вызначаным парадку, чайны столiк ад стала да другога, раскладвалi срэбранае начынне, мянялi вазончыкi з кветкамi, замест белых гваздзiкоў у высокiх вузкiх вазах - сцiплыя фiялкi ў круглых вазонах; забiралi са стала мармеладавыя сподачкi, ставiлi кiлiшкi пад вiно: нiзкiя пад чырвонае, высокiя - пад белае; з адным-адзiным выключэннем: малако для авечай пастыркi; у крышталёвым графiнчыку малако мела шараватае адценне.
Фэмель лёгкай хадою прайшоў памiж радамi столiкаў, рассунуў фiялетавыя фiранкi i - апынуўся насупраць вежы сабора Святога Севярына.
4
Крокi Леаноры супакойвалi яго; яна асцярожна хадзiла па кабiнеце, адчыняючы шафы, падымаючы вечкi скрыняў, развязваючы шнуркi на пасылках, разгортваючы эскiзы; яна толькi зрэдку адрывала яго ад думак, падыходзячы да акна - толькi калi на якiм-небудзь дакуменце не стаяла дата альбо эскiз не быў падпiсаны. Стары Фэмель любiў парадак i нiколi не падтрымлiваў яго. Леанора зробiць гэта за яго; на падлозе вялiкага кабiнета яна раскладвала ў стосы дакументы i эскiзы, лiсты i рахункi, упарадкаваныя па гадах; i сёння, як i пяцьдзесят год таму, падлога дрыжала ад грукату друкарскiх машын; тысяча дзевяцьсот сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты - па ўкладзеных Леанораю стосах ужо было вiдаць, што яны з цягам гадоў стагоддзя большаюць: тысяча дзевяцьсот дзевяты быў вышэйшы за тысяча дзевяцьсот восьмы, дзесяты вышэйшы за дзевяты. Леанора выведзе крывую яго працы: яна прывучаная да дакладнасцi.
- Слухаю? - сказаў ён. - Вы можаце перашкаджаць мне, калi захочаце, маё дзiцятка. Гэта? Гэта - лякарня ў Вайдэнхамеры; я пабудаваў яе ў 1924 годзе: у вераснi яе адчынiлi.
Леанора напiсала сваiм добра чытэльным почыркам на палях эскiза: '1924.09'.
Зусiм тонкiя стосiкi ўтварылi ваенныя гады, з чатырнаццатага па васемнаццаты: тры, чатыры эскiзы: лецiшча для генерала, паляўнiчая хатка для бургамiстра, каплiца пад апекаю Святога Себасцьяна - для брацтва стралкоў; адпускныя паперы, ганарары, выплачаныя такiмi каштоўнымi адпускнымi днямi; каб магчы пабыць з сваiмi дзецьмi, ён бы задарма будаваў генералам замкi.
- Hе, Леанора. Гэта было ў трыццаць пятым годзе. Кляштар францысканак. Сучасны стыль? Вядома, сучасныя гмахi я таксама будаваў.
Фрамуга вялiкага акна ў кабiнеце заўсёды здавалася яму рамаю, якую запаўнялi кожны раз iншыя вобразы; мянялiся колеры неба, дрэвы на падворках шарэлi, чарнелi, зелянелi; цвiлi, адцвiталi кветкi на тэрасах, што на дахах дамоў. На гэтых бляшаных дахах дзецi бавiлiся, рабiлiся дарослымi, станавiлiся бацькамi, а iх бацькi - дзядулямi i бабулямi; толькi профiль лiнiй дахаў заставаўся нязменны, заставаўся мост, заставалiся горы, што ў ясныя днi вiднелiся на даляглядзе - аж пакуль другая сусветная вайна не змянiла профiль лiнiй дахаў, не зрабiла ў ёй пярэрваў, у якiх вiдзён быў серабрысты ў пагодныя днi i шэры - у пахмурныя Рэйн, а таксама перасоўны мост у Старым Порце; пярэрвы былi даўно ўжо зноў запоўненыя, дзецi бавiлiся на бляшаных дахах, на процiлеглым баку вулiцы на Кiльбавай тэрасе з падручнiкамi ў руцэ хадзiла туды i сюды яго ўнучка - гэтаксама як пяцьдзесят год назад там хадзiла туды i сюды ягоная жонка... цi гэта, можа, не Ёганна чытала там у сонечныя днi, па абедзе, 'Падступнасць i каханне'?
Зазванiў тэлефон; як гэта прыемна, што Леанора падняла слухаўку, што яе голас адказаў незнаёмаму чалавеку на другiм канцы дроту:
- Гэта з кавярнi Кронэра? Я спытаюся ў пана радцы.
- Колькi асоб я чакаю ўвечары? На вечары ў гонар дня нараджэння? Мусiць, досыць будзе пальцаў аднае рукi, каб палiчыць усiх?.. Два ўнукi, сын, я i - Вы. Леанора, Вы зробiце мне такую ласку? Значыць, пяць асоб. Хапiла пальцаў аднае рукi.
- Hе, шампанскага не трэба. Усё, як дамаўлялiся. Дзякуй, Леанора.
Пэўна, яна ўважае мяне за вар'ята; але калi я вар'ят, значыць, я быў iм заўсёды; я ўсё мог прадбачыць, ведаў дакладна, чаго я хачу, - i ведаў, што я дасягну таго; толькi аднаго я нiколi не ведаў, не ведаю дагэтуль: дзеля чаго я гэта рабiў? Дзеля грошай, дзеля славы альбо толькi дзеля прыемнасцi самому сабе? Да чаго я iмкнуўся, калi тады, ранкам у пятнiцу 6 верасня 1907 года, пяцьдзесят год таму, выходзiў вунь там, з будынка вакзала? Я перадвызначыў свае ўчынкi, рухi, дакладны распарадак дня, ад той самай хвiлi, калi зрабiў першы крок у гэтым горадзе; я стварыў складаную харэаграфiчную кампазiцыю, у якой збiраўся быць i салiстам, i балетмайстрам у адной асобе; статыстаў i дэкарацыi я меў задарма.
У мяне было толькi дзесяць хвiлiн, перад тым як зрабiць першае па: усяго толькi каб прайсцi цераз вакзальную плошчу, потым паўз гатэль 'Прынц Генрых', перайсцi Модэстгасэ i пераступiць парог у кавярнi Кронэра. Я паявiўся ў гэтым горадзе ў дзень, калi мне споўнiлася дваццаць дзевяць год; гэта была вераснёвая ранiца. Рамiзнiцкiя клячы пiльнавалi сваiх дрымотных гаспадароў; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях гатэля 'Прынц Генрых' валачылi валiзы ўслед за гасцямi на вакзал; падымалiся салiдныя краты на вокнах банкаў, укручваючыся з паважным бразгатаннем у адмысловыя барабаны; галубы, прадаўцы газет; уланы - цэлы эскадрон якраз праязджаў перад вокнамi гатэля; ротмiстр памахаў рукой жанчыне ў ружова-чырвоным капелюшы; яна стаяла на балконе з тварам, прыкрытым вэлюмам; паветраны пацалунак быў пасланы ў адказ; плямканне падковаў па брукаванцы; гукi арганаў з адчыненых дзвярэй сабора Святога Севярына.
Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кiшэнi план горада, я разгарнуў яго i пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, якi я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалi сабор i чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранiшняй iмгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла якраз перада мною; вялiзны цень, што падаў ад яе, прымусiў мяне задрыжаць; я зноў апусцiў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру i кабiнет, заплацiўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 - памiж Святым Севярынам i Мадэставай брамай; гэта, мусiць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзiла на другi бок вулiцы. Ён меў адзiн кiламетр радыуса - паўкруг, што я накрэслiў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збiраўся ажанiцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькi, што яна - з сям'i патрыцыяў, пра якiх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскiм палку i вярнуўся з нянавiсцю ў сэрцы, з нянавiсцю да коней i афiцэраў; да гэтай нянавiсцi я ставiўся з павагай, хоць i не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калi я сам зрабiўся афiцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае ранiцы, пяцьдзесят адзiн год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвiшча Бродэм альбо Кузэнiус, Кiльб альбо Фэрфэ; ёй павiнна было споўнiцца дзевятнаццаць, i якраз цяпер, менавiта цяпер яна вярталася з ранiшняе iмшы дадому; пакiнуўшы малiтоўнiк у пярэднiм пакоi, яна заходзiла да бацькi якраз у адпаведную хвiлю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб - перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калiдор i сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпiвала фiлiжанку кавы; 'Hе, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!' - i яна чытала мацеры пра днi чарговых баляў. Цi дазволяць ёй пайсцi на ўнiверсiтэцкi баль? Дазволяць.
Самае позняе пад час унiверсiтэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажанiцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзiць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзецi будуць жанiцца, выходзiць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; i, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваiх унукаў, бачыў сябе васьмiдзесяцiгадовым патрыярхам, што верхаводзiць запачаткаваным сабою родам, - святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя i залатыя вяселлi, хрысцiны; немаўляты, якiх кладуць у мае старэчыя рукi, праўнукi, я буду любiць iх, як i маiх маладых i прыгожых нявестак, якiх буду запрашаць на сняданнi, якiм буду дарыць кветкi i цукеркi, адэкалоны i карцiны; я ведаў пра ўсё гэта, калi стаяў там, i быў гатовы выйсцi на танец.
Я паглядзеў услед служку, якi вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якiм ляжалi мая бялiзна i мае эскiзы; а таксама скураны чамаданчык з паперамi, дакументы i грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацiгадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнiкаў, у бюро сярэдненькiх архiтэктараў; я рысаваў, праектаваў i будаваў рабочыя пасёлкi, прамысловыя будынкi, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзiбы, пералапачваў каштарысы, прабiваўся праз напышлiвыя моўныя звароты ў асобных пунктах - а драўляны паркет у рызнiцы павiнен быць выкананы з найлепшай, без адзiнага сучка, драўнiны; на выраб лiштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.
Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго цi з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынiкаў не з адной радасцi; былi ў iм кпiны, здзек - можа, нават зласлiвасць; але я нiколi не ведаў, колькi чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкiя лаўкi, на якiх сядзеў на занятках вячэрнiх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасцi лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я