Антосеву мякаць, тым больш хацелася аддаць назад удвая.
'Скула табе ў бок, жыдзiшча пракляты!' - катэгарычна адказаў першаму гэты другi, адважны й непакорны, да канца гатовы змагацца Антось. 'Здыхлаты на цябе, нячысьцiк. Зьгiрдзiшся ты перш, чым табе што скажу!'
Пасьля такога канчатковага й наважнага адказу ажно лягчэла Антосю цялеснаму, каторы да сьцяны прылiп.
- Видно, голубчик, - сказаў кручканосы гарбуз, устаючы з-за стала, что баловаться хочешь. Погоди, сам попросиш. У нас время хватит.
З гэтымi словамi сьледчы пакiнуў пакой.
Адно зачынiлiся дзьверы, як Антось сеў на лаву. Дрыжэлi каленi, недзе зусiм да сьпiны прысох жывот i зусiм высах рот, быццам у яго хто жарствы насыпаў. З халоднага ў гарачае кiдала. Цi маглi быць якiя сумлевы, што калi-б дамоў неяк удалося вярнуцца дык прыдзецца ў пасьцелю залегчы.
Ня ўсьпеў Антось як сьлед на лаве расьсесьцiся, як шырака, з гукам адчынiлiся дзьверы й малады, прысядзiсты, шыракаплечы чалавек з каўказкiм тварам убег у пакой. Бачыў Антось яго раней. Сьледчы паклiкаў каўказца на помач, калi Антось адмаўляўся танцаваць пад бальшавiцкую дудку. Каўказец нiчога не гаварыў, адно сьлепа загады выконваў. Вiдаць, што ў сваiм рамясьле набiтую руку меў, бо без найменшага намаганьня так цябе схапiць за найбольш кволае месца мог, што дзясятаму закажаш. У рамясьле тым адчувалася нейкая грацыя й стрыманасьць. Давалася адно столькi фiзычнай сiлы, колькi якраз патрэбна было. I думаў ужо раней Антось, гэта тупалобага робата гледзячы, што бяда была-б тэй ахвяры, якой гэты каўказец усе свае катавальныя здольнасьцi пачаў-бы прысьвячаць.
Як дзярлiвы тыгра, тупалобы мiгам перад Антосем апынуўся. Быццам абцугамi, схапiў дзяцюка пальцамi за нос, паставiў на ногi. Не агледзеўся Дзяркач як хутка й якiм менавiта чынам тое сталася. Войстрай дзiдай кальнула яго нешта пад мышкай, у гарляку залажыла праход для паветра, балюча крутнулася правае плячо й поўным цяжарам звалiўся дзяцюк на падлогу. Калi-ж намагаўся злавiць у лёгкiя хоць крыху паветра, каўказцаў бот душыў тое месца, дзе ля жывата зьбягалiся Антосевы ногi. Нястрыманы боль агнявымi шпiлькамi расплываўся па целе, выцiснуў з вачэй сакавiтыя сьлёзы. 'Задушыць, сукiн сын', - мiльганула ў Антосевай галаве. Пачаў крычэць, колькi моцы. Бот адпусьцiў на тым месцы, дзе сыходзiлiся ногi, клешчы злавiлi яго за вушы й мiгам дзяцюк ужо ля сьцяны стаяў. Магутная сiла крутнула рукi й не агледзеўся як прылiп да сьцяны якраз у такой самай пазыцыi як тады, калi сьледчы дзьвярмi скрыпнуў. Адылi цяпер зморанае цела балела ў многiх мясцах i пратэставала. Адчынiлiся ззаду дзьверы й каўказец зьнiк на калiдоры. Ужо па iншых кроках распазнаў Антось таго, што ў пакой вярнуўся.
- Следовательно, повторяю: кто тебе помогал испортить лозунг на литовской школе и с кем ты всё время в деревне делал антисоветскую пропаганду?
Дзiва. Лагодна-памяркоўна гучэў бас. Калi-б гэта дзесьцi ў сямейным коле яго пачуў, пабажыўся-б чалавек, што якраз такiм лагодна-ласкальным тонам бацькi да сваiх дзетак гавораць. А мо гэты агiдны кручканосы гарбуз i меў сям'ю й дзетак, якiх навет мог ласкаць i песьцiць? Што ён за чалавек?
Антось дрыжэў i маўчаў.
Шарганула за сталом крэсла, ацяжэлае, пузатае тулава выгадна распаўзлося, адчынiлiся таўстыя, круглыя вусны й адтуль прыляцеў да Антосевых, смылячых i чырвоных вушэй сяброўскi зварот: - Будьте любезны, садитесь, пожалуйста.
Круты паварот. Але Антось, змораны фiзычным перакананьнем каўказцавых рук, прытомнасьцi яшчэ ня страцiў. Не марудзячы, адыйшоў ад сьцяны й сеў пры стале насупраць сьледчага на самым краю крэсла. Ззаду адчынiлiся дзьверы й перад Антосем на стале касматая, чорнавалосая рука паставiла поўную шклянку чыстай, надта прынаднай, празрыстай вады. Не пасьпелi ззаду сьцiхнуць крокi, як Антосева рука ўжо на стале была.
- Погодите минутку, гражданин, пабеседуем. Вы, наверно, пить хотите?
Пяшчотны тон... Рука сьледчага адсунула на сярэдзiну стала шклянку з вадой. Зьдзек. Антосева рука абамлела на калене. Пiў вачмi. Гарэлi сьмяглыя вусны. Ня было насупраць анi кручканосага гарбуза, анi ледзянавокага Грузiна на сьцяне, адно надзiла, зьдзеквалася зь яго, зьбiтага й зганьбаванага вялiкая, прынадна-празрыстая, жыцьцядайная шклянка чыстай вады. Вада - альфа й амэга ўсяго жыцьця-быцьця, усей шырынi мiзэрнага Антосевага iснаваньня. Як ня дзiўна, адны й тыя самыя рэчы набiраюць зусiм iншага значэньня й моцы, калi бачыць iх у розных пэрспэктывах. Хiба адно змораны, зьняможаны падарожнiк пустынi бачыў калi ваду ў падобным сьвятле, як ўяўлялася яна цяпер Антосю Дзеркачу. Вось яна гэтта, зусiм перад дзяцюковым носам. Адно часiна, адзiн рух рукi i яна асьвяжыць вусны, улiе жыцьцёвую сiлу ў зьняможанае цела. Адылi мiж сьмяглымi, парэпанымi дзяцюковымi вуснамi, сухiм жыватом i вадой- збавiцелькай станула бяздушная, грозная магутнасьць бальшавiцкага палiцыйна-сьледчага апарату. Вада сталася максымальнай прынадай-пасткай. Прадайся, прызнайся, падпiшы ўсё, што вымагаюць, адно тады зможаш адсьвяжыць сьмяглыя вусны, прамачыць страўнiк.
У тым месцы й часе, дзе апынуўся Антось Дзяркач, чалавек не разважае памяркоўнымi й цьвёрдымi катэгорыямi, не абасноўвае зьмененых вартасьцяў звычайных, будзённых, нармальных рэчаў. Хiба адно волатам пад сiлу такое нешта. Загiпнатызаваны вiдам празрыстай вады, сядзеў Антось i ў галаву яму не магло прыйсьцi, што лягчэй цярпець было-б, калi-б на бок галаву адвярнуў. Тымчасам сьцiплая вялiчынёй шклянка вады расла ў змучаных бяссоньнiцай Антосевых вачох да манументальна-непазнавальных разьмераў, засланiла ўсё навокал i ў меру такога гiпнозу расла ягоная сьмягласьць, напаўняўся балючай жарствой змораны страўнiк.
- Вы курите? - спытаў ласкавы голас. Сьледчы падсунуў адчыненую папяросьнiцу.
- Не, - адказаў Антось. Ён ня зводзiў вока з вады. 'А што каб раптам схапiць i выпiць? А пасьля... што будзiць, нiхай будзiць', - думаў Антось. Гэткую нагла-зухаватую ў коранi перасек каўказкi твар. Антосева левая рука, быццам для пацьверджаньня небясьпекi, памацала там, дзе зыходзiлiся ногi. Страх уваскрос новым болем.
Гарбуз пачаў гаварыць.
- Может быть вам неизвестно... Советская власть самая лучшая и самая гуманная в мире. Первой и преимущественной заботой этой власти - человек. Это совершенно понятно, ибо самые порабощённые слои эту власть для блага своего и тех которые придут позже. Следовательно не было и не будет у нас заботы большей, чем та, которую ощущаем для человека. Но исходя из этого, не должны мы забываць и другую сторону того столба, на котором построена первая и самая могущественная социалистическая страна в мире. Эта другая сторона наша полнейшая и крайняя преданность нашей родной коммунистической партии, нашему правительству и в первую очередь нашему вождю, великому и мудрому учителю, отцу всех народов мира, товарищу Сталину...
Настаўнiцкi голас спынiўся. Аўтамат i тут, дзе ня было паслухмяных нявольнiкаў, што пры згадцы дыктатара пачалi-б аддана плёскаць далонямi, зрабiў вытрыманы перапынак.
- У многих из нас есть ещё отрицательные пережитки прошлого, которые следует уничтожить и выбросить как нам чуждые и вредные, - прадаўжала лагодным басам шарманка. - Это сделать изумительно легко. Да! - падчыркнуў кручканосы гарбуз, - изумительно легко. У вас тоже эти пережитки есть. Они у вас, конечно, не по вашей вине, ибо вы жили в обществе, где человек человеку был волк. Понимаете? Человек человеку врагом был. У нас наоборот: человек человеку есть самый лучший друг. Видите как у нас? Стало быть, если каждый из нас есть другом каждому другому так и последовательно мы должны быть наибольшими друзьями. И наиболее преданными нашей власти. Ибо кто же, если не она, наша власть, ощущает для нашего блага наибольшую заботу? Вы должны полностью довериться вашим местным руководителям, активистам, коммунистам, не иметь никаких секретов, наоборот - навстречу им идти. Да, навстречу! Видите ли, как это просто и изумительно легко? Вы, может быть, не понимая наших порядков, каким то образом попали в шайку врагов советской власти, злобных клеветников. Может быть, вы хороший человек и раньше никто не раз'яснил вам советских порядков, не дали вам возможность увидеть полноту, красоту и гуманную справедливость советского мира. Так я вам сейчас и предлагаю эту возможность. Признайтесь, что вы делалi советской власти большой вред, назовите нам тех людей, с которыми вместе работали и я вас уверяю, что советская власть, которая есть самая лучшая и гуманная в мире, простит вам и как родной отец или мать станет заботиться о вас и откроет вам дверь благополучной жизни.
Шарманка спынiлася. Пстрыкнула запальнiчка й над сталом падняўся круг дыму. Гэта ня быў той дым, што рэзаў лёгкiя дзяручым смуродам карашкоў.