хаты малой вёскi. Дзень быў пагодны. Дакучалi крыху намуленыя ногi, й Вiктар пачаў меркаваць, цi ня лепш ськiнуць чаравiкi ды даць нагам адпачыць, праветрыцца. Шкарпэткi былi амаль гнiлыя. У левым чаравiку падносак адстаў ад скуры i ўбаку вiдаць была шчэрбiна. Бадзяючыся часьценька па мокрадзi, не ўсьцеражэшся ад вады. Дык Вiктар цяпер i мяркаваў, цi не паськiдаць чаравiкi й праветрыць шкарпэты. Ужо глядзеў, дзе тут побач палажыць бульбiну й той сыр ды ўзяцца разувацца, як раптам непадалёк на польнай дарозе вырас, быццам тая дамавiна, з чорным крыжом на баку нямецкi танк. За iм паўзло яшчэ некалькi. Першы зь iх неадкладна пачаў пляваць агнём.

Вiктар Сянькевiч не памятаў, калi i як сарваўся зь месца й пусьцiўся наўцёкi. Хутка натрапiў на нейкую канаву й мерыў адлегласьць, колькi меў сiлы. Побач, стараючыся не застацца ззаду, соп Каравы.

- Бяжым налева! - крыкнуў той Сянькевiчу.

- А мо лепш направа? Га?

Налева вiдаць былi нейкiя зарасьнiкi, быццам балота, а направа было сушэй. Вiктар Сянькевiч, доўга не думаючы й не зважаючы на спадарожнiка, кiнуўся направа. Па некаторым часе заўважыў, што нiхто зь iм не бяжыць. Уся група кiнулася ў тым кiрунку, куды пабег Каравы.Нямецкiя танкi, пастраляўшы ды спасьцярогшы, што ў балотныя зарасьнiкi рызыкоўна ехаць, завярнулi й паехалi сваёй дарогай. Усе аддыхнулi лягчэй. Толькi Вiктар Сянькевiч, адбегшыся ад цэлай групы, не ведаючы, што сталася, наважыў iсьцi сваёй сьцяжынай наперад. Празь нейкiх пяцьдзесят мэтраў натрапiў на дарогу. Многа ня думаючы, зiрнуў у бакi й шпарка пераскочыў яе. Прайшоўшы яшчэ мэтраў трыста, Сянькевiч пачуў галасы, што гаварылi па-нямецку. Ён бухнуў у густа зарослую канаву ды падлез пад вялiкi куст, што адначасна служыў сховiшчам ад людзей i быццам парасонам ад дажджу, якi зараз пачынаў цярушыць. Прылiп да зямлi й затаiў дыханьне, хоць у гушчары ня было чаго баяцца: цяжкавата было-б некаму спасьцерагчы малога юнака. Сянькевiч выразна чуў галасы нямецкiх артылерыстаў. Зь iхняй размовы здагадаўся, што поблiзу стаяла процiлятунская гармата. Як доўга ляжаў Вiктар сам не патрапiў-бы сказаць. З надыходам ночы асьмелiўся выкарабкацца й зашыцца ў гусьцейшыя кусты, прымасьцiцца на сушэйшым, каб праседзець там мо й цэлую ноч. Толькi цяпер намацаў у кiшэнi тую недавараную бульбiну, якую перашкодзiлi ў супакоi даесьцi нямецкiя танкi. Астылая й развадзянелая, смакам нагадвала, як здалося Сянькевiчу, мокры грыб. Але, як казаў той, кiшкi марш гралi, дык не ганьбаваў-бы й другой такой бульбiнай, калi-б знайшлася пад рукой. Каля поўначы побач прайшлi немцы. Яны голасна гутарылi i йшлi з настаўленымi ад дажджу каўнярамi ды глядзелi пад ногi, дык Вiктара й не заўважылi.

АДГАЛОСКI

I

Калi-б вы належалi да тых шчасьлiвых, што маюць час i грошы падарожнiчаць дзеля прыемнасьцi ў мiрны час, i калi-б апынулiся ў Францыi, варта было-б заглянуць i ў Эльзас. Можа, мы й ня зусiм дакладна кажам. Варта было-б заглянуць у Эльзас у тым выпадку, калi вы маеце асалоду любавацца прыгожымi краявiдамi й тым больш, калi зьяўляецеся садоўнiкам або, прынамсi, любiце сады. Тут-жа й засьцерагаемся. Калi-б вы ехалi зь Мюльгаўзэна на поўнач, варта было-б ехаць паволi, мо навет не цягнiком цi аўтамашынай, проста самакатам ды сям-там i затрымацца, каб нацешыцца й налюбавацца гэтай краiнай. Варта наведаць яе ў жнiўнi й пры добрай пагодзе.

Воддаль на колькi дзесяткаў кiлямэтраў на ўсход i на захад шашы, раўналегла да яе, расьцягнулiся апранутыя лёгкiм блакiтам ланцугi гораў. На захадзе - Вагезы, на ўсходзе - крышку далей за Рэйнам - Шварцвальд. Лёгка вышчарбленымi грабянямi вырысоўваюцца яны на спакойным, бясхмарным, залiтым сонцам гарызонце. Вы, можа, затрымаецеся на дарозе й пачнеце ўгадваць, якая адлегласьць ад аднаго да другога горнага ланцуга. Можаце лёгка памылiцца. Трэба ўзяць на ўлiк, што абодва грабянi гораў акаймляюць падоўжаную, роўную, як стол, нiзiну па абодвух баках Рэйну.

Выехаўшы з Мюльгаўзэна й пасоўваючыся ў паўночным кiрунку, якiх дзесяць пятнаццаць кiлямэтраў будзеце праязджаць праз лясы акацыяў, клёнаў, таполяў, грабаў i дубоў. Калi-ж вы беларус i пачнеце шукаць тут вольхаў цi бярозаў дарэмныя будуць шуканьнi. Мiнуўшы лясы, вы будзеце пасоўвацца па роўненькай нiзiне. Да вас будуць усьмiхацца чырвоныя й жоўтыя сьпелыя яблыкi, усялякiх родаў грушы, жоўценькiя й цёмна-сiнiя сьлiвы, а часта сустрэнеце й вялiзнае, як дуб, разложыстае галiнамi ўверсе дрэва, на якiм растуць iтальянскiя арэхi. Па баках шашы, можа, пачнеце лiчыць высокiя платы вiнаграду. Дарэмна: iх тут такая маса, што ўсялякi лiк страцiш. Цяжкiя й сытыя галiны вiнаградных ягад аж просяцца, каб iх пакаштаваць. У iншым месцы позiрк ваш затрымаецца на высокiм ураджайным полi кукурузы. У бальшынi гэта кукуруза кармавая, якую ўзiмку так любiць усякая хатняя жывёла. Там-сям натрапiце на загон пшанiцы, жыта цi бульбы, але, параўноўваючы колькасьць агульнай плошчы, занятай гэтымi культурамi, пэўна, зацiкавiцеся, цi мясцовыя жыхары часам не харчуюцца больш яблыкамi, грушамi, сьлiвамi й вiнаградам, чымся жытнiм цi пшанiчным хлебам. А вось гэтыя вялiкiя расьлiны з надта шырокiмi лiсьцямi, што цяпер мiнаеце, табака. Яе тут надта шмат.

Побач дарогi заўважыце моцныя, ужо добра зьверху пазарастаныя й амаль непрыкметныя бункеры: гэта зьвяно лiнii Мажыно. Высокiя шкiлеты жалезных слупоў трымаюць на сваiх вярхах таўстое павуцiньне электрычных правадоў. Па iх электрычная энэргiя бяжыць з электрастанцыяў з Альпаў i Вагезаў у фабрыкi й памешканьнi Мюльгаўзэна, Кольмара й Штрасбурга.

Калi-б вам пашанцавала ў залаты пагодны жнiвеньскi дзень узыйсьцi дзесь на якi ўсходнi схiл Вагезаў i кiнуць вокам на ўсход, прылiпнеце нагамi да свайго месца на доўгi час. Бо хiба-ж не захочаце налюбавацца той цудоўнай панарамай, што перад вамi раськiнецца? Пад нагамi зялёным дываном разаслаўся суцэльны сад, паперасяканы блiскучымi асфальтавымi стужкамi дарогаў. Мiж каронаў высокiх разложыстых дрэваў i сьпiчастых таполяў адрозьнiце чырвоныя стрэхi эльзаскiх вёсак; над кожнай зь iх абавязкова дамiнуе высокая вежа гатыцкай сьвятынi. Сярод гушчы зеленi вашае зыркае вока лёгка ўгледзiць высокiя комiны й цёмныя карпусы фабрыкаў Мюльгаўзэна й Кольмара. I тыя дымныя комiны, i шэрыя фабрыкi здадуцца вам зусiм не на месцы ў гэтым пладавiтым велiзарным эльзаскiм садзе. Вока хоча цешыцца зеленьню й прасторам. Грудзi з насалодаю ўцягваюць сьвежае горнае паветра, а зрок павандраваў гэтак далёка - аж да блакiтна-туманнага хрыбта Шварцвальда за Рэйнам. Вы ў такую хвiлiну зьяўляецеся шчаслiвым чалавекам i будзеце дзякаваць Творцу за тое, што маеце магчымасьць напiвацца асалодай аднаго з найпрыгажэйшых вобразаў Ягонага тварэньня.

Але вы, здаецца, знаходзiцеся не ў Вагезах, а на дарозе й наблiжаецеся да вёскi. Уязджаючы ў яе, пэўна-ж заўважыце на правым баку вялiкую статую Збавiцеля або сьв. Дзевы Марыi i, калi вы набожны чалавек, з пакораю сьхiлiце галаву. Чырванастрэхiя, крытыя дахоўкай, тынкаваныя дамы гусьценька абступiлi па абодвух баках вулiцу. Некаторыя зь iх маюць так званыя тырольскiя сьцены, iншыя-ж схавалiся - абрасьлi дзiкiм вiнаградным жываплотам.

Вы, пэўна, ужо не адну гадзiну ў падарожжы й дзеля таго спынiцеся ў мясцовай гасподзе, дзе перш за ўсё замовiце адборнага вiна, каб адагнаць смагу. Сядайце за стол i раскашуйцеся, на колькi дазваляе ваша падарожная кiшэня. Эльзасцы - народ бывалы, турыстаў ведаюць: накормяць, напояць i прыхiнуць.

II

Але мы ня турысты, кiшэнi ў нас пустыя, i час ваенны. Калi-б нам раптам i прысьнiлася, што падарожнiчаем на ўлоньнi мiрнае прыроды дзеля свае асалоды, нядоўга будзе трываць уява. Пагоднае залатое жнiвеньскае цi верасеньскае неба падняло зь няпрыяцельскiх лётнiшчаў цэлую масу ангельскiх ганчакоў 'спiтфаераў' i амэрыканскiх 'мiчэляў'. Пэўна-ж, яны ня кружаць над эльзаскай раўнiнай, каб пры- глядацца чупрынам яблыняў, слiваў цi лiчыць зьверху платы густых вiнаграднiкаў. Шпаркiм лётам снуюць над дарогамi, пiльна сочаць усякi рух адзьдзелаў пад загадамi Трэцяга Райху, цяжкiм грукатам зь лёгкiх гарматак частуюць тых, што былi настолькi неасьцярожнымi, каб у такi сонечны й выгадны для паветраных сiл дзень асьмелiцца ўжываць мясцовыя шляхi зносiнаў.

А гарматкi тыя ня звычайныя. Яны пасылаюць ускосным ланцугом унiз рой вiсклiвых цяжкiх куляў, што пры сутычцы з цвёрдым прадметам - цi гэта садовае дрэва, нямецкая вайсковая аўтамашына, цi мякаць чалавечага цела, або навет i конiка дванаццатае роты - iрвуць аб'ект на сотнi дробных кавалкаў. Кулi тыя завуцца бом-бом, i калi адна, не дай Божа, трапiць у вас, не знойдзеце ратунку. Адно добрае - канец ваш будзе хуткi, бо надта хутка сплывеце крывёю. Дый самае грукатаньне гарматак цяжкое й дэмаралiзуючае. Навет калi й ня вы, а нейкi сусед знойдзецца пад абстрэлам, вы ўсё-ж не на жарты перапалохаецеся. Грукат той скалане вас да самай глыбiнi, моцна патрасе вашы й так ужо напружаныя, а мо й зусiм зьнячуленыя нэрвы. У той момант будзеце праклiнаць хвiлiну, калi вам уздумалася цi было загадана якраз у сонечны дзень апынуцца на гладкай эльзаскай дарозе. Мо на адзiн мiг уявiце, як слаўна было-б, калi-б побач раней яшчэ нехта нарыхтаваў ямку, каб вы маглi цяпер гоцнуць у яе й перачакаць небясьпеку. Але вам кажуць iсьцi далей, i йсьцi трэба. Бо вы-ж ня турысты, й час цяпер ваенны. Бывае, што гэтыя ганчакi апоруць вялiкую ваенную калёну. Як-жа заядла зачнуць яе рваць на дробныя кавалкi, мясiць! Хавайся, хто жывы!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату