празвалi б 'ранiшняй зоркай' - выпала з рук, а вочы ўтаропiлiся на месяц, па якiм цяпер падарожнiчала душа вартаўнiка.
- Гэй, вартаўнiк, якi час? - спытаў нейкi мiнак; не дачакаўшыся адказу, ён пстрыкнуў вартаўнiка па носе. Цела страцiла раўнавагу i на ўсю даўжыню выцягнулася на ходнiках.
Мiнак вырашыў, што вартаўнiк памёр, i жахнуўся, а мёртвы так i застаўся мёртвым. Аб гэтым паведамiлi куды трэба, i ранiцай цела адвезлi ў бальнiцу.
Вось заварылася б каша, калi б душа вярнулася i, як i трэба чакаць, узялася шукаць сваё цела там, дзе рассталася з iм, гэта значыць, на Ўсходняй вулiцы. Выявiўшы прапажу, яна хутчэй за ўсё адразу ж кiнулася б у палiцыю, у адрасны стол, адтуль у бюро па вышуку рэчаў, каб даць аб'яву аб прапажы ў газеце, i толькi ў апошнюю чаргу накiравалася б у бальнiцу. Зрэшты, аб душы турбавацца няма чаго - калi яна дзейнiчае самастойна, усё iдзе цудоўна, i толькi цела перашкаджае ёй i прымушае яе рабiць глупствы.
Дык вось, калi вартаўнiка прывезлi ў бальнiцу i ўнеслi ў трупярню, з яго першым чынам, канечне, знялi галёшы, i душы воляй-няволяй давялося перапынiць сваё падарожжа i вярнуцца ў цела. Яна адразу знайшла яго, i вартаўнiк тут жа ажыў. Потым ён запэўнiваў, што гэта была самая вар'яцкая ноч у яго жыццi. Ён нават за дзве маркi не згадзiўся б зноў перажыць такiя жахi. Зрэшты, цяпер усё гэта ззаду.
Вартаўнiка выпiсалi ў той жа дзень, а галёшы засталiся ў бальнiцы.
IV. 'Галаваломка'. Дэкламацыя. Зусiм незвычайнае падарожжа
Кожны жыхар Капенгагена шмат разоў бачыў галоўны ўваход у гарадскую Фрэдэрыксбергскую бальнiцу, але паколькi гэтую гiсторыю, магчыма, будуць чытаць не толькi капенгагенцы, нам давядзецца даць сякiя-такiя тлумачэннi.
Справа ў тым, што бальнiцу аддзяляе ад вулiцы даволi высокая агароджа з тоўстых жалезных прутоў. Пруты гэтыя расстаўлены так рэдка, што многiя практыканты, асаблiва хударлявыя, дахiтраюцца працiснуцца памiж iмi, калi ў няўрочны час хочуць выбрацца ў горад. Цяжэй за ўсё iм прасунуць галаву, так што i ў гэтым выпадку, як, зрэшты, нярэдка бывае ў жыццi, вялiкагаловым прыходзiлася туга... Ну, для ўступу гэтага хопiць.
У той вечар у бальнiцы якраз дзяжурыў адзiн малады лекар, аб якiм хоць i можна было сказаць, што 'галава ў яго вялiкая', але... толькi ў самым прамым сэнсе слова. Iшоў пралiўны дождж; аднак, нягледзячы на непагадзь i дзяжурства, лекар усё-такi вырашыў збегаць у горад па нейкiх неадкладных справах, - хоць бы на чвэрць гадзiнкi. 'Няма чаго, - думаў ён, - звязвацца з брамнiкам, калi можна пралезцi скрозь пруты'. У вестыбюлi ўсё яшчэ валялiся галёшы, забытыя вартаўнiком. У такi лiвень яны былi вельмi дарэчы, i лекар надзеў iх, не здагадваючыся, што гэта галёшы шчасця. Цяпер заставалася толькi працiснуцца памiж жалезнымi прутамi, чаго яму яшчэ нi разу не даводзiлася рабiць.
- Божа, толькi б працiснуць галаву, - прамовiў ён.
I ў той жа момант галава яго, хаця i вельмi вялiкая, удачна праскочыла памiж прутамi, - не без дапамогi галёшаў, зразумела.
Цяпер справа была за тулавам, але яму нiяк не ўдавалася пралезцi.
- Ух, якi я тоўсты! - скардзiўся студэнт. - А я дык думаў, што галаву прасунуць будзе цяжэй за ўсё. Не, не пралезцi мне!
Ён хацеў адразу ж выцягнуць галаву назад, але не тут было: яна застрамiлася безнадзейна, ён мог толькi круцiць ёю колькi заўгодна i без усялякага толку. Спачатку лекар проста раззлаваўся, але хутка настрой у яго сапсаваўся дарэшты: галёшы паставiлi яго прама-такi ў жахлiвае становiшча.
На няшчасце, ён нiяк не здагадваўся, што трэба пажадаць вызвалiцца, i колькi нi круцiў галавой, яна не пралазiла назад. Дождж усё лiў i лiў, i на вулiцы не было нi душы. Да званка, каб паклiкаць дворнiка, усё- адно нельга было дацягнуцца, а сам вызвалiцца ён не мог. Ён баяўся, што, чаго добрага, давядзецца прастаяць так да ранiцы, бо толькi ранiцай можна будзе паслаць па каваля, каб ён перапiлаваў агароджу. I наўрад цi ўдасца перапiлаваць яе хутка, а на шум збягуцца школьнiкi, усе навакольныя жыхары, - так, так, збягуцца i будуць дзiвiцца на лекара, якi скурчыўся, як злачынца каля ганебнага слупа; дзiвiцца, як у мiнулым годзе на велiзарную агаву, калi яна расцвiла.
- Ой, кроў так i прылiвае да галавы. Не, я так з розуму звiхнуся! Так, так звiхнуся з розуму! Ох, толькi б мне вызвалiцца!
Даўно ўжо трэба было лекару сказаць гэта: у тую ж хвiлiну галава яго свабодна прайшла памiж прутамi, i ён стрымгалоў кiнуўся назад, зусiм звар'яцеўшы ад страху, у якi яго ўвагналi галёшы шчасця.
Але калi вы думаеце, што гэтым справа i скончылася, то глыбока памыляецеся. Не, самае горшае яшчэ наперадзе.
Прайшла ноч, надышоў новы дзень, а па галёшы ўсё нiхто не з'яўляўся.
Вечарам у маленькiм тэатры, размешчаным на вулiцы Каннiке, давалi прадстаўленне. Глядзельная зала была поўная. У лiку iншых артыстаў адзiн чытальнiк прадэкламаваў верш пад назвай 'Бабулiны акуляры':
Быў у маёй бабулi дзiўны дар,
Якому пазайздросцiў бы вядзьмар.
Бо ёй вядома ўсё i нават болей:
Магла iсцi праз час уласнай воляй,
Магла пранiкнуць у вякi паглядам,
Ды не канчалiся яе расказы ладам.
'Якiя нам, - пытаю, як i ўсе,
Наступны год падзеi прынясе?
Што мае быць у нашым гаспадарстве?'
Але бабуля, спрытная ў каварстве,
Маўчыць упарта i ў адказ нi слова.
I часам пасварыцца на мяне гатова.
Ды як ёй выстаяць? I тут жа гнеў астыў,
Бо я ў яе любiмцам быў.
'Хай будзе так, як просiш, - i свае
Бабуля акуляры мне дае.
Цяпер, нябожа, паспяшы туды,
Дзе просты люд збiраецца заўжды.
Блiжэй да iх, як можаш, падыдзi,
На гурт праз акуляры паглядзi.
Калодай картаў раптам стануць людзi.
Па картах зразумееш, што было, што будзе?'
I я пайшоў, сказаўшы 'дзякуй' згодна.
Ды дзе знайсцi натоўп? На плошчы, верагодна.
На плошчы? Не люблю, аднак, я сцюжы.
На вулiцы? Там гразь, слата i лужы.
А што, як у тэатры? Там, па-мойму,
Шумлiвую я напаткаю плойму.
I вось я тут. Аракулам каб стаць,
Патрэбна акуляры мне дастаць.
А вы сядзiце цiха, без нуды,
Бо кожны ляжа ў карты, i тады
Вам будзе вiдна ў далечы таемнай.
Маўчанне - знак уцямнасцi ўзаемнай.
Я распытаю зараз лёс i не дарэмна
З карысцю для сябе, з карысцю для народа.
Дык вось! Што скажа картаў нам калода?
(Надзявае акуляры)
Якую бачу я пацеху!
Вы, праўда ж, лопнулi б ад смеху,
Калi б зiрнулi на тузоў бубновых,
На гордых дам i каралёў суровых!
Тут пiкi, трэфы чорныя, як сажа,
Ды карта кожная што-небудзь нам раскажа.
Вось дама пiк, аблашчаная светам,
А закахалася ў бубновага валета.