Таго самага дня, калi сонца садзiлася за Гаравацкую пушчу, Бурачыха вярталася з Гацяў. Ад гасьцiнцу пайшла чыгункай, пералезла праз плот на Сявенькаў хутар. Бурачысе нiкуды не сьпяшылася i яна разглядалася навокал, паўз Сявенькаву пуню кiравалася на бальшак, за якiм чакаў дом. Ля пунi спынiлася, прыслухалася. Навокал нiкога ня вiдаць было, адно з хаты далятаў зьняможаны плач дзяцiны, а ў дварэ скавытаў сабака. Бурачыху ня зьдзiвi-бы звычайны дзiцячы плач. Цi мала дзе й калi дзецi плачуць. Але плач Марылiнага Валодзькi насычаны быў зьняможаным хрыпам, такiм, якi чуеш у дзiця, што плача доўгiя гадзiны. Бурачыха стаяла й мяркавала. I сабака скавытаў дзiка, зусiм неяк непасабачаму.
Жанчына хуткiм крокам рушыла на двор. Здалёк пабачыла адчыненыя ў сянёх дзьверы, збоку самакат. Сабака не забрахаў, як звычайна, а кiнуўся ў ногi, вiшчаў зь нейкага дуру. Бурачыха на момант спынiлася. Дзяцiны плач перайшоў у цяжкi, зьняможаны хрып.
Яна ступiла на прыступак ля парогу сяней i зiрнула ўглыб, ды ледзь на нагах утрымалася. На бэльцы, пад паваленай драбiнай вiсеў чалавек. Бурачыха закрыла твар рукой i тады зноў, быццам хочачы ўпэўнiцца, што гэта не зьява, зiрнула яшчэ раз налева. Новая, з таўстой сiвой пянькi, вяроўка ўелася ў шыю й неяк дзiўна задрала ўверх Сявенькаву бараду. Жанчына манiлася падыйсьцi блiжэй, прыгледзецца, але з хаты прынадзiў яе хрыплы галасок i яна шырака адчынiла дзьверы.
На парозе, ля дзьвярэй спальнi, запэцканы ў чырвонае, засьлiнены, жахлiвы, ледзь яго пазнаць, тросься й хрыпеў малы Валодзька.
- Госпадзi мой нябесны! - жахнулася Бурачых й падыйшла да адчыненых дзьвярэй спальнi. Вочы яе шырэлi й здавалася, што вось-вось зь ямаў твару выскачуць. Звычайна лагодны твар перацяўся жахлiвым перапалохам. Пачалi дрыжэць вусны, рукi, жанчына пахiснулася i, як цяжкi мех, асунулася на падлогу побач закрываўленага хлопчыка.
41
Выпрастаўшы босыя ногi на калясцы, Янук пусьцiў вольна лейцы й кабыла йшла гасьцiнцам бяз прынукi. Адно ўважаць трэба было на грузавыя аўтамашыны. Янук не бачыў чэрвеньскага хараства прыроды: нi зелянеючых лугоў, нi прыбранага, быццам на Сёмуху, лесу, нi жоўцi красак побач дарогi, нi кучаравых, як бараноў, хмарак на блакiтным небе. Змучаны хлапец ехаў у паўдрымоце.
Ад часу, калi зьявiўся дзядзька Хвёдар, адбылiся ў Бахмачоў перамены. Перш за ўсё параiлi Януку кiнуць школу й пайсьцi працаваць на пошту. Бацька зь недаверам аднёсься да братавай думкi, што лепш у калгас iсьцi раней чым пасьля, бо ўсяроўна ня выкруцiшся. Хоць штучнае акупантава дзяцiшча ўжо спавiвалi ў Лiтоўцах, хоць i заявiла яно аб сваiм узыходзе на гiстарычную лiтоўскую плятформу хрыплым Пятуховым голасам, не хапала яму жывога й здаровага дыханьня. Забойства Косьцiка, Марылi й самагубства Сявенькi да глыбi страсанула вёску, прынесла непажаданыя насьледкi. Як узгарэўшы, пачаў цяпер праяўляць надзвычайную 'бдзiцельнасьць' Лявон Шпунт, асаблiва-ж пасьля таго, як патрымалi яго ў НКВД, дзе, як мяркавалi, насьпяваў цэлую лiсту кандыдатаў у далейшаыя падарожжы. Забралi Антося Дзеркача, старога Бурака з жонкай, пацягалi, але выпусьцiлi языкаватага лекара Зянькевiча. Прыцiхлi людзi ў начоўках лiтоўскiх. Сявенькава й Буракова, - дзьве найбольшыя гаспадаркi ў Лiтоўцах, - сталiся асновай калгасу 'героя Чапаева'. Ня ў прыклад iншым, новасьпечаныя калгасьнiкi бралiся за гаспадарку, як агонь за мокрае. Зноў пайшлi чуткi пра далейшае раскулачваньне багацейшых сялянаў, на сходах часта да хрыпаты гучэў гiстэрычны Шпунтоў голас. Сам старшыня таго ненатуральнага дзецiшча, Сымон Пятух далей смуродзiў цыбуком з карашкоў, хадзiў бадзёра мабiлiзаваць 'адзiналiчнiкаў'. Людзi, звычайна, адкуплiвалiся самагонкай i, такiм чынам, Пятуховы энтузiязм да гаспадаркi часта-густа расплываўся ў алькагольнай ханжы. Учарашнiя сябры камбеду, цяперашнiя калгасьнiкi, ласыя на чужое марудзiлi, азiралiся па бакох i шматлiкiя ўжо бачылi, што 'канчалася кату масьленiца'. Аднаасобнiкi, у тым лiку й Пракоп Бахмач, памалу кешкалiся ля сваiх гаспадарак, сачылi як замыкалася ўдушлiвае кола. Хвёдараў паварот з глыбi Расеi падмацаваў Пракопа, даў спадзяваньнi, што на ўсялякi выпадак, калi прыйдзе патрэба, зьявяцца на помач 'плечы'. Навет Лявон Шпунт адносiўся да яго накш чым да iншых, зусiм не насядаў, а Пятух i зусiм абмiнаў, бо ведаў, што не чакае яго нi гарэлка нi пашана ў Бахмачовай хаце.
Паралюш сялянскага жыцьця йшоў побач зусiм няпрыхаванай трывогi. Чакалi нечага новага, быццам яшчэ горшага й нiхто ня мог вызначыць у якой хворме гэнае нешта мае выявiцца. Навет дзед Якуб зрабiўся бурклiвым, радзеў на сваей прызьбе, грэўся. Мо спанатрыў, што перапалоханыя людзi на давер скупiлiся. Зiма даўным-даўно адыйшла на поўнач, але загнязьдзiлася ў сэрцах сялян лiтоўскiх зiма яшчэ жахлiвейшая, - тая, што запаволiла й часткова спаралiжавала самае звычайнае жыцьцёвае тэмпа.
Дзесь за межамi й далей той калiшняй 'моцарствовай' многа глуму нарабiў 'немiц'. Пасьля маланкавых паходаў на тры бакi сьвету, прытаiўся дзесь i цiкаваў новую здабычу бэрлiнскi абжора-груган. Цi ягоны страўнiк не палягчэў яшчэ перад новым нападам, цi ня вымяркаваў зь якога боку насесьцi на новую ахвяру...
Панавала немач i роспач. Сьцiскалiся злосна зубы, бездапаможна ў малiтвах да Бога складалiся далонi. Блудзiў сялянскi зрок па пагвалчаных нiвах i млелi ногi ў чэргах перад дзяржаўнымi крамамi. Чужнiк- гвалтаўнiк рукамi 'ваiнствуюшчых бязбожнiкаў' зачыняў сьвятынi, ськiдаў зь вежаў крыжы. Разбуралiся адвечныя асновы. Што прыйдзе заўтра? - Нiхай хоць чорт прыдзiць, абы пiрамена, абы лепi было жыць, - гаварылi ў роспачы людзi.
Тымчасам чужнiкi новым 'налогам' запрэглi сялянскiх коней. У Гацях ля чыгункi зладоўвалi й насыпалi вялiкiя й даўгiя валы каменьня зь лiку 'па трыццаць кубаметраў на лошадзь'. Каменьне ладавалi на цягнiкi, адвозiлi некуды на будову лётнiшчаў. Iншыя-ж звозiлi каменьне аж у Слабаду. На роўным узвышшы за вёскай масьцiлi шляхi для самалётаў зьняможаныя, галодныя, абдзёртыя нявольнiкi, прыгнаныя сюды Бог ведае зь якiх глыбiняў 'нiаб'ятнай'.
Янук адпрасiўся з працы на пошце, каб памагчы бацьку вывезьцi 'па трыццаць кубаметраў ма лошадзь'. Вялiкае каменьне, што мог падняць цi ўскацiць па дошцы на каляску, браў з адхонаў чыгункi, з Гараваткi й калiшняга панскага поля. Цяжкага возу не накладаў, каб кабыле пасобiць. Цяпер Янук ехаў паволi дамоў i мяркаваў, цi ўсьпее яшчэ адзiн воз да захаду сонца наладаваць i ў Гацi завезьцi. Заробленыя грошы па аднаму чырвонцу на кубамэтар, прыабяцаў яму бацька на касьцюм.
Янук спынiўся на абочыне гасьцiнцу, зьлез з каляскi, разглянуўся па бакох i з прыдарожнага, сьвежа скошанага, ужо падсохлага сена ўськiнуў вялiкi ахапак у каляску. Далей ехаў паволi. прыжмурыў вочы, думаў пра розныя апошнiя падзеi й бачыў перад сабой адно руды кабылiн зад, што раўнамерна гойдаўся на бакi, хвост, што часта па бакох сьцёбаў ды адвiслую на правы бок грыву.
- Янучок! Ты што, заснуў гэта?
Дзявочы сьмяхотлiвы галасок празьвiнеў над левым Януковым вухам i аж спалохаў яго. Побач, на самакаце зьявiлася Дуня. Пышнай усьмешкай зьзяў яе загарэла-асмужаны, радасны тварык. Даўгiя, мяккiя валосы перавязала блакiтнай касынкай, а паркалёвая, жоўтая сукенка зьвiла дробнымi ружовымi краскамi. Зь пяшчотна адчыненых поўных ружовых вусенак вызiралi роўныя, белыя зубкi. Зухавата-прынадныя вочы зь хiтрынкай-праменьчыкам пазiралi на хлапца.
- А ты адкуль узялася?
- Зь неба звалiлася. Ха-ха-ха!
- Гэта табе на небе самакат далi?
- О так! Сьвяты Мiкола даў! Ха-ха-ха!
Янук зручна перахiнуўся праз бок каляскi i ўшчыпнуў Дуню за бок.
- Ах ты, нягоднiк! Няможна так! Скажу маме, дык яна цябе вылупцуiць, сьмяялася дзяўчына.
Дуня абаперлася правай рукой аб борт каляскi й так хвiлiну ехалi моўчкi. Янук пазiраў на поўныя дзяўчынiны грудзi, гладзенькi падбародак, круглую, як адточаную добрым майстрам, шыю i далей унiз, дзе рама мужчынскага самакату зусiм загалiла Дунiны ногi.
- Адкуль-жа ты самакат узяла?
- Казала табе, што сьвяты Мiкола даў, ха-ха-ха, - рагатала дзяўчына.
- Гэта, мусiць, сьвяты Мiкола некага раскулачваць памагаў... Га-га-га! - зарагатаў Янук.
Макатунiшка нiчога не адказала, адно зiрнула на яго скоса.
- Ты з Гацяў едзеш? - спытаў Янук.
- Ага.
- Школу скончыла?
- На днях ужо.
Зноў хвiлiна маўчаньня. Мiнулi чугуначны пераезд.
- Ты знаеш што, Янучок?