палюбiла iх, як не любiла да гэтай пары нiкога на свеце. Прыгажосцi iхняй яно не зайздросцiла. Яму i ў галаву не прыходзiла, што яно можа быць такiм жа прыгожым, як яны.

Яно было б вельмi рада, калi б хоць качкi не адштурхоўвалi яго ад сябе. Беднае брыдкае качаня!

Зiма настала вельмi халодная. Качаня павiнна было плаваць па возеры без адпачынку, каб не даць вадзе замерзнуць зусiм, але з кожнай ноччу палонка, у якой яно плавала, рабiлася ўсё меншай i меншай. Мароз быў такi, што нават лёд патрэскваў. Качаня нястомна працавала лапкамi. Нарэшце яно зусiм знясiлела i прымерзла да лёду.

Ранкам побач праходзiў селянiн. Ён убачыў прымерзлае да лёду качаня, разбiў лёд сваiм драўляным чаравiкам i аднёс паўмёртвую птушку дамоў да жонкi.

Качаня адагрэлi.

Дзецi задумалi пагуляць з iм, але качаняцi падалося, што яны хочуць пакрыўдзiць яго. Яно кiнулася са страху ў кут i трапiла проста ў даёнку з малаком. Малако пацякло па падлозе.

Гаспадыня ўскрыкнула i пляснула рукамi, а качаня забегала па пакоi, уляцела ў кадушку з маслам, а адтуль у бочку з мукой. Лёгка ўявiць, на што яно стала падобнае!

Гаспадыня лаяла качаня i ганялася за iм з вугальнымi шчыпцамi, дзецi бегалi, збiваючы адзiн аднаго з ног, рагаталi i пiшчалi. Добра, што дзверы былi адчынены, - качаня выбегла, растапырыўшы крылы, кiнулася ў кусты, проста на толькi што выпаўшы снег, i доўга-доўга ляжала там непрытомнае.

Было б вельмi журботна расказваць пра ўсе беды i няшчасцi брыдкага качаняцi ў гэтую суровую зiму.

Нарэшце сонейка зноў прыгрэла зямлю сваiмi цёплымi промнямi. Зазвiнелi жаўрукi ў полi. Вярнулася вясна!

Качаня вылезла з чароту, дзе яно хавалася ўсю зiму, узмахнула крыламi i паляцела. Крылы яго цяпер былi куды мацнейшыя, чым раней, яны зашумелi i ўзнялi яго над зямлёй. Не паспела яно апамятацца, як даляцела ўжо да вялiкага саду. Яблынi стаялi ўсе ў квеценi, духмяны бэз схiляў свае доўгiя зялёныя галiны над звiлiстым каналам. Ах, як тут было добра, як пахла вясной!

I раптам з гушчару чароту выплылi тры цудоўныя белыя лебедзi. Яны плылi так лёгка i плаўна, быццам слiзгацелi па вадзе. Качаня пазнала гэтых цудоўных птушак, i яго ахапiла нейкая незразумелая журба.

'Палячу да iх, да гэтых велiчных птушак. Яны, напэўна, задзяўбуць мяне да смерцi за тое, што я, такое брыдкае, асмельваюся наблiзiцца да iх. Але ўсё роўна! Лепш загiнуць ад iхнiх удараў, чым трываць шчыпанне качак i курэй, штуршкi птушнiцы ды трываць холад i голад зiмою!'

I яно апусцiлася на ваду i паплыло насустрач цудоўным лебедзям, а лебедзi, згледзеўшы яго, замахалi крыламi i паплылi проста да яго.

- Забiце мяне! - сказала брыдкае качаня i нiзка схiлiла галаву.

I раптам у чыстай, як люстэрка, вадзе яно ўбачыла сваё ўласнае адлюстраванне. Яно было ўжо не брыдкiм цёмна-шэрым качанём, а прыгожым белым лебедзем!

Зараз качаня было нават рада, што перанесла столькi гора i бед. Яно шмат выцерпела i таму магло лепш ацанiць сваё шчасце. А вялiкiя лебедзi плавалi наўкол i гладзiлi яго сваiмi дзюбамi.

У гэты час у сад прыбеглi дзецi. Яны сталi кiдаць лебедзям кавалкi хлеба i зерне, а самы малодшы з iх закрычаў:

- Новы прыляцеў! Новы прыляцеў!

I ўсе астатнiя падхапiлi:

- Так, новы, новы!

Дзецi пляскалi ў ладкi i скакалi ад радасцi. Потым яны пабеглi за бацькам з мацi i зноў сталi кiдаць у ваду кавалкi хлеба i пiрожнага.

I дзецi i дарослыя казалi:

- Новы лебедзь лепшы за ўсiх! Ён такi прыгожы i малады!

I старыя лебедзi схiлiлi перад iм галовы. А ён зусiм збянтэжыўся i схаваў галаву пад крыло, сам не ведаючы навошта. Ён успомнiў той час, калi ўсе смяялiся з яго i гналi прэч. Але ўсё гэта было ў мiнулым. Цяпер людзi кажуць, што ён самы цудоўны сярод цудоўных лебедзяў. Бэз схiляе да яго ў ваду духмяныя галiны, а сонейка лашчыць сваiмi цёплымi промнямi... I вось крылы яго зашумелi, стройная шыя выпрасталася, а з грудзей вырваўся радасны крык:

- Не, пра такое шчасце я i не марыў, калi быў яшчэ брыдкiм качанём!

СВIННЯ-СКАРБОНКА

Ну i шмат жа цацак было ў дзiцячым пакоi - проста не злiчыць! А высока над iмi, на шафе, стаяла скарбонка - глiняная свiння. У спiне ў яе, як i належыць, была прарэзана шчылiна для манет. Спачатку гэтая шчылiна была вузенькая, але потым яе трошкi пашырылi ножыкам-сцiзорыкам, каб у яе пралазiлi i буйныя срэбныя манеты. Дзве такiя манеты ляжалi ўжо на дне ейнага жыватка, а пра дробязь i казаць ужо няма чаго. Драбязой свiння была, як той казаў, бiтком набiтая, нават i дзынкнуць не магла. Куды ж болей? Нi адна свiння з грашыма не магла б пажадаць лепшай долi. Да таго ж яна яшчэ займала вельмi высокае становiшча: стаяла на шафе ды пазiрала на ўсiх зверху ўнiз. Яна ведала, што грошай у яе па горла i, варта толькi пажадаць, яна можа набыць усе цацкi, што ляжаць i стаяць унiзе. А ўсведамляць гэта даволi прыемна, ва ўсялякiм разе свiннi.

Цацкi ведалi, чаго вартая свiння i што яна пра сябе думае, але не гаварылi аб гэтым. Ды й навошта? Яны i без таго знаходзiлi аб чым пабалбатаць.

Аднаго разу, калi ў дзiцячай нiкога не было, з напаўадчыненай шуфляды выглянула вялiкая лялька. Яна была ўжо не дужа маладая, не раз губляла галаву, i таму шыя ў яе была падклееная. Лялька паглядзела направа, налева ды сказала:

- Давайце гуляць у людзей. Ад дакукi i гэта няблага.

- Давайце, давайце! - закрычалi ўсе i замiтусiлiся ў сваiх каробках i шуфлядах.

Нават карцiны i тыя закiвалiся на сценах, хаця iм i не варта было паказваць свой адваротны бок, таму што на iм, як вядома, нiчога не намалявана.

Было ўжо зусiм позна. Прабiла дванаццаць гадзiн. У вокны зазiраў маладзiк i свяцiў на ўсю моц, не патрабуючы за асвятленне анiякае аплаты.

У гульнi ўзялi ўдзел усе лялькi да адзiнай, нават дзiцячая каляска, хаця яна была такая вялiкая ды нязграбная, што яе лiчылi хутчэй за мэблю, чым за цацку.

Але каляска на гэта не крыўдавала.

- Кожнаму - сваё, - казала яна. - Не ўсiм жа быць паважнымi панамi ды забаўляцца з ранiцы да вечара. Трэба некаму i справу рабiць.

Толькi адной свiннi-скарбонцы паслалi запрашальны бiлет. Яе нельга было проста паклiкаць, - яна стаяла так высока над усiмi, што магла i не дачуцца.

Мiж iншым, i на пiсьмовае запрашэнне свiння не зрабiла ласкi адказаць, прыйдзе яна цi не прыйдзе. Ды зрэшты так i не прыйшла. I сапраўды, навошта ёй спускацца да iншых? Хай iншыя патурбуюцца, каб яна ўсё бачыла, не сыходзячы са свайго месца.

Нiчога не паробiш, давялося выканаць ейнае жаданне. Лялечны тэатр паставiлi проста насупраць шафы, сцэнай да свiннi.

Свята вырашылi пачаць з вясёлай сяброўскай гутаркi, потым меркавалася прадстаўленне i, нарэшце, агульнае пiццё гарбаты.

Менавiта з гутаркi i пачалося. Конiк-качалка выказаў некалькi думак аб бягах, скачках ды чыстаце конскай пароды, дзiцячая каляска - аб чыгунцы, аб цягнiках, якiя быццам бы рухаюцца парай, ды аб iншых новаўвядзёнках. Сапраўды, хто ж мог аб гэтым меркаваць, калi не яны... Конiк - аб конях, каляска - аб цягнiках!.. Насценны гадзiннiк разважаў з прычыны палiтыкi-тыкi-тыкi!

Гадзiннiк думаў, што iдзе паперадзе свайго часу, але злыя языкi сцвярджалi, што ён даволi-такi адстае. Бамбукавы кiёк хвалiўся сваiм срэбным каўпачком i жалезным чаравiчкам. Яшчэ б! Ён жа мог лiчыць сябе франтам з галавы да ног! Па ражках канапы моўчкi ляжалi дзве пухленькiя, расшытыя шаўкамi падушачкi. Абедзве былi надта мiленькiя ды надта дурненькiя.

Нарэшце пачалася лялечная камедыя. Лялькi на нiтках прадстаўлялi, а лялькi без нiтак ды iншыя лялькi павiнны былi глядзець i пляскаць у далонi. Тыя ж, у каго не было далоняў, маглi шчоўкаць ды грукаць чым хацелi.

Зрэшты, адзiн порсткi бiзунчык наадрэз адмовiўся шчоўкаць, калi на сцэну выходзяць старыя, пашарпаныя лялькi, i сказаў, што ён шчоўкае толькi маладзенькiм, хораша прыбраным лялечкам.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату