ж завiтаў сюды не адзiн - прыгнаў нейкую вярблюдзiцу асядланую, мабыць, сагнаў з яе гаспадара, iнакш навошта той вярблюдзiцы быць пад сядлом? Адбiў ён гэтак матак, пагнаў у стэп i нiкога блiзка не падпускае - нi чалавека, нi жывёлу. Хiба так можна? Адзiн наш малады атан здох ужо - у яго паламаны рэбры. Я хацеў стрэламi адпудзiць Каранара, забраць нашых матак - не памагло, не баiцца. Гатовы загрызцi каго хочаш, каб толькi не перашкаджалi яму займацца любiмай справай. Ён не жарэ, не п'е, крые гэтых матак без разбору, аж зямля ходарам ходзiць. Брыдка глядзець, як ён гэта робiць. I раве на ўвесь стэп, нiбы канец свету настаў. Страшна чуць! Я такой ненажэры ў жыццi не бачыў. У нашым пасёлку ўсе ўстрывожаны. Жанчыны i дзецi баяцца адысцiся ад дому. А таму i патрабую, каб ты, не марудзячы, прыбыў сюды i забраў свайго Каранара. Даю тэрмiн. Калi праз дзень не з'явiшся i не пазбавiш нас ад гэтага нашэсця, дык не сярдуй, дарагi ага. Ружжо ў мяне буйнакалiбернае. Такiмi кулямi мядзведзя павалiць можна. Стрэлю яму ў дурную ягоную галаву пры сведках - i справе канец. А шкуру прышлю з аказiяй. Не пагляджу, што Буранны Каранар. А слова маё цвёрдае. Прыязджай, пакуль не позна.
Твой ак-майнакскi зямляк Каспан'.
Вось такое закруцiлася. Пiсьмо хоць i дзiвак напiсаў, але папярэджанне ў iм сур'ёзнае. Параiлiся яны з Казангапам i рашылi, што Едыгею давядзецца неадкладна выпраўляцца на раз'езд Ак-Майнак.
Сказаць проста, зрабiць не так лёгка. Трэба было дабрацца да Ак-Майнака, злавiць Каранара ў стэпе ды вярнуцца назад у такую халадэчу, калi завiруха магла ўсчацца ў любы момант. Але хто ведае, як далёка зайшоў у стэп Каранар са сваiм гарэмам. Мяркуючы па лiсту, ак-майнакцы былi так раззлаваны, што маглi не даць ездавога вярблюда, ганяйся тады пешкi за Каранарам.
Ранiцай Едыгей рушыў у дарогу. Укубала нарыхтавала яму яды на дарогу. Апрануўся ён як мае быць. Уповерх ватных штаноў i целагрэйкi надзеў кажух, на ногi валёнкi, на галаву лiсiны малахай, такi, што нi з бакоў, нi ззаду вецер не праб'е, на рукi цёплыя аўчынныя рукавiцы. А калi сядлаў вярблюдзiцу, на якой збiраўся ехаць, прыбеглi Абуталiпавы малыя. Давул прынёс яму вязаны ўручную шарф.
- Дзядзька Едыгей, мама баiцца, каб у цябе шыя не застыла.
- Шыя? Лепей скажы, горла.
Едыгей так расчулiўся, што пачаў абдымаць, цалаваць малых, галава кругам пайшла. Радасць была на душы, як у таго дзiця.
- Скажыце маме, што я скора вярнуся, можа, заўтра яшчэ буду. Нi на хвiлiну не затрымаюся. А потым мы разам збярэмся i будзем пiць чай.
Як хацелася Едыгею найхутчэй дабрацца да таго Ак-Майнака i вярнуцца назад, каб убачыць Зарыпу, зазiрнуць ёй у вочы i ўпэўнiцца, што не выпадкова патрапiў да яго той шарфiк, якi ён беражлiва згарнуў i паклаў сабе ў кiшэню пiнжака, блiжэй да сэрца. Выехаўшы, ён ледзь стрываў, каб не павярнуць назад - бог з iм, гэтым шалёным Каранарам, няхай страляе яго нейкi Каспан, няхай прысылае ягоную шкуру. Няхай! Так i трэба Каранару, колькi можна цярпець ягоныя штукарствы! Было, было такое парыванне! Але збаяўся. Зразумеў, што дурань дурнем будзе выглядаць у вачах людскiх, кiм ён паўстане перад Укубалай, ды i Зарыпай? I паастыў. Зразумеў, што толькi адзiн у яго спосаб збiць нецярплiвасць - хутчэй дабрацца i хутчэй вярнуцца.
З тым ён i ехаў. Марозна было. Вецер дыхаў роўна i сiберна. На ветры лiсiны малахай браўся пушыстай куржой. I гэткай жа белай была шыя вярблюдзiцы. На зiму, бач, бярэцца. Затуманiлася далеч. Зблiзу нiбы няма таго туману, а глянеш далей - сiвее далягляд.
Маладая, але ходкая вярблюдзiца iшла нiштавата сабе, бадзёра бэрсала нагамi цалiк. Але для Едыгея гэта была не тая язда, не тая хуткасць. Каб на Каранары - не так ехаў бы. У таго дыханне куды мацней, ды i мах не параўнаць. Нездарма казалi яшчэ некалi:
Чым лепей конь мой ад таго?
Непараўнальным ходам лепей.
Чым лепш батыр ад батыра?
Ды вострым розумам, вядома.
Язда была няблiзкай i ўвесь час на адзiноце. Але весялiла думка пра той шарфiк, якi схаваў каля сэрца. Колькi пражыў на свеце, а не думаў, што такая драбнiца можа так грэць душу. Бывала, i задумваўся. Як жыць далей. Чалавек жывы павiнен жыць, бачачы мэту перад сабой, ведаючы шлях да гэтай мэты. А iх дык i не было.
I тады журботна туманiўся Едыгееў пагляд, як тая маўклiвая саразекская далеч. Не знаходзiў Едыгей адказу, маркоцiўся, перажываў, дух ягоны занепадаў, каб зноў акрыляць сябе лятункамi...
А часам рабiлася яму i страшнавата, вусцiшнавата ў гэтай глушэчы i пустэльнасцi. I навошта такое жыццё выпала яму? Навошта ён трапiў у саразекi? Навошта напаткалася яму тут гэтая няшчасная сям'я, якую неўзлюбiў лёс? Не было б усяго гэтага, не ведаў бы нiякiх згрызот i жыў бы сабе спакойна i вольна. Дык не, душа пакутуе, i хочацца ёй таго, што немагчыма... А тут яшчэ гэты Каранар, таксама клопат, нейкая кара боская. Не, як нi кажы, не шанцуе ў гэтай жытцы...
Дабраўся Едыгей да Ак-Майнака якраз пад вечар. Стамiлася ў дарозе вярблюдзiца. Няблiзкi свет, зiмовая дарога.
Ак-Майнак - такi ж раз'езд, як Баранлы-Буранны, толькi вада ў iх свая, калодзежная. А так - тое самае, тыя ж саразекi.
Пад'язджаючы да Ак-Майнака, спытаў Едыгей у нейкага стрэчнага, дзе, маўляў, тут Каспан. Той яму сказаў, што Каспан гэтым часам на рабоце, дзяжурыць на раз'ездзе. Туды i пакiраваў Едыгей. Пад'ехаў да дзяжуркi i хацеў быў спешыцца, калi на ганку паявiўся жвавы, усмешлiвы нейкi дзяцюк у кажусе не па росту, у стаптаных валёнках, у старым малахаi, надзетым на адно вуха.
- А-а, Едыгей-ага! Наш дарагi Баранлы-ага! - адразу пазнаў ён Едыгея i кiнуўся насустрач з ганка. - Вось i ты. А мы чакаем-чакаем, думаем, цi прыедзе.
- Паспрабуй не прыехаць, - усмiхнуўся Едыгей, - калi такое грознае пiсьмо атрымаў.
- А як жа iнакш? Але пiсьмо - марнасць, паперка. А тут справы такiя, што трэба тэрмiнова ратаваць нас ад дурнога Каранара, бо мы нiбы ў блакадзе. У стэп ходу нам няма. Убачыць каго здаля - бяжыць як апантаны, гатовы знявечыць! Вар'ят нейкi. Гэта ж кара - мець такую жывёлiну! - Ён змоўк, аглядзеў Едыгея i дадаў: - Толькi я не разумею, як ты да яго падступiшся з голымi рукамi.
- Навошта з голымi рукамi? Вось мая зброя. - Едыгей дастаў з дарожнай сумы накручаны на пугаўё бiч.
- Гэтай пугай ты рады дасi?
- А што, гармату загадаеш мець супроць вярблюда?
- Ды мы тут з ружжамi баiмся. Не ведаю, можа, папусцiцца табе як гаспадару... Але наўрад, вочы шалёныя...
- Ну, гэта яшчэ паглядзiм, - адказаў Едыгей. - Навошта час трацiць? Мусiць, ты i ёсць той самы Каспан. Калi так, дык вядзi мяне, пакажы, дзе ён, а ўсё астатняе справа мая.
- Гэта не так блiзка, - сказаў Каспан i пачаў аглядвацца па баках, а потым паглядзеў на гадзiннiк. - Вось што, Едыгей-ага, позна ўжо. Пакуль дабярэшся туды, звечарэе. Не, так справа не робiцца. А потым, такiх людзей, як ты, не заўсёды даклiчашся ў госцi. Будзь нашым госцем. А ранiцай - рабi як знаеш.
Такога павароту Едыгей не чакаў. Ён разлiчваў, што калi ўдасца злавiць Каранара, дык сёння ж ноччу дабярэцца да Кумбеля, там заначуе, а на свiтаннi выправiцца далей. Бачачы, што Едыгей нецярплiвiцца, Каспан рашуча запярэчыў:
- Не, Едыгей-ага, так не будзе. За пiсьмо даруй. Але другога выйсця не было. А цяпер я не адпушчу цябе. Не дай бог здарыцца што ноччу ў бязлюдным стэпе... Не, заставайся, а ранкам як хочаш. Вунь мой дамок, з краю. Ён твой. Заставайся. А вярблюдзiцу стаўляй у загон. Корм будзе. Вада ў нас свая, хапае.
Хутка сцямнела тым зiмовым днём. Каспан i ягоная сям'я аказалiся цудоўнымi людзьмi. Старая мацi, жонка, хлапчук гадоў пяцi (старэйшая дзяўчынка вучылася ў Кумбельскiм iнтэрнаце) i сам Каспан толькi i клопату мелi, каб дагадзiць госцю. У доме было цёпла, па-асаблiваму ажыўлена. На кухнi варылася мяса, духмяны пах стаяў. Тым часам пiлi чай. Старая сама налiвала пiялы Едыгею i ўсё распытвала пра сям'ю, пра дзяцей, пра жонку, ды адкуль, маўляў, сам, ды сама ў сваю чаргу расказвала, калi i як прыбiлася на раз'езд Ак-Майнак. Едыгей ахвотна адгукаўся на размовы, хвалiў пачастунак, асаблiва масла - не такi часты пачастунак у саразеках. А яго iм прыслалi сваякi з Уралу. Едыгей, смакуючы праснакi з гэтым маслам, казаў, што адчувае нават пах лугавых траў, чым надта расчулiў старую, i яна пачала расказваць пра радзiму сваю - пра яiцкiя землi, пра тамтэйшыя травы, лясы i рэкi...
Тым часам прыйшоў начальнiк раз'езда - Эрлепес, запрошаны Каспанам з выпадку прыезду Бураннага Едыгея. Пачалася мужчынская размова пра службу, пра транспарт, пра заносы на лiнii. З Эрлепесам Едыгей