- То праўда. Разумна гаворыш. Аж не пазнаю цябе часамi.

- Ну, ты ўжо кпiнкi ня строй, браце. Ясна, што праўда. I чаго-ж цяпер маюць зь сябе шляхоткаў удаваць, калi адзiным матывам iхнiм было выкарыстаньне нашых людзкiх сiл. Тут i прабiваецца, як пад вясну вада празь лёд, тая фальшывасьць, гнiлiзна й недаспеласьць iхнага палiтычнага характару. Заўсёды кiравалiся й кiруюцца лёгiкай таго нэгра, што сказаў: 'Калi я ў каго ўкраў карову - дык гэта добра, а калi хто ў мяне ўкраў карову - дык гэта дрэнна'.

- Ведаеш, я гаварыў зь Дзежкам, i ён раiў, каб мы абое падалiся ахвотнiкамi на фронт, - перайшоў на iншую тэму Лабун.

- На фронт? Ахвотнiкамi? Як гэта разумець?

- Ня ведаю й сам... Надакучыла гэта вазьня рэкруцкая, абрыдла, агоркла проста. Вечна толькi 'зважай' ды 'вольна'. Чацьвёрты цi пяты раз ад таго самага пачынаем. Нейкай перамены трэба было-б.

- Але-ж Дзежкава башка й зварыла. Цi, можа, i твая тут памагла?

- Можа...

- Яго псiна гэта карае, а ён на фронт пайшоў-бы. Якая-ж тут лёгiка?

- Кажа, што асабiстыя прычыны.

- Кiнь ты. Няма ў яго асабiстых прычынаў, выдумкi толькi. Я лепш яго знаю, чымся ты. Зрэшты, калi ззаду можна тое-сёе зманкiраваць, то на фронце ня ўдасца. Цi мо пайшлi-б пры нагодзе ў палон да ранейшага пана? Ах, - махнуў Сымон рукою, устаючы, - я ня думаю, што гэта вы паважна.

- Была такая думка.

- Думкi могуць быць. Асаблiва ў Дзежкi дык аж роiцца ад iх у галаве. Ён, брат, такi гарачы. Як нешта пастановiць, дык зараз загараецца саламяным агнём. А праектаў i думак - цьма. Не хачу слухаць. Слухай, цяпер хачу аб больш празаiчным. Цi ня грызе цябе чарвячок часамi?

- Прызнацца, - пацерабiў Лабун за вухам, - дык грыэе. Варта было-б замарыць.

- Вось цяпер толкам гаворыш. А маеш за што?

- Павiнна дзесь быць.

- Ты-ж ня курыш. У цябе цыгарэтаў, пэўна-ж, i свiньнi не ядуць. Цягнi, брат, хутчэй. А я зараз знайду дзесь макароньнiка, й крышку заморым чарвяка.

- Чарвякоў, - паправiў Лабун, - бо й твайго таксама.

- А ты думаў, я аб якiм гэта? Ну дык ты насалоджвайся матэматыкай, пакуль я вярнуся, - казаў Сымон, узяўшы ад Лабуна дзьве пачкi цыгарэтаў i выходзячы па вiно.

VI

Кожная вёска мае сваiх баб-пляткарак, а кожны вайсковы абоз дзiвакоў-гэрояў. У Сан-Базыльё найбольш папулярным i ведамым гэроем быў ня хто iншы, як сам камандзер базы 7-й дывiзii генэрал Пшэўлоцкi, празваны Прашка. I прычынаю гэтага ня была яго пазыцыя як камандзера абозу, а зусiм iншае. Цi то ён сапраўды быў камiчным, цi то выглядаў камiчным у вачох жаўнераў - было, мабыць, адно й другое. Стаўся аб'ектам показак, жартаў i насьмешак...

Пшэўлоцкi распачаў вайсковую кар'еру яшчэ ў расейскай царскай армii. Быў чалавекам расейскай культуры i ўзгадаваньня. Як нi сьцярогся, расейскiя словы ўсё роўна траплялi ў ягоную мову, як i тая 'пряжка', што сталася ягонай мянушкай. Генэрал меў слабасьць да блiскучых жоўта-залатых спражак, што аздаблялi шырокабрызентавыя ангельскiя вайсковыя пасы. Гэтак, сустрэўшы ў абозе жаўнера ды кiнуўшы вокам на брудны пас i спражку, генэрал нахмурыўся.

- Гэй, стшэльцу! - гукнуў радавога, калi той адсалютаваў.

- Я ёсьць, пане генэрал! - выпрастаўся радавы.

- Чаму ходзiце з такой бруднай пряжкай?

Радавы, зьбянтэжыўшыся, нiчога не адказаў.

- Пытаюся, чаму пряжка брудная? - падняў голас на нотку вышэй Пшэўлоцкi.

- Не разумею, пане генэрал.

- Як гэта не разумееш? Хто за цябе мае чысьцiць?

- Што чысьцiць, пане генэрал?

- Дурнем прыкiдваешся? Пряжку чысьцiць, пся косьць!

- А што гэта такое 'пряжка'?

- Пряжка то ёсьць... гэта ёсьць спшоншка, стшэльцу, - растлумачыў, на момант зьбянтэжыўся Пшэўлоцкi.

Ад гэтага часу мянушка прылiпла да старога афiцэра.

Расейшчына часьценька прабiвалася наверх то ў генэралавай гутарцы, то ў навыках. Аб расейскiм узгадаваньнi Пшэўлоцкага сьведчыў сапраўдны факт, што здарыўся пры адкрыцьцi курсаў для жаўнераў корпусу ў Мачэраце. Генэрал прамаўляў да вучняў, звяртаючы асаблiвую ўвагу на тое, каб не марнавалi часу, казаў, што патрабуе iх Бацькаўшчына, а дзеля таго ён лiчыць патрэбным падкрэслiць трагiзм Польшчы ў мiнулым.

- Польшча патрабуе асвечаных i квалiфiкаваных кадраў як у войску, так i ў iншых дзялянках дзяржаўнага апарату. Старайцеся й вучыцеся, каб гэныя кадры папаўняць, каб народ наш быў мацнейшы, каб у будучынi апяклi рукi тыя, што палезуць па наша дабро.

- На працягу гiсторыi, - палез Пшэўлоцкi ў мiнулае, - Польшча пацярпела тры распадзелы. Здарылася яно так таму, што мы ня былi пiльнымi. Першы распадзел быў у 1772 годзе, другi за дваццаць гадоў i яшчэ за пару гадоў апошнi. Нашы непрыяцелi пачацьвярцiлi Польшчу на тры няроўныя палавiны. З захаду, - тут генэрал намаляваў у паветры нейкую крывулю, быццам дэманструючы дзе, - немцы забралi Памор'е й Пазнаншчыну, з паўдня другi кавалак узялi аўстрыякi, а з усходу мы таксама ўзялi кавалак... цьфу! - запозна спасьцярогся генэрал. - Я хацеў сказаць, што з усходу росыяне забралi кавалак.

Тое неспадзяванае 'мы', замiж расейцы, зьбiла генэрала з панталыку, i ён пачырванеў. Шмат хто з прысутных, ня тоячыся, зарагатаў. Ня ведама, што больш сьмяшыла: цi тое, што Польшчу 'пачацьвярцiлi на тры няроўныя палавiны', ш тое, што пузаценькi афiцэр прыдзялiў сябе да расейцаў, распадзельнiкаў Польшчы.

Акрамя 'пряжак', Пшэўлоцкi зьвяртаў цi не найбольшую ўвагу на салютаваньне. У базе сёмай дывiзii прыгадвалi iншае здарэньне, што магло адпавядаць праўдзе.

Пры армii была дапаможная жаночая служба, афiцыяльна ведамая як 'Помоцнiча Служба Кобеца' (у скарочаньнi ПСК - пээска). Ад гэтых скаротаў усiх жанчын пры войску ахрысьцiлi 'пэсткамi'. Пару сотняў было iх у Сан-Базыльё.

I вось, апавядаюць, выяжджае Пшэўлоцкi джыпам з абозу на шашу. Сьпераду шафёр, а ззаду, развалiўшыся на сядзеньнi, выставiўшы кругленькi жывоцiк, сам генэрал. Сьпераду джыпа, на самым цэнтральным месцы над радыятарам, хвалюецца ў ветры малы генэральскi сьцяжок. Высокi пасажыр, пагладжваючы жывоцiк, разглядаецца навокал.

Непадалёк за брамай абозу трапляе яму на вока маладая дзяўчына ў вайсковым адзеньнi. На вялiкае генэралава здзiўленьне, яна ня толькi не салютуе, але, здаецца, навет не спасьцерагае генэралавай машыны, анi пасажыра ў ёй.

- Стой, Збысю! - загадвае шафёру генэрал.

Машына борзда затрымоўваецца, а Збысь узiраецца ў камандзера.

- Кранi машыну назад да гэнай 'пэсткi', - паказвае зрокам афiцэр дзяўчыну, што засталася крокаў больш дваццацi ззаду.

Аўтамабiль едзе назад i затрымоўваеца каля 'пэсткi'.

На твары ў дзяўчыны зьяўляецца цень зацiкаўленьня. 'Няўжо-ж ён вярнуўся, каб мяне ўзяць ды падвезьцi?' - думае, вiдаць, яна.

- Охотнiчко! - пачынае высокiм тонам Пшэўлоцкi.

- Так ест, пане...

- Хадзi блiжэй!

Дзяўчына падыходзiць.

- Паглядзi сюды! Едзе генэральскае аўта, на перадзе фур-фур повева хоронгеўка i генэрал сядзiць, як бык... а охотнiчка для чэго не салютуе?

'Пэстка' зусiм анесьмялела й згубiла язык, асаблiва таму, што генэрал параўнаў сябе да быка.

Хутка па абозе Сан-Базыльё ды незадоўга й па цэлай армii пачалi 'пэстак' дражнiць генэралам-быком. Iдзе, бывала, якi Ясё цi Здзiсё й сустрэне 'пэстку'.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату