чалавек зрабiўшы першы крок у гаспадарцы, спыняецца й бязь нiякае прынукi разважае пра наступнае. Сабакевiчава прысутнасьць, загадкавасьць ягоных адносiнаў, таго цяжарнага 'пабяседаваць', нагальванiзавала Бахмачову сям'ю й напружаньне перайшло аж на спажываньне аладак. Кот голасна замяўкаў пад сталом, пацёрся аб Мiколаву нагу й хлапец злосна кiнуў у яго аладкай.

- Адчапiся во! - сыкнуў.

Кот пачаў есьцi аладку ля сьцяны.

- Пекнага ката маiце, - сказаў Косьцiк.

На тварах Бахмачоў зьявiлася зьдзiўленьне. Перш Косьцiк хвалiў хлопцаў, цяпер-жа ката. А што далей?

- Ну што чуваць, Пракоп? - прыязна, з выразным намаганьнем гаварыў Сабакевiч.

- Нiчога от, сам знаiш, - буркнуў Пракоп, спадылба пазiраючы на Косьцiка. Напокуцi нямым выклiкам вiсеў абраз Сьвятой Прадславы Апрасiньнi з пабiтым шклом.

- Здароўе як? - пытаўся далей Сабакевiч.

- Эт... дзяржуся, - неахвотна адказаў Бахмач.

Наступiла доўгае й нязручнае маўчаньне. Пракопу здавалася, што Косьцiк намагаўся нейкiм чынам да яго ў ласку ўбiцца. Калi так, дык ён, Пракоп, быў Сабакевiчу патрэбны й хоць вялiкая цiкавасьць спанукала Бахмача, каб памагчы Косьцiку разьвязаць язык, прыгадаўшы ранейшае, насьцярожыўся й сачыў.

- Зайшоў-жа я во, панiмаiш, праведаць што случылась, чаму на мiцiнгу ня быў, - сказаў Сабакевiч.

Сьнеданьне кончылася. Бахмачы сядзелi ля стала й нiхто нiкуды не сьпяшыўся. Пракоп аблiзаў вусны, забаўляўся з вусамi ды чакаў што далей будзе гаварыць Сабакевiч.

- Панiмаiш... канечня нiбальшая бiда, што ня быў, ну ўсяк бываiць, случай якi то...

Косьцiк спынiўся, мяркаваў.

- Цi гэта так важна, што я ня быў? - азваўся Пракоп. - Бiзь мяне нi абыйшлося тамака?

Сабакевiч падумаў, уважна зiрнуў Пракопу ў вочы.

- Я-б сказаў, очынь важна. Сам знаiш: калхоз нам у дзярэўнi нужна залажыць. Бiз калхоза, - сам вiдзiш, - людзi рады нi дадуць. Хацелi зямлю. Наце вам, дала савецкая ўласьць. Ну й што пасьля таго? Сам знаiш, дажа налогаў гасударству ня могуць уплацiць. А ў калхозе пра налогi ня трэба будзiць i думаць.

- А хто-ж iх заплацiць? - цiха спытаў Пракоп.

- Ну як гэта хто? - крыўдным голасам адказаў Сабакевiч. - Опшчая гэта ўсё, панiмаiш, стала быць аб налогах нечага забоцiцца. Калхоз налогi заплоцiць.

На языку ў Пракопа вiсела ўжо наступнае пытаньне, але стрымаўся. Ня верыў-жа ён, што Косьцiк прыйшоў у хату яго, ласкавын i дабразычлiвым намагаўся быць адно таму, каб пра даброты калгасаў расказаць.

- Ты панiмаiш, Пракоп, мне нiясна чаму гэта нашыя людзi ў калхозы баяцца йсьцi. Канечня, некаторыя гавораць, што ўражая агiтацыя вядзецца. Думаю, што ёсьцiка там доля праўды, ну нi саўсем гэта правiльна. Есьлi-б я сваiх людзей нi знаў, ну знаю iх як аблупленых... Розум у iх ёсьць i есьлi яны ўжо ўвiдзяць удобства, каб пайсьцi ў калхозы, так памоему нiякая ўражая агiтацыя iх нi задзержыць. А ўдобства пайсьцi ў калхозы ўсiм вiдны. Таму й нi панiмаю чаму задзержка...

- А можа зарана яшчо? Можа яшчо людзi падумаць хочуць? I чаго ўжо так напралом лезьцi ў тыя калхозы? - пытаўся Пракоп. - Ты-ж сам знаiш, што нашы людзi прынукi ня любяць. Дык каб тут быў час падумаць, каб нiхто нi пхаў...

- Ну панiмаiш, дзела ў тым, што жалеза нужна каваць пака гарачо! узарваўся зь месца Сабакевiч.

- Ня чуў-жа я, каб дзе ўжо калхоз якi зрабiлi, - спакойна й разважна адказаў Пракоп. - Нешта марудзяць... Унь колька вёсак, а калхозу нiводнага й на развод. Мусiць разумныя ня толькi ў Лiтоўцах жывуць. Каб там такое, Бог ведаiць якое дабро ў тых калхозах, дык чаму-ж, ня ўдзержылi-б ад iх людзей...

- Ты ўжо ўсе налогi заплацiў? - спытаўся Косьцiк.

Пракоп узгарэўся. Даймала колкае 'ты' й начальнiцкi тон.

- Сам-жа знаiш, пэўня, дык навошта пытаешся, - адказаў.

Пракоп пацiснуў плячмi.

- Цэлае лета пацеў сам i унь сыны на тэй лiпавiцкай дзялцы. Дзякуй Богу, урадзiла.Ды каб аддаў усё- ўсенькае на тыя налогi й кулi, i нейкiя чортам выдуманыя лiшкi дык i то нi хапiла-бы. Ну што-ж... Нiхай во гэту астатнюю кашулю з плячэй зьдзiраюць! - шорстка выказаўся Пракоп.

- Дык вiдзiш, панiмаiш, пра астатнюю кашулю пачынаiш, - стрымана пачаў Сабакевiч. - А цi ты спрасiў сябе, зачэм яна, твая кашуля якому чорту нужна? Я табе раньша гаварыў i цяперака гавару й паўтараю: ня будзь ты мудрэй усiх мудрых. Прыйшла новая ўласьць, новы парадак, каторага многiя нi панiмаюць. От у чом дзела, панiнаiш? Новая ўласьць гэта i ёсьць уласьць народу. Стала быць для таго, штоб народ васпользаваўся ўсiмi вазможнасьцямi новай жызьнi, нужна i дажа савершэнна нiабхадзiцельна, штоб нiхто нi сапрацiўляўся новым законам i парадкам. Так от, - гэтта Сабакевiч падыйшоў i затрымаўся пры канцы стала, - есьлi сказана, што, калхозы гэта - вышшая сьцепень сацыялiсьцiчаскай сельскахазяйственнай благадацi, значыць так i ёсьць. Стала быць, чым скорша ў калхозы цем лутша...

Гэтта замахнулася Косьцiкава рука, хацела, мусiць, па стале на падмацаваньне довадаў пра калгасы стукнуць, але спынiлася на паўдарозе. Рух гэнай рукi прынёс Пракопу мiнулую зьяву. Гэта-ж яна, тая самая, што ў iкону Сьцятой Апрасiньнi шклянкай самагонкi папусьцiла. Болем перацяўся Пракопаў твар.

- Скажы, чаго ад мяне хочаш? - уськiпеў Бахмач. - Мне й так цяжка. Чаму спакою нi даеш?

- Тота-ж то! - усклiкнуў Косьцiк. - Памагчы хачу.

- Ты? Мне памагчы?

- Ну да.

У хаце запанавала доўгае маўчаньне. Бацька й сыны пераглянулiся.

- То есьць... штоб я табе памог, ты далжон памагчы мне, - фiнальным тонам паясьнiў Сабакевiч.

Здагадка распрамянiла Пракопаў твар. Вось чаму прыйшоў у хату гэты гэты гарлапан. Нешта новае заплянаваў. Асьцярожненька трэба.

- Саўсiм нiясна мне, што ты мне можаш дапамагчы й што я табе, - сказаў Пракоп.

- Так от паслухай. - Гэтак Косьцiк сеў ля стала зусiм насупраць Пракопа. - Ты, Пракоп, ёсьць харошы й чэсны чалавек, добры хазяiн. Да цябе ў дзярэўнi многа хто прыслухоўваецца, прыглiдаiцца. Гэта, што я табе раней пад п'яную руку казаў, забудзься. Ты чалавек чэсны й трудалюбiвы. От штоб гэта дзела калхозу зь места зьдзьвiнуць нада штоб такiя, як ты, людзi першыя за новым парадкам пашлi. Панiмаеш? Цябе многа хто слухаiць, от пачаму...

Пракоп проста пазiраў у шэрыя вочы й ня мог распазнаць хвальшу там, дзе мiльгаў хiтранькi сьветлячок.

- Гэта значыцца ты хочаш, каб я пачаў памагаць табе людзей у калхозы агiтаваць? - вельмi цiха спытаў Бахмач.

- Да нет, якая там агiтацыя, - выразна зьмякчэў Ромкаў гаспадар. - От есьлi-б слова закiнуў цi ў бяседзе, цi як там... Панiмаiш? Штоб ня толька процiў ня быў, ну штоб словам дзе падзьдзяржаў. Я нi прашу, штоб па хатах агiтаваць хадзiў. Гэта дзела вашых акцiвiстаў, от как...

Пракоп сядзеў аблакацiўшыся на стол. Цяпер адхiлiўся назад, зiрнуў на сыноў i Сабакевiча. Ваганьне ягонае было зусiм вiдавочнае.

- Як сам ты гаварыў, што людзi марудзяць, - цягнуў далей Косьцiк, - дык можаш i ты памарудзiць. Можаш сiчас атвета мне нi даваць. Я абажду. Но падумай, пажаласта. А есьлi сiчас якiя вапросы яшчо маiш, так даёш...

- Вапросы, дапросы, спросы, пiрапросы, - гавэньдзiў пад вус Пракоп. Нi тое, нi гэтае. Падумаць падумаю, чаму-ж нi падумаць, - павесялеў Бахмач з той прычыны, што нейкая разьвязка ёсьць i Сабакевiч насядаць перастане. Так значыць, гэта самае... падумаю...

Бахмач устаў ад стала й разам падняўся Косьцiк.

- Ну а скажы, калi ўжо мне так давяраеш, колькi-ж у Лiтоўцах так на першую руку ў калхоз запiсалася-б, цяперака занчыцца, от адразу, пацiкавiўся Пракоп.

- Нi магу табе сiчас на гэты вапрос атвецiць. Ну так пажалуй... уся камбедната ды яшчо пару. Прызнаюсь, нi знаю. Ну пака, - махнуў вяла рукой Косьцiк, - зайдуся другiм разам.

На такое разьвiтаньне Пракоп нiчога не адказаў i доўга яшчэ стаяў пасярод хаты пасьля таго, як

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату