клiентаў. Яму мо яшчэ дзевяць гадоў, але жыцьцёвай практыкай цi ня будзе на гадоў паўтузiна старэйшы. Заложымся з вамi, што ведае цэлы сьцяг розных таямнiцаў найбольш цёмных закануркаў Нэапалю. Не гаворачы аб тайнiцах каханьня, ведае, пэўна, дзесяткi розных прастытутак, цэны, якiя бяруць за адну вiзыту й за цэлую ноч, знае цэны на рынку й масу спэкулянтаў, гнёзды зладзеяў i крымiнальнiкаў. Хто ведае, колькi-б дала палiцыя за iнфармацыю, што мае гэты хлапчук, але-ж ня ўдасца ёй. Бо як-бы жылi тады дзесяткi сем'яў, бацькi й родныя, а мо й дзецi тых дзевак цi жанчын, што гандлююць целам, не гаворачы аб зладзеях i крымiнальнiках. Не! Хлапчанё гэта нiчога не перакажа палiцыi. Гэта пагражала-б i ягонаму iснаваньню.
Мы з вамi, ясная рэч, людзi высокамаральныя, дык нас прапанаваны малым тавар ня цiкавiць. Дадзiм яму вось пару цыгарэтаў, каб не дакучаў, бо нас цяпер цiкавiць штось iншае.
Зiрнiце вунь налева. Бачыце гэтага белага амэрыканца, якога вядуць, узяўшы пад рукi, дзьве прыгожыя паненкi? Вось ён. Прыгледзьцеся. П'янаваты. Набок апаўзла яму шапка з двума рагамi - адным сьпераду, а другiм ззаду. Ногi ягоныя няроўна неяк iдуць. Усе трое перакiдваюцца словамi й сьмяюцца. У дзевак аж грудзi пад тонкай тканiнай падскакваюць. Апранутыя-ж яны не абы-як. Вось праходзяць мiма. Чуе нос ваш пахi парфумы? Эгэ, гэта цi ня з тых лепшых, найдаражэйшых? Мо iхнi агент непадобны да таго хлопчыка, а сыты й дагледжаны...
Амэрыканец чуецца як быццам на хмарах, пад нябёсамi. Што-ж яму... Кiшэнi трашчаць лiрамi й далярамi. Гэта-ж ён зьяўляецца грамадзянiнам найбагацейшай й наймагутнейшай краiны на сьвеце - эканамiчнага гiганта й культурнага малакасоса. За даляры-ж можна купiць цi ня цэлую зруйнаваную калыску хрысьцiянска-эўрапэйскай культуры. Вось калi захоча, дык нейкi паўгалодны беспрацоўны маэстро, што гадамi студыяваў Вэрдзi, Бетховена цi Пучынi, за жменю лiраў пачысьцiць яму чаравiкi. Гэта-ж дома ў перапоўненых сьвiрнах абжыраюцца пацукi. Мо заўтра часьць таго збожжа з ласкi 'Дзядзькi Сэма' будзе прызначаная для галодных у Iндыi, Афрыцы цi хаця-б сабе й тут, у Iталii. Ён магутны валадар сьвету, уласьнiк цьвёрдай гарматнай сталi й нявычарпальных запасаў харчоў. Каго зажадае - на павадку павядзе. Для галодных-жа - адно хлеб наўме.
Дык чаму-ж ня жваць гумы, ня цыркаць нiтачкай сьлiны праз трубачкай скручаныя вусны й не пазiраць на ўсё зьверху. Думаеце, ён ведае, што знаходзiцца ў сьвятынi эўрапэйскай культуры й яму балiць тое, што нашчадкi Рафаэлевых мадоннаў красу прадаюць па завуголлях? Анiчуць. Цi тое, што без скарынкi хлеба блукаюць падарожнiкi-творцы, што пайшлi сьцежкамi Мiкеланджала, Расiнi цi Паганiнi? Не. Ён любiць i захапляецца чорнымi выканальнiкамi джазу, што выводзiцца з афрыканскiх джунгляў, чытае Эрскiна Калдуэла й Джона О'Хару, калi наогул што чытае... Верх красы ў ягоным уяўленьнi - 'мiльёндаляровыя' ножкi Бэты Грэйбл i прынадная фiгура Рыты Гэйварт. У газэтах нiчога ня чытае, акрамя комiксаў i спорту. Пасьля школы ўсьпеў забыцца ўжо той мiнiмум аб Шэкспiры й Лiнкольне.
Дайце дарогу! Сягоньня ён гуляе. Прыгаршчамi раськiдвае даляры й лiры. Вы, найслаўнейшыя са слаўных творцаў эўрапэйскае культуры й цывiлiзацыi, чакайце й прасiце, каб кiнуў вам скарынку ля хатнiх парогаў. Недаацэньвае ён вашых статуяў i мазаiк, галерэяў i музэяў, опер i бiблiятэк. Сяньня сiльны той, у каго трашчыць жывот, хто добра апрануты й мае туга набiты кашалёк, каму гiмн гудуць прапелеры самалётаў i хто валодае гарматнай стальлю, флотамi мараплаваў ды ў каго дома склады перапоўнены запасамi харчоў... Ня вам-жа хiба крыўдзiцца, што культура ваша не прасякнула, не прабiлася праз банкавыя вогнетрывалыя сховiшчы, напоўненыя капiталам, празь сьцены вялiкiх фабрык i складоў. Ён - гадунец культуры даляра, калi яе наогул так назваць можна. I цi-ж ягоная ў тым вiна?
II
Нiводнае iншае месца не адлюстроўвае так добра матэрыяльнага боку жыцьця людзкога, як рынак. Тут гандаль таварамi гаворыць аб дабрабыце цi аб беднасьцi народу. Асаблiва выразныя рысы матэрыяльных розьнiцаў народу пасьля вайны. Калi не лянуецеся, заглянем тады на нэапалiтанскi рынак - не таму, што самi маем нечым гандляваць, а проста каб пацiкавiцца.
Тут больш, чымся дзесь у горадзе, сустракаем вайсковых. Прадаюць спэкулянтам цыгарэты, некаторыя збываюць вайсковую вопратку, абутак. Асаблiва добра й лёгка iдуць вайсковыя коцы, ручнiкi, посьцiлкi. Як звычайна, трапляюць яны адразу ў рукi спэкулянтаў, што могуць плацiць большыя цэны. Гэта яны ўжо пасьля нажываюцца з тых, зь якiх якраз найменш трэба было-б нажывацца, - з самых найбяднейшых.
Бачым тут харчавыя прадукты, пераважна розных сартоў макароны, алiвы, муку, агароднiну й iншае. Мы харчоў ня купляем i дакладна навет ня ведаем аб разьмерах бюджэту, патрэбнага на ўтрыманьне сям'i, але з таго, што бачым i чуем мiмаходам, вiдаць, што цэны высокiя. Праходзiм праз доўгiя шэрагi лавак, на якiх прадаецца ўсялякае рызьзё. Вiдаць, што рука нэапалiтанца апустошвае шафы й куфры, каб неяк пажывiцца за кошт падношанае вопраткi. У iншых мясцох вiдаць сталовае срэбра, абразы няведамых нам мастакоў. Гэтыя прыбылi сюды, мусiць, з дамоў багацейшых цi мо ад каторых аматараў зьбiраньня мастацкiх рэчаў, якiх той самы голад прымусiў расстацца зь iмi. Калi-б хто захацеў зрабiць спiс усяго, што тут ёсьць на продаж, давялося-б цi мала папацець i шмат страцiць часу. Ад сярэбраных падсьвечнiкаў да падношаных шаўковых хусьцiнак i ад нiжняга жаночага хусьця да слаўных iтальянскiх акардэонаў чаго тут толькi няма! Усе зьвягаюць, заклiкаючы магчымых купцоў, як хто ўмее й патрапiць. Над морам гэтым, што часта павыцягвала з хаты апошняе, каб збыць i прыдбаць кавалак хлеба, ды тымi, што ахапкамi скуплiваюць вайсковыя рэчы, каб пасьля нажыцца зь бедных, нясупынна стаiць вялiкi гоман.
Вось прылiп да нас нейкi стары мужчына й выхваляе рознакалёрныя сувэнiры: розныя пацеркi, выкладаныя блiскучымi каменьчыкамi крыжыкi, здымкi Вэзувiя й нэапалiтанскага каралеўскага палацу, прыгожыя, зробленыя з рознакалёрнай плястыкi папяросьнiцы й табакеркi й яшчэ тое-сёе. Збоку хлопчык аж ахрып, выхваляючы свае цыгарэты 'Нацыяналi', водар якiх падобны да смуроду бальшавiцкага 'Памiра'. Ён налягае на цывiльных, а ад вайсковых стараецца купiць 'Плеерсы' i 'Капстаны'. Цана больш-менш сталая - сто лiраў за пачку з дваццацi штук. Гаворачы аб самiх грашах, варта зацемiць, што можна тут купiць якую хочаш валюту, пераважна-ж ангельскiя й амэрыканскiя папяровыя фунты й даляры. Ангельскi фунт хiстаецца ад чатырох да шасьцi сот лiраў, амэрыканскi даляр ня возьмеш нiжэй за сотню. Фунты йдуць найхутчэй пяцёркамi, а даляры дзесяткамi.
Лiры - пераважна акупацыйныя, выпушчаныя ваеннымi ўладамi, але сустракаюцца й шырокiя ды прыгожыя перадваенныя. Асаблiва ўважайце на акупацыйныя, калi гандлюеце з цывiльнымi, бо сярод вялiкае масы капiталу ў руху прыблiзна адна трэцяя - гэта фальшыўкi. Таксама пiльна сачыце за сваiмi кiшэнямi, бо лёгка можаце стацца ахвяраю спрактыкаваных спэцыялiстаў. Тут, на гэтым рынку, ясна, можаце купiць ня толькi тое, што вочы бачаць. Пэўна, палова цывiльных, якiх бачыце з пустымi рукамi, гандлюе таварам, што ходзiць на дзьвюх нагах.
Адылi найбольш сэнсацыйныя гандлёвыя абароты адбываюцца ня тут, на рынку, а ў дарагiх кавярнях цi начных клюбах. Там пераважна сярэднiя афiцэрскiя чыны й пераважна амэрыканскiя сустракаюцца з цывiльнымi, што кураць дарагiя цыгары, i мiльёны лiраў цi тысячы даляраў мяняюць сваiх уласьнiкаў. На наступны дзень цi вечар вайсковае транспартнае аўта заяжджае ў нейкi глухi завулак, i адбываецца пераладоўваньне цыгарэтаў, бэнзiны, алiвы цi апонаў у цывiльную машыну. Тая пасьля спяшыць дзесьцi ў склад, i прывезены ладунак развозiцца меншымi машынамi, а то й разносiцца ў шматлiкiя пункты для збыту рукамi меншых спэкулянтаў. Карыстае пры гэтым цэлая сетка. Найчасьцей тыя, што робяць свой iнтарэс у кавярнi цi начным клубе, курачы дарагiя цыгары й п'ючы лiкёры, рэдка бачаць сам тавар. Адно загадваюць сваiм лейтанантам, а ўдзень дзесьцi працуюць у бюро ды на паверхнi захоўваюць усе патрэбныя нормы добрага грамадзянiна.
Бывае i йнакш. Калi вайсковае аўта перакiне свой ладунак у якiм цёмным завулку цi складзе на цывiльнае, то па дарозе раптам напаткае вайсковую жандармерыю. Гэта апошняя, забраўшы тавар, акружным шляхам прадае яго iншаму спэкулянту - звычайна большай рыбцы, - а там-жа зноў i ўжо iншая, здаецца, група жандармерыi ловiць цывiльных па дарозе ды зноў канфiскуе, каб пазьней колькi разоў тое-ж самае прадаць. Ня дзiвiцеся. Гэта ня выдумка, а праўда. Гэткiя 'гандлi' часта адбывалiся ў Рыме, Нэапалi, Мiлане й iншых iтальянскiх ды эўрапэйскiх гарадох. Зразумела, што з боку вайсковых спэкулянтаў, што выкарыстоўваюць тут збройную сiлу над цывiльнымi, мусiла дзейнiчаць спраўная сетка дзесяткаў людзей. Небясьпека была вялiзная, але затое-ж i мiльёны грошыкаў дармавых. Рабiлiся такiя 'абароты' часта пераважна амэрыканцамi. Аб якой-небудзь маральнасьцi цi сумленнасьцi спэкулянтаў наогул, а вайсковых у асаблiвасьцi, не даводзiцца й гаварыць.
III
Iдзём вулiцай Вiя Рома. Направа ўверх пад гару цягнуцца доўгiя й вузкiя завулкi. Яны цяпер у засенi старых муроў, дарма што нядаўна прабiла поўдзень. На шэра-цёмных сьценах пры ўваходах у завулкi чарнеюць вялiкiя калы з iксамi (X) пасярэдзiне, а пад нiзом - вялiкi надпiс па-ангельску: 'Оut of bounds for all military personnel' (забаронена для ўсякага