пасажырных вагонаў. Яшчэ затрымалiся, зiрнулi на вакзал. Там кiшэў, пружыўся мускуламi, топаў ботамi людзкi мурашнiк у зялёным. Збоку, у вялiкай будцы, нядаўна з дошак ля станцыi збудаванай, дымiла кухня, браджэлi кацялкi. З усходу ўкацiўся, скрыпнуў тармазамi, адсапнуўся вялiкай чорнай лёкаматывай цягнiк. Даў кароткi, сiпаты гудок i спынiўся. Лязнулi буфары. Быццам бульба са скрыняў, высыпала з вагонаў войска. Недзе ў тым вэрхале захлiпаўся-рыгаў баян. Ля будынку вакзалу ярчэлi сьветлы. На шэрай сьцяне, пад выцьвiлым напiсам ГАЦI, даўгое, бруднае, сажай зачарнелае палатно апавяшчала:
ДА ЗДРАВСТВУЕТ ТОВАРИЩ СТАЛИН
ОСВОБОДИТЕЛЬ ЗАПАДНОЙ БЕЛОРУССИИ!
28
У канцавым пасажырным вагоне на бочнай чыгунцы навосьцеж адчыненыя стаялi дзьверы. Адтуль вылятала надвор сьмяцьцё. Паказаўся да паловы зношаны камель мятлы, ногi ў брудных чаравiках-шчыблетах, а наапошку вырасла ў квяцiстым, карэлым, шырокiм хвартуху таўстая сярэдзiна, вялiкiя грудзi й твар-месяц. Навокал месяца спаўзалi даўгiя, незачэсаныя, цемнаватыя касмылi.
- Глядзi, Дуня, Манька во... падмятаiць, - таўхануў Янук сяброўку.
- Дзе?
- А вунь там.
- Пiрапечка, ха-ха-ха! - зарагатала Дуня.
Яны падыйшлi да вагону. Пабачылi шырака адчынены рот, наiўна-дабратлiвую, простую, аж шкадаваньне выклiкаючую ўсьмешку, дый нейкую асаблiвую прапорцыю ў тулаве. Цэлы-суцэльны мякiш. Мятла абаперлася аб сьцяну вагону, лёгка скалыхнулiся вялiкiя грудзi.
- А чаго-ж вы гэттака швэндаiцеся?
Голас, што нiзкiм альтам вылез з глыбiнi мякiшу, дапоўнiў дзiвоснасьць гэтай нязвычайнай iстоты. Для гацкай станцыi Манька была тым, чым Жыдоўка Габiха для мястэчкавага рынку. Габiшына крамаў клiне вулiц Глыбоцкай i Докшыцкай раскашэлiлася. Прыгрэе, бывала, сонца. Пульхная Габiха на лаўцы перад крамай старожыць, кажнага падарожнага на канi на сваей двойцы аклiкне.
- Што нi паедзеш на рынак дык ў таўстую Габiху, як у добрую пуню ўпрэшся, - жартавалi людзi. I не ўяўлялi бяз Габiхi гацкага рынку, так як ня было станцыi бяз Манькi Пiрапечкi.
Хто й калi яе Пiрапечкай ахрысьцiў? Казалi, што некалi ў адной панi 'каляяжыхi' служанкай была. Калi-ж панiн сынок у 'хамчыны' дзявочыя тайнiцы паспрабаваў заглянуць, вылупцавала 'каляяжыха' дзяўчыну й дзьверы паказала. Казалi...
Выводзiлася Манька зь сям'i найменш папулярнага й найбольш неабходнага ў Гацях чалавека, што зь вялiзнай рудой бочкай ва ўсе гацкiя прыбiральнi заглядаў i якога васьмёхлiтарнай мянушкай клiкалi. У самы захаднiм хвасьце мястэчка, у трухлявенькай хаце жыў. Калi ягоны шыроказады, пародзiсты бэльгiйскi гняды тую вялiкую бочку па каторай гацкай вулiцы цягнуў, выглядалi людзi здалёк, цi ня плёхла зь яе, абыходзiлi й аб'яжджалi яго, а перад прыходам 'вызвольнiкаў' палiцыя загадала адно за агародамi езьдзiць, на вулiцах зусiм не паказвацца.
I апроч гэнай васьмёхлiтарнай мянушкi цi вядаў хто як завецца чалавек. Казалi, што пасьля першай 'каляяжыхi' Манька ў iншых паноў i падпанкаў хаты прыбiрала, а пасьля на станцыю прыбiлася. Ад няпамятных, здаецца, часоў, была яна гэтта пад рукою, так яна так як гэна абшмулянае крэсла ў чакальнi, цi той рыначны плот, ля якога каней прывязвалi. Як той бяздомны цюцька, што iснаваў, здаецца, каб на яго тукнуць-гукнуць, гэтак i Манька. Казалi, што быццам некалi чатыры клясы прабэкала-прамэкала. Кажнаму на сустрэчу шырака рот адчыняла, ласкавае якое слова пачуць хацела, а зь яе сьмяялiся, у найлепшым выпадку зь лiтасьцю пазiралi.
Пайшла Манька ў моду, калi 'вызвольнiкi' прыйшлi. Калi якi цягнiк, бывала, на станцыю прыходзiць, стаiць грудзi выпяцiўшы, быццам на прывiтаньне, Манька, круглымi вачамi лыпае, месяц-твар усьмешкай расплываецца. Расказваў нейкi мястэчкавы жартаўнiк: - Знаеш, гэта самае, уiжджаiць на гацкую станцыю поiзд i глядзiць здалёку, што Манька пiрад вакзалам стаiць. Крычыць тады, гэта самае, качагар машынiсту: Пазры, Ванька, унь барышня, сматры за цыцку паравозам нi зачапiся!
Натура Маньчына, як у сук уляпiў, да новых парадкаў пасавала. Думаць зусiм ня трэба было, усё прасьцюсенька й ясна. Поўнымi вялiкiмi грудзьмi чэрпала дзеўка паветра 'асвабаждзеньня'. Казалi людзi, каторыя ведалi, што Манька напралом у авангард адданых Сталiну 'трудзяшчыхся' улiлася, ды ў сажалцы сталiнскай 'народнай улады' як павярткая-крутая рыбка плёхалася. Iншыя-ж асалоду дэталяў смакавалi й цьвердзiлi, што працэс Маньчынага ўлiцьця ў Сосаву калатушку не такiм прасьцюсенькiм быў. Аблюбавалi, быццам, сваецкiя жаўнеры Маньчын мякiш. Ня перабольшвалi, мусiць, языкi людзкiя. Вядома-ж было, што Манька нiколi кавалера ня мела. Як-жа тады ей напярэймы гэнаму жыватворчаму 'вызвольнаму' духу нi пайсьцi? Дый цi толькi духу?
Калi першыя кантаватасьцi 'вызваленьня' абгладзiлiся, калi народ пачаў найясьнейшую пад сонцам ды найбольш сьветлую сталiнскую канстытуцыю практыкаваць, за выбарамi ў 'народны сход западнай Бiларусii' прыйшла чарга на выбары ў гэтак званы 'савет дзiпутатаў трудзяшчыхся беларускай савецкай сацыялiсьцiчаскай распублiкi'. Побач зь iншымi партрэтамi й плякатамi, каторыя абляпiлi гацкiя платы й сьцены, зьявiўся круглы месяц Манькi Пiрапечкi. Напiс на плякаце заклiкаў: 'Галасуйце за выдатнейшых людзей, перадавых прадстаўнiкоў рабочых i сялян, камунiстаў i беспартыйных. Марыя Iванаўна Кукiшка, кандыдат ад акругi х...'
Шматлiкiя людзi ўпяршыню даведалiся прозьвiшча 'выдатнейшага чалавека, перадавога прадстаўнiка' Манькi Пiрапечкi. Мястэчкавыя жартаўнiкi ад зьдзiўленьня раты разявiлi. Ненадоўга. Новыя пераказы пра Маньчын прагрэс у 'выдатнейшыя людзi' пачалi майстраваць. А дзеўка, як i цяпер, далей чысьцiла вагоны, лiчыла цягнiкi, шырака разяўляла дурнаватай усьмешкай рот.
- А што ты, Манька, загародзiш нам, цi што? - усьмiхнулася Дуня.
- Ды што вы мне, каб я загараджвала, хы-хы-хы, - разрагаталася дзеўка.
- Чаму-ж ты, Манька, такую работу робiш? Цябе-ж вунь у начальнiкi выбiруць, - жартаваў Янук.
- Таварыш Сталiн сказаў работаць, работаць i работаць, - ёмка адрэзала дзяўчына.
- А ён так сказаў? - пытаўся далей Янук.
- А ну канечна сказаў, чудак ты, хы-хы-хы.
- А ты, гэта самае, там была й чула?
- Ды разьвi нада было быць? Як савецкае начальства гаворыць, што сказаў, так палагаiцца верыць, што дзiсьцьвiцiльна сказаў. Ну нi так?
Мякiш абапёрся на мятлу й шэрыя вочы пазiралi на юнакоў проста й наiўна.
- А што таварыш Сталiн сказаў работаць? - цягнуў Янук.
- Ну як што... Эгэ! - усклiкнула Манька, - ты, сапляты, што гэта зь мяне кепiкi ўзяўся строiць? Ды я цябе, такую тваю...
Маньчын язык пачаў вярнуць прынесеныя маскоўскiя брыдоты. Сiпаты голас трос грудзi й здавалася, што неўзабаве мятла рынецца на Янукову галаву.
- Ну пiрастань, Манька, пiрастань, - намагалася суняць дзеўку Дуня. Скажу нам лепi, цi цябе ў дзiпутаты выбiруць.
- Канечна выбiруць, - без запыну адказала Пiрапечка.
- А хто табе казаў, што выбiруць?
- Ды як гэта хто? Сам таварыш Саладуха казаў, от хто.
Месяц зазьзяў трыюмфальным поглядам. Упэўненасьць гэтай дзеўкi нагадвала наiўна-дзiцяннае 'мама казала, от хто'.
- Дык ты мусiць тады проста ад падмятаньня паняй будзеш, як у дзiпутаты пападзеш, - кпiў Янук.
- Якой такой паняй?! Ты гэта што, ня чуў куды паноў вунь вязуць? Тамака яны ў тых вагонах выюць, iдзi паглядзi, - кiўнула дзеўка галавой у той бок, адкуль кагадзе юнакi ўцяклi. Твар ейны ўзгарэўся, спакойныя вочы заiскрылiся, ды ўсхадзiлiся вялiкiя грiдзi. Здавалася, што неўзабаве мякiш гэты, што тросься з паднечаньня як дрыгва, кiнецца на тых ненавiсных, выючых паноў. Жорсткая рэакцыя, што ажывiла гэту тушную й павольную асобу, мела асаблiвы камiчны выгляд.
- А гэта там у тых вагонах паны сiдзяць? - падмiргнуўшы Януку, цягнула Маньку за язык Дуня.
- Няўжо-ж хто, - адказала дзеўка.
- А якiя гэта паны? - пытаўся Янук.
- Ды чорт iх ведаiць якiя. Пасабiралi, панiмаiця, гэта барахло з маёнткаў, фальваркаў, адаўсюду...
- А калi iх iх пазьбiралi? Доўга так стаяць?