загагулiну знайду, язык разьвяжу.

У Антосевых вачох загарэўся благi агонь.

- Глядзi сам, сынок. Але нашто табе? Нiхай-бы яго Немiц прыбраў. Табе можа лепi цiха сядзець...

Антось доўга думаў. Раптоўна падняў вочы й зiрнуў бацьку проста ў твар

- Цягалi адныя й другiя, ледзь вырваўся. А гэтыя што, думаеш? Немiц, ён нас так i нi зачэпiць? Вайной? Кiнь ты, бацька. I нi агледзiшся, як нейкая трасца гоп! i на сьпiну. Ня вiдзiш, што робiцца, нi кумекаеш?

- Дык што-ж рабiць будзiш?

Антось памарудзiў з адказам.

- Нi знаю, тата, можа скора што праясьнiцца. Алi знаю, што пасядзець нi дадуць.

Дзяцюк скрыпнуў дзьвярмi й выйшаў на двор. Ля Бураковай хаты радасна цяўкаў Ромка. Антось спасьцярог жаночую хустку ля тыну. Нiна пастаяла ля сабакi, мусiць нешта есьцi дала ды накiравалася ў вагарод. Антось рушыў у тым кiрунку. Ад супольнага падарожжа 'з таго сьвету' часта пра яе думаў. Жанчыну трымаў на воку й раней, - дарэчы, як i ўсе дзяцюкi ў вёсцы, - але з натуры быў больш прывык ля старэйшых дзевак ацiрацца, замужнiх мiнаў, хоць, як мяркаваў, у Нiны й раней нядрэнныя вiдокi меў.

- Ай, Антоська, мой саколiк, а я толькi во пра цябе думала, распрамянiлася Нiна, пабачыўшы яго. Стаяла з матыкай мiж радоў морквы.

- Якi я табе саколiк? А што ты пра мяне думала? - усьмiхнуўся Антось.

- Як гэта што? Ты-ж мой збавiцель. Пра каго-ж, калi нi пра цябе мела думаць?

Яна папаўнела й паправiлася. Праўда, гэта ня быў той калiшнi прывабна-бесклапотны твар. У вачох з дробнымi зморшчынкамi навокал загнязьдзiлася цьвёрдасьць. Адылi працэс аздараўленьня пачаўся. Яго пазнаць можна было ў выглядзе, рухах i гутарцы.

- Ну як нага?

- Ды што нага... Дзякуй Богу, магла-б з табой ужо й польку топнуць.

Зiрнула на яго вачмi ласкай перапоўненымi. I здалося дзяцюку, што там больш, чымся ласку пабачыў.

- Ну пра гэтае топнуць дык цяперака рана гаварыць. Нi да топаньня цяперака.

Нiна нiчога не адказала. Узялася матыкаваць густое зельле ў чорнай мягкай глебе, якую добра ўчора вымачыў дождж. На абшырным кавалку адно палова была выпалата.

- Трэба во паганяць, ато саўсiм трава заглушыць.

- Алi-ж i насадзiлi яны тут вам, - сказаў Антось.

- Толькi нi нам. Сабе каўхоз залажылi. А нас, Антоська-саколiк, недзiка ў Сiбiр на дзiкiя ягады вязьлi. Ну алi выйшла, што й гэтага iм фiгу... Брунiсьчына Мальвiна ўчорака прыбягала. Дасi, кажа, Нiна, нам гароднiны, нашы-ж дзеўкi гэттака крукам цэлую вясну пацелi. Чуеш? Чаму на сваiм, кажу, твае дзеўкi нi садзiлi? Такая ўласьць, кажыць, была. А што-ж, кажу, цябе ўласьць сiлай сюды цягнула? Дык яна тады мне: - зiмля твая, алi работа наша. Дасi й нам гароднiны. Уцiкай, кажу, сучка, з майго! Бяжы, кажу, да тэй уласьцi, што людзей загадала абiраць i забiваць, нiхай яна табе дасьць, ад яе, кажу, спаганяй. Ды як сыкнула я на яе, дык от лататы дала!

Матыка спынiлася. Жанчына зiрнула глыбака ў Антосевы вочы.

- Алi што гэта я пра сваё бубню? Скажы, Антоська, што рабiцьмеш?

Антось пазiраў на поўныя грудзi пад тонкай летняй блюзкай, на круглыя, як памайстэрску адточаныя й загарэлыя рукi й ногi, ды на зусiм умеру поўныя ды пэўне-ж мяккiя вусны, роўны носiк.

- Жыць буду, от што. Дзевак буду любiць, зямью араць, сеяць, касiць, малацiць. I яшчо што? Ага, буду спаць i есьцi, i чыстым паветрам дыхаць.

- Алi-ж ты жартаўнiк, - усьмiхнулася жанчына, таўхануўшы яго лёганька пад бок. - Цi ты калi сур'ёзна зь кiм гаворыш?

- Але-ж, гавару. Знаеш вунь колькi сур'ёзнага ўнас было падарозе.

- Ну я не пра тое. Таго лепi нi ўспамiнаць. Я пра заўтра. Я пра цябе й мяне, i...

- Нiначка, знаеш што? - Ён зацяўся, а тады яно само вырвалася. - Знаеш, я цябе люблю... Ты... Ты надта-ж пекная й мiлая, i я таксама пра цябе думаў... Але...

- Любiш Антоська? А мой-жа ты саколiк!

Жанчына ўмiг распрамянiлася, налiлася жыцьцём. Антось даўно ня бачыў яе такою. Зварухнулася, быццам каб прытулiцца да яго ў абдымку. Антось спасьцярог гэта выразна, але нейкая насьцярожанасьць стрымала яе. Азiрнулася. Магчыма, што высьцерагалася ў агародзе.

- Нiна, я...

- Што?

Зводзiлi ейныя вочы. Антось нiколi перад такiм выклiкам не стаяў. Адно падай руку, а поцiск ейны сыгнал перадасьць. Гэтта-ж i хата непадалёк, пару крокаў ступiць. Адно ваганьне...

- Я думаю, што цi нi зарана яшчо, знаiш?

- Гэта ты пра майго?

- Ага. Людзi-ж мы, хрысьцiяне, у Бога верым. Цi ня грэх?

Зморшчыны ля вачэй падаўжэлi, а нядаўнюю гарэзьлiвую яснасьць вачэй зацягнуў хмарны цень. Антось завярнуся да весьнiчак.

- Куды ты, Антоська?

Дзяцюк спынiўся, падумаў.

- Схаджу ў Гацi праведаць дзе што робiцца. Сядзець нiчога ня высядзiш.

- Глядзi-ж, Антоська, асьцярожна.

У голасе ейным Дзяркач вычуў апякунчы тон, якраз наводля матчынага.

- Нiначка, цi нi зарана маей апякункай хочаш быць? - Ён падмiргнуў. I тады бачыў як паварушылiся яе вусны i ўздыхнулi тугiя грудзi.

- Ну што, Ромак, пойдзем разам?

Сабака падскочыў з радасьцi, тузануў ланцуг. А Антось забаўна, як даўно не рабiў, засьвiстаў, выходзячы з двору.

7

Антось iшоў галоўнай вулiцай Гацяў. Не сьпяшыў, разглядаўся. Сонца хiлiлася з паўдня, добра прыгравала. Насустрач iшлi дзьве жанчыны, па выгляду вопраткi местачковыя. Вясковыя цяпер не хадзiлi на рынак з таварамi, бо ўжо колькi разоў здарылася, што 'Немiц усё адбраў'. Нiхто ня ведаў чужое мовы, а самi нямецкiя жаўнеры, звычайна двойкамi й тройкамi, валачылiся па вёсках, гралапанiлi 'матка, яйка, матка, шпэк', iншыя-ж курэй, гусей i качак лавiлi.

Насустрач Антосю вельмi хутка праiмчалiся два вайсковыя грузавiкi з жаўнерамi ў кузавах, паднялi за сабой вялiкi хвост пылу. Поўным жыцьцём кiпела станцыя, чмыхалi паравозы, гучэла незразумелая мова. Ля будынку вакзалу стаялi польныя кухнi, бражджэлi жаўнерскiя кацялкi. А воддаль, направа ад вулiцы, у прысадах бярозак, рабiнаў, бэзу й засенi садоў маўчалi ў летняй дрымоце местачковыя хаты. Зь нiзкай, што на лiпе, бусьлянкi зьляцеў на луг вялiкi птах.

Антось прачытаў чорнымi лiтарамi на вялiкай белай дошцы:

О Р Т С К О М М А Н Д А Т У Р

Вартавы iз стрэльбай на плячы i ў шлёме стаяў побач ходнiку, каторы бег ад адлеглага ад вулiцы шырокага, нiзкога, калiсьцi сiнiм колерам маляванага будынку, у якiм гнязьдзiўся 'пастарунак палiцыi панствовай'. Антось перайшоў на другi бок вулiцы, каб, па старой прывычцы, мiнуць 'асiнае гняздо'. Мiнуў чыгуначную майстроўню поўную стуку молатаў, скрыгату напiльнiкаў, скрыпу колаў, смуроду мазуты й гару дыму. Гэтта, вiдаць, хапала працы, але хто там працаваў, Немцы цi мясцовыя, Антосю не давялося чуць.

Павярнуўшы вулiцай направа, дзяцюк прадаўжаў iсьцi абсаджанай лiпамi брукаванай дарогай. Па бакох яе, у зеленi садовых дрэваў, плянава выраўнялiся два шэрагi чырвоначарапiчных мураваных дамоў. Некалi тут жылi сыцейшыя панкi-ўраднiкi, такiя, якiм сялянкi насiлi на продаж пад дзьверы яйкi, масла й сыры, бо панюськi iхныя лянiлiся на рынак хадзiць.

Пры адным доме Дзяркач убачыў зялёна-шэрую вайсковую аўтамашыну i чалавека ў мундзiры за рулём. Яшчэ за хвiлiнаў пяць дзяцюк апынуўся ў шырокай адчыненай браме. Зь левага боку наўскасяк усьмiхаўся на сонцы вялiкi добра дагледжаны сад. У куце, мiж рослага малiньнiку роiлiся пры вульлях пчолы. Парнiк аранжэрэi дыхаў шыракаадчыненымi сэкцыямi шклянога даху. Спрэчку вялi вераб'i.

Антось пастаяў, разгледзеўся. Аўтавыя шыны дугой вярнулi ў правы бок, дзе воддаль мiж кветак, язьмiну, бэзу й рабiнаў прысеў нiзкаваты, чырвонай бляхай крыты, мураваны дом. Там жыў гаспадар саду, парнiкаў, аграмаднага гароду з рознымi сэкцыямi гароднiны й садовых прышчэпаў, прыпадкова ведамы

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату