тысячаў успамiнаў перапляталiся, накладвалiся адно на адно; боль выцясняў размаiтыя таемныя знакi зменных колераў, зменных накiрункаў, зменных нахiлаў.

Паводка, думалася мне, паводка: мяне заўсёды цягнула кiнуцца ў ваду каб яна панесла мяне да шэрых даляглядаў.

У паўсонных лятунках мяне доўга турбавала пытанне, цi можна ў збане схаваць пугу з калючага дроту; у маiх успамiнах рухi ператваралiся ў лiнii, якiя складвалiся ў фiгуры: зялёныя, чорныя, чырвоныя фiгуры былi падобныя да кардыяграм, у якiх адлюстроўваюцца жыццёвыя рытмы пэўнага чалавека; рэзкi рух, якiм Алоiс Трышлер выцягваў вудачку з вады, калi мы лавiлi рыбу ў Старым Порце; рух, якiм ён закiдваў леску з прынадай; яго рука, што плыве ў паветры, паказваючы хуткасць плынi; зялёным па шэрым дакладна вымаляваная рука; тое, як Нэтлiнгер падымаў руку, каб шпурнуць мячык Шрэле ў твар; дрыжанне ягоных вуснаў, раздзiманне ноздраў; ён ператвараўся ў шэрую постаць, што сваёй формай нагадвала павучыны след; нiбыта з дапамогай тэлеграфаў, якiя я не здолеў прывязаць да пэўнага месца, у маёй памяцi адбiвалiся вобразы: Эдыт увечары пасля той гульнi, калi я пайшоў да Шрэлы; твар Эдыт пада мною на траве, у Блесэнфэльдскiм парку; калi мы ляжалi там, яе твар быў вiльготны ад летняга дажджу; на яе светлых валасах блiшчэлi кропелькi вады, сцякалi па яе брывах: вяночак серабрыстых кропляў, што падымаўся i апускаўся ў рытме яе дыхання; гэты вяночак зафiксаваўся ў маёй памяцi як шкiлет марской жывёлiны, знойдзены на ржавым пляжным пяску i памножаны да незлiчоных хмарак аднолькавай велiчынi; лiнiя яе рота, калi яна сказала мне: 'Яны цябе заб'юць'. Эдыт.

У тых лятунках дратаваў мяне згублены школьны партфель - я ж заўсёды быў такi прыкладны, - я выхапiў з-пад дзюбы худой курыцы свой зялёна-шэры том Авiдзiя; я таргаваўся з касiркаю ў кiнатэатры за верш Гёльдэрлiна, якi яна вырвала з майго падручнiка па лiтаратуры, бо верш надта ёй спадабаўся: 'Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае'.

Фраў Трышлер прынесла вячэру: малако, яйка, хлеб, яблык; яе рукi зрабiлiся маладымi, калi яна прамывала раны на маёй спiне вiном; боль выбухаў полымем, калi яна выцiскала губку, а вiно сцякала па баразёнках ран; потым яна палiвала iх алеем, i я спытаў: 'Адкуль Вы ведаеце, як гэта трэба лячыць?'

- Як гэта робiцца, ты можаш прачытаць у Бiблii, - адказала яна, - i я ўжо гэтаксама лячыла твайго дружбака Шрэлу! Алоiс вернецца паслязаўтра, а ў нядзелю адправiцца з Рурорта на Ротэрдам! Табе не трэба баяцца, - дадала яна, - яны ўсё зробяць як мае быць, бо пачуваюць сябе на рацэ як на гэтай вулiцы. Яшчэ крыху малака, хлопча?

- Hе, дзякую.

- Hе хвалюйся. У панядзелак альбо ў аўторак ты будзеш у Ротэрдаме. Што здарылася, што з табою?

Нiчога. Нiчога. Усё яшчэ перадавалi паведамленнi, што шукаецца: чырвоны шнар на пераноссi... Бацька, мацi, Эдыт - я не хацеў вылiчваць дыферэнцыялы пяшчотнасцi, не хацеў надакучваць болю модламi; вясёла выглядала рака i белыя прагулачныя параходы з каляровымi сцяжкамi; вясёла выглядалi таксама фрахтавыя судны - чырвоныя, зялёныя i блакiтныя, - што перавозiлi вугаль i драўнiну адсюль туды i адтуль сюды; на другiм беразе зялёная алея, снежна-белая тэраса кавярнi 'Бэльвю', а яшчэ далей за iмi вежа сабора Святога Севярына, ярка-чырвоная пасма святла каля гатэля 'Прынц Генрых', за сто крокаў ад дома маiх бацькоў; там усе якраз вячэралi, мелi грандыёзную iмпрэзу, якой, нiбы патрыярх, кiраваў бацька; субота, якую святкавалi як шабас; цi чырвонае вiно не занадта ахалоджанае, а белае - не занадта цёплае?

- Яшчэ не хочаш малака, хлопча?

- Hе, дзякуй, фраў Трышлер, напраўду не хачу.

Ганцы на матацыклах iмчалi па горадзе з плакатамi ў чырвонай рамцы, ад слупа да слупа: 'Пакаранне смерцю! Вучань Роберт Фэмель...' Бацька малiўся перад вячэраю: '...Ён адпакутаваў за нас', мацi пакорлiва накрэслiла ў паветры перад сабою крыж i сказала потым: 'Свет благi, так мала чыстых сэрцаў у iм', а Отавы боты ўсё яшчэ выбiвалi рытм: 'брат-брат' на зямлi, на плiтках тратуара, па вулiцы ўнiз - да Мадэставай брамы. Гэта 'Штыльтэ' загучала сiрэнай на рацэ, высокiя гукi прарывалi вечаровае неба, белымi маланкамi рабiлi барозны ў цёмным блакiце. Я ляжаў ужо на парусным палатне, як чалавек, якi сканаў у адкрытым моры i чыё цела павiнна быць яму аддадзена; Алоiс падымаў ужо край палатна, каб укруцiць мяне ў яго; мне быў вiдзён выразны, вытканы белым па шэрым, надпiс 'Морыен. Эймёйдэн'. Фраў Трышлер схiлiлася нада мной, заплакала, пацалавала мяне, а Алоiс пачаў павольна скручваць палатно, як быццам мой труп быў асаблiва каштоўны; ён ускiнуў мяне сабе на плячо. 'Сынку, - крыкнуў стары, - сынку, не забывайся на нас!'

Вячэрнi брыз; яшчэ раз загула сiрэна 'Штыльтэ' з лёгкiм напамiнам, у загарадцы бэкалi авечкi, марожаншчык крычаў: 'Марожанае! Марожанае!'; потым змоўк: напэўна якраз клаў ванiльнае марозiва ў крохкiя вафлi. Памост, па якiм нёс мяне Алоiс, лёгка прагiнаўся пад маiмi нагамi; нечы цiхi голас спытаўся: 'Гэта ён?' I Алоiс таксама цiха адказаў: 'Ён'. На развiтанне ён шапнуў мне: 'Думай пра тое, што вечарам у аўторак будзеш у Ротэрдаме'. Мяне неслi iншыя рукi, па сходах унiз; там пахла машынным маслам, вугалем, пасля - драўнiнай; здалёк чуўся спеў сiрэны, 'Штыльтэ' здрыганулася, глухое вуркатанне рухавiка пачало мацнець, i я адчуў, што мы плывём, плывём унiз па Рэйне, усё далей i далей ад вежы Святога Севярына.

Цень ад сабора Святога Севярына падпоўз блiжэй, запоўнiў ужо левае акно бiльярднага пакоя, закрануў правае; час, якi сонца гнала перад сабою, наблiжаўся, нiбы пагроза, запаўняў вялiкi гадзiннiк, якi неўзабаве мусiць выпрастацца ад яго, выдаўшы з сябе жахлiвыя гукi; белыя на зялёным, чырвоныя на зялёным кацiлiся шары; гады, рассечаныя напалову, гады, узваленыя адзiн на адзiн - i секунды, секунды, што падаюцца спакойным голасам, нiбы вечнасцi; каб толькi не трэба было зараз бегчы зноў па каньяк, не сустракацца з календаром, з гадзiннiкам, з авечай прапаведнiцай, з Гэткiм-што-не-павiнна-было-нарадзiцца; каб толькi яшчэ раз пачуць наказ: 'Пасвi авечак маiх', пачуць пра жанчыну, што ляжала ў траве пад летнiм дажджом; баркасы на якарах, жанчыны, што iшлi па кладках, i мячык, якi ўдарыў Роберт - Роберт, якi нiколi не каштаваў бычынага прычасця, якi моўчкi гуляў далей, выбiваючы сваiм кiем на тых двух квадратных метрах усё новыя i новыя фiгуры.

- А ты, Гуга, - спытаў ён прыцiшана, - цi ты не хочаш мне сёння нiчога расказаць?

- Hе ведаю, колькi часу гэта доўжылася, але мне здаецца, што цэлую вечнасць: пасля ўрокаў у школе мяне заўсёды бiлi. Часам я заставаўся чакаць, пакуль не ўпэўнiваўся, што ўсе яны пайшлi палуднаваць, а жанчына, што прыходзiць прыбiраць у школе, сустракала мяне ўнiзе ў калiдоры i пыталася: 'Што ты тут яшчэ робiш, хлопчык? Мацi дома, напэўна, чакае цябе'.

Але мне было боязна, i я чакаў, пакуль гэтая жанчына пойдзе i зачынiць мяне на замок у школе; гэта мне ўдавалася не заўсёды, бо часцей за ўсё яна выганяла мяне, перш чым зачынiць школу, але, калi ў мяне атрымлiвалася застацца сядзець зачыненым, я быў рады: ежу я знаходзiў у партах i ў выварках для адкiдаў, якiя прыбiральшчыца выстаўляла ўнiзе ў вестыбюлi для машын, што вывозяць смецце: удосталь бутэрбродаў, яблыкаў, рэшткi бiсквiтаў. Вось так я заставаўся ў школе адзiн, i нiхто мне нiчога не мог зрабiць. Сагнуўшыся, я сядзеў у настаўнiцкiм гардэробе, за дзвярыма, што вялi ў падвал, бо баяўся, што яны могуць зазiрнуць у акно i ўбачыць мяне; але прайшло нямала часу, пакуль яны дапетрылi, што я хаваюся ў школе. Нярэдка я сядзеў там гадзiнамi, да самага вечара, калi я мог спакойна адчынiць акно i вылезцi на вулiцу. Я глядзеў доўга на апусцелы школьны двор: цi можна знайсцi што-небудзь больш бязлюднае, чым гэткi школьны двор надвячоркам? Гэта была цудоўная часiна, пакуль яны скемiлi, што я застаюся сядзець зачынены ў школе. Я сядзеў, сагнуўшыся, у настаўнiцкiм гардэробе альбо пад самым акном i чакаў чагосьцi, што мне было вядома толькi як слова: нянавiсцi. Я так хацеў бы ненавiдзець iх, але я не ўмеў гэтага, пане доктар. Я адчуваў толькi страх. Былi днi, калi я чакаў толькi да трэцяй альбо чацвёртай гадзiны, думаў, што яны ўжо ўсе пайшлi i я здолею хутка перабегчы цераз вулiцу, каля Майдавай стайнi, i паўз могiлкi даляцець да свайго дома, каб замкнуцца ў iм. Але яны падмянялi адзiн аднаго, хадзiлi палуднаваць па чарзе - бо адмовiцца ад ежы, гэтага яны не маглi, - i калi яны беглi да мяне, я ўжо здалёк унюхваў, што яны елi на абед: бульбу з падлiўкай, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi; i калi яны мяне лупцавалi, я ўсё думаў: у iмя чаго сканаў Хрыстос, якая мне карысць ад яго смерцi, якая мне карысць ад таго, што яны кожнае ранiцы чытаюць малiтву, штонядзелi прымаюць прычасце, i ад таго, што ў iх на кухнях вiсяць распяццi - над тымi сталамi, за якiмi яны ядуць сваю бульбу з падлiўкаю, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi? Нiякай карысцi. Што мне з усяго гэтага, калi яны кожны дзень падпiльноўваюць мяне i збiваюць на горкi яблык? Пяцьсот цi шэсцьсот год ужо - яны нават ганарылiся, што ў iх такi старажытны сабор, - можа, нават тысячу год яны хавалi сваiх продкаў на могiлках, тысячу год малiлiся i елi пад распяццем бульбу з падлiўкай i скваркi з зелянiнай. Дзеля чаго? I цi ведаеце, што яны выкрыквалi, калi лупцавалi мяне? - 'Авечка божая'. Гэта была мая мянушка.

Чырвоныя на зялёным, белыя на зялёным - новыя фiгуры паўставалi, нiбы знакi, i хутка знiкалi: нiчога ад iх не заставалася; музыка без мелодыi, жывапiс без вобразу,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату