- Праваслаўны? Гм... - мармыча пад носам. - Запiшыце яго беларусам.

Капрал вяртаецца да свайго стала. Пяро перачырквае тое незакончанае 'пал' i выводзiць слова, да напiсаньня якога рука надта нязвыклая. Сымон уздыхае з палёгкай i пазiрае на сяброў, што стаяць за iм. 'Ага, бачыце, як трэба? Крышку сьмеласьцi - i ўсё будзе ў парадку. Паспрабуйце-ж цяпер вы запiсацца палякамi', - гаворыць ягоны зрок.

- Наступны! - загадвае капрал. - Як прозьвiшча?

- Жалудовiч.

- Жолондовiч?

- Не Жолондовiч, а Жалудовiч.

- Па-польску будзе Жолондовiч, - нецярплiвiцца капрал.

- Я-ж не казаў, што хачу зьмянiць прозвiшча.

- То ня зьмена. Вы былi раней Жалудовiчам, а цяпер будзеце Жолондовiч! гаворыць капрал з нацiскам, якi не пакiдае нiякiх сумлеваў, што пытаньне вырашана.

Жалудовiч, заклапочаны, цярэбiць за вухам, аглядаецца на сяброў, што ледзь заўважна ўсьмiхаюцца, i ня ведае, што рабiць.

Капралава пяро прыгожымi роўненькiмi чорнымi нiтачкамi напiсала пад рубрыкай 'прозвiшча' Жолондовiч.

- Як iмя?

- Аляксандар.

- Веравызнаньне?

- Каталiк.

- Рыма-каталiк?

- Так.

- Нацыянальнасьць - паляк? - глядзiць капрал на Жалудовiча з усьмешкай, што быццам гаворыць 'Папрабуй-жа сказаць, што не'.

- Не паляк, а беларус.

- Пёрруне! - лае пiсар, злосна кiдаючы асадку аб стол. - А цо то за звежэ? Рыма-каталiк i беларус? Як то можа быць?

- Звычайна, - не трацiць раўнавагi 'Жолондовiч'. - Рэлiгiйная прыналежнасьць - рыма-каталiк, а нацыянальнасьць - беларус.

- Няма каталiкоў беларусаў! - злосна трымае сваё капрал. - Усе каталiкi гэта палякi.

- Так? - зь iронiяй адказвае 'Жолондовiч'. - Дык тады запiшыце, пане капрал, i ўсiх французаў, iтальянцаў i гiшпанцаў палякамi. Яны-ж таксама каталiкi.

Пiсар, зьдзiўлены й анямелы, талопiцца ў Жалудовiча, быццам яму хто мокрай анучай зьехаў па твары.

- Пся крэў! - гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтананта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамi. Капрал вяртаецца да свайго стала, i ў эвiдэнцыйным фармуляры польскае армii родзiцца яшчэ адзiн беларус.

II

База другога польскага корпусу, званая 'сёмкай' у Сан- Базыльё, займала звыш трохсот гактараў плошчы. Заўсёды была па берагi перапоўненая рэкрутамi, што вялiкiм адмiнiстрацыйным апаратам дзялiлiся тут на розныя зброi й адзьдзелы, i або на месцы атрымоўвалi перашкаленьне ў майстэрстве пяхотнае зброi, або высылалiся, пасьля сэгрэгацыi, у iншыя цэнтры шкаленьня. Камянiстая раўнiна была ўсеяна тысячамi палатак. З паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал адзьдзяляў абоз ад нiкому няпрыдатных карлаватых кустоў-зарасьнiкаў.

У цэнтры абозу, пасярод вялiкае плошчы, знаходзiўся даволi вялiкi, збудаваны зь белых вапнякоў будынак. У буднiя днi быў ён кiнатэатрам, у нядзелю - касьцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылi там iмшу. Войска не магло памясьцiцца за адзiн раз у будынку, й дзеля таго iмша паўтаралася.

Адылi ня ўсе жаўнеры iдуць у касьцёл. Праваслаўныя маюць сваю каплiцу побач галоўнае шашы. Iх невялiкая жменя, дый тая пад час службы не мае даволi месца ў палатцы, дзе ледзь памясьцiўся алтар. Сьвятар, стары сiвенькi 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамi, вывезенымi калiсьцi з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй Беларусi i Ўкраiны ў глыб Савецкага Саюзу. Як i ксяндзы, ён мае ступень капiтана й бярэ капiтанскi 'жолд'. Заданьне ягонае духовая апека над праваслаўнымi 'палякамi' й iншымi.

Сьвятар служыць лiтургiю па-славянску, а казаньнi гаворыць па-польску. Язык змагаецца зь няпрывычнай мовай. Выходзiць зусiм ня гладка. Здаецца, што ў кожны момант накiнутая сiлай у царкву польшчына заглохне ў вуснах старога, язык адмовiцца слухаць гаспадара й пераключыцца на чысьцюсенькую расейшчыну.

Мiж наведвальнiкаў праваслаўнае каплiцы бальшыня радавых. Рэдка стрэнеш падафiцэра, а афiцэраў хоць ты са сьвечкай шукай. На грамнiчнае сьвята 1945 года сабралася каля сямiдзесяцi чалавек. Некаторыя ўцiснулiся ў каплiцу, iншыя прыслухоўваюцца да службы блiзка ўваходу, а бальшыня стаiць групкамi воддаль. Мова ў бальшынi польская, рэдка беларуская або ўкраiнская. Адно самыя сьмелыя й сьвядомыя ня толькi не хаваюцца, а быццам наўмысьля дэманструюць сваю няпольскую нацыянальнасьць.

Усё гэта выдаецца нейкiм нярэальным. Сказалi-б вы, што перад вамi стаяць ценi людзей, якiя баяцца самiх сябе. Выкрыўленая сьвятаром мова камiчна пераплятаецца з калечаньнем яе вернiкамi. Адчуваецца, што нечая нябачная рука прыдушыла, але зусiм не зламала яшчэ гэтых людзей. Дзесьцi ў глыбiнi сэрца засталiся родныя парасткi, якiм дай добрую пажыву, сонца й глебу - вырастуць i зацвiтуць сваiм родным.

Зусiм зразумела, што Сымона Спарыша цiкавiць, якiя тут людзi. Дзе-ж ужо тады, калi ня тут сваiх шукаць. Ён i цяпер, паслухаўшы й пэўна ацанiўшы сьвятара, лянiва блукае мiж малымi групкамi й прыслухоўваецца. На вока трапiла тройка, якiх па веку й выгляду назваў-бы спарахнелымi грыбамi. Па iх рухах i павольнай сьпеўнай гутарцы, па берэтах, што, быццам тыя сялянскiя круглыя аладкi, нязграбна ляжаць на пасiвелых галовах, Сымон дагадваецца, што гэта дзядзькi-сяляне. Капрызны лёс некалi адарваў iх ад плугоў, кiнуў на Сiбiр цi ў Нямеччыну, а пасьля прынёс аж сюды.

Адзiн зь iх, росту сярэдняга, гадоў каля пяцiдзесяцi, выцягнуў зь кiшэнi чырвоную вайсковую кнiжку й штосьцi паказвае сябрам. Гаворыць па-польску. Сымон незаўважна асьцярожненька прыблiзiўся.

- А я падаваўся беларусам, - кажа той, трымаючы ў руках кнiжку, - але пакуль запiсалi ў кнiжку, дык палякам зрабiлi.

- Ты беларусам падаўся? - пытае вастраносы, мо саракагадовы субяседнiк.

- Так. I паглядзiце - тут напiсалi паляк.

Тоўстым нязграбным пальцам тыцкае ў кнiжку. Сымон пазiрае цераз плячо. У дзвюх рубрыках, дзе павiнна быць паказана нацыянальнасьць маткi й бацькi паводле нараджэньня, густым чорным чарнiлам замазаныя два словы, а пад нiзом фiгуруе па-ангельску 'полiш' (паляк).

- А вось ты не беларус, - цьвердзiць гаспадару кнiжкi вастраносы.

- Чаму так?

- Ну, бо ў Польшчы жыў. Я таксама праваслаўны, але не беларус. Я табе скажу вось што: дзе быў польскi касьцёл, там ня было беларусаў, а дзе была царква - там былi.

- Дык што гэта ты пляцеш? - адазваўся трэцi. - Гэта-ж цi ня помнiш, што ў нас праваслаўных рускiмi называлi? Так i казалi - польскiя Каляды й рускiя Каляды. Iначай я i ня чуў...

- Дык тыя, што называлi рускiмi, то й былi беларусы.

Сымон спачатку манiўся ўмяшацца ў гутарку, але пасьля памяркаваў, усьмiхнуўся й вярнуўся да сваiх сяброў.

III

Давялося за апошнiх колькi месяцаў нашым гэроям навучыцца глядзець праз пальцы на шмат якiя рэчы, праходзiць безьлiч фармальнасьцяў i дзеля таго, калi пасьля двухнядзельнага побыту загадалi iм стаць да прысягi 'на вернасьць Рэчы Паспалiтай' у тым кiна-касьцёле, загад ня выклiкаў вялiкiх супярэчнасьцяў. Мо паўгода назад, калi-б нехта сказаў iм, што змушаныя будуць прысягаць на бел- чырвоны сьцяг, не адзiн плюнуў-бы гэтаму некаму ў вочы. Сяньня ўважалi акт прысягi простаю фармальнасьцю без значэньня, неабходным злом, якога нiкому зь iх ня мiнуць. Важнае было тое, што гарэла ў сэрцы, а не безьзьмястоўныя для iх гукi шаблённае прысягi ў чужой мове й чужому пану.

Адылi мы далёка размiнулiся-б з праўдай, калi-б сказалi, што нiводнаму зь iх гэта прысяга не лягла цяжкiм болем на сэрцы. Дарма што лёгiка жыцьця падказвала iншае - у сэрцах не пагасла юнацкая любоў да Радзiмы й блiзкiх. Прысяга была той тупой iржавай пiлой, што бязьлiтасна шоргала па крывавячых духовых

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату