопiць табе, супакойся. Знойдуцца i там добрыя атаны, яны яму бой дадуць, вернецца, як пабiты сабака, куды ён дзенецца, - супакоiў яго Казангап.

На другi дзень пачалi паступаць, нiбы паведамленнi з фронту, звесткi пра баявыя дзеяннi Бураннага Каранара. Карцiна вымалёўвалася маласуцяшальная. Варта было спынiцца цягнiку на Баранлы-Буранным, як машынiст, або качагар, або кандуктар расказвалi пра штукарствы Каранара дзе-небудзь у прыстанцыйных вярблюджых гуртах. Расказвалi, што на раз'ездзе Малакумдычап забiў да смерцi двух атанаў i пагнаў перад сабой у стэп чатырох матак, гаспадарам ледзь удалося адбiць iх у Каранара. Давялося з ружжаў страляць у паветра. У другiм месцы Каранар сагнаў з вярблюдзiцы гаспадара, што ехаў верхам. Гаспадар чакаў гадзiны дзве, думаў, што, нацешыўшыся, атан адпусцiць ягоную вярблюдзiцу, якая, дарэчы, не надта прыспешвала расстанне. Калi ж гаспадар пачаў наблiжацца да вярблюдзiцы, каб забраць яе i ехаць дамоў, Каранар кiнуўся на яго раз'юшана i пагнаў у стэп - i затаптаў бы, каб той не паспеў скочыць у нейкую глыбокую вымоiну i затаiцца там, як мыш, нi жывы нi мёртвы. Потым ён ачомаўся i, выйшаўшы ярам як далей ад месца сустрэчы з Каранарам, паспяшаўся дадому шчаслiвы, што жывы застаўся.

Але самае трывожнае паведамленне паступiла ў пiсьмовым выглядзе з раз'езда Ак-Майнак. Вунь куды падаўся, пракляты, аж за станцыю Кумбель! Адтуль прыйшло пiсьмо ад нейкага Каспана. Вось што пiсалася ў гэтай даволi цiкавай нататцы:

'Салем, паважаны Едыгей-ага! Хоць ты i вядомы чалавек у саразеках, але давядзецца табе выслухаць непрыемныя рэчы. Я думаў, што ты гаспадар спраўны, а ты такую волю даў свайму бандыту. Ад цябе мы такога не чакалi. Ён тут у нас учынiў такое! Скалечыў нашых атанаў, а сам адбiў трох лепшых матак i да таго

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату