за абедным сталом у чыстай хаце са здаравенных круглякоў, няўрымсьлiвым стаеньнiкам у ваглоблях i яшчэ дзiвоснымi, зоркамi абсыпанымi Калядамi, а часам i вялiзным, белым сьнежным прасторам у пагонi сабак за зайцамi. 'Зямля абяцаная' трымала й падбадзёрвала, спадзяваньнямi плённае восенi прынаджвала, зоркай усходняй запаветнай на сьветлым гарызоньце зьзяла.

Хто-ж ён i адкуль? Бедны, найнiжэйшы зь нiзкiх чалавек-ноль.

Як рэдка каторы, цанiў Сявенька працу, бо праца - шлях да дабрабыту, годнасьцi, чалавецтва. I яшчэ праца дасьць такiя ўмовы, што дазволяць яму паказаць фiгу ўсiм паном i падпанкам, гультаём i прайдзiсьветам. Цi-ж не ў Сьвятым Пiсаньнi сказана, што 'у поце чала твайго здабываць будзеш хлеб свой'? А калi Гасподзь Бог сказаў так, выгнаўшы абiбока Адама з раю, дык цi мог ён, Сявенька, супярэчыць гэтта?

I прыгадваў яшчэ далейшае мiнулае, калi на розных паноў i падпанкаў працаваў. Салёны пот залiваў вочы i адно ледзь на сьцiплае пражыцьцё хапала. Амэрыка неадступнай марай цягнула. Пастанавiў заашчадзiць на дарогу, паехаць, зарабiць грошы, а тады будучыню на пагвалчанай зямлi, пад зьдзеклiвымi чужнiкамi будаваць. Пры доменных печах маладосьць i асноўныя сiлы пакiнуў, але на бацькаўшчыну ня з пустымi кiшэнямi вярнуўся.

Старая вёска, як i раней, у непрагляднай будзёншчыне кешкалася. Спачатку палоскi былi шырынёй, як жабе пераскочыць. I ўсё яшчэ бацькi зямлю мiж сыноў дзеляць. Калi так трываць будзе, дык хутары да камарынай лыткi змалеюць. Рук да працы процьма, грошы гаспадараць, выкарыстоўваюць нядолю народную.

Нарэшце вырас, пераплюнуў усiх у вёсцы Амэрыканец Сявенька. Вялiзны кавалак зямлi купiў. Стары кавалер зь зямлёй i капiталам. Найпрыгажэйшыя дзеўкi налётам замуж пруць. Як смала, Марылiны бацькi прылiплi. Грашыць няма чаго: дзяўчына першай красы й маладосьцi была. Бяры кахай, сямейку разводзь, жывi ды пасьвiстывай, бо наймiтаў хапае. Ад гару й сьпякоты пiтсбургскай доменнай печы ўзьлез Сявенька на багаслаўленае сёмае неба.

Адылi ня ўсьпеў як мага разгарнуцца, пачало крышыцца-валiцца старое, наплыло й насела новае. Басота, каторай не дазволiў-бы пераз парог свае хаты пераступiць, дзякуючы нейкай нечысьцi, што ў Расеi верх узяла, цяпер сумленным i працавiтым людзям загадвала. I ня вiдаць было нiякае палёгкi, нiякага зьнiча ў цемры.

Сявенька зiрнуў на вупраж. Новы падсядзёлак трэба было-б справiць, падпруга й хамут ужо таксама працёрлiся. 'Нiхай яно пропадам прападаiць, жыцьцё гэткае', - думаў. Як нi старайся, рукi да працы не гарнуцца. На каго-ж працаваць? Леташнiх падаткаў ня выплацiў, а дзе там ужо сёлетнiм раду дасi. I яшчэ, як на сьмех усiм, панадзiў да жонкi брыда гэты, каб яго зямля не насiла. Ён-жа - начальнiк цяпер. Баба апраўваецца, што, маўляў, у выпадку чаго дык ня вывезуць, можа, Косьцiк заступiцца. Чорт яго, лiха такое, разьбярэ. I марыўся бяссоньнiцай Сявенька, гаротнiк ззамоладу, гаротнiк у Амэрыцы й гаротнiк цяпер, калi гады с паўдня спаўзаць пачалi.

Iдучы пад хату, зiрнуў Сявенька на нiвы свае. Ды яны ўжо й не ягоныя, бо цяпер 'народная ўлада' лапу налажыла. Зямля-матка, зямля-кармiцеклька, яна, як часьць цела твайго, прадаўжэньне жыцьця жывога, цяпер сiратой бяз догледу пакiнутая, на глум чужнiкамi ўзятая, ужо пустазельлем, сьвiрэпкай, лебядой i асотам зарастала. Адмiрала, пусьцела нiва й паволi расла пякучая, вялiкая пустка ў грудзёх гаспадара руплiвага. Цудоўна зелянiлася за бальшаком прасторная сенажаць. Ледзь стрымлiваў Сявенька сьлёзы. Адвярнуўся ў iншы бокi спасьцярог як воддаль зелянеў на гарбе Гараваткi маестатычны Архiп. Колькi пакаленьняў продкаў пазiрала на яго? Па iм варажылi людзi пагоду, ён быў сымбалем устойлiвасьцi процi навалаў i лiхалецьцяў. Масу асколкаў ад розных войнаў у драўнiне сваёй трымаў. Што яшчэ чакае гэтага гiганта?

Сявенька падыйшоў да плоту, асьцярожна адчынiў i зачынiў весьнiчкi й адно тады спасьцярог ля падстрэшша хаты самакат. Ледзь ня выпусьцiў з рук дзьве цэнныя лiтроўкi нафты. Цень ад клецi падаўжэў на чатыры росты чалавека. Дзьверы ў сянёх былi прычыненыя й ня вiдаць было нiдзе анi малога Валодзькi, анi Марылi. Хлопчык, пэўне-ж, сьпiць у гэтым часе. Падбег да Сявенькi й пачаў лiзаць, цiха скуголячы, руку сабака.

- Пашоў вон! - сыкнуў гаспадар.

Сабака пранюхаў нядобры гаспадароў настрой. Ён прылёг на пярэднiя лапы, вiнаватымi вачмi пазiраў на чалавека, быццам прабачэньня просячы.

- Iдзi ў будку, кажу! - гукнуў Сявенька.

Азiраючыся, сабака адыйшоў.

Сявенька затрымаўся перад самакатам ля парогу. Дрыжэлi рукi й бязьмежная злосьць абцугамi цiснула сэрца, скорыла дыханьне. Рука выцягнулася да дзьвярэй, павiсла й апусьцiлася. На зьняможаным твары мiльганула ледзь заўважная ўсьмешка. Азiраючыся на бакi, прыгнуўшыся, Сявенька накiраваўся за вугал хаты. Iшоў паволi, асьцярожна, прыблiжаўся да вакна са спальнi. Зiрнуў уверх i спасьцярог адчыненую фортачку. Здалося, што да вушэй даляцеў басавiты мужчынскi голас. З гэтага боку хаты, ля сьцяны, рос малiньнiк у перамешку з крапiвой. Перад самым тварам, нешта моцна лопнула паветрам, выскачыла з малiньнiку. Перапалоханы гаспадар аж прысеў. З гнязда нясушку сагнаў. Курыца закудахтала на ўсю шырыню свае глоткi й шмыгнула за вугал хаты. Забыўшыся, ледзь ня вылаяўся Сявенька ўголас, але ў час стрымаўся. Тады спасьцярог, што левай нагой у яйкi ўквэкаўся. I мiльганула злосная думка, што Марыля, - нашто ўжо калi працавiтай была, цяпер навет за нясушкамi не глядзiць.

- Чуеш? Курыцу нехта сагнаў.

Марылiн голас, праз фортачку. У голасе - заклапочанасьць. Сявенькава кроў малаткамi бiла ў скронi. Здавалася, што тыя ў спальнi празь сьцяну пачуюць.

- Сабака, можа, - адказаў абыякавы Косьцiкаў голас.

- Ты, Косьцiк, любiш мяне?

Ласкавы Марылiн галасок, той самы, што яму некалi розныя салодкiя пяшчоты абяцаў.

- Нiхай сабе, люблю, - адказаў абыякавы бас.

- Косьцiк!

У голасе трывога.

- Га?

- Думаеш, што раскулачаць i вывязуць нас?

Трывога ў голасе расла.

- Так.

- Дык як будзiць? I старога, i малога й мяне?

- Усiх, - адказаў цьвёрды й аўтарытэтны бас.

- Ай-яй-яй!

Здалося Сявеньку, што заенчыла сучка. Ён рукавом абцёр пот з твару. Нос цягнуў рэзкi пах мяты.

- Я-ж табе сказаў, што рабiць. Стары ёлуп многа золата маiць. Вымантажыш, дасi мне, дык астанешся.

Млоснасьць корчыла Сявенькавы каленi, слабiла ўсё цела.

- Ты гэта сур'ёзна, цi што?

- Раз кажу, дык сур'ёзна, - цьвёрда адказаў Косьцiк.

Хвiлiна маўчаньня.

- Каб гэта магла... Чорт ведаiць дзе ён яго хаваiць.

- Як захочаш то сумееш. Ты-ж ягоную слабiну знаеш.

Жончын галасок паволi й мэтадычна рэзаў Сявеньку на балючыя кавалкi. Здавалася, што няма для дыханьня паветра. Нехта завалодаў мазгамi, гнаў думкi на нячыстае й кружылася галава. Сьцiснулiся зубы. За фортачкай скрыпнуў ложак.

- Ты, што гэта сягоньнiка ўсхадзiўся? Мала табе яшчо?

У голасе - пажаданасьць.

- А табе шкада? Змылiцца яна, цi што? - зарагатаў Сабакевiч. - Цi можа старому астаўляiш?

- Сьлiнька той! Каб ён мог! Насапецца, запыхцiць, як кавальскi мех. Абрыдзеў ужо.

Пагардлiвы, зьмяiны, з тоненькiм, ядавiтым джалам, голас. Джала пеканула Сявеньку пад самае рабро. Перад вачмi замаячылiся чырвоныя, зялёныя й сiнiя кругi. Дрыжэлi рукi. Але ўжо Сявенькавы ногi борзда нясьлi яго навокал хаты. У сянёх ля дзьвярэй, са сталярскага стала рукi схапiлi тапор.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату