падпёршы падбародак; пазяхаючы ды ўздыхаючы, пачне шкадаваць, чаму салодкi сон забыцьця ня трываў далей, чаму на зьмену прыйшоў бязьлiтасны кашмар сапраўднасьцi. У гэны момант як нельга лепш ацэнiць ён волю й нiколi ўжо ня зможа забыцца, якую вартасьць мае сон, забыцьцё, нябыт, летуценьнi. Калi мае крылатае ўяўленьне, дык пры дапамозе яго, магчыма, зробiць выснаў, што найлепш змог-бы адсядзець у вязьнiцы, калi-б увесь час мог спаць або знаходзiцца ў забыцьцi. Яшчэ ўчора, ведзены ў вязьнiцу, уяўляў, пэўна-ж, гэту няцiкавую сапраўднасьць, фiзычную нядолю. Адылi й цяпер ужо, пасьля першага пачуцьцёвага ўструсу, здолеў пагадзiцца, што хаця-нехаця, а мусiць зжыцца з абставiнамi, што гэтыя абставiны iснуюць i iснаваць будуць ад яго зусiм незалежна. Ён ужо дасьць гэтым абставiнам правы грамадзянства дзесьцi ў малой каморачцы свайго пачуцьця й розуму. Зразумее, што й сам цяпер зьяўляецца арганiчнай, шэрай, бястварай часьцiнай гэтых абставiнаў, што мусiць падрыхтавацца фiзычна й духова, прытарнавацца найвыгадней i найлепш, каб перажыць з найменшай для сябе стратай той быт-нябыт.

Але непераможны й заўсёды прысутны iнстынкт самазахаваньня вечна шэпча й падказвае iншае, заўсёды намагаецца ратаваць, абнадзейваць, цягнуць з прадоньня. Ён - падсьведамы й, здавалася-б, неазначаны, але заўсёды прысутны i ў момант фiзычнага цi духовага крызiсу сьпяшае людзкой iстоце на хуткi ратунак. Паколькi фiзычнае iснаваньне чалавека бязвыхаднае, ён цягне пачуцьцёва-разумовую людзкую iстоту цераз адзiн парог часовага ратунку, пераносiць яе ў зусiм iншы сьвет - туды, дзе сам чалавек зьяўляецца поўным i абсалютным валадаром быту й нябыту - у сьвет мараў i лятуценьняў. Кожны чалавек, няхай будзе ён найбольшы скэптык, самы заядлы пэсымiст i нявера, мае гэткi сьвет - менш або больш абмежаваны. Туды ён у найбольш цяжкiя й крытычныя хвiлiны ўцякае ад назойлiвай сапраўднасьцi, там валадарыць i як магутна крылаты арол бушуе па неабсяжных прасторах летуценьняў. Шматочкi парваных i разьбiтых надзеяў саўюцца ў тонкую пражу нейкай суцэльнасьцi, з руiнаў разбуранага й разьвеянага духовага самабыту пачнуць вышукоўвацца рэшткi, макулiнкi веры ў лепшае й сьвятлейшае. Паўстануць падпоры й масты, празь якiя зьняможаны духовы арганiзм пачне памалу, вобмацкам крочыць праз безданi да будучынi. Адно нявера можа затрымацца над непраходным прадоньнем, а ў веруючага народзiцца надзея, аснованая на вечнай, адзiнай i незаменнай боскай справядлiвасьцi. Нефартунны духовы мучанiк даверыць сябе ў рукi апекi й ласкi Найвышэйшага i Ўсемагутнага. У гэты час духовага ўпадку й фiзычнага крызiсу ён пачне мацнець любоўю да Адзiнаправiльнага Валадара. Iнстынкт самазахаваньня, узброiўшы гэткiм чынам прагнучага дапамогi, прынясе яму найбольшую ўслугу якраз тым, што ў першапачатковай стадыi свайго дзеяньня зьяўляецца штуршком, пабуджальнiкам успамагальных сiлаў духовае натуры, мабiлiзатарам крынiцаў супрацьдзеяньня й абароны перад цяжкой рэальнасьцю.

II

У нармальных мiрных умовах дзяцiнства, пакуль чалавек не стане на собскiя ногi, навет падбiраючыся, а то й пераскочыўшы жыцьцёвую дваццатку, ён рэдка мае змогу з аб'ектыўнасьцю заглянуць жыцьцёвай рэчаiснасьцi ў вочы. Абапiрае свае мяркаваньнi й крокi на слаба абгрунтаваных, а то й фальшывых поглядах, бачачы твар жыцьця праз сваю, асаблiвую адно для яго, прызму. Адсюль такiя шматлiкiя ў юнацкiм веку памылкi, рашчараваньнi цi iншыя няшчасьцi.

Сымон Спарыш мала меў часу, каб дасьпяваць у нармальных спакойных абставiнах ды паўтараць тыя памылкi, што рабiлi раней i будуць прадаўжаць рабiць пазьней юнакi ранейшых i будучых пакаленьняў.

Сусьветны катаклiзм кiнуў яго ў лiку iншых сяброў на скрыжаваньнi пякельных дарог, туды, дзе разьюшаная сiла й гвалт. Там ня мелi вагi анi пачуцьцё, нi розум. Сiла была правам, а права - сiлаю. Магутны цыклён-гiгант душыў i цёр на мязгу ўсё падатнае й слабое, арганiчна хворае, фiзычна нятрывалае й крохкае. Трывала й буйнела адно моцнае й непахiснае.

Як малая, цьвёрда зьлепленая снежная куля, кiнутая па зьмякчаным адлiгаю снегу з высокай горнай вяршынi, буйнее, таўсьцее й набiрае разгону й сiлы па дарозе ды крышыць пасьля й нiшчыць усё жывое й мёртвае, гэтак раздзьмуханая сiла ваеннага гвалту й зьнiшчэньня, здавалася, што далей, то больш набiрала моцы й iмпэту. Дэструкцыйнасьць ваеннае сiлы ня можа быць рацыянальнай, поўнасьцю накiраванай цi кантраляванай. У меру павялiчэньня ейнае разьюшанае гвалтоўнасьцi першапачатковыя дзейнiкi, што выклiкалi яе з пэўнымi вызначанымi мэтамi, трацяць над ёю навет частковы кантроль. Гэтаксама, як у групе падвыпiтых дзецюкоў паб'юцца двое, пасьля-ж на дапамогу цi проста, каб узяць нейкi ўдзел, прыйдуць усе непаклiканыя, й зробiцца неразбярыха такая, што пад канец няведама, каго вiнавацiць, - таксама i ў вялiкiх войнах. Пасьля пэўнае мяжы сiла гвалту выклiкае дзейнасьць пабочных элемэнтаў, дзеля розыгрышу асноўнае стаўкi непатрэбных. Гэтак бандыты рабуюць i забiваюць, выкарыстоўваючы ваеннае бязладзьдзе там, дзе няма пiльнага вока ўлады; садысты страляюць i жыўцом паляць людзей не дзеля таго, што гэта неабходна, а таму, каб насыцiць сваю зьвярыную прагавiтасьць сьмерцi й зьнiшчэньня iншых. Нарэшце навет найбольш нэйтральныя, што, як кажуць, 'Богу духа вiноўныя', дзеля свае абароны змушаны прыняць удзел у агульнай разьнi й забойствах. Хто-ж пасьля гэтага здолее разабрацца - дзе, хто i ў чым вiнаваты? У Беларусi падчас Другой сусьветнай вайны бальшыня сялянскiх вёсак, пераважна зь лясных раёнаў краiны, пайшла з дымам. Жыхары - або там-жа жыўцом паленыя, або страляныя - не жадалi браць удзел у чужой для iх вайне двух тытанаў. Хiба-ж iхняя вiна палягала ў тым, што ня сумелi ў час абаранiцца...

Маладому Сымону ў галаве не мясьцiлася, што цывiлiзаваны чалавек можа перайсьцi ўсе межы дзiкасьцi й быць рухавiком такога ўсеагульнага гвалту купацца ў крывi, засьцiлаць касьцьмi нявiнных мiльёнаў прасторы сьвету й пры гэтым яшчэ сьпяваць гiмны й оды вялiкiм i малым катам. Гэта звярыная крайнасьць людзкой натуры да глыбiнi скаланула й зрушыла нясьмелыя яшчэ погляды юнака, паставiла перад iм цэлы сьцяг пытаньняў, на якiя нельга было знайсьцi гатовых адказаў.

'Чалавека, што забiвае, называюць зьверам, - думаў юнак, - але-ж зьвер, калi ён забiвае, то ня без патрэбы. Найчасьцей спажывае здабычу, пасьля адпачывае й не мае патрэбы зьнiшчаць iншых дзеля самога толькi зьнiшчэньня. Iнакш кажучы, зьвер робiць толькi бiялагiчную функцыю, забiвае для ўтрыманьня пры жыцьцi свайго арганiзма, робiць тое, да чаго паклiканы ў прыродзе, рэдка цi навет нiколi ня выходзiць за рамы бiялагiчных нормаў iснаваньня. Зусiм iншае з чалавекам. Ён паклiканы не для забойства, а для сужыцьця зь iншымi ў любовi. Бог стварыў яго, даў розум, каб дасканалiўся й наследаваў Творцу. Да забойства пхае яго прагавiтасьць, ненасычанасьць. Раз распачаўшы гвалт над iншымi, ня ведае межаў. Калi, такiм чынам, параўноўваць чалавека са зьверам, то параўнаньне выпала-б на карысьць апошняга. Больш таго: калi-б зьвер меў розум i ведаў, што ягоным iменем празываюць чалавека-забойцу, то, пэўна-ж, моцна пакрыўдзiўся-б. Было-б гэта для яго цi не найбольшай зьнявагай'.

Пасьля такiх крайнасьцяў у сваiх роздумах i выснавах Сымон мяркаваў, што чалавеку добраму, якi трымаецца Божых прыказаньняў, няма на зямлi месца. Ён заўсёды будзе крыўджаны й эксплуатаваны, таптаны й бiты iншымi. 'Сярод ваўкоў вый па-воўчаму', - прыходзiла на думку старая народная мудрасьць. Перад уяўленьнем прабягаў шлях беларускага народу за апошнiх пару стагодзьдзяў шлях нядолi, крыўдаў i зьдзекаў з боку чужынцаў.

Цi беларус выйграў што-небудзь таму, што ня бiў i ня гвалцiў, што служыў чужым панам? Чым менш супрацiўляўся, тым больш зносiў крыўдаў. Сьвет, аснованы на сiле, лiчыцца адно зь сiлаю. Нiхто нiколi ня ўважыць слабога, няважна, колькi-б ён малiўся цi прасiўся, колькi-б нi даводзiў аб сваiх правох, аб дабрынi, чысьцiнi душы й сэрца.

III

Як таму вязьню, што першы раз абудзiўся з начнога сну ў вязьнiцы, здавалася часамi Сымону, што ўся гэта жахлiвасьць гвалту й сiлы, гэты жудасны рогат сьмерцi, панарамы папялiшчаў i могiльнiкаў, людзкой нядолi й енкаў зьяўляюцца адно благiм сном, што ня можа-ж гэта быць, што ёсьць-жа нейкiя нормы маралi, iснуе-ж нейкая любоў на сьвеце, дабрата ў сэрцы чалавечым. Пытаўся ня раз сам сябе: цi дзякуючы нейкаму нявытлумачальнаму прыпадку ня сьнiць ён часамi, цi прост- напраст ня здурэў?

Да агульных гэткiх перажываньняў далучалiся зусiм асабiстыя, сямейныя. Постаць старога, хваравiтага, спрацаванага бацькi рэдка пакiдала юнакова ўяўленьне. Сьнiў страшныя сны: то капаў бацьку магiлку, то бачыў бацьку ў дамавiне, то выносiў тую дамавiну й спушчаў у яму. Цэлы цыкл сноў ад часу выхаду з Бацькаўшчыны аж да Iталii й далей заўсёды круцiўся навокал бацькi.

'Цi не завiнiў я часам перад iм? - пытаў сябе. - Цi ня мусiў я застацца ў хаце й быць яму падпораю, дапамогаю на старасьцi? А мо, - i пры гэтай думцы аж дрыжэў хлапец з жаху, - мо бальшавiкi ўжо зьвялi яго са сьвету за тое, што я пакiнуў дом i што, будучы яшчэ дома, нiдзе ня крыўся са сваймi антыбальшавiцкiмi паглядамi? Цэлая-ж вёска аб тым ведала. А цi-ж ня было ў вёсцы здраднiкаў-юдаў, дрэнных людзей?'

Думкi пра бацьку й сям'ю не давалi хлапцу супакою. Часьценька ўночы, сасьнiўшы бацьку, найчасьцей мёртвага, з дрыготамi будзiўся й выцiраў з твару халодны пот. Доўга пасьля ляжаў, адплюшчыўшы вочы, углядаючыся ў цемру й раздумваючы над цяжкiм лёсам. Адылi як мага падбадзёрваў сябе й мацаваўся на духу, прысягаючы на бацьку, радзiму i ўсiх сьвятых, што выкарыстае рэшту свайго жыцьця, не пашкадуе

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату