Янук рот разявiў. Адкуль гэты вялiкi ўраднiк, - абы хто-ж не насiў шпалаў чыгуначнiка на каўняры, - ведаў iмя й прозьвiшча бацькi?

- Так, тут, - адказаў Янук.

- А ты, малады чалавек, можа сын ягоны?

- Так, Пракоп Бахмач гэта мой тата. Зараз пазаву.

Янук шмыгнуў на ганак i ў хату. Посьпех быў лiшнi. Ледзь ня стукнуў бацьку ў лоб у цемнаватых сенцах.

- Стой, куды цябе гонiць?

- Тата, чалавек пра цябе распытваў... нейкi савецкi й цябе знаiць.

- Так? Вiдзiў iх праз вакно. Няўжо-ж гэта Хвёдар?

Шырака адчынiлiся пярэднiя дзьверы. Уважна прыглядаючыся, Пракоп паволi крочыў да брычкi. Чыгуначнiк вылез, затрымаўся, прыглядаўся Пракопу.

- Пракоп, няўжо-ж гэта ты?

- Хвёдар?

Доўга трымалiся ў вабдымках.

- Браток мой любы, якая радасьць, якое шчасьце, нiколi сьнiць ня сьнiў! - захапляўся Хвёдар сустрэчай, цалуючы брата.

- Хвёдар, ты як з таго сьвету. Бог нi бязь мiласьцi, мусiць.

- Ну як жывеш? - пытаўся госьць.

- Пагаворым. Алi-ж, браток даражэнькi, ну нi пазнаў-бы я цябе, каб дзе от так на дарозе спаткаў цi што. Так многа часу сплыло, Божа мой! - гаварыў паднечаны Пракоп i бязрадна стаяў перад братам. - Ну дык чаму нi знаёмiш? Ды прашу, заходзьце ў хату.

- Будзь ласкавы, гэта мая жонка Марыя Iванаўна, а гэта - сын Уладзiмер.

Пракоп пацiснуў вялую руку Марыi Iванаўны й патрос пляменьнiкаву.

- А гэта мой сын Янук, - паказаў на хлопца.

- Мы ўжо раней пазнаёмiлiся.

- Ах, якое шчасьце, якi Бог мiласьцiвы! Гэта-ж падумаць, падумаць толька! - ня сунiмаўся Пракоп. - Мы цэлы час думалi, што на вайне ты прапаў. Але пра гэта пасьля. Заходзьце, калi ласка ў хату.

Госьцi стаялi.

- Ах даруйце, - агледзеўся Бахмач. - Гэта-ж нi падумаў саўсiм, бо галава дурная з той нiспадзеўкi. Адкуль вы прыехалi й адкуль ваш хурман?

- Са станцыi Гацi.

- Хурмана адпусьцiце, а я сам адвязу вас куды трэба. Дык заходзьце ў хату, калi ласка.

- Добра, - сказаў Хвёдар. - Слухай, дзяцюк малады, - зьвярнуўся ён да хурмана, - едзь назад. Нас прывязуць. Вялiкi табе дзякуй.

Дзяцюк нiчога не сказаў, гукнуў на каня й пачаў заварачвацца.

- Вы багажу нiякага нi маеце? - спытаў брата Пракоп.

- Гэта што?

- Прабач, мне i нi ў галаве, што ты, можа, пабеларуску гаварыць забыўся... Пытаюся, цi маеце што з сабой?

- Ды не. Станцыя тут-жа, як рукой падаць. Дык навошта?

Калi зайшлi ў хату й разьдзелiся, Янук спасьцярог вялiкае падабенства бацькi й дзядзькi. Хвёдар перарос Пракопа. Смуглявы, буйнавалосы, ён здаваўся надта бльiзкiм i разам з тым недаступным. Марыя Iванаўна, што да гэтага часу роту не адчынiла, цяпер зьдзела пальто, сьцягнула з галавы хустку й разглядалася.

- Дайце, я павешу, - падыйшоў Янук.

- Калi ласка. Я для цябе нешта маю.

Жанчына гаварыла чыста парасейску, з прыцiскам, характэрным маскалём. Навет Хвёдар, што ўжо пачаў у гутарку ўкiдаць беларускiя словы, розьнiўся вымовай ад жонкi. Пакуль Янук павесiў пальто на круку на сьцяне, жанчына палезла ў ручную торбу й выцягнула цэлую жменю загорнутых у чырвоныя паперкi цукеркаў.

- От, дзяцюк ты мой, гасьцiнца табе. Трымай.

З гэткiмi словамi Марыя Iванаўна насыпала Януку поўную жменю цукеркаў.

- Дзякую вам, - сказаў Янук ды падыйшоўшы да Ўладзiмера. - Будзем есьцi разам? - спытаўся.

- Не, дзякую, - адказаў той. Ён стаяў сярод хаты й разглядаўся. Янук ня ведаў пра што зь iм гаварыць.

- Разьдзенься, сядзь, - сказаў ён Уладзiмеру.

Тымчасам дзядзька Хвёдар распрануўся, бязь нiякае прынукi сеў на лаве ля стала. Таўставатая й пульхная Марыя прысела побач мужа. Нейкi час плялася нясуладная гутарка, ажно Пракоп раптам нешта прыгадаў.

- Янучок, зьбегай ты да Тодара, - сказаў Пракоп сыну, - папрасi ў яго лiтроўку. Скажы, што пасьля заплачу.

- Нiчога ня трэба, Пракоп. Нiкуды нi пасылай. Я штосьцi маю, - забег наперад Хвёдар. - Марыя, будзь добрая, там у мяне ў кiшэнi, - сказаў жонцы.

Жанчына ўстала, падыйшла да вешака ля парогу i зь сярэдняй кiшэнi пальта дастала вялiкую пляшку маскоўкi ды паставiла яе на стале.

- Я, браток, ня п'ю, ды от для вас думаў, - пачырванеў Пракоп.

- Ды знаеш, браце, гэта ўжо занадта. Ды чаму? Па чарачцы ўсе зробiм, намаўляў брат.

- Я калiсьцi, бывала, пры гасьцях дык чарку выпiў, - тлумачыў Пракоп. Але тут у нас нядобрае ў хаце было. Гэты-ж наш акцiвiст, цi як яго, чорта, цяперака зваць, дык ён як толькi зьмена прыйшла то мяне тут сiлай паiў ды iкону во пабiў, - паказаў Пракоп зрокам у кут.

- Гэта што? - зьдзiвiўся Хвёдар. - Хто пабiў i навошта?

- Доўга, браток, расказваць... Наш мясцовы камунiст гэта. Хацеў мне сiлай гарэлкi ў рот налiць i крычаў, каб за таварыша Сталiна й за савецкую ўласьць пiў. А я-ж хваравiты, вунь пры Паляках палiцыя пячонкi адбiла, дык i баранiўся, як мог... Тады гэты басяк поўнай налiтай чаркай ды як чарахнiць па iконе, так i пасыпалася шкло...

- Ды гэта ён цябе насiлаваў? - сур'ёзна спытаў Хвёдар.

- А як-жа.

- А хто ён такi, гэты чалавек?

- Буракоў сын. Помнiш Паўлюка Бурака?

Хвёдар зморшчыў лоб.

Помню, ну так, помню. Дык гэта яго сын? Я, пэўна, нi знаю яго?

- Малы шчанюк быў... Ня будзеш знаць.

- Дык гэта ён за Сталiна й за савецкую ўладу?

- Ну так.

- Маладзец, дзяцюк, ведае што рабiць, - сказаў Хвёдар i зiрнуў на жонку й сына.

- Я нi знаю, - адказаў зьбянтэжаны Пракоп. - Нi знаю цi маладзец, паўтарыў, скоса зiрнуўшы на брата.

- Ды не, Пракоп, - сказаў той, не за тое маладзец, што хулiганiць, а таму што Сталiна вялiчае. Разумееш?

Хведар доўга глядзеў на Пракопа, як-бы зрокам хацеў нешта недаказанае языком вытлумачыць.

- Ты лепi знаеш. Я нiнадта разьбiраюся, - сказаў Пракоп. - Алi чаго-ж я сяджу, нешта на стол трэба, - устаў гаспадар. Ён загадаў Януку прынесьцi хворасту, распалiць плiту. Неўзабаве на скварадзя засквiрчэласала й смажылася каўбаса з тых сьцiплых запасаў, што ў клецi вiселi пад самай страхой (каб пацукi не дабралiся) на якую нечакана-пiльную патрэбу. Прыемны пах расплыўся па хаце. Хвёдар падыйшоў да печкi.

- Як гэта завецца? Хвораст, цi што?

- Так, хвораст, - адказаў Янук.

- Помню. Ведаеш, многа забыўся пра гаспадарскае з дому. Прыкладна, у нас на Ўрале, дзе я служыў, печкi палiлi вуглём. Але тут, вядома, вугля няма.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату