атрымаў мянушку 'недаробленага'. Быў гэта сярэдняга росту тонкi юнак, з даўгой шыяй, адвiслымi вушамi, прышчаватым тварам. Найбольш ненармальнымi былi ягоныя, падобныя да дзьвюх мяцёлак, чорныя густыя бровы, што тырчэлi наўскасяк i ўверх. Янкоўскi корпаўся каля сваiх рэчаў. За iм заўважыў Сымон i малога Жука.

- Гэй, Янкоўскi! Скажы мне, дзе гэта ўсе нашы падзелiся? - гукнуў Сымон.

- А што, ты ня чуў?

- Што чуў?

- Ноччу бальшыня пайшла ў горы.

- Iдзi ты...

- Праўду кажу.

- У горы пайшлi? А як-жа то мяне пакiнулi?

I цяпер толькi прыпомнiў хлапец, як учора Дзежка прапанаваў iсьцi разам i як позьнiм вечарам ён адмовiўся ды, прымасьцiўшыся побач Вiктара Караткевiча, палез пад свой трыкутнiк i ноч пераспаў, нiчога ня чуючы.

- Дык, як то? Усе пайшлi й толькi цябе пакiнулi? - перапытаўся Спарыш Янкоўскага.

- Шмат вунь засталося. Хто каля вазоў сабраўся, а iншыя сваймi справамi займаюцца.

Зь iмглы высунулася шырокая сутулаватая фiгура Вiктара Караткевiча. Ён, мусiць, быў каля хурманак, адкуль чуваць быў гоман, але нiчога ня было вiдаць.

- Ты ўжо ўстаў? Я не хацеў цябе будзiць, бо сягоньня пабудкi ня было. Ты чуў, што сталася?

- Крыху чуў.

- А мы, брат, так i празявалi.

- Бачыш, што выйшла. Колькi людзей уцякло?

- Цяжка iх палiчыць, але выглядае, што палавiна нашай роты й шмат зь iншых ротаў.

- А хто з нашых беларускiх падафiцэраў?

- Грамыка й Гуць.

- Малайцы хоць за тое, што адважылiся. Ты слухай, а дзе нашыя швабы?

- Бачыў Штыка, як мiтусiўся каля свае палаткi. Iншых ня бачыў. Хтосьцi казаў, што Петрык паехаў раненька на канi, мусiць, цi ня ў полк...

- Такая справа.

Абодва памаўчалi.

- Чорт вазьмi, - з заклапочаньнем церабiў каля правага вуха Сымон, - хто ведае, што з гэтага выйдзе. Нiколi ня ведаеш, што швабы могуць зрабiць. Мо лепш было ўжо ўсiм смаргануць разам. А што там каля кухнi робiцца?

- Дымiць, вiдаць.

- Дык мо варта падыйсьцi туды, каб кавы хаця якой дастаць?

Хлопцы ўзялi кацялкi й пайшлi да кухнi. Выдавалi каву. Вальтэр быў хмарны й зь нiкiм у гутарку ня ўваходзiў. Навокал групкамi стаялi жаўнеры й на розныя лады камэнтавалi наглыя падзеi. З гутарак вiдаць была агульная няпэўнасьць што да будучынi. Усе з непакоем чакалi далейшых выпадкаў.

IV

Празь нейкiя паўгадзiны тое, што засталося з дванаццатай роты й iншых адзiнак, якiя начавалi на лузе, заварушылася. Вымаршыроўвалi ў далейшую дарогу. Пасьля пару гадзiнаў маршу зноў пачаўся густы лiвень. Затрымалiся ў вёсцы й перачакалi яго, пахаваўшыся, дзе хто мог - хто пад страху, хто пад дрэвы.

Як толькi спынiўся дождж, зьявiлiся лейтанант Петрык, Кацынскi й Будкэ. Першы быў на канi, два апошнiя - на самакатах. Зь iмi, таксама конна, быў нейкi незнаёмы лейтанант. Гэта быў перакладчык са штабу батальёна. Калi рэшткi дванаццатае роты сталi ў трох шэрагах, як было загадана, на зборку, аказалася, што лiк паменшыўся напалову. Перакладчык пачаў да жаўнераў па-расейску:

- Сягоньня шмат з вашых сяброў уцякло ў горы. Яны прылучацца да францускiх тэрарыстых i пасьля пападуць у рукi ангельцаў, якiя адашлюць iх Сталiну, згодна заключанай умовы. Вашых сяброў чакае дрэнны лёс, калi не пагiбель. Цяпер скажыце - а з вас некаторыя пэўна ведаюць - чаму яны гэта зрабiлi? Цi iм было дрэнна ў нас? Цi есьцi мала? Або, можа, яны мелi iншую мэту? Можа, мелi зь кiм сувязь? Тут маўчаць ня трэба. Пэўна, з вас нехта хоць адзiн ды ведае прычыны.

Адзьдзел маўчаў.

- Яшчэ раз прашу, хто ведае прычыны дэзэрцыi вашых сяброў, сказаць нам аб iх.

- Ну дык кажы, чаго-ж iх баiшся, - голасам i таўхялём пад бок заахвочваў сусед Каханчыка. Гэты апошнi быў адным з найбольш рослых, сьмелых i разважных у роце. Расейскi перакладчык заўважыў рух ягонага суседа.

- Вы што знаеце? - падскочыў да Каханчыка. Усе немцы пазiралi на хлапца з запытаньнем.

- А што ведаю, тое магу сказаць, - пачаў сьмела, аглянуўшыся на сяброў, Каханчык. - Як толькi мы прыехалi ў Нямеччыну цi яшчэ ў Прусiю, дык немцы адразу пачалi нам дапякаць, што тут вам 'кайн Руслянд', сталi абзываць дурнямi й тым падобнымi, адным словам, зьневажаць, колькi ня трэба. А мы-ж вунь прыйшлi ў Менск ахвотнiкамi, дык нам i не падабалася, што як тых 'кнэхтаў' нас трактуюць. Ды хаця-ж, каб толькi не падабалася... Мы-ж людзi зь сярэдняй асьветай. Думалi, што немцы гэта на ўвагу возьмуць. Афiцэрская школа як-нiяк... Ажна тутака адносiлiся, казаў той, не як да хаўрусьнiкаў, якiя прыйшлi добраахвотнiкамi ў войска, а быццам як да нейкага быдла, што сiлком пазьбiралi, цi што... Што да ежы, то я адно пра сябе скажу: мне хапала...

- Мала было! - крыкнуў голас, набраўшы сьмеласьцi.

- Есьцi нiколi не хапала! - памог iншы.

Самы большы ядун Мулага не далажыў свайго слова, бо калi-б i адкрыў рот, каб што сказаць, маглi-б высьмяяць. Да выказваньняў Каханчыка тое-сёе далажылi iншыя. Усё зводзiлася да таго, што немцы трактавалi колiшнюю школу камандзераў БКА не па-людзку, адносiлiся як да 'унтэрмэншаў', што агоркла- абрыдла гэнае 'кайн Руслянд' i iншае. Адылi аб сапраўднай прычыне пераходу сяброў iхных да французаў нiхто й не заiкнуўся. Бо хто-ж мог быць настолькi сьмелым, каб вытлумачыць гiтлераўцам, што беларусам, якiя пайшлi ваяваць за шляхотную iдэю, было не па дарозе зь iмi, што вучнi Школы Камандзераў БКА даўно i надта-ж падрабязна вывучылi iх, ведалi, што чакае iх у будучынi, калi-б засталiся побач гiтлераўцаў... Хто-ж мог сказаць немцам, што вайну яны ўжо прайгралi? Дый цi варта было?

Цiкава было-б збоку назiраць, як, слухаючы трапныя простыя заўвагi, хаця i ў перакладзе лейтананта, i немцы наплывалi з твараў крывёй. Гэта-ж мо нiводнаму зь iх не даводзiлася раней слухаць, каб чужынцы адкрыта iх крытыкавалi, дый што самае горшае - яны, нядаўнiя паны Эўропы, стаялi, бязрадна апусьцiўшы рукi, i мусiлi слухаць. Цi адзiн зь iх, паводле ранейшых прывычак, выхапiў-бы аўтамат i пачаў-бы касiць сьвiнцом тых 'унтэрмэншаў'. Але-ж самi адчувалi, што знаходзiлiся на дрыгве. Iх было мала, а войска ўсё чужое. I дзеля таго злавалi яшчэ больш, усьведамiўшы сваю бясьсiльнасьць. Цi адзiн мо абяцаў сабе ў думках, што адпомсьцiць за гэта 'унтэрмэншам' у будучынi.

Нейкi час пазьней дванаццатая рота перайшла пару кiлямэтраў наперад, дзе сабраўся цэлы адзьдзел у сiле каля двух батальёнаў, цi таго, што засталося з учарашнiх двух батальёнаў. На невялiкай вясковай плошчы стаяла жменя афiцэраў перад фронтам пастаўленага чатырохкутнiкам адзьдзелу, i зноў гаварыў перакладчык, паясьняючы й пашыраючы тое, што сказаў яму старэйшы афiцэр. Яшчэ раз страшыў, што ўцёкшыя да тэрарыстаў беларусы пападуць у рукi Сталiна i г. д. Пераконваў, што Нямеччына ў нiякiм выпадку вайны не прайграе, бо гэтага навет i быць ня можа. Толькi, чаму быць ня можа - перакладчык ня вытлумачыў. Вiдаць, i сам ня верыў у тое, што гаварыў.

- Эх ты, братка, махаеш ты нам перад носам старым пудзiлам i старымi абяцанкамi. А папытаўся-б хто, цi каторы табе паверыць... - камэнтаваў голас у другiм шэрагу дванаццатай роты.

Ужо ў часе гэтай батальённай зборкi хлопцы заўважылi, што ў першым зьвязе бракавала яшчэ чатырох чалавек, якiя ранiцою былi на першай зборцы. Значыцца, махнулi ў горы. Вiктар iзноў намаўляў Сымона, але калега адмовiўся.

У гэты-ж самы дзень, калi, прайшоўшы некалькi кiлямэтраў, адзьдзел спынiўся на абед, Сымон зь Вiктарам адшукалi афiцэра-перакладчыка, якому яшчэ з большымi дэталямi расказалi аб прычынах незадаваленьня i ўцёкаў беларусаў. Гаварыў найбольш Сымон, а сябра слухаў i час-ад-часу дакладаў слова.

Паўтарыўшы сказанае раней сябрамi, Сымон успомнiў яшчэ аб непашанотных адносiнах немцаў да

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату