былi запрошаны ўсе дзецi багатых i знакамiтых бацькоў. Справы ў купца iшлi добра, а сам ён быў чалавекам адукаваным, у свой час нават гiмназiю закончыў. Гэтага дабiўся яго шаноўны бацька, якi напачатку быў звычайным прасалам, але сумленным i працавiтым чалавекам i здолеў сабраць сабе сякi-такi капiтал, а сын яго прымножыў. Купец быў разумным i добрым чалавекам, хоць людзi пра гэтыя якасцi згадвалi не так часта, як пра яго багацце.

Ён быў знаёмы, як кажуць, i з арыстакратамi крывi, i з арыстакратамi розуму, а таксама з арыстакратамi крывi i розуму адначасова, i, нарэшце, з тымi, якiя не маглi пахвалiцца нi першым, нi другiм арыстакратызмам.

Такiм чынам, у ягоных пакоях сабралася вялiкая грамада, але выключна дзiцячая, дзецi балбаталi без супынку; як вядома, у iх што ў галаве, тое i на языку. Сярод дзяцей была адна прыгожанькая маленькая дзяўчынка, толькi страшэнна фанабэрыстая. Фанабэрыю ў яе не ўбiлi, а 'ўцалавалi', i не бацькi, а слугi - бацькi для гэтага былi занадта разумныя. Бацька малечы быў камер-юнкерам, i яна ведала, што гэта штосьцi 'страшна важнае'.

- Я камер-юнкерская дачка! - сказала яна.

Мiж тым з гэткiм жа поспехам яна магла быць i дачкой крамнiка - бо i першае i другое аднолькава не залежыць ад самога чалавека. I вось яна расказвала iншым дзецям, што ў яе цячэ 'сапраўдная кроў', а хто яе не мае, з таго нiчога i не атрымаецца. Чытай, старайся, вучыся колькi хочаш, але калi ў цябе няма сапраўднай крывi, толку не будзе.

- А ў тых, чыё iмя канчаецца на 'сен', - дадала яна, - i зусiм нiколi нiчога талковага не атрымаецца. Трэба ўперцi рукi ў бокi i трымацца далей ад усiх гэтых 'сен, сен'!

I яна ўперлася чароўнымi ручкамi ў бакi i выставiла вострыя локцiкi, каб паказаць, як трэба трымацца. Цудоўныя ў яе былi ручкi, ды i сама яна была надзвычай мiленькая!

Але дачка купца пакрыўдзiлася: прозвiшча яе бацькi было Мадсен, а яна разумела, што гэтае прозвiшча таксама канчаецца на 'сен'. Тады яна годна ўзняла галоўку i сказала:

- Затое мой тата можа купiць ледзянцоў ажно на сто рыксдалераў i раскiдаць iх сярод людзей! А твой можа?

- А мой тата, - сказала дачка пiсьменнiка, - можа i твайго тату, i твайго, i ўсiх татаў на свеце выставiць у газеце! Яго ўсе баяцца, а мама гаворыць: гэта ён гаспадар у газеце!

I дзяўчынка ганарлiва ўскiнула галаву - ну проста вылiтая прынцэса крывi!

А за прычыненымi дзвярамi стаяў бедны хлопчык i пазiраў на дзяцей праз шчылiну; хлапчанё не магло зайсцi ў пакой: дзе тут гэткаму бедняку раўняцца на багатых i знакамiтых дзяцей! Ён дапамагаў на кухнi кухарцы, i зараз яму дазволiлi зiрнуць праз шчылiну на прыбраных i вясёлых дзяцей, i ўжо гэта было для яго вялiкiм шчасцем.

'Вось каб я быў на iхнiм месцы!' - мроiлася яму. Раптам ён пачуў гаману дзяўчынак, ад яе можна было ўпасцi духам. Бо ў ягоных бацькоў не было i капейкi ў капiлцы; у iх не было нават сродкаў, каб выпiсаць газету, а не тое, што выдаваць яе самiм. Але горш за ўсё, што прозвiшча яго бацькi, а значыць, i яго ўласнае, канчалася на 'сен'! З яго нiколi не атрымаецца нiчога талковага! Вось у чым бяда! Але яму здавалася, што кроў у яго была самая сапраўдная; бо iнакш i быць не магло.

Дык вось што адбылося ў той вечар!

Мiнула шмат гадоў, дзецi сталi дарослымi. У тым жа горадзе стаяў цудоўны дом, поўны багацця. Усiм хацелася пабываць там; дзеля гэтага прыязджалi нават з iншых гарадоў. Дык хто ж з тых дзяцей, пра якiх нам расказалi, мог назваць гэты дом сваiм? Гэта лёгка адгадаць? Не вельмi! Дом належаў таму беднаму хлапчаняцi, якое сцiпла стаяла тады за дзвярамi. З яго ўсё ж нешта атрымалася, хоць i прозвiшча яго канчалася на 'сен' - Тарвальдсен.

А тыя тры дзяўчынкi? Дзецi кроўнай, грашовай i разумовай знацi, што з iх атрымалася? Так, усе яны былi дзецi як дзецi, усе адно аднаго вартыя! I з iх атрымалiся прыстойныя людзi; запачаткаваннi ў iх былi добрыя. А iхнiя развагi i размовы ў той вечар былi пустой дзiцячай балбатнёй!

ДЗЮЙМОВАЧКА

Жыла на свеце адна жанчына. У яе не было дзяцей, а ёй вельмi хацелася дзiцятка мець. Вось пайшла яна да старой варажбiткi i кажа:

- Мне так хочацца, каб у мяне была дачка, хоць самая маленькая!..

- Няма нiчога прасцей! - адказала варажбiтка. - Вось табе ячменнае зерне. Гэта зерне не простае, не з тых, што спеюць у вас на палях i родзяцца птушкам на спажыву. Вазьмi яго i пасадзi ў гаршчок для кветак. Убачыш, што будзе.

- Дзякуй табе! - сказала жанчына i дала варажбiтцы дванаццаць медзякоў. Потым яна пайшла дадому i пасадзiла ячменнае зярнятка ў гаршчок для кветак. Толькi яна яго палiла, зярнятка адразу ж прарасло. З зямлi вылезлi два лiсточкi i пяшчотная сцяблiнка. А на сцяблiне з'явiлася вялiзная цудоўная кветка, накшталт цюльпана. Але пялёсткi кветкi былi шчыльна сцiснутыя: яна яшчэ не распусцiлася.

- Якая цудоўная кветка! - сказала жанчына i пацалавала прыгожыя стракатыя пялёсткi.

У тую ж хвiлiну ў стрыжнi кветкi штосьцi шчоўкнула, i яна раскрылася. Гэта быў на самай справе вялiкi цюльпан, але ў чашачцы яго сядзела жывая дзяўчынка. Яна была маленькая-маленькая, усяго з дзюйм* ростам. Таму яе так i назвалi Дзюймовачка.

* У адным дзюйме (адной цалi) 2,5 сантыметры.

Калыску для Дзюймовачкi зрабiлi з блiскучай лакiраванай шкарлупiны грэцкага арэха. Замест пярынкi туды паклалi некалькi фiялак, а замест коўдрачкi - пялёсткi ружы. У гэтую калысачку дзяўчынку клалi на ноч, а днём яна гуляла на стале.

Сярод стала жанчына паставiла глыбокую талерку з вадой, а на краi талеркi расклала кветкi. Доўгiя сцяблiнкi iх купалiся ў вадзе, i кветкi доўга заставалiся свежымi i духмянымi.

Для маленькай Дзюймовачкi талерка з вадой была цэлым возерам, i яна плавала па гэтым возеры на пялёстку цюльпана, як на лодачцы. Замест вёслаў у яе былi пара белых конскiх валасоў. Дзюймовачка цэлыя днi каталася на сваёй цудоўнай лодачцы, пераплывала з аднаго боку талеркi на другi; спявала песнi. Такога пяшчотнага галаску, як у яе, нiхто нiколi не чуў.

Аднойчы ноччу, калi Дзюймовачка спала ў сваёй калысцы, праз адчыненае акно ў пакой залезла вялiзная старая жаба, мокрая i брыдкая. З падаконнiка яна скочыла на стол i зазiрнула ў шкарлупiну, дзе спала пад пялёсткам ружы Дзюймовачка.

- Як хораша! - сказала старая жаба. - Слаўная нявеста будзе майму сыну.

Яна схапiла арэхавую шкарлупiну з дзяўчынкай i выскачыла праз акно ў сад.

У садзе працякала рэчка, а пад самым яе берагам было багнiстае балота. Тут, у тванiстай цiне, i жыла старая жаба са сваiм сынам.

Сын быў таксама мокры i брыдкi - цюцелька ў цюцельку як яго мацi, старая жаба.

- Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! - толькi i мог сказаць, калi ўбачыў маленькую дзяўчынку ў арэхавай шкарлупiне.

- Цiшэй ты! Разбудзiш яе, i яна ўцячэ ад нас, - сказала старая жаба. - Яна ж лягчэй лебядзiнага пуху. Пасадзi яе на самую сярэдзiну ракi, на шырокi лiст гарлачыка, - гэта цэлая выспа для такой маленькай. Адтуль ужо ёй нiяк не ўцячы. А я тым часам падрыхтую для вас у цiне ўтульнае гняздзечка.

У рацэ расло багата гарлачыкаў; iх шырокiя зялёныя лiсты плавалi па вадзе. Самы вялiкi лiст быў далей за ўсiх ад берага. Жаба падплыла да гэтага лiста i паставiла на яго арэхавую шкарлупiну, у якой спакойна спала дзяўчынка.

Рана-раненька прачнулася Дзюймовачка i раптам убачыла, што яна на лiсце гарлачыка; вакол, куды нi зiрнеш, вада, а бераг ледзь бачыцца ўдалечынi. Дзюймовачка вельмi напалохалася i заплакала.

А старая жаба сядзела ў цiне i ўпрыгожвала свой дом чаротам i жоўтымi гарлачыкамi - яна хацела дагадзiць маладой нявестцы. Калi ўсё было гатова, жаба паплыла са сваiм брыдкiм сынам да лiста, на якiм сядзела Дзюймовачка, каб узяць яе ложачак i паставiць у спальнi. Старая жаба нiзка прысела ў вадзе перад дзяўчынкай i сказала:

- Вось мой сынок! Ён будзе тваiм мужам. Вы слаўна зажывеце з iм у нас у цiне.

- Каакс, каакс, брэке-ке-кекс! - толькi i мог казаць сынок.

Жаба ўзяла шкарлупiну i паплыла з ёй, а Дзюймовачка засталася адна на зялёным лiсце i горка-горка плакала - ёй зусiм не хацелася жыць у брыдкай жабы i выходзiць за яе агiднага сына.

Маленькiя рыбкi, якiя плавалi пад вадой, бачылi жабу i яе сына i чулi, што яна казала Дзюймовачцы.

Яны высунулi з вады свае галовы, каб паглядзець на малютку нявесту. Як толькi рыбкi ўбачылi Дзюймовачку, iм стала страшэнна шкада, што такой цудоўнай дзяўчынцы давядзецца жыць з жабамi. Не

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату