цi расейскай, якую, як казаў, навучыўся сам i ўжо не на школьнай лаўцы. Радзiвiл нiколi не адмаўляўся дапамагчы анi Сымону, анi iншым, што хацелi скарыстаць зь ягоных ведаў, навет тады, калi, здавалася. быў вельмi заняты сваймi справамi.

Ведаючы Сымона як адзiнага беларуса на восьмым курсе й наогул у школе, 'прынц' рэдка мiнаў нагоду, каб тое-сёе даведацца пра Беларусь. З пытаньняў ягоных вiдаць было, што аб Беларусi меў ён вельмi сьцiплыя веды, хоць мо шмат багацейшыя, чым iншыя палякi ў сiлу тых абставiнаў, што род ягоны калiсьцi быў беларускiм i маёмасьць у бальшынi знаходзiлася ў Беларусi. Сымон ахвотна i падрабязна тлумачыў усё, што цiкавiла 'прынца' аб ягонай Бацькаўшчыне, асаблiва-ж ейнай гiсторыi. Аднойчы пры такой гутарцы Радзiвiл зусiм нечакана сказаў:

- Пане Спарыш, вы-ж, пэўна, ведаеце, што я - таксама беларус.

- Так? - усьмiхнуўся зь iронiяй Сымон. - Не, ня ведаў, пане Юры. Цi вы гэта гаворыце вось толькi сабе так, каб мне прыпадабацца, цi жартуеце?

- Не, пане Спарыш, я зусiм паважна.

Сымон доўга i ўважна прыгледзеўся вузкаму твару Радзiвiла. У вачах у 'прынца' сьвяцiлася самая сапраўдная шчырасьць.

- Ведаеце, пане Юры, ня знаю проста, што вам на гэта адказаць. Нiколi не даводзiлася мне чуць, каб хто зь цяперашнiх Радзiвiлаў лiчыў сябе беларусам. Можа, вы, калi шчыра гаворыце, уважаеце сябе беларусам толькi таму, што маёнткi вашай сям'i знаходзяцца ў Беларусi.

- Не, зусiм не таму.

- А чаму?

- Таму, што наш род даўней быў беларускiм, цi, як тады называлi, лiтоўскiм.

- Ваша беларускасьць - гэта вельмi-ж акадэмiчнае пытаньне. Хаця нельга адмовiць вам пэўнага права на беларускасьць, цяжка сягоньня было-б пераканаць людзей у тым, што вы цi ваша сям'я - беларусы.

- Чаму-ж так?

- Вы-ж, пэўна, нядрэнна ведаеце гiсторыю Лiтвы ды асаблiва пэрыяд швэдзкiх войнаў. Можаце прыгадаць, што Януш Радзiвiл пры дапамозе швэдаў хацеў аднавiць незалежнасьць ад Кароны Вялiкага Княства Лiтоўскага, значыцца, Беларусi. I вы, пэўна-ж, прыгадваеце, як за тую спробу князя Радзiвiла Януша збэсьцiў у сваёй трылогii Генрык Сянькевiч. Дарэчы, Радзiвiла Януша гiсторыкi й лiчаць апошнiм беларусам з роду Радзiвiлаў. Ён быў беларусам. Але вы, пане Юры... што-ж у вас беларускага? Вы навет мовы беларускай ня ведаеце, аб iншым ужо не гаворачы...

На такi Сымонаў аргумэнт 'прынц' нiчога не адказаў, хаця ў будучынi шмат разоў вяртаўся да тэмы аб колiшняй здраджанай Бацькаўшчыне.

VI

Адвард Дэмарчык паходзiў дзесьцi з Пазнаншчыны. З выгляду належаў да тых людзей, якiя здалёк кiдаюцца вам у вочы i пабачыўшы якiх, будзеце помнiць цэлае жыцьцё. Глыбака сядзелi пад густымi бровамi малыя блакiтныя вочкi й яўна выставаў навiслы ўперад вузкi высокi лоб, зьверху закончаны лесам густых i хвалiстых сьветлых валасоў. Гэта быў чалавек рухавы й энэргiчны. Усё рабiў плянава й сiстэматычна, нiкому ня ўступаў з дарогi за найменшую дробязь. Аддаваў належную данiну навуцы, быў старанны пры вывучэньнi лекцыяў, а галоўным яго заняткам пасьля школьнага працоўнага часу была ангельская мова й дзяўчаты.

Дэмарчык пасябраваў з Сымонам ня толькi таму, што той таксама цiкавiўся ангельскаю мовай.

- Ты ведаеш, Сымон, - гаварыў да яго аднойчы, - падабаешся ты мне за твой здаровы, як кажуць англiчане, horse sense*. Дый ня толькi за гэта. Ты маеш арыгiнальнасьць характару. Ведаеш, што ты ёсьць, чаго хочаш i чаго ад жыцьця вымагаць. Сяньня людзей такiх няшмат.

* Конскi сэнс, розум (англ.).

- Няўжо-ж праўда? - усьмiхнуўся Сымон, што прыняў тое за хвальбу, ды асаблiва ня мог зносiць такой хвальбы ў вочы.

- Ты ня сьмейся. Шчыра гавару. Тое, што ты - беларус, зусiм ня робiць цябе горшым ад iншых. Наадварот ты ў няспрыяльных абставiнах, там, дзе шмат хто скрыўся-б са сваёй нацыянальнасьцю, - бо ты-ж ведаеш, што мы, палякi, кульгаем на талеранцыйнасьць, - ты, значыцца, у такiх абставiнах ня цураешся нацыянальнасьцi й адстойваеш свае правы. Тут то й вызначаецца ня толькi нацыянальная, але перадусiм асабiстая вартасьць чалавека.

- Ну, браце, а што-ж гэта за чалавек, што сябе й свайго адракаецца?

- Вось то-та. У тым то й справа, што сягоньня гэта модна. Мне-ж здаецца, што адракацца свайго, цурацца свае нацыянальнасьцi гэта значыць, стаптаць сябе самога ў гразь, не гаворачы ўжо аб тым, што такi суб'ект, страцiўшы пашану да свае вартасьцi, ня будзе шанаваць i нiколi ня зможа добра ацанiць iншых.

- Ну ты ведаеш, Эдзё, у гэтым я з табой згаджаюся на сто процант, проста слова ў слова.

- Як-жа б ты не згадзiўся, калi жывеш паводле гэтага прынцыпу.

- Ты ўсё-ткi тое-сёе адносна мяне падмецiў.

- Ды ня толькi адносна цябе. Вывучэньне людзей, перадусiм iхных характараў, ды найбольш слабасьцяў характараў, зьяўляецца маiм hоbbу*.

* Улюбёны занятак (англ.).

- А навошта-ж табе гэта? Вось так сабе толькi дзеля 'гобi'?

- Шчыра прызнацца, дык не. Мне гэта некалi прыдасца. Пры нагодзе раскажу, толькi не цяпер.

Калi прыйшла тая нагода, аб якой успамiнаў Дэмарчык, а сталася тое пару месяцаў пасьля, калi хлапцы больш пасябравалi й зблiзiлiся, пазнаняк выявiў Сымону, што ў будучынi мае намер улезьцi (так i казаў - 'улезьцi') у ангельскую разьведку - 'Iнтэлiджэнс Сэрвiс'.

- Гэта, братка, - гаварыў, разгарачыўшыся й сьцiснуўшы кулак, Дэмарчык, дасьць мне шанс адпомсьцiць шмат якiм сукiным сынам за крыўды, што зрабiлi нашаму народу. Цяпер войска канчаецца, дык трэба шукаць iншых шляхоў змаганьня. Я, братка, доўга думаў i прыйшоў да выснаву, што гэта для мяне адзiны й найлепшы шлях.

- Ого-го! - зьдзiвiўся Сымон. - Дык ты маеш нявузкiя пляны.

- I даю табе слова гонару, няхай гэтая чужая зямля й Матка Чэнстахоўская будуць ммне сьведкамi, што да свае намечанае мэты дабяруся.

- Якая-ж гэта мэта? Хiба-ж 'Iнтэлiджэнс Сэрвiс' будзе толькi сродкам?

- Слушна. 'Iнтэлiджэнс Сэрвiс' лiчу толькi сродкам. А мэта мая - выдушыць як найбольш ворагаў. Буду рэзаць, душыць i ўпiвацца варожай крывёй. Буду ў экстазе помсты насалоджвацца перадсьмяротнымi мукамi ворагаў нашага народу. Буду калечыць, забiваць, i нiколi ва ўзбуджэньнi ня здрыгане маё павека. Буду зь мядовай асалодай прыглядацца, як уецца ў перадсьмяротных цярпеньнях цела людзкое гадзюкi...

Сымон уважна сачыў сьцiснуты, аж пабялелы, таўсты Дэмарчыкаў кулак, зьзяючыя агнём нянавiсьцi маленькiя вочкi, дрыжачую ад узбуджэньня адвiслую нiжнюю губу.

- А беларусаў ты таксама залiчаеш у лiк тых шчасьлiўцаў, якiх душыць маеш намер? - iранiчна спытаў Сымон.

- Я чуў, што беларусы - добрыя людзi. Але ясна, калi-б яны апынулiся ў лiку нашых ворагаў, то...

- Ну, ведаеш што, - пахлопаў Сымон Дэмарчыка па-сяброўску па плячы, хвалю цябе за шчырасьць. Аднак ты ведаеш, што заўсёды палякi накiдвалi нам сваё ярмо, а нiколi наадварот...

- Дык у чым-жа справа? Вы там нейкае сваё княства на федэрацыйных правах далучыце да Польшчы, й будзем жыць шчасьлiва разам.

- Табе гэта надта-ж простым выдаецца. Зрэшты, мне не падабаецца тваё выражэньне 'нейкае княства'. Што за 'нейкае' й чаму-ж 'княства'? У гэтым вычуваю нотку вышэйшасьцi, панскасьцi, а ня толькi няпрошанага панiбрацтва. Нотка гэта даволi добра далася нам ужо ў знакi.

- Але-ж ты, брат, i прычэплiваешся да словаў. Зусiм ня тое хацеў я сказаць.

- Мо й ня тое, але, як у нас у Беларусi кажуць, вылезла зь мяшка шыла.

- Ну, браце каханы, але-ж ты й крыўдны характар маеш.

- Скажы мне, - спытаў Сымон, - якi народ ты найбольш ненавiдзiш?

- Немцаў.

- А пасьля?

- Расейцаў. А ты?

- Насамперш маскалёў.

- А яшчэ каго?

Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасьцярог хiстаньне.

- Скажы, скажы, што ненавiдзiш палякаў! - спанукаў Сымона.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату