i новае зелле, i, калi пiтво закiпела, яно забулькала так, быццам плакаў кракадзiл. Нарэшце напой быў гатовы, на выгляд ён здаваўся вельмi празрыстай крынiчнай вадой.
- Бяры! - сказала ведзьма, аддаючы русалачцы напой.
Потым адрэзала ёй язык, i русалачка стала нямой - не магла больш нi спяваць, нi гаварыць.
- Схопяць цябе палiпы, калi паплывеш назад, - наказвала ведзьма, - пырснi на iх кроплю пiтва, i iх рукi i пальцы разляцяцца на тысячу кавалачкаў.
Але русалачцы не давялося гэтага рабiць - палiпы з жахам адварочвалiся пры адным выглядзе напою, якi блiшчаў у яе руках, нiбы яркая зорка. Хутка праплыла яна лес, мiнула балота i бурлiвыя вiры.
Вось i бацькоўскi палац; агнi ў танцавальнай зале патушаны, усе спяць. Русалачка не адважылася больш увайсцi туды, бо яна ж была нямая i збiралася пакiнуць бацькоўскi дом назаўсёды. Сэрца яе гатова было разарвацца ад тугi. Яна прашмыгнула ў сад, узяла па кветачцы з градкi ў кожнай сястры, паслала родным тысячы паветраных пацалункаў i паднялася на цёмна-блакiтную паверхню мора.
Сонца яшчэ не ўзыходзiла, калi яна ўбачыла перад сабою палац прынца i прысела на шырокую мармуровую лесвiцу. Месяц асвятляў яе сваiм дзiвосным блакiтным ззяннем. Русалачка выпiла пякучы напой, i ёй падалося, быццам яе працялi вострым з абодвух бакоў мячом; яна страцiла прытомнасць i павалiлася як нежывая. Калi яна ачуняла, над морам ужо ззяла сонца; ва ўсiм целе яна адчувала пякучы боль. Перад ёю стаяў прыгожы прынц i са здзiўленнем разглядваў яе. Яна апусцiла вочы i ўбачыла, што рыбiн хвост знiк, а замест яго ў яе з'явiлiся дзве маленькiя беленькiя ножкi. Але яна была зусiм голая i таму захуталася ў свае доўгiя, густыя валасы. Прынц запытаў, хто яна i як сюды трапiла, але яна толькi лагодна i сумна глядзела на яго сваiмi цёмна-сiнiмi вачыма: гаварыць жа яна не магла. Тады ён узяў яе за руку i павёў у палац. Праўду сказала ведзьма: кожны крок прычыняў русалачцы такi боль, быццам яна iшла па вострых нажах i iголках; але яна цярплiва пераносiла боль i iшла поплеч з прынцам лёгка, нiбы па паветры. Прынц i яго свiта толькi дзiвiлiся з яе цудоўнай, плаўнай паходкi.
Русалачку апранулi ў шоўк i муслiн, i яна стала першай прыгажуняй пры двары, але заставалася па- ранейшаму нямой, не магла нi спяваць, нi гаварыць.
Неяк аднаго разу да прынца i яго царскiх бацькоў паклiкалi дзяўчат-рабынь, прыбраных у шоўк i золата. Яны заспявалi, адна з iх спявала асаблiва хораша, i прынц пляскаў у ладкi i ўсмiхаўся ёй. Засумавала русалачка: калiсьцi i яна магла спяваць, i непараўнальна лепш! 'Ах, каб ён ведаў, што я назаўсёды рассталася са сваiм голасам, толькi каб быць каля яго!'
Потым дзяўчаты пачалi танцаваць пад гукi дзiвоснай музыкi; тут i русалачка падняла свае белыя прыгожыя рукi, стала на дыбачкi i паплыла ў лёгкiм, паветраным танцы; так не танцаваў яшчэ нiхто! Кожны рух падкрэслiваў яе прыгажосць, а вочы яе казалi сэрцу больш чым спевы рабынь.
Усе былi ў захапленнi, асаблiва прынц; ён назваў русалачку сваiм маленькiм знайдышам, а русалачка ўсё танцавала i танцавала, хоць кожны раз, калi ногi яе дакраналiся да зямлi, ёй было так балюча, быццам яна iшла па вострых нажах. Прынц сказаў, што яна заўсёды павiнна быць каля яго, i ёй было дазволена спаць на аксамiтнай падушцы перад дзвярыма яго пакоя.
Ён загадаў пашыць ёй мужчынскi касцюм, каб яна магла суправаджаць яго вярхом. Яны ездзiлi па духмяных лясах, дзе ў свежай лiстоце спявалi птушкi, а зялёныя галiны дакраналiся да яе плячэй. Яны ўзбiралiся на высокiя горы, i хаця з яе ног сачылася кроў i ўсе бачылi гэта, яна смяялася i працягвала падымацца следам за прынцам на самыя высокiя вяршынi; там яны любавалiся аблокамi, якiя плылi каля iх ног, нiбы чароды птушак, што адляталi ў чужыя краiны.
А ноччу ў палацы прынца, калi ўсе спалi, русалачка спускалася па мармуровай лесвiцы, ставiла палымнеючыя, як у агнi, ногi ў халодную ваду i думала пра родны дом i пра марское дно.
Аднаго разу ўночы ўсплылi з вады поплеч яе сёстры i заспявалi журботную песню; яна кiўнула iм, яны пазналi яе i расказалi ёй, як засмуцiла яна iх усiх. З таго часу яны наведвалi яе кожную ноч, а аднойчы яна ўбачыла воддаль нават сваю старую бабулю, якая ўжо шмат гадоў не падымалася з вады, i самога цара марскога з каронай на галаве, яны працягвалi да яе рукi, але не адважвалiся падплысцi да зямлi так блiзка, як сёстры.
З кожным днём прынц усё больш i больш адчуваў замiлаванасць да русалачкi, але ён любiў яе толькi як прыгожае, добрае дзiця, ажанiцца ж з ёю i зрабiць яе прынцэсай яму i ў галаву не прыходзiла, а мiж тым ёй патрэбна было стаць яго жонкай, iнакш, калi б ён аддаў сваё сэрца i руку другой, русалачка стала б пенай марской.
'Цi любiш ты мяне больш за ўсiх на свеце?' - здавалася, пыталiся русалаччыны вочы, калi прынц абдымаў яе i цалаваў у лоб.
- Так, я люблю цябе! - гаварыў прынц. - У цябе добрае сэрца, ты адданая мне больш за ўсiх i падобная на маладую дзяўчыну, якую я бачыў аднойчы i, напэўна, болей ужо не ўбачу! Я плыў на караблi, карабель патануў, хвалi выкiнулi мяне на бераг паблiзу нейкага храма, дзе служаць богу маладыя дзяўчаты; самая малодшая з iх знайшла мяне на беразе i выратавала мне жыццё; я бачыў яе ўсяго два разы, але толькi яе адну ў цэлым свеце мог бы я пакахаць! Ты падобная на яе i амаль выцеснiла з майго сэрца яе вобраз. Яна належыць святому храму, i вось мая шчаслiвая зорка паслала мне цябе; нiколi я не расстануся з табой!
'На жаль, ён не ведае, што гэта я выратавала яму жыццё! - думала русалачка. - Я вынесла яго з хваляў марскiх на бераг i паклала ў гаi, каля храма, а сама схавалася ў марской пене i глядзела, цi не прыйдзе хто- небудзь да яго на дапамогу. Я бачыла гэтую прыгожую дзяўчыну, якую ён любiць больш за мяне! - I русалачка глыбока ўздыхала, плакаць яна не магла. - Але тая дзяўчына належыць храму, нiколi не вернецца! Я ж знаходжуся каля яго, бачу яго кожны дзень, магу служыць яму, любiць яго, аддаць за яго жыццё!'
Але вось пачалi пагаворваць, што прынц жэнiцца з чароўнай дачкой суседняга караля i таму рыхтуе свой раскошны карабель у плаванне. Прынц паедзе да суседняга караля быццам бы для таго, каб пазнаёмiцца,з яго краiнай, а на самай жа справе, каб пабачыць прынцэсу; з iм едзе вялiкая свiта. Русалачка на ўсе гэтыя размовы толькi кiвала галавой i смяялася - яна ж лепш за ўсiх ведала прынцавы думкi.
- Я павiнен ехаць, - казаў ён ёй. - Мне трэба пабачыць вельмi прыгожую прынцэсу; гэтага патрабуюць мае бацькi, але яны не будуць прымушаць мяне жанiцца з ёю, а я нiколi не пакахаю яе! Яна ж не падобная на тую прыгажуню, на якую падобная ты. Калi ж мне давядзецца нарэшце выбраць сабе нявесту, дык я лепш выберу цябе, мой нямы знайдыш з гаваркiмi вачыма!
I ён цалаваў яе ружовыя вусны, забаўляўся з яе доўгiмi валасамi i клаў сваю галаву на яе грудзi, дзе бiлася сэрца, якое так хацела чалавечага шчасця i кахання.
- Ты ж не баiшся мора, мая нямая малышка? - казаў ён, калi яны ўжо стаялi на караблi, якi павiнен быў адвезцi iх у краiну суседняга караля.
I прынц пачаў расказваць ёй пра буру i пра штыль, пра дзiўную рыбу, што жыве на глыбiнi, i пра тое, што бачылi там нырцы, а яна ж лепш за ўсiх ведала, што ёсць на марскiм дне.
Яснай месячнай ноччу, калi ўсе, акрамя рулявога, спалi, яна села каля самага борта i пачала глядзець у празрыстыя хвалi, i ёй падалося, што яна бачыць бацькоўскi палац; старая бабуля ў сярэбранай кароне стаяла на вышцы i глядзела праз хвалiстыя струменi вады на кiль карабля. Потым на паверхню мора ўсплылi яе сёстры; яны журботна глядзелi на яе i працягвалi да яе свае белыя рукi, а яна кiўнула iм галавой, усмiхнулася i хацела расказаць аб тым, як ёй добра тут, але да яе падышоў карабельны юнга, i сёстры нырнулi ў ваду, а юнга падумаў, што гэта мiльганула ў хвалях белая марская пена.
Ранiцай карабель увайшоў у гавань прыгожай сталiцы суседняга каралеўства. У горадзе зазванiлi ў званы, з высокiх вежаў пачулiся гукi рагоў; на пляцах стаялi палкi салдат з блiскучымi штыкамi i трапяткiмi сцягамi. Пачалося свята, балi iшлi за балямi, але прынцэсы яшчэ не было - яна выхоўвалася дзесьцi далёка ў манастыры, куды яе аддалi навучацца каралеўскай дабрадзейнасцi. Нарэшце прыехала i яна.
Русалачка прагна глядзела на яе i не магла не прызнаць, што больш мiлага i больш прыгожага твару яна яшчэ не бачыла. Скура на твары прынцэсы была такая пяшчотная, празрыстая, а з-за доўгiх цёмных веек усмiхалiся сiнiя лагодныя вочы.
- Гэта ты! - усклiкнуў прынц. - Ты выратавала мне жыццё, калi я напаўмёртвы ляжаў на беразе мора!
I ён моцна прытулiў да сэрца сваю пачырванелую нявесту.
- Ах, якi я шчаслiвы! - сказаў ён русалачцы. - Тое, аб чым я не адважваўся i марыць, збылося. Ты парадуешся майму шчасцю, ты ж так любiш мяне.
Русалачка пацалавала яму руку, а сэрца яе, здавалася, вось-вось разарвецца ад болю: яго вяселле