Элiза ўжо сядзела на скале перад глыбокай пячорай. Па пячоры вiлiся пяшчотна-зялёныя раслiны, нiбы вышываныя зялёныя дываны. Гэта быў цудоўны дом яе братоў-лебедзяў.
- Паглядзiм, што табе прыснiцца ў гэтую ноч, - сказаў малодшы брат i адвёў Элiзу ў яе пакой.
- Ах, няхай бы я ўбачыла ў сне, як вызвалiць вас ад чараў! - сказала Элiза i заплюшчыла вочы.
I вось ёй прымроiлася, што яна ляцiць высока-высока да таго замка, якi бачыла над морам. А з замка насустрач ёй выходзiць фея Фата-Маргана. Фата-Маргана светлая i чароўная, але ў той жа час вельмi падобная на тую бабулю, якая дала Элiзе ў лесе ягад i расказала пра лебедзяў у залатых каронах.
- Тваiх братоў можна выратаваць, - сказала Фата-Маргана, - але цi хопiць у цябе мужнасцi i стойкасцi? Вада мякчэйшая за твае пяшчотныя рукi, а ўсё ж яна робiць камянi гладкiмi i круглымi, але вада не адчувае болю, якi будуць адчуваць твае пальцы: у вады няма сэрца, якое млее ад страху i пакуты, як тваё сэрца. Бачыш, у мяне ў руках крапiва. Такая ж крапiва расце тут, каля пячоры, i толькi яна ды яшчэ тая крапiва, якая расце на могiлках, можа табе спатрэбiцца. Памятай жа гэта! Нарвi крапiвы, хаця рукi твае пакрыюцца пухiрамi ад апёкаў; потым разамнi яе нагамi i спрадзi з яе доўгiя нiткi. З гэтых нiтак звяжы адзiнаццаць сарочак з доўгiмi рукавамi i, калi яны будуць гатовыя, надзень iх на лебедзяў. Як толькi сарочкi дакрануцца да iх пер'я, чары знiкнуць. Але памятай, што з той хвiлiны, як ты пачнеш сваю працу, i да той пары, пакуль не скончыш яе, ты не павiнна гаварыць нi слова, колькi б твая праца часу нi заняла. Першае ж слова, якое сарвецца ў цябе з языка, пранiжа сэрца тваiх братоў, бы кiнжалам. Iх жыццё i смерць у тваiх руках!
Тады Элiза выйшла з пячоры i ўзялася за працу.
Сваiмi пяшчотнымi рукамi рвала яна злую, пякучую крапiву, i пальцы яе пакрывалiся вялiкiмi пухiрамi, але яна з радасцю пераносiла боль: толькi б выратаваць дарагiх братоў! Яна нарвала цэлы ахапак крапiвы, потым размяла яе голымi нагамi i пачала прасцi доўгiя зялёныя нiткi.
Калi зайшло сонца, у пячору прыляцелi браты. Яны пачалi распытваць сястру пра тое, што яна рабiла, пакуль iх не было. Але Элiза не адказала iм нi слова. Браты вельмi спалохалiся, думалi, што сястра iх зрабiлася нямой.
'Гэта новае чарадзейства злой мачахi', - падумалi яны, але глянулi на рукi Элiзы, што пакрылiся пухiрамi, зразумелi, што яна зрабiлася нямой дзеля iх выратавання. Самы маладзейшы брат заплакаў; слёзы яго капалi ёй на рукi, i там, куды трапляла слязiнка, знiкалi пякучыя пухiры, сцiхаў боль.
Ноч Элiза правяла за сваёй працай; пра адпачынак i не думала - яна думала толькi пра тое, як бы хутчэй вызвалiць сваiх любых братоў. Увесь наступны дзень, пакуль лебедзi лёталi, яна заставалася сам-насам, але нiколi яшчэ час не цёк так хутка. Вось ужо адна сарочка была гатова, i дзяўчына прынялася за наступную.
Раптам у гарах пачулiся гукi паляўнiчых ражкоў. Элiза спалохалася. Гукi ўсё наблiжалiся, затым пачуўся брэх сабак. Дзяўчына схавалася ў пячору, звязала ўсю сабраную крапiву ў пучок i села каля яго. У тую ж хвiлiну з-за кустоў выскачыў вялiкi сабака, за iм другi i трэцi. Сабакi гучна брахалi i бегалi ўзад i ўперад. Хутка ля пячоры сабралiся ўсе паляўнiчыя. Самы прыгожы з iх быў кароль той краiны; ён падышоў да Элiзы. Нiколi яшчэ не сустракаў ён такой прыгажунi!
- Як жа ты трапiла сюды, любачка? - спытаў ён, але Элiза толькi пахiтала галавой - яна ж не пасмела гаварыць: калi б яна сказала хоць адно слова, яе браты загiнулi б.
Рукi свае Элiза схавала пад фартух, каб кароль не заўважыў пухiроў i драпiн.
- Пойдзем са мной! - сказаў кароль. - Тут нельга табе заставацца! Калi ты такая добрая, як i прыгожая, то я апрану цябе ў шоўк i аксамiт, надзену табе на галаву залатую карону, i ты будзеш жыць у маiм велiкапышным палацы.
I ён пасадзiў яе на сядло перад сабой.
Элiза горка плакала, але кароль сказаў:
- Я хачу толькi твайго шчасця. Калi-небудзь ты сама падзякуеш мне.
I ён павёз яе праз горы, а паляўнiчыя ехалi на конях услед.
Вечарам перад iмi паказалася велiкапышная сталiца караля, з палацамi i вежамi, i кароль увёў Элiзу ў свой палац. У высокiх мармуровых пакоях цурчалi фантаны, сцены i столi былi ўпрыгожаны рознымi малюнкамi. Але Элiза не глядзела нi на што, яна сумавала i плакала. Служанкi апранулi яе ў каралеўскае адзенне, уплялi ёй у валасы брыльянтавыя нiткi i надзелi на яе апечаныя пальцы тонкiя пальчаткi.
У багатым убраннi Элiза была такая чароўная, што ўвесь двор пакланiўся ёй, а кароль абвясцiў яе сваёй нявестай. Але каралеўскi епiскап пахiтаў галавой i пачаў нашэптваць каралю, што нямая прыгажуня, мабыць, лясная ведзьма, - яна зачаравала сэрца караля.
Кароль не паверыў яму, ён падаў знак музыкам, загадаў паклiкаць лепшых танцоўшчыц i падаваць на стол дарагiя стравы, а сам павёў Элiзу цераз духмяныя сады ў велiкапышныя пакоi. Але Элiза па-ранейшаму была сумнай i прыгнечанай. Тады кароль адчынiў дзверцы ў маленькi пакой каля спальнi Элiзы. Пакой ўвесь быў завешаны зялёнымi дыванамi i нагадваў лясную пячору, дзе кароль знайшоў Элiзу. На падлозе ляжала вязанка крапiвы, а на сцяне вiсела сплеценая Элiзай сарочка. Усё гэта, як рэдкасць, захапiў з сабою адзiн з паляўнiчых.
- Тут можаш ты прыгадаць сваё былое жытло, - сказаў кароль. - А вось i твая праца. Можа, ты захочаш iншы раз павесялiцца сярод усёй гэтай пышнасцi, успомнiць былое.
Убачыўшы сваю крапiву i сплеценую сарочку, Элiза з радасцю пацалавала каралю руку, а ён прыцiснуў яе да сваiх грудзей.
Епiскап працягваў нашэптваць каралю паганыя выдумкi, але яны не краналi сэрца караля. На наступны дзень згулялi вяселле. Епiскап сам павiнны быў надзець на галаву нявесты карону; ад крыўды ён так шчыльна нацягнуў ёй на лоб вузкi залаты абруч, што кожнаму балюча б стала, ды Элiза нават не заўважыла гэтага.
Яна ўсё думала пра сваiх дарагiх братоў. Вусны яе па-ранейшаму былi сцiснуты, нi адзiнага слова не вылецела з iх, а ў яе вачах свяцiлася гарачае каханне да добрага, прыгожага караля, якi рабiў усё, каб толькi парадаваць яе. З кожным днём яна прывязвалася да яго ўсё больш. О, калi б яна магла расказаць пра свае пакуты! Але яна павiнна была маўчаць, пакуль не скончыць сваю працу.
Начамi яна ўпотай iшла ў свой пакойчык, якi нагадваў пячору, i пляла там адну сарочку за другой. Ужо шэсць сарочак былi гатовы, але калi яна ўзялася за сёмую, то заўважыла, што крапiвы ў яе больш няма.
Элiза ведала, што можа знайсцi такую крапiву на могiлках. I вось уночы яна цiхенька выйшла з палаца.
Сэрца яе сцiскалася ад страху, калi яна прабiралася месячнай ноччу на могiлкi па доўгiх алеях саду, а потым па пустых вулiцах.
На могiлках Элiза нарвала крапiвы i вярнулася дамоў.
Толькi адзiн чалавек не спаў у тую ноч i бачыў Элiзу. Гэта быў епiскап.
Ранiцай епiскап прыйшоў да караля i расказаў яму пра тое, што бачыў ноччу.
- Праганi яе, кароль, яна злая чарадзейка! - нашэптваў епiскап.
- Няпраўда, Элiза добрая! - адказаў кароль, але сумненне закралася ў яго сэрца.
Ноччу кароль толькi прытварыўся, што спiць. I вось ён убачыў, што Элiза ўстала i выйшла са спальнi. У наступныя ночы паўтаралася тое ж самае: кароль не спаў i бачыў, як яна хавалася ў сваiм таемным пакоi.
Кароль рабiўся ўсё змрачнейшым. Элiза бачыла гэта, але не разумела, чым незадаволены кароль. Сэрца яе ныла ад страху i ад любасцi да братоў; на яе каралеўскiя апранахi кацiлiся слёзы, што блiшчэлi, бы алмазы, а людзi, якiя бачылi яе багатыя ўборы, зайздросцiлi. I вось хутка-хутка канец яе працы. Ужо дзесяць сарочак былi гатовы, а на адзiнаццатую зноў не хапiла крапiвы. Яшчэ раз, апошнi, патрэбна было пайсцi на могiлкi i нарваць некалькi пучкоў крапiвы. Яна з жахам падумала пра пустынныя могiлкi i ўсё ж вырашыла схадзiць туды.
Уночы Элiза зноў употай выйшла з палаца, але кароль i епiскап сачылi за ёй, i яны ўбачылi, як Элiза схавалася за плотам на могiлках.
Што магла рабiць там каралева?
- Цяпер ты сам бачыш, што яна злая ведзьма, - сказаў епiскап i патрабаваў, каб Элiзу спалiлi на кастры.
I кароль павiнен быў даць згоду.
Элiзу пасадзiлi ў цёмнае сырое падзямелле з жалезнымi кратамi на вокнах, у якiя са свiстам урываўся