грошы рымская дзявочая краса. Для iх мала што зьмянiлася. Былi калiсь на дне й засталiся сяньня. Таму й абгарадзiлi калючым дротам колькi баракаў пераходнага вайсковага абозу.
V
Рым тулiўся яшчэ ў засенi ранiцы, калi машына мчалася ўжо па Вiя Аппiя. Дзьве трацiны дарогi з-пад Балёнii ў Нэапаль ужо засталося ззаду. Аўтамабiль выбiрае дарогу на Касыно, каб яшчэ раз кiнуць вокам на мясцовасьць, дзе бушавала найгоршае пекла Другое сусьветнае вайны й дзе сьмерць скасiла тысячы сыноў беларускай, украiнскай i польскай земляў. Ужо пад'яжджаючы да кляштарнай гары з поўначы, хаця ня бачыш яе яшчэ, навокал сустракаеш кучы каменьня П'едымонтэ. Гэта калiсьцi былi хаты. Гляньце - вунь тырчыць сярод руiнаў руля разьбiтай нямецкай 'пантэры'... Направа каля дарогi на раўнiне спачываюць абгарэлыя жалезныя дамавiны амэрыканскiх 'шэрманаў'. Там-сям сярод рознага ламацьця й папялiшчаў вiдаць пераедзеныя ўжо iржой амунiцыйныя скрынкi й лускi снарадаў.
Машына затрымоўваецца ля самага падножжа кляштарнай гары. Шафёр вылазiць з кабiны i, выцiраючы на твары пот, разглядаецца. З кузава выскокваюць i, топчучыся на месцы, распрастоўваюць ногi пасажыры. Разглядаюцца. Навокал нейкая магiльная цiшыня.
- Тут калiсьцi быў гарадок Касыно, - няведама каму паясьняе сiваваты дзядзька шафёр, паказваючы на кучу злому, цэглы й рознага ламацьця на правым баку шашы. - Зраўнялi зь зямлёю.
Вока блукае па руiнах. Пара старэнькiх жанчынаў поркаецца ў руiнах. Цяжка адрознiць, дзе былi будынкi. Там-сям ужо павылазiла наверх пустазельле. Нехта ў адным месцы зьляпiў похапкам нейкую будку. Мо якi жабрак цi пустэльнiк. Кляштарная гара панура ўталопiлася ў кучу руiнаў ля ейнага падножжа. Даволi высокая яна й зусiм недаступная з гэтага боку. На самым версе выстаўляе ўверх пацямнелыя абсмаленыя пальцы шкiлет кляштара. Зьнiзу выдаецца ён маленькiм, мiтычным i нерэальным. Можа, i ўся гiсторыя аб тым вялiкiм пекле - гэта сон? Мо й ня было тут нiякага кляштару й сьвятынi? Можа, не загiнулi тут тысячы людзей з народаў цэлага сьвету?
Вось - жывыя сведкi. Яны тут бралi ўдзел, некаторыя былi раненыя, пакiнулi на палях сьмерцi сяброў, блiзкiх, мо й родных.
- Там, збоку - далiна сьмерцi, - тлумачыць голас. - Немцы не давалi магчымасьцi падбiраць трупаў. Сьмярдзела на цэлую ваколiцу. Усялякая насякомая зараза жывiлася сьвежай крывёю й людзкiм мясам. Санiтары цi не санiтары немцы бiлi па ўсiх. Толькi ўпоцемку старалiся адшукваць раненых, i то нельга было схавацца пад асьвятляльнымi ракетамi...
Глядзiш на поўдзень i дзiвiшся. Абаронцы Монтэ Касыно мелi дасканалы абстрэл на колькi кiлямэтраў у прасторным сэктары. Глыбока, быццам тыя краты, пазалазiўшы ў каменныя бункеры, маглi, гуляючы, нiшчыць наступаючых, быццам тых зайцоў, што без аховы й прыкрыцьця апынуцца на голым шырокiм полi.
Дзесьцi з другога боку кляштарнай гары вырас шматтысячны лес белых крыжоў. Шмат зарабiлi там працавiтыя магiльшчыкi. Сакавiтае было жнiво. Ад саламяных беларускiх стрэхаў, ад украiнскiх i польскiх ляпянак вандравалi людзi праз тайгу Сiбiры, стэпы Казахстана й азiяцкiя ды афрыканскiя пустынi, каб знайсьцi супачынак тут, на скалiстым узбоччы. За што загiнулi? Думалi, што за вольнасьць... Цi-ж ведалi вы, сьвятой памяцi гэроi, што крамлёўскi тыран у той самы час душыў ужо вашы бацькаўшчыны?
Iзноў разьдзьмуў вецер макулiнкi попелу. Спрацаваная рука бедняка iтальянца дбайлiва зьмяце набок кучы лому й зраўняе руiны. Iзноў вырасьце на гэтым месцы Касыно, а на гары - грыбы манастыра й сьвятыняў. Бедны далей застанецца бедным, а пакрыўджаны й палонены не перастане трасьцi ярмом. Як стагодзьдзямi раней, бубнець будуць у малiтвах да Ўсявышняга галасы манахаў, а магiльную цiшыню навокал будзiць будуць званы сьвятыняў. Будуць i ў будучынi, як раней на працягу стагодзьдзяў, малiцца за людзкiя грахi, за памiлаваньне, за вольнасьць ад тыранii й справядлiвасьць на зямлi. Адно тысячы белых крыжоў на ўзбоччы гары маўклiва будуць стаяць, каб вечна запярэчваць марнасьцi самых вялiкiх ахвяраў для здабыцьця мiражу-вольнасьцi.
Чырвоныя макi на працягу доўгiх гадоў буйнець будуць яшчэ чырванейшымi з прасочанай наскрозь ахвярнай крывёю зямлi.
Пекла тое ня вырашыла справы вольнасьцi. Рогi iншага тырана ў той час расьлi й дужэлi ў iншым месцы, за iншымi мурамi. Яны й надалей ахоўваюць гняздо, што ад часоў Калiты было крынiцаю нязьлiчоных няшчасьцяў i няволяў.
VI
Прыехаўшы ў Нэапаль надвечар, кандыдаты ў школу падхаронжых спынiлiся ў ангельскiм пераходным абозе 'Лямi Кэмп', кiлямэтраў пяць на ўсход ад гораду па дарозе ў Пампэю. Тут затрымлiвалася брытанскае войска, што чакала мараплаваў для выезду ў Ангельшчыну. Кiраўнiк мясцовае польскае каманды паведамiў, што маюць чакаць на прыезд iншых кандыдатаў ды сваю чаргу на мараплаве - усяго звыш тыдня часу. Вестка ўсьцешыла. Была нагода адпачыць, зьведаць Нэапаль i Пампэю ды, у каго ставала грошы, загуляць па-людзку. Так i рабiлi. Ужо на наступны дзень 'на зайца', гэта значыць затрымоўваючы спадарожныя вайсковыя аўтамашыны, каб падвезьлi, уся група накiравалася ў Нэапаль.
'ОUT OF ВOUNDS'
I
Чытачу давялося ўжо раней, калi гэроi нашы прыехалi з палону ў Францыi, пазнаёмiцца павярхоўна з гэтым прыгожым горадам. Ад таго магло застацца ўяўленьне, што Нэапаль - найцудоўнейшы горад на сьвеце. Гледзячы зьверху - яно так. Але адно зьверху. Дзеля таго загадзя перасьцерагаем, каб ня было рашчараваньняў i нараканьняў, што аўтар уводзiць у зман. Зараз вось, давайце, возьмемся за рукi, каб ня згубiцца ў людзкiм мурашнiку, ды заглянем усярэдзiну, кiнем вокам у самыя цёмныя закануркi. Аб падарожжы нашым, запэўнiваем, ня будзем шкадаваць. Пазнаёмiўшыся блiжэй з горадам, будзем мець лепшае ўяўленьне аб цэлай краiне i ейных жыхарох.
Праменьнi вясеньняга сонца ўперлiся ў воды Нэапалiтанскае затокi. На вулiцах вельмi горача. Хуткiя машыны, пераважна вайсковыя, уздымаюць за сабой слупы пылу. Вулiцы брудныя, засьмечаныя. На тратуарах мала людзей, а дзе ўбачыце цывiльных - дык трымаюцца групамi. Ня дзiвiцеся гэтаму. У iтальянцаў i грэкаў ды iншых паўдзённа-эўрапэйскiх народаў ёсьць такая прывычка трымацца й хадзiць вялiкiмi групамi. Асаблiва-ж калi iдуць знаёмых цi сваякоў адведваць адразу дзесяткамi.
Зiрнiце вунь на гэтую ў сярэднiм веку жанчыну. Яна трымае за ручкi двое малых дзетак, дзяўчынку й хлопчыка. Апранутая ў нейкую сукенку, што даўно страцiла першапачатковы колер, а цяпер наогул цяжка гадаць, якога колеру была. Доўгi час, вiдаць, не бачыла мыла й праса. Дзеткi замурзаныя. На хлапчуку адны кароценькiя штонiкi, на дзяўчынцы - нейкi рызман. Яны - босыя, а ў маткi на нагах працёртыя туфлi. Усё гэта худое i, здаецца, даўно не бачыла сонца. Матка выцягвае руку да прахожых i нешта ўвесь час манатонна паўтарае. Падыдзем блiжэй i прыслухаемся.
- Signore, uno lire per Favore, per mio bambini...* - выцягвае худую пасiнелую руку да двух вайсковых амэрыканскiх нэграў. Яны, здаецца, не заўважылi беднай. Але вось адзiн спыняецца й торкае ў выцягнутую даланю зеленаватую паперку. Жанчына ня верыць вачам. Стараецца пацалаваць чорную руку вайсковага.
* Сiньёр, адну лiру для майго ўлюбёнца, для майго дзiцяцi - (iтал.)
- Gracie, amico, molto gracie, Dio te benedice!* - вырываюцца словы падзякi.
* Дзякуй, сябра, вялiкi дзякуй, няхай блаславiць цябе Ўсявышнi! (iтал.)
У нэгра на твары ледзь заўважная ўсьмешка задаваленьня. Магчыма, што прыпомнiў галечу сваiх людзей у цесных паўразваленых кварталах Чыкага цi Сант-Люiса. Магчыма, й сам мае дома бедную старэнькую матку.
Iтальянка далей дакучае прахожым. Мо яна ўдава, мужа дзесь страцiла на вайне? Хто-ж ведае? Цывiльныя iтальянцы не зьвяртаюць на яе ўвагi. Вось вылезьлi зь лiмузiна два добра апранутыя пузатыя дзядзькi й кiруюцца ў рэстаран. Адзiн зь iх курыць дарагую цыгару. Не спасьцерагаюць выцягнутай рукi й бледных тварыкаў. Адзiн касавурыцца на жанчыну, што загарадзiла дарогу й просiць падачы. Для iх гэта бедная, вайной пакрыўджаная iстота, роўная назойлiвай мусе, якую трэба адагнаць, калi не забiць. Адзiн зь iх голасна апавядае нешта вясёлае, раптоўна абодва выбухаюць рогатам ды хаваюцда за дзьвярмi рэстарану.
Але чакайце. Хто-ж гэта тузае нас за край вайсковай кашулi? А вось ён! Бачыце? Малое замурзанае хлапчанё, гадоў мо восем цi сем. Ён босенькi i ў кароценькiх заношаных штанах. На iм вiсiць аж нiжэй за каленi расшпiлены зашмальцаваны вайсковы 'батледрэс'. На галаве цывiльная шапка зь вялiкiм казырком апаўзае аж на вушы й вочы, i хлопчык бруднаю рукою падцягвае яе на шыю.
- Signori, volete спаць, спаць? Volete una bella Signorina?* - прапануе мурзаты.
* Сiньёр хоча ... Хоча прыгожую сiньярыну? (iтал.)
Чуеце? Ён ужо й слова з нашай мовы ведае. Мусiць, не пяршыня яму такi занятак. Ня дзiвiцеся. Гэта дасьведчаны агент i, нягледзячы на дзiцячы век, экспарт у сваiм рамясьле.
Там дзесьцi ў бочных вулiцах чакае адна, а мо дзьве цi тры прыгажунi, для якiх гэты малы шукае