Аднак што ж болей карты прадракаюць?

Для дома многа грошай абяцаюць

I госця з чужаземнай стараны,

А зрэшты, не патрэбны нам яны.

Размову пажадалi б вы пачаць

З саслоўяў? Лепей памаўчаць!

Параду дам, якi ж у ёй сакрэт:

Вы хлеб не адбiвалi б у газет.

Цi аб тэатры? Сварцы закулiснай?

Ну, не! З дырэкцыяй жыву бескампрамiсна.

Аб заўтрашнiм быццi? Ды вось якая справа:

Благое ведаць надта не цiкава.

Я знаю ўсё, але карысцi мала,

Пакуль часiна ведаў не настала!

Што, што? Хто шчаслiвейшы памiж вас?

Ага! Шчаслiўца вылучыць сам час...

Яго па ўсмешцы лёгка падлавiць,

Але прыйшлося б iншых засмуцiць!

Хто болей пражыве? Ах, ён? Цудоўна!

Ды гаварыць пра гэта не тактоўна.

Сказаць? Сказаць? Сказаць цi не?

Не, не скажу - адказ такi ў мяне!

Баюся, што магу зняважыць вас,

Лепш думкi вашы прачытаю ў гэты час,

Сабраўшы чарадзейных сiл запас.

Жадаеце вы знаць? Ды хопiць, пэўна, кпiн:

Здаецца вам, што я для вас адзiн

Мялю лухту з якiх ужо часiн.

Цяпер маўчу, i прыйдзе апраўданне,

Цяпер хачу ўчуць ваша меркаванне.

Дэкламаваў чытальнiк цудоўна, у зале загрымелi воплескi.

Сярод публiкi знаходзiўся i наш злашчасны лекар. Ён, здавалася, ужо забыў свае смешныя прыгоды, перажытыя мiнулай ноччу. Выпраўляючыся ў тэатр, ён зноў надзеў галёшы - iх пакуль яшчэ нiхто не запатрабаваў, а на вулiцы была слата, так што яны маглi саслужыць яму добрую службу. I саслужылi!

Верш зрабiў вялiкае ўражанне на нашага лекара. Яму вельмi спадабалася iдэя, i ён падумаў, што добра было б здабыць такiя акуляры. Крыху патрэнiраваўшыся, можна было б навучыцца чытаць у сэрцах людзей, а гэта намнога цiкавей, чым заглядваць у будучы год, - ён жа ўсё-адно надыдзе рана цi позна, а вось у душу да чалавека iнакш не заглянеш.

'Узяць бы, скажам, гледачоў першага рада, - думаў лекар, - i паглядзець, што робiцца ў iх на сэрцы, - павiнен жа быць туды ўваход, накшталт як у краму. Чаго б я там не наглядзеўся, трэба меркаваць! У гэтай вось дамы ў сэрцы, напэўна, змяшчаецца цэлая галантарэйная крама. А ў гэтай яна ўжо апусцела, толькi варта б яе як належыць памыць ды пачысцiць. Але можна набрысцi i на салiдныя крамы. 'Ах, - уздыхнуў лекар, - ведаю я такую краму, аднак, на жаль, прыказчык для яе ўжо знайшоўся, i гэта адзiны яе недахоп. А ў многiя iншыя, напэўна, заклiкалi б: 'Заходзьце, калi ласка, да нас, мiласцi просiм!' Але ж, вось бы зайсцi туды ў выглядзе дробненькай думкi, прагуляцца б па сэрцах!'

Сказана - зроблена! Толькi пажадай - вось усё, што трэба галёшам шчасця. Лекар раптам увесь неяк змiзарнеў, стаў зусiм малюсенькiм i пачаў сваё незвычайнае падарожжа па сэрцах гледачоў першага рада.

Першае сэрца, у якое ён трапiў, належала адной даме, але бедачына лекар спачатку падумаў, што апынуўся ў артапедычным iнстытуце, дзе лекары лечаць хворых, выдаляючы розныя пухлiны i выпраўляючы калецтвы. У пакоi, куды зайшоў наш лекар, былi развешаны шматлiкiя гiпсавыя злепкi з гэтых выродлiвых частак цела. Уся рознiца толькi ў тым, што ў сапраўдным iнстытуце злепкi здымаюцца, як толькi хворы туды паступае, а ў гэтым сэрцы яны выраблялiся тады, калi з яго выпiсваўся здаровы чалавек.

Сярод iншых у сэрцы гэтай дамы захоўвалiся злепкi, знятыя з фiзiчных i маральных выродстваў i ўсiх яе сябровак.

Лекар хутка перавандраваў у другое жаночае сэрца, - i на гэты раз яму здалося, што ён уступiў у светлы прасторны храм. Над алтаром лунаў белы голуб - увасабленне цнатлiвасцi. Лекар хацеў было схiлiць каленi, але яму трэба было спяшацца далей, у наступнае сэрца, i толькi ў вушах яго яшчэ доўга гучала музыка аргана. Ён нават адчуў, што стаў яшчэ лепшы i чысцейшы, чым быў раней, i варты цяпер увайсцi ў наступнае свяцiлiшча, якое аказалася беднай каморкай, дзе ляжала хворая мацi. Але ў адчыненыя насцеж вокны лiлiся цёплыя сонечныя промнi, дзiвосныя ружы, што расцвiлi ў скрыначцы пад акном, хiталi галоўкамi, кiваючы хворай, дзве нябесна-блакiтныя птушачкi спявалi песеньку аб дзiцячых радасцях, а хворая мацi прасiла шчасця для сваёй дачкi.

Потым наш лекар на карачках перапоўз у мясную краму; яна была завалена мясам, - i куды б ён нi памкнуўся, усюды натыкаўся на тушы. Гэта было сэрца аднаго багатага, вельмi паважанага чалавека, - яго iмя, напэўна, можна знайсцi ў гарадскiм даведнiку.

Адтуль лекар перавандраваў у сэрца яго жонкi. Яно ўяўляла сабой старую, амаль разбураную галубятню. Партрэт мужа быў узняты ў ёй замест флюгера; да яе былi таксама прымацаваны ўваходныя дзверы, якiя то адчынялiся, то зачынялiся у залежнасцi ад таго, куды паварочваўся муж.

Потым лекар трапiў у пакой з люстранымi сценамi, такi ж, як у палацы Розенборг, але тут люстэркi былi павелiчальнымi, яны ўсё павялiчвалi ў многа разоў. Пасярод пакоя ўзвышалася на троне маленькае 'я' ўладальнiка гэтага сэрца i захаплялася сваёй уласнай велiччу.

Адтуль лекар перабраўся ў другое сэрца, i яму падалося, што ён трапiў у вузкi iгольнiк, набiты вострымi iголкамi. Ён было вырашыў, што гэта сэрца якой-небудзь старой дзевы, але памылiўся: яно належала ўзнагароджанаму мноствам ордэнаў маладому вайскоўцу, аб якiм гаварылi, што ён 'чалавек з сэрцам i розумам'.

Нарэшце бедны лекар выбраўся з апошняга сэрца i, зусiм ашалеўшы, яшчэ доўга нiяк не мог сабрацца з думкамi. Ва ўсiм ён вiнавацiў сваю буйную фантазiю.

'Бог ведае што такое! - уздыхнуў ён. - Не, я пэўна сходжу з розуму. I якая дзiкая тут гарачыня! Кроў так i прылiвае да галавы. - Тут ён успомнiў аб сваiх учарашнiх прыгодах каля бальнiчнай агароджы. - Вось калi я захварэў! - падумаў ён. - Патрэбна своечасова ўзяцца за лячэнне. Кажуць, што ў такiх выпадках больш за ўсё карыснейшая руская лазня. Ах, калi б я ўжо ляжаў на палку'.

I ён сапраўды апынуўся ў лазнi на самым верхнiм палку. Але ляжаў там зусiм апрануты, у ботах i галёшах, а са столi на твар яму капала гарачая вада.

- Ой! - закрычаў лекар i пабег хутчэй прыняць душ.

Лазеншчык таксама закрычаў: ён спалохаўся, убачыўшы ў лазнi апранутага чалавека.

Наш лекар, не разгубiўшыся, шапнуў яму:

- Не бойся, гэта я на спрэчку, - але, вярнуўшыся дахаты, першым чынам паставiў сабе адзiн вялiкi пластыр са шпанскiх мушак на шыю, а другi на спiну, каб выцягнуць дурноту з галавы.

Наранiцу ўся спiна ў яго набракла крывёю - вось i ўсё, чым яго аддзячылi галёшы шчасця.

V. Ператварэнне палiцэйскага пiсара

Наш знаёмы вартаўнiк мiж тым успомнiў пра галёшы, якiя знайшоў на вулiцы, а пасля пакiнуў у бальнiцы, i забраў iх адтуль.

Але нi лейтэнант, нi суседзi не прызнавалi гэтых галёшаў сваiмi, i вартаўнiк занёс iх у палiцыю.

- Ды яны як дзве кроплi вады падобныя на мае - сказаў адзiн з палiцэйскiх пiсараў, паставiўшы знаходку побач са сваiмi галёшамi i ўважлiва яе разглядаючы. - Тут i вопытнае вока шаўца не адрознiла б адну пару ад другой.

- Пан пiсар, - звярнуўся да яго палiцэйскi, якi зайшоў з нейкiмi паперамi.

Пiсар паразмаўляў з iм, а калi зноў зiрнуў на абедзве пары галёшаў, то ўжо i сам перастаў разумець, якая з iх яго пара - тая, што стаiць справа, цi тая, што злева.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату