Раптам з таго кiрунку ў гарах, куды накiравалася двойка, пачулiся густыя кулямётныя стрэлы. Адна сэрыя, другая, трэцяя... Сьцiхне i зноў. Вартавы з дванаццатай роты i зь iншых па суседзтву стрэлiлi па пару разоў уверх на трывогу. Як быццам на агульную каманду, у абозе вырасла, ледзь не з-пад зямлi, вялiкая маса людзей. Падскоквалi ўверх малыя палаткi. Людзi былi апранутыя й трымалi зброю ў руках. Гэта былi тыя, што ня спалi, а, прытаiўшыся, чакалi ўмоўленага сыгналу. Маючы з сабой зброю, захапiўшы емiну й неабходныя рэчы, усе яны кiнулiся бегчы ў кiрунку гары, адкуль было чутно яшчэ тарахценьне 'дзегцярова'.
- Партызаны! Партызаны! - чулася навокал.
Камандзер роты старшы лейтанант Петрык i ўсе нямецкiя iнструктары начавалi ў палатках па суседзтву. Калi Петрык пачуў стрэлы перш у гарах, пасьля ад вартавых i зараз-жа гоман i рух у абозе, ён хуценька ўсхапiўся, насунуў боты, накiнуў мундзiр i выглянуў на двор. Бачыў, як жаўнеры беглi ў кiрунку гары, чуў крык 'партызаны'.
'Але-ж то файнае войска, - падумаў ён, - так хутка пачулi небясьпеку й самi бягуць на змаганьне з партызанамi'. Дзеючы больш пад iмпульсамi, чымся з развагай, ён хутка схапiў зброю, шлем i, клiкнуўшы падафiцэраў, каб не заставалiся ззаду, кiнуўся ў ведамым нам ужо кiрунку. Бегчы прыйшлося нядоўга. Неяк па дарозе яшчэ цюкнула ў галаву Петрыку сумлеўная думка: чаму гэтае войска так хутка апранулася й зусiм без майго ведама кiнулася ў бок стралянiны? Адкуль такi энтузiязм да наступу?
Петрыку доўга не давялося чакаць на адказ. Прайшоўшы цi прабегшы блiзу кiлямэтр праз падгорныя хмызнякi, рэдкiя дрэвы, ён апынуўся на нейкiм узбоччы сярод сваiх жаўнераў. За iм, засопшыся, цягнуўся й нямецкi iнструктар Будкэ. Толькi Кацынскi, што пры пачатку трывогi зьбiраў хлапцоў у групу, прыйшоў у баявым парадку. Раптам немцы заўважылi, што яны абкружаныя з усiх бакоў суцэльнай сьцяной жаўнераў. Юнакi трымалi зброю напагатове.
- Злажыце зброю! - загадаў моцны ўпэўнены голас, i два чалавекi наблiзiлiся да немцаў. Тыя не супрацiўлялiся, толькi яшчэ зь нейкай зьбянтэжанасьцю, быццам вушам ня верачы, пазiралi навокал.
- Лейтанант Петрык, - пачаў той-жа цьвёрды голас, - мы ўсе, якiх тут бачыце, сяньня наважылi пакiнуць нямецкую армiю й перайсьцi да францускiх партызанаў...
- Чаму? - вырвалася раптам у лейтананта.
- Самая галоўная прычына, калi хочаце ведаць, гэта тое, што мы пайшлi ў беларускую армiю, а не ў нямецкую. Мы пайшлi змагацца за Беларусь, а не за ваш нямецкi 'фарфлюктар', i былi добраахвотнiкамi. Думаю, што мы добраахвотнiкамi можам i адыйсьцi, i вы, немцы, не павiнны за гэта крыўдзiцца. Зразумела вам усё?
- Яволь, - адказаў ужо слабейшым i больш нясьмелым голасам афiцэр. Ён азiраўся навокал, быццам зьнячэўку злоўлены ў пастку зьвярок. У гэты момант яму менш абыходзiла прычына ўцёкаў жаўнераў, чымся трывога аб сваiм далейшым лёсе. Пробаваў угадаць, што зь iм зробяць: цi адпусьцяць, цi застрэляць. Дарма трывожыўся Петрык. Жаўнеры ня мелi на яго злосьцi, бо нiякае крыўды iм не зрабiў. Быў найбольш бясколерным нямецкiм афiцэрам, якога колiшнiм кадэтам давялося пазнаць пад час кароткае вайсковае кар'еры. Гэта быў процiлеглы полюс да таго зьненавiджанага Шнайдара. Заўсёды трымаўся быццам ззаду, а калi й даводзiлася мець дачыненьнi з жаўнерамi - меў iх колькi разоў кожны дзень - то быў вельмi талерантным. Хлопцы яго за гэта паважалi. Калi-ж ходзiць аб зьвязовых Будкэ й Кацынскiм, то на гэтых шмат хто хацеў бы налажыць руку. Але трэба было браць увагу на тое, што ззаду засталiся сябры, якiя маглi-б пасьля пацярпець за лiквiдацыю немцаў. Дык найвыгадней было ўсiх трох адпусьцiць назад.
- Вы цяпер пойдзеце назад i слухайце ўважна, што вам скажу, - гаварыў Кастусь Дзежка. - Ня сьмейце рабiць нiякiх рэпрэсiяў за наш пераход да французаў на тых, што з вамi засталiся. Яны за гэта не нясуць адказнасьцi. Калi-ж вы станеце караць нашых людзей, дык памятайце, што мы дачуемся й вас знойдзем.
Апошнiя словы былi вымаўлены пагрозьлiвым тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву.
- Мы хочам, каб вы далi слова, што ня будзеце рабiць рэпрэсiяў, настойваў Дзежка.
Петрык нейкi час маўчаў i пазiраў на другiх немцаў, быццам хацеў спытаць, цi даваць такое слова.
- Дык што? Даеце слова?
- Я-ж афiцэр, выконваю загады, служу Нямеччыне... - мармытаў немец.
- Вы можаце гаварыць як чалавек.
- Што-ж, як чалавек я ня буду старацца рэпрэсаваць...
- А вы? - спытаў Дзежка ў Будкэ й 'фольксдойча' Кацынскага.
- Я нiкога не зачаплю, - пасьпяшыў Будкэ.
- I я тэз... - вырвалася па-мазурску ў Кацынскага.
- Вельмi добра. Такiмi мы заўсёды хацелi вас, немцаў, бачыць, каб з вамi часам як зь людзьмi льга было пагаварыць. А то найчасьцей вы захоўвалiся й паводзiлiся, як зьвяры. А цяпер... - тут Дзежка хапiў аўтаматы немцаў, павымаў зь iх магазыны з амунiцыяй i перадаў зброю ўласьнiкам, - можаце iсьцi назад. I памятайце! Паўтараю яшчэ раз: не чапайце нашых людзей, бо мы вас знойдзем. Можаце iсьцi.
У шчыльным кругу зрабiўся праход, i немцы, раз аглянуўшыся навокал, павольным крокам пакiнулi месца збору.
- Я-б iх пусьцiў, гадаўё гэткае! - пагражаў голас.
- Пастраляў-бы, вось што!
- Вось разумнiк знайшоўся! Ты забыўся, што там нашы засталiся? Цi, можа, прыпомнiць, як немцы робяць? Дзесяць за аднаго! Страляючы iх, ты страляў-бы сваiх.
- А-ах!
- Вось табе й а-ах!
Раптам усе загаварылi. Пачалiся нарады - як i што?
- Увага! - гукнуў Дзежка. - Тут нам заставацца цяпер нельга, хоць i цёмна iсьцi, дый хто ведае, куды можна трапiць. Але трэба меркаваць, што немцы могуць па нас вярнуцца ды зь сiлаю. Давайце тады пяройдзем хоць пару кiлямэтраў ад галоўнае дарогi, дзе затрымаемся да свiтаньня. Там ужо будзем бачыць.
Шнурком i групамi малы адзьдзел пералез гару, якая была нявысокая, i паволi зыйшоў у лагчыну. Выглядала ў групе чалавек сорак, ня больш, хаця шматлiкiя варажылi, што мусiла ўцячы больш. Паслугоўваючыся дзе вачыма, а дзе вобмацкам, адзьдзел пасунуўся перш на захад, як здавалася, а пасьля крыху на поўнач. Каля другое гадзiны ночы пачаўся страшэнны лiвень. Далей iсьцi было немагчыма. Зашыўшыся ў густы хмызьняк, пастанавiлi спынiцца. Людзi былi стомленыя ад няпрывычнага хаджэньня па ўзбоччах гораў. Дарма што вада цякла ручайкамi пад нагамi - жаўнеры, стулiўшыся пад дрэвамi, старалiся заснуць i перачакаць ноч.
III
Уночы хтосьцi моцна тузануў Сымона за нагу. Ён спаў пад нацягнутай на трох калочках трохкутнай маскiроўкай.
- Эй, Сымон! - забубнеў голас да соннага хлапца. - Ты ня ранены?
- Га? Чаго,ты?
- Ты ня ранены?
Сымон ня зразу ўпрытомнеў, чаго ад яго хацелi. Так моцна спаў, што ня чуў нiякай стралялiны, а зусiм забыўся аб тым. што сябры ўцякалi ў горы.
- Што ты, здурэў? - крыкнуў ён злосна. - Якое ранены й чаго ранены? Уматывайся к чорту й не перашкаджай спаць!
Калi ён разбудзiўся ранiцай, заўважыў, што ўжо мусiла быць шмат пазьней, чымся звычайна, калi ўставала рота. Хутка стаў карабкацца з-пад свайго, нацягнутага на тры палачкi, маскавальнага трыкутнiка. Таўхануў пасярэдзiне палатно, i вада лiнула яму за шыю. Гэта ноччу дождж налiў на версе маскiроўкi маленькую сажалку.
- Вось, каб цябе нячыстая! - вылаяўся.
Лёгкi туман пакрываў далiну рэчкi. Пацягваючыся й расчэсваючы буйныя валасы, Сымон аглядаўся навокал. Абуў чаравiкi, апрануў мундзiр i схапiў кацялок, каб пайсьцi зачэрпнуць з рэчкi вады й памыцца. Але тут вельмi дзiўнай раптоўна выдалася навакольная цiшыня.
'Дзе-ж гэта ўсё падзелася? Што яны робяць?'
Заглянуў побач пад Вiктараў трыкутнiк. Сябра ўжо быў устаўшы.
'Дзе-ж ён мог быць?'
Воддаль заўважыў цыбатага Янкоўскага. Ён належаў да тых, што заўсёды i ўсюды плёўся ў хвасьце й