Уночы зрабiлася зусiм цёмна, нават светлячкi не свяцiлi ў iмхах. Элiза ўляглася на траву i заснула.
Ранiцай яна накiравалася далей i раптам сустрэла бабулю з кошыкам ягад. Бабуля дала дзяўчыне жменю ягад, а Элiза спытала ў яе, цi не праязджалi тут, па лесе, адзiнаццаць прынцаў.
- Не, - сказала бабуля, - прынцаў я не бачыла, але ўчора я бачыла тут на рацэ адзiнаццаць лебедзяў у залатых каронах.
I бабуля вывела Элiзу да стромы, пад якой працякала рака. Элiза развiталася з бабуляй i пайшла па беразе ракi.
Доўга iшла Элiза, i раптам перад ёю адкрылася бяскрайняе мора. Нi аднаго ветразя не было бачна на моры, нiводнага чоўна не было поблiз.
Элiза села на камень ля самага берага i задумалася: што ж ёй рабiць, куды iсцi далей?
Да ног Элiзы падбягалi марскiя хвалi, яны неслi з сабою дробныя каменьчыкi. Вада сцёрла вострыя краi каменьчыкаў, i яны былi зусiм гладкiя i круглыя.
I дзяўчына падумала: 'Колькi працы патрэбна, каб цвёрды камень зрабiць гладкiм i круглым! А вось вада робiць гэта. Мора нястомна i цярплiва коцiць свае хвалi i перамагае самыя цвёрдыя камянi. Дзякуй вам за гэта, што вы навучылi мяне, светлыя хуткiя хвалi! Я буду, як i вы, нястомна працаваць. Сэрца гаворыць мне, што калi-небудзь вы аднясеце мяне да маiх любых братоў!'
На беразе, сярод сухiх водарасцяў, Элiза знайшла адзiнаццаць белых лебядзiных пёрак. На пёрках яшчэ блiшчэлi кроплi - расы цi слёзаў, хто ведае? Вакол было пуста, але Элiза не адчувала сябе адзiнокай. Яна глядзела на мора i не магла наглядзецца.
Вось насоўваецца на мора вялiкая чорная хмара, вецер мацнее, i мора таксама чарнее, хвалюецца i бурлiць. Але хмара прайшла, па небе плывуць ружовыя воблакi, вецер сцiхае, i мора ўжо спакойнае, цяпер яно падобнае на пялёстак ружы. То зялёнае робiцца яно, то белае. Але як бы цiха нi было ў паветры i якое б спакойнае нi было мора, ля берага заўжды шумiць прыбой, заўжды прыкметна лёгкае хваляванне - вада цiха ўздымаецца, нiбы грудзi соннага дзiцяцi.
Калi сонца пачало заходзiць, Элiза ўбачыла дзiкiх лебедзяў. Як доўгая белая стужка, яны ляцелi адзiн за адным. Iх было адзiнаццаць. На галаве ў кожнага лебедзя ззяла невялiчкая залатая карона. Элiза адышла ад стромы i схавалася ў кусты. Лебедзi апусцiлiся непадалёк ад яе i залопалi сваiмi вялiкiмi белымi крыламi.
У гэтую самую хвiлiну сонца схавалася пад вадой - i раптам з лебедзяў упала iх белае пер'е, i ўжо не адзiнаццаць белых лебедзяў стаялi перад Элiзай, а адзiнаццаць прыгожых прынцаў. Элiза гучна крыкнула - яна адразу пазнала сваiх братоў, хаця за доўгi час яны вельмi змянiлiся. Элiза кiнулася да iх у абдымкi i пачала называць iх iмёны.
Браты вельмi абрадавалiся таму, што знайшлi сястру, якая так вырасла i зрабiлася такой прыгажуняй. Элiза i яе браты смяялiся i плакалi, а потым яны расказалi адзiн аднаму пра ўсё, што з iмi здарылася.
Самы старэйшы з прынцаў сказаў Элiзе:
- Мы лётаем дзiкiмi лебядзямi ўвесь дзень, ад усходу сонца да самага захаду. Калi ж сонца заходзiць, мы зноў ператвараемся ў людзей. I вось да захаду сонца мы спяшаем апусцiцца на зямлю. Калi б мы ператваралiся ў людзей у той час, калi ляцiм высока пад воблакамi, мы ў той жа час упалi б на зямлю i разбiлiся. Жывём мы не тут. Далёка-далёка за морам ёсць такая ж цудоўная краiна, як гэта. Вось там мы i жывём. Але дарога туды доўгая, трэба пераляцець праз усё мора, а на шляху няма нiводнай выспы, дзе б мы маглi правесцi ноч. Толькi на самай сярэдзiне мора ўзвышаецца адзiнокая скала. Яна такая малая, што мы можам стаяць на ёй толькi цесна прыцiскаючыся адзiн да другога. Калi мора бушуе, прыскi хваляў пералятаюць нашы галовы. Але ўсё ж, каб не было гэтай скалы, нам нiколi не давялося б пабываць на нашай роднай зямлi: мора шырокае - мы не можам пераляцець яго ад усходу сонца да захаду. Толькi два разы ў год, у самыя доўгiя днi, нашы крылы маюць сiлу перанесцi нас праз мора. Вось мы прылятаем сюды i жывём адзiнаццаць дзён. Мы лятаем над гэтым вялiкiм лесам i глядзiм на палац, дзе мы нарадзiлiся i правялi дзяцiнства. Ён добра бачны адсюль. Тут кожны куст i кожнае дрэва здаюцца нам роднымi. Па зялёных лугах бегаюць дзiкiя конi, якiх мы бачылi яшчэ ў дзяцiнстве, а вугальшчыкi пяюць тыя самыя песнi, якiя мы чулi, калi жылi яшчэ ў родным палацы. Тут наша радзiма, сюды цягне нас усiм сэрцам, i тут мы знайшлi цябе, любая, дарагая сястрычка! У гэты раз мы прабылi тут ужо дзевяць дзён. Праз два днi мы павiнны ляцець за мора, у цудоўную, але чужую краiну. Як жа нам забраць з сабою цябе? Няма ў нас нi карабля, нi чоўна.
- О, каб змагла я вызвалiць вас ад чараў! - сказала братам Элiза.
Так яны прагаравалi ўсю ноч i задрамалi толькi на золку. Элiза прачнулася ад шуму лебядзiных крылаў. Браты ператварылiся ў птушак i паляцелi ў родны лес. Толькi адзiн лебедзь застаўся на беразе з Элiзай. Гэта быў самы малады з яе братоў. Лебедзь паклаў сваю галаву ёй на каленi, а яна гладзiла i перабiрала яго пёркi. Цэлы дзень правялi яны ўдваiх, а вечарам прыляцелi дзесяць лебедзяў, i калi сонца села, яны зноў ператварылiся ў прынцаў.
- Заўтра мы павiнны адлятаць i не можам вярнуцца раней наступнага года, сказаў Элiзе старэйшы брат, - але мы не пакiнем цябе тут. Паляцiм з намi! Я адзiн магу на руках пранесцi цябе праз увесь лес, дык няўжо ж мы, усе адзiнаццаць, на нашых крылах не зможам перанесцi цябе цераз мора?
- Так, вазьмiце мяне з сабой! - сказала Элiза.
Усю ноч плялi яны сетку з гнуткай лазовай кары i чароту. Сетка атрымалася вялiкая i трывалая, i браты паклалi ў яе Элiзу. А на свiтаннi дзесяць лебедзяў падхапiлi сетку дзюбамi i ўзнялiся пад воблакi. Элiза спала ў сетцы салодкiм сном. А каб промнi сонца не разбудзiлi яе, адзiнаццаты лебедзь ляцеў над яе галавой, засланяў твар Элiзы ад сонца сваiмi шырокiмi крыламi.
Лебедзi былi ўжо далёка ад зямлi, калi Элiза прачнулася, i ёй здалося, што яна бачыць сон наяве, - так цiкава было ляцець ў паветры. Каля яе ляжала гронка спелых ягад i пучок смачнага карэння - iх сабраў i паклаў каля Элiзы самы малодшы брат, i Элiза ўсмiхнулася яму - яна здагадалася, што гэта ён ляцеў над ёй i засланяў яе ад сонца сваiмi крыламi.
Высока, пад самымi воблакамi, ляцелi браты i сястра, i першы карабель, якi яны ўбачылi ў моры, здаваўся iм чайкай на вадзе.
Лебедзi ляцелi так iмклiва, як ляцяць стрэлы, выпушчаныя з лука, але ўсё ж не так хутка, як заўжды: на гэты раз яны неслi сястру. Дзень пачаў хiлiцца да вечара, i зашумела непагадзь. Элiза са страхам глядзела, як сонца апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, а адзiнокай марской скалы ўсё яшчэ не было бачна. I тут Элiзе здалося, што лебедзi зусiм стамiлiся i цяжка махаюць крыламi. Зойдзе сонца, яе браты на ляту ператворацца ў людзей, упадуць у мора i ўтопяцца.
I яна будзе вiнаватая!
Наблiжалася чорная хмара, моцныя парывы ветру прадказвалi буру, грозна насiлiся маланкi.
Сэрца Элiзы затрымцела: сонца ўжо амаль краналася вады.
I раптам лебедзi рынулiся ўнiз з вялiзнай хуткасцю. Элiзе здалося, што яны падаюць. Але не, яны яшчэ ляцелi. I вось, калi сонца ўжо напалову зайшло ў ваду, Элiза ўбачыла ўнiзе скалу. Яна была вельмi маленькая, не большая за цюленя, якi вытыркнуў з вады галаву. Лебедзi ступiлi на яе ў тую самую хвiлiну, калi патух у паветры апошнi сонечны промень. Элiза ўбачыла вакол сябе братоў, якiя стаялi поплеч; яны ледзьве памяшчалiся на маленькай скале. Мора шалёна бiлася аб камянi i абдавала братоў i Элiзу суцэльным дажджом пырскаў. Неба палала ад блiскавiцаў, i штохвiлiнна грымеў гром, але сястра i браты трымалiся за рукi i падбадзёрвалi адзiн аднаго ласкавымi словамi.
На свiтаннi бура ўтаймавалася, i зноў стала светла i цiха. Як толькi ўзышло сонца, браты з Элiзай паляцелi далей. Мора яшчэ бурлiла, i яны бачылi з вышынi, як белая пена плыла, нiбы мiльёны лебедзяў, па цёмна-зялёнай вадзе.
Калi сонца паднялася вышэй, Элiза раптам убачыла ўдалечынi вялiзны замак, якi быў акружаны лёгкiмi, быццам паветранымi галерэямi; унiзе, пад сценамi замка, калыхалiся пальмы i раслi цудоўныя кветкi.
Элiза спытала, цi тая гэта краiна, куды яны ляцяць, але лебедзi пахiталi галовамi: гэта было толькi мроiва, воблачны замак Фата-Марганы, якi вечна мяняецца. Элiза зноў паглядзела ўдалеч, але замка ўжо не было. Там, дзе раней быў замак, узнiмалiся высокiя горы, якiя зараслi лесам. На самых вяршынях блiшчэў снег, глыбы празрыстага лёду спускалiся памiж непрыступных скалаў.
Раптам горы ператварылiся ў цэлую флатылiю караблёў; Элiза прыгледзелася ўважлiва i ўбачыла, што гэта проста марскi туман, якi ўзнiмаецца над вадой.
Але вось нарэшце паказалася i сапраўдная зямля. Там, на беразе, разлягалiся зялёныя палi, цямнелi кедравыя лясы, а яшчэ далей былi бачны вялiкiя гарады i высокiя замкi. Да захаду сонца было яшчэ далёка, а