- Што ты хочаш, каб табе сэрца выняў ды ў жменi паказаў? - узлаваўся Спарыш.

- Ты мне прабач, я разумею. Можа, я замнога хацеў даведацца.

Дэмарчык чуўся нiякавата й адвярнуў зрок у другi бок.

- Калi я й ненавiдзеў, то цi маю аб гэтым гаварыць? Навет i табе, здаецца, блiзкаму сябру. Ёсьць-жа пэўная рацыянальнасьць i такт, якi трэба захаваць. Мо ты шмат чаго й дагадваешся, але-ж гэта - адно дагадкi. Зусiм iншае, калi б ты пачуў тое з маiх вуснаў.

- Разумею, брат, разумею. Закрануў я ў тваiм сэрцы адну з балючых ран.

- Разуменьне - то адно, а дамаганьне цераз меру лiшняга - гэта зусiм другое. Слухай, Дэмарчык, добра, каб мы былi з табой сябрамi, бо гэтак нам цяпер выгадней. Дык нiколi ня пытайся, цi ненавiджу палякаў.

- Разумею й згаджаюся. Але чаму ты сказаў 'гэтак нам цяпер выгадней'? Цi ты прадугледжваеш, што ў будучынi будзем ворагамi?

- Магчыма. Хто-ж яго ведае...

- Ведаеш, я й ворага ўважу больш адкрытага, чым затоенага. Дык i хвалю цябе за шчырасьць.

- Не перасольвай ужо. На меншае я здабыцца ня мог, так як i ты. Бо-ж ведай ты, знаток людзкiх характараў i студэнт слабасьцяў, што не магу быць хвальшывым, асаблiва перад самiм сабой.

- Давай тады руку, й будзем жыць у згодзе ды хадзiць разам на дзяўчат, а розную палiтыку пакiнем на той час, калi прыйдзе момант.

- Бяз сумлеву.

VII

Хадзiць 'на дзяўчат', як выражаўся Дэмарчык, давялося зь iм Сымону шмат разоў. Пазнанскi хлапец тлумачыў, быццам тое было надта патрэбным, бо спалучала карыснае з прыемным - вывучэньне ангельскае мовы з гуляньнем.

- Ну што ты, братка, уявiш сабе лепшае? - пачынаў разважаць будучы кандыдат у 'Iнтэлiджэнс Сэрвiс'. - Пойдзеш сабе на танцы цi на спатканьне, разам дзяўчыну прытулiш i пацалункаў нап'ешся дый ангельскую мову падвучыш. Ох, якая гэта асалода! Навет i ня шукай лепшых настаўнiкаў мовы, чымся ангельскiя красунi, бо ня знойдзеш. На жаўнерскi мундзiр яны таксама гоняцца, як тыя мухi на гной. Тут толькi выпадае паставiць кропку над 'i', скарыстаць з нагоды.

- Можа, й маеш слушнасьць.

- Браце каханы! Дык ты яшчэ ў гэтым сумляваешся? Чакай-жа тады. Толькi дазволь пану Дэмарчыку пакiраваць у блiжэйшай будучынi некаторымi тваймi сьцежкамi, пабачыш, што чалавекам будзеш. I каханьнем насыцiшся, й мовы навучышся.

- А ты ўжо ў гэтым такi вялiкi спэцыялiст?

- Яшчэ якi! Хочаш пераканацца?

- Чаму-ж не. Што-ж мне перашкаджае.

- Ты, братка, глядзi на гэта з пункту карысьцi.

- Дык што-ж маю рабiць?

- Перш за ўсё пойдзем разам на забаву.

- Дзе-ж тая забава?

- Усюды колькi хочаш. Навет тут у абозе кожнае серады й пятнiцы ў вялiкай залi кавярнi адбываецца. Але тут замнога войска, а замала баб. Лепш у Рычманд цi навет у Дарлiнгтон езьдзiць - там баб, як смецьця. Чым далей ад абозу, тым больш дзевак, а менш войска. А ты танцаваць умееш?

- Некалi пробаваў, але танцую, быццам той слон на калёсах.

- Ня журыся, брат, навучу. Гэта надзвычайна лёгка. Толькi пакажу табе асновы, пару крокаў з кожнага танца, й будзеш цэлы балетмайстар...

- Пабачым...

Раз неяк надвечар Дэмарчык схапiў Сымона за руку:

- Хадзем.

- Куды?

- Танцаваць вучыцца.

- Куды?

- А вось хадзi й ня пытайся.

Дэмарчык накiраваўся ў кiрунку прыбiральнi.

- Дык што-ж ты мяне ва ўборную цягнеш? Я-ж ня маю патрэбы.

- Ня ў уборную, а ў умывальню. Там ёсьць шмат месца, дзе разгуляцца можна. А дзе-ж, ты думаў, у нашым бараку будзем, каб усе прыглядалiся й кпiлi?

Умывальны барак быў прасторны. Мiж двух радоў, дзе над карытамi знаходзiлiся ўмывальныя краны, сапраўды было шмат месца, каб разгуляцца.

- Вось тут, бачыш, як выгадна будзе?

- А дзе-ж той музычны iнструмент, пад якi танцаваць будзем?

- А вось! Бачыў? - Дэмарчык выставiў даўгi, зложаны ў трубку язык i зарагатаў.

- Ха-ха-ха! - памог Сымон. - А добра-ж ён iграе хаця?

- Слухай: До-рэ-мi-фа-соль-ля-сi-до-оо. До-сi-ля-соль... Ну як?

- Будзе аll right*.

* Поўны парадак (англ.)

- То цяпер давай крокi. Перш за ўсё хачу сказаць табе, што танцы такiя, як факстрот, якi англiчане тут завуць 'квiк стэп', танго, навет i 'джайв', палягаюць на трох асноўных кроках. Ставяцца ногi разам - глядзi, о так! Тады зачынаецца зь левай наперад, пасьля iдзе правая наперад, iзноў левая, а тады ўжо правая прыстаўляецца на зьмену. Глядзi ўважна: так - левая, правая, левая, зьмена, раз, два, зьмена - i так цэлы час. Пры гэтым можаш рабiць выкрунтасы, гэта само прыйдзе. Асноўнае, каб ты крокi ведаў, гэты альфабэт усiх танцаў. Разумееш?

- Ну.

- Дык хадзi. Давай мне рукi. О так, гэту залажы за плячо. I чакай, ня прытуляйся-ж так, я-ж табе ня дзеўка. Пастаў ногi разам, i пачынаем. Я вяду. Ну, увага! Тра-та-та-та-та, тара-та-тата, та-ра-та-та-та. Стой! Ногi крышку заштыўныя, быццам калкi тыя. Старайся свабадней крыху, не напiнайся, каб гнуткiя ў каленях былi. Ну давай яшчэ раз: та-ра-та-та-ра...

- Дык у гэтым цэлая штука?

- Ясна. Нiчога тут надзвычайнага. Цяпер паспрабуй сам.

- Тра-ля, тра-ля-ля-ля... - пачаў Сымон, сам сабе падпяваючы, тупаць па ўмывальным бараку.

- Маладзец, вельмi ўдала! Бачу, што будуць яшчэ зь цябе людзi. А цяпер пакажу табе танго, самым простым спосабам, значыцца, глядзi, пачынаецца таксама: тра-ля-ля-ля, та-ра-та-та-та...

Гэткiм чынам Дэмарчык, выясьнiўшы Сымону асновы самых простых танцавальных крокаў i паваротаў, намовiў яго ў наступную сераду пайсьцi разам у кавярню на забаву.

- Ведаеш, - гаварыў ён, - i мне будзе выгадней, бо калi захочаш якую дзяўчыну падчапiць, а прыйдзеш сам, дык цяжкавата. Звычайна вольныя дзяўчаты гуляць прыходзяць парамi. Дык бачыш, у чым штука. Адна-ж сяброўка другой не пакiне, нiякавата, разумееш? А калi з табой, дык мы цяпер любую парачку падзелiм, надта-ж зручна будзе.

- I, пэўна-ж, ты заўсёды больш прыгожанькую прыгалубiш?

- Аб гэтым ужо неяк памяркуем. Можа, навет у нас смак да прыгажосьцi ня той самы. Я заўсёды прыглядаюся, цi прыгожыя ногi. А ты?

- Твар.

- Ну бачыш. I гэты гарэх мы ўжо раскусiлi. Пойдзеш у сераду са мной?

- Чаму ж не.

Сымон раней ня браў на ўвагу забавы ў кавярнi, хоць часта даводзiлася, праходзячы, чуць там нейкую неразьбярыху гукаў. Цяпер-жа, вечарам у сераду, калi разам з Дэмарчыкам прыблiзiўся й, зiрнуўшы на натоўп танцораў праз вакно, стаў, як укопаны на месцы, й разявiў рот. З кавярнi даносiўся нейкi зусiм несуладны, на Сымонава вуха, гукавы гармiдар. Найбольш вырозьнiвалiся саксафон, трамбон i бубен. Здавалася, што гэтыя iнструманты былi расстроеныя, кожны зь iх цягнуў зусiм у iншы бок, не зважаючы на астатнiя.

Колькi жыў, ня чуў Спарыш такога. Ня было гэта падобнае на нiякую, веданую iм дагэтуль музыку. Сярод таго галасу можна было адрознiць нейкi мерны такт, ды i ўсяго, бо мэлёдыi зусiм ня было, цi, прынамсi, так Сымону здалося.

- Чаго раптам стаў? - штурхануў яго Дэмарчык. - Спалохаўся, цi якое?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату