лiста; яе прынесла мне касiрка з кiнатэатра; яна прыйшла ў бюро, назвалася клiенткай, i Ёзэф прывёў яе да мяне наверх.
Праз тыдзень яны зноў пыталiся ў мяне: 'Цi быў у Вас з iм кантакт?', i я адказала: 'Hе было'. Пазней паявiўся яшчэ адзiн, Нэтлiнгер, якi шмат разоў карыстаўся маёй гасцiннасцю; ён сказаў: 'Дзеля Вашага ж iнтарэсу скажыце праўду'. Але ж я iм i казала праўду, ды цяпер ведала, што ты ўмыкнуў з iх рук.
Некалькi месяцаў нiчога новага, а потым прыйшла Эдыт i сказала:
- Я чакаю дзiця.
Я спужалася, калi яна прамовiла:
- Госпад блаславiў мяне.
Яе голас наганяў на мяне страх; даруй, але я нiколi не любiла сектантаў; дзяўчына была цяжарная i засталася зусiм адна: бацька арыштаваны, родны брат знiк, цябе не было - яны два тыднi пратрымалi яе ў вязнiцы i рабiлi допыты; яны не кранулi яе; як проста было паразганяць тых некалькiх авечак; толькi адна авечка засталася - Эдыт; я забрала яе да сябе. Дзецi, вашую неразумнасць, вядома, упадабаў пан бог, але, прынамсi, Вакеру вы павiнны былi забiць; баранi нас божа ад пакутнiкаў, якiя засталiся жыць; настаўнiк гiмнастыкi - палiцай-прэзiдэнт: гойсае на сваiм белым канi па горадзе i асабiста кiруе аблавамi на жабракоў; чаму хоць бы яго вы не забiлi, але чым - порахам у кардонным карабку? Хлопаўкамi нiкога не заб'еш, хлопча; вам трэба было спытацца пра гэта ў мяне: смерць зроблена з металу гiльза з медзi, свiнец, жалеза; смерць нясуць асколкi металу - яны свiшчуць i выюць, уначы спадаюць дажджом на дах, з грукатам б'юцца аб альтанку, лётаюць у паветры, нiбы дзiкiя птахi: 'Дзiкiя гусi шумяць уначы'; яны кiдаюцца на авечак; Эдыт памерла; я перад тым дамаглася, каб яе абвясцiлi вар'яткай: тры медыцынскiя аўтарытэты напiсалi заключэнне сваiмi па-арыстакрацку нечытэльнымi почыркамi на белых лiстах са штампамi, што выклiкаюць павагу - гэта ўратавала яе, Эдыт. Даруй, што я смяюся; гэткая во авечка: у семнаццаць год нарадзiла першае дзiця, у дзевятнаццаць - другое, прытым заўсёды ад яе можна было пачуць словы накшталт: 'Пан Бог зрабiў тое', 'Пан Бог даў', 'Пан Бог узяў', 'Пан Бог...', 'Пан Бог...' Яна не ведала, што пан Бог - наш брат: з братамi ты можаш смяяцца сабе колькi хочаш, з панамi не заўсёды; я не ведала, што дзiкiя гусi рвуць авечак, думаючы, што яны мiралюбныя траваежныя птушкi; Эдыт ляжала тут, i здавалася, што ажыў наш родавы герб - авечка, з грудзей у якой пырскае струмень крывi; але вакол яе не стаялi нi пакутнiкi, нi кардыналы, нi пустэльнiкi, нi рыцары, нi святыя, каб малiцца на яе; там стаяла я адна. Яна памерла; хлопча, паспрабуй усмiхнуцца; я спрабавала, ды ў мяне гэта не атрымлiвалася: асаблiва з Генрыхам; ён забаўляўся з табою, чапляў табе шаблю, насоўваў на галаву шалом, рабiў з цябе 'француза', ды 'руса', ды 'iнглiшмэна'; гэты цiхманы хлопчык; i ён спяваў: 'Мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн'; а калi ён памiраў, ён шапнуў мне той жахлiвы пароль, iмя свяшчэннага буйвала'Гiндэнбург'. Ён хацеў вывучыць верш на памяць, быў такi ветлiвы i паслухмяны, а я парвала цыдулку з вершам на дробныя шматкi, выкiнула iх, i яны пасыпалiся, нiбы камякi снегу, на Модэстгасэ.
Пi, Роберт, гарбата стыне; вось цыгарэты; падыдзi сюды блiжэй: я мушу гаварыць зусiм цiха; нiхто не павiнен нас чуць, а перадусiм не павiнен нас чуць твой бацька; ён - дзiця, не ведае, колькi лiха ў гэтым свеце, як мала ў iм ёсць чыстых сэрцаў; а ён мае такое; цiха, нельга заплямiць гэткае чыстае сэрца; паслухай, ты можаш мяне вызвалiць: 'мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн', i ты павiнен здабыць яго мне; з тэрасы, што на даху, я б магла яго ладна падстрэлiць; у нашай альтанцы трыста пяцьдзесят дзiрак; калi ён будзе наблiжацца на сваiм белым канi, заверне за рог вулiцы каля гатэля 'Прынц Генрых', у мяне будзе досыць часу, каб добра пацэлiць; трэба глыбока ўдыхнуць паветра - я чытала пра гэта, - нацэлiцца i нацiснуць у патрэбны момант на курок; я выпрабавала гэта з Брунавым кiйком: калi ён заверне за рог, у мяне будзе дзве з паловай хвiлiны часу, але цi ўдасца мне таксама падстрэлiць i таго другога - я не ведаю; будзе сумятня, калi ён звалiцца з каня, i я не здолею другi раз спакойна ўдыхнуць паветра, навесцi i нацiснуць своечасова на курок; мне трэба толькi вырашыць, па кiм страляць: па настаўнiку гiмнастыкi цi па тым Нэтлiнгеры; ён еў мой хлеб, пiў маю гарбату, i бацька заўсёды называў яго 'жвавым хлопцам'. Паглядзi, якi жвавы гэты хлопец: iрваў авечак, лупцаваў цябе i Шрэлу бiзуном з калючага дроту; Фэрдзi заплацiў занадта дорага за гэты сцiплы вынiк - апёкi на назе настаўнiка гiмнастыкi, разбiтае люстэрка ў пярэднiм пакоi; не порах з кардонным карабком патрэбны, а порах з металам...
Выпi нарэшце сваю гарбату, хлопча; цi яна табе не смачная? Што, тытунь у цыгарэтах перасох? Выбачай, але я нiколi не разбiралася ў гэтых рэчах; ты добра выглядаеш, табе да твару знешнасць саракагадовага мужчыны з сiвымi скронямi, можна падумаць, што ты нарадзiўся натарыусам; мяне разбiрае смех, калi я сабе ўяўляю, што ты напраўду калi-небудзь будзеш гэтак выглядаць; якiя ўсё ж спрытныя цяпер цырульнiкi!
Hе будзь такi сур'ёзны: усё мiнецца, мы зноў пачнем ездзiць за горад, у Кiслiнген: бабуля i дзед, дзецi, унукi, увесь наш род; твой сын будзе спрабаваць лавiць рукамi стронгу; мы будзем есцi цудоўны манаскi хлеб, пiць iхняе вiно, слухаць вячэрняе набажэнства: 'Rorate coeli decuper et nubes plurant justum'*; урачыстую перадкалядную службу; у гарах выпадзе снег, замерзнуць ручаi - выберы сабе пару года, хлопча, - каляды будуць найбольш даспадобы Эдыт; яна пахне калядамi: дзяўчына яшчэ не зразумела, што Госпад прыйшоў да нас як брат; манаскi спеў узрадуе яе адвентысцкае сэрца; i таксама ўзрадуе яе цёмны касцёл, пабудаваны калiсьцi тваiм бацькам; абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс- Гротэ i ГёрлiнгерШтуль.
* Акрыляйце, нябёсы, зверху, а воблакi хай пралiваюць праўду (лац.).
Мне не было яшчэ i дваццацi двух гадоў, калi асвячалi абацтва; я яшчэ зусiм нядаўна прачытала 'Падступнасць i каханне'; у мяне ў горле ўсё яшчэ сядзеў i лёгка вырываўся з яго падлеткаў смех; у зялёнай аксамiтавай сукенцы, купленай у краме Гэрмiны Горушкi, я выглядала так, быццам бы толькi што вярнулася з танцаў; ужо не дзяўчына, але яшчэ i не жанчына - не замужняя жанчына, а дзяўчына, якую спакусiлi; белы каўнерык, чорны капялюш; я была ўжо цяжарная i кожную хвiлю гатовая заплакаць; кардынал шапнуў мне: 'Вам трэба было застацца дома; спадзяюся, што Вы вытрымаеце ўсё гэта'. Я вытрымала, я хацела быць пры ўсiм; калi адчынiлi касцёл i пачалася цырымонiя асвячэння, мне зрабiлася непамысна; ён зусiм спалатнеў, мой малы Давiд, а я падумала сабе: цяпер яго смех прапаў; яны заб'юць яго сваiмi ўрачыстасцямi; ён на тое занадта малы i занадта малады; у яго замала мужчынскай паважнасцi ў мускулах; я ведала, што маю пекны выгляд - у зялёнай сукнi, чарнавокая, з белым, нiбы снег, каўняром; я вырашыла нiколi не забывацца, што ўсё гэта толькi гульня. Я смяялася яшчэ, калi згадвала, як настаўнiк нямецкай мовы казаў мне: 'Буду пытаць Вас на пяцёрку', але я не здолела адказаць на пяцёрку; я думала ўвесь час толькi пра яго, называла яго Давiдам, малым з прашчаю, журботнымi вачыма i глыбока схаваным смехам; я кахала яго i штодня чакала хвiлiны, калi ён з'явiцца ў вялiкiм акне кабiнета; я глядзела яму ўслед, калi ён выходзiў з брамы друкарнi, употайкi прыходзiла на спеўкi iхняга хору, уважлiва ўглядалася, цi ягоныя грудзi таксама ўздымаюцца i апускаюцца ў гэтым сур'ёзным мужчынскiм спорце, ды пазнавала па яго твары, што ён не належаў да iх; я прасiла Бруну непрыкметна для iншых прыводзiць мяне ў клуб афiцэраў-рэзервiстаў, што збiраўся ў гатэлi 'Прынц Генрых', каб згуляць у бiльярд; я прыглядалася да таго, як ён згiнаў i разгiнаў рукi, як белыя шары кацiлiся па зялёным i чырвоныя кацiлiся на зялёным, i там я адчула яго смех, схаваны глыбока ў iм унутры; не, ён нiколi не каштаваў бычынага прычасця, але было боязна, цi вытрымае ён апошняе, самае апошняе i самае цяжкое выпрабаванне - выпрабаванне вайсковай формай, у дзень нараджэння таго прыдурка, у студзенi: маршыроўка перад помнiкам каля моста, удзел ва ўрачыстым парадзе перад гатэлем, на балконе якога стаяў генерал; я пыталася ў сябе, як гэта будзе выглядаць, калi ён будзе шыбаваць там, унiзе, напампаваны гiсторыяй i балбатнёй пра 'цяжар лёсу', у такт грукату барабанаў i лiтаўраў, пад гукi баявых ражкоў. Мне было боязна, вусцiшна, што ён будзе выглядаць смешна; я не хацела, каб ён быў смешны; я не хацела, каб яны калi-небудзь смяялiся з яго, хацела, каб ён смяяўся з iх; i я ўбачыла, як ён маршыраваў; мой Божухна, каб ты бачыў яго тады! Ён, здавалася, кожным сваiм крокам пераступаў праз кайзераву галаву.
Пасля мне часцяком даводзiлася бачыць яго ў форме; гады лiчылiся цяпер павышэннямi ў званнi: праз два гады - обер-лейтэнант, яшчэ праз два гаўптман; я брала ў рукi яго шаблю i ўсяляк iмкнулася яе зганьбiць, апаганiць, саскрабала ёю бруд з жалезных завiткоў на парэнчах сходаў, iржу з жалезных лавак у садзе, капала ёю ямкi пад флянсы; толькi чысцiць бульбу ёй было занадта нязручна.
Шаблi трэба кiдаць на зямлю i таптаць нагамi, як i ўсе прывiлеi; толькi дзеля таго яны iснуюць - гэта хабарнiцтва: Правая рука iх поўная дарункаў. Еш тое, што ядуць iншыя; чытай тое, што чытаюць усе, насi вопратку, якую носяць усе; тады ты найшчыльней наблiзiшся да праўды; шляхоцкасць абавязвае, яна абавязвае цябе есцi мякiну, калi яе ядуць астатнiя, чытаць ура-патрыятычны памёт на старонках мясцовых