газет, а не выданнi для адукаваных людзей - Дэмеля* i iншых; не, Роберт, не прымай нiчога ад iх - нi паштэтаў ад Грэца, нi масла ад абата, нi мёду, нi залатых манет, нi рагу з заечага мяса: навошта-навошта- навошта, калi ў iншых таго няма; простыя людзi могуць спакойна есцi мёд i масла, ён не сапсуе iм нi страўнiка, нi мазгоў, але ты, Роберт, гэтага рабiць не можаш - ты павiнен есцi гэты брыдкi хлеб: вочы твае напоўняцца ад праўды слязьмi, i ты павiнен насiць вопратку з убогай тканiны - тады будзеш свабодны.
* Рыхард Дэмель (1863-1920) - нямецкi паэт-iмпрэсiянiст.
Я толькi адзiн раз пакарысталася сваёй прывiлеяй, адзiнадзiны раз - ты павiнен дараваць мне гэта; я не магла больш вытрываць i пайшла да Дрэшэра, каб дамагчыся табе амнiстыi; мы не маглi болей трываць: бацька, я i Эдыт; у цябе ўжо тады нарадзiўся сын; мы знаходзiлi ў паштовай скрынi вестачкi ад цябе, зусiм маленькiя, як паперкi ад парашкоў супраць кашлю; першы раз мы атрымалi вестачку ад цябе праз чатыры месяцы пасля таго, як ты знiк: 'Hе турбуйцеся наконт мяне, я старанна вучуся ў Амстэрдаме. Цалую маму. Роберт'. Праз тыдзень мы прачыталi другую цыдулку: 'Мне патрэбны грошы, загарнiце ў газету i перадайце чалавеку, прозвiшча якога Гроль - кельнеру ў 'Якары', Верхнi Порт. Цалую маму. Роберт'.
Мы аднеслi грошы туды: кельнер Гроль моўчкi паставiў нам пiва i лiманад, моўчкi ўзяў скрутак, моўчкi адмовiўся ад грошай 'на чай'; здавалася, ён нас зусiм не бачыць i не чуе нашых пытанняў.
Мы паўклейвалi твае маленькiя вестачкi ў нататнiк; новых доўга не было, потым яны пачалi надыходзiць часцей. 'Грошы атрымаў усе: 2-га, 4-га i 6-га. Цалую маму. Роберт'. А Ота раптам стаў зусiм не Ота, а нехта iншы; ён прывёў у дом Нэтлiнгера i настаўнiка гiмнастыкi; Ота... я зразумела, што гэта значыць, калi кажуць, што ад чалавека засталася адна абалонка; Ота быў цяпер толькi Отавай абалонкаю, якая хутка напоўнiлася iншым змесцiвам: ён не проста пакаштаваў бычынага прычасця, яно было яму прышчэплена; з яго выссалi былую кроў i ўлiлi яму новую: Отаў пагляд зрабiўся паглядам забойцы, i я са страхам хавала ад яго твае цыдулкi.
Колькi месяцаў вестак ад цябе не было; я поўзала на каленях у сенцах, па падлозе, выкладзенай плiткамi, аглядала кожную шчылiну, кожную цалю халоднай падлогi, зняла завiткi з парэнчаў, пасаскрабала з iх увесь бруд, баючыся, што папяровыя скрутачкi могуць куды-небудзь завалiцца, што iх можа здзьмухнуць скразняком; па начах я адкручвала паштовую скрыню i разбiрала яе, а Ота вяртаўся, прыцiскаў мяне дзвярыма да сцяны, наступаў мне на пальцы, смяяўся: доўгiя месяцы я не магла нiчога знайсцi, прастойвала ночы за фiранкаю ў спальнi, чакала свiтання, пiльнавала за вулiцай i за дзвярыма ў дом, злятала ўнiз па сходах, калi паяўляўся паштар з газетамi; нiчога не было; я абшуквала папяровыя торбачкi з булачкамi, асцярожна пералiвала малако ў рондаль, адляпляла этыкетку ад бутэлькi; нiчога не было. Ад вечара мы хадзiлi ў 'Якар', працiскалiся памiж мундзiраў у самы далёкi куток, за столiк, якi абслугоўваўся Гролем, але Гроль маўчаў, рабiў выгляд, нiбыта нас не ведае; толькi праз некалькi тыдняў, калi мы чарговы раз, чакаючы, сядзелi там, ён напiсаў на беражку кардоннай падстаўкi пад пiва: 'Будзьце асцярожныя! Я нiчога не ведаю!', а пасля перакулiў кухаль з пiвам, размазаў разлiтае пiва так, што на месцы надпiсу засталася вялiкая чарнiльная пляма, прынёс нам новы кухаль, за якi не хацеў браць грошай, - Гроль, кельнер з 'Якара', малады чалавек з вузкiм тварам.
Мы ж, натуральна, не ведалi, што хлопец, якi кiдаў нам у паштовую скрыню вестачкi ад цябе, даўно быў арыштаваны, што за намi сачылi, а Гроль заставаўся на волi толькi з аднае прычыны - яны спадзявалiся, што ён загаворыць з намi; хто можа разабрацца ў гэтай вышэйшай матэматыцы забойцаў? I Гроль, i хлопец з вестачкамi ад цябе - абодва знiклi, Роберт; а ты ж не даеш мне карабiна, не вызваляеш мяне з гэтага заклятага замка.
Мы перасталi хадзiць у 'Якар', пяць месяцаў нiчога не чулi пра цябе; я першы раз скарысталася з прывiлеi: пайшла к доктару Эмiлю Дрэшэру, старшынi зямельнага ўрада; колiсь я разам з яго сястрою хадзiла ў школу, а з iм - на ўрокi танцаў; мы рабiлi разам паездкi за горад, ставiлi ў каламажкi бочачкi з пiвам, на лясным ускрайку выцягвалi бутэрброды з вяндлiнаю; таньчылi 'лендлера' на свежапакошаных палянках; мой бацька дапамог Дрэшэраваму бацьку ўступiць у Навуковае згуртаванне, хоць у таго не было вышэйшай адукацыi але ўсё гэта лухта, Роберт: не вер у гэткiя рэчы, калi справа датычыць чагосьцi сур'ёзнага; я называла колiсь Дрэшэра 'Эм' - гэта было скарачэнне ад 'Эмiль', скарачэнне, якое ў тыя часы лiчылася асаблiва шыкоўным; а во цяпер, праз трыццаць год, я папрасiла далажыць яму пра мяне; я надзела шэры касцюм з фiялетавым вэлюмам, чорныя, са шнуркамi, чаравiкi; Дрэшэр сам сустрэў мяне ў пярэднiм пакоi, пацалаваў мне руку i сказаў:
- Ах, Ёганна, называй мяне, як i раней, 'Эм'!
I я сказала яму:
- Эм, мне трэба ведаць, дзе мой хлопец. Вам жа вядома, дзе ён!
У гэтую хвiлю, Роберт, мне здалося, што пачаўся ледавiковы перыяд. Я адразу пазнала па iм, што ён ведаў усё, i адчула, як ён пасуровеў, зрабiўся афiцыяльны, яго тоўстыя губы заўзятага аматара чырвонага вiна ад перапуду сталi падобныя да танюсенькай нiтачкi; ён азiрнуўся, патрос галавою i шапнуў мне:
- Учынак твайго сына быў не толькi заганны, але i надзвычай неразважлiвы з палiтычнага боку.
А я адказала яму:
- Куды вядзе палiтычная разважлiвасць - вiдаць па табе.
Я хацела пайсцi, але ён затрымаў мяне i сказаў:
- Божа мой, цi ж нам трэба ўсiм павесiцца?
Ha што я адказала:
- Вам - трэба.
- Будзь усё ж разумнаю, - сказаў ён, - гэткiмi справамi займаецца палiцай-прэзiдэнт, а ты ж ведаеш, што твой сын прычынiў яму.
- Ведаю, - адказала я. - Нiчога. На жаль, нiчога. Калi не лiчыць, што ён пяць гадоў запар выйграваў у яго ў лапту.
Тут гэты баязлiвец прыкусiў губу i сказаў:
- Спорт... спорт заўсёды да нечага прыводзiць.
Тады, Роберт, мы не ўяўлялi сабе, што за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём: Вакера аддаў пад расстрэл польскага ваеннапалоннага, бо той падняў на яго руку; толькi падняў руку - нават не ўдарыў Вакеру.
Пасля аднаго ранку я знайшла пад час снядання ў сябе на талерцы цыдулку, напiсаную Отам: 'Мне таксама патрэбны грошы - 12. Можаце аддаць мне iх проста ў рукi'. I я пайшла ў бацькаў кабiнет, узяла з сейфа дванаццаць тысяч марак - яны ляжалi там на той выпадак, калi ад цябе зноў пачнуць прыходзiць цыдулкi - i кiнула ўвесь пачак на стол перад Отам; я хацела ўжо ехаць у Амстэрдам i сказаць табе, каб ты не дасылаў нам болей нiякiх цыдулак: яны каму-небудзь ды каштуюць жыцця. Але ты ўжо тут; я звар'яцела б, калi б яны не далi табе амнiстыi; заставайся тут, хiба не ўсё адно, дзе жыць у гэтым свеце, у якiм за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём? Ты ведаеш варункi, якiя табе вытаргаваў Дрэшэр: нiякай палiтычнай дзейнасцi, а пасля заканчэння вучобы - адразу ў войска; я загадзя падрыхтавала ўсё, каб ты змог здаць экстэрнам iспыты на атэстат сталасцi, а пасля Клэм, прафесар статыкi, праверыць твае веды i залiчыць табе ва ўнiверсiтэце столькi семестраў, колькi ў яго атрымаецца; цi ты абавязкова хочаш вучыцца ва ўнiверсiтэце? Добра, як сабе хочаш; Эдыт вельмi радая. Падымiся да яе! Ну, iдзi! Хутчэй: хiба ты не хочаш убачыць свайго сына? Я аддала ёй твой пакой; яна чакае цябе наверсе; то iдзi ўжо.
Ён падняўся па сходах, прайшоў праз бурыя шафы, пракраўся па маўклiвых калiдорах пад самае гарышча, дзе апошняя прыступка сходаў замяняла перадпакой каморкi; тут чуцён быў пах цыгарэт, патаемна выкураных санiтарамi. Пах вiльготнай пасцельнай бялiзны, развешанай на гарышчы; цiшыня прыгнятала, запаўняючы сабой каморку, падымаючыся вышэй i вышэй, нiбы дым у камiне. Праз акенца ў даху Роберт паглядзеў на тапалёвую алею, што вяла да аўтобуснага прыпынку: дагледжаныя градкi, цяплiца, мармуровы фантан, справа пад мурам каплiца: усё гэта рабiла ўражанне iдылii, было iдылiяй i пахла ёю; за агароджай, праз якую прапускаўся электраток, пасвiлiся каровы, свiннi капалiся ў адкiдах, каб самiм потым ператварыцца ў адкiды; работнiк вылiваў у карыта кублы тлустага булёну: чулася гучнае булькатанне; здавалася, што прасёлак вядзе ў бязмежжа цiшынi...
Колькi ўжо разоў ён стаяў тут, на гэтай станцыi, куды яна зноў i зноў пасылала яго, каб не парушыць цэласнасцi сваiх успамiнаў? Ён зноў быў дваццацiгадовы Роберт, якi вярнуўся дадому, вырашыўшы маўчаць; ён павiнен быў паздароўкацца з Эдыт i са сваiм сынам Ёзэфам; Эдыт i Ёзэф - гэта быў сiгнал тае станцыi; яны абое былi чужыя яму, мацi i сын, i яны абое збянтэжылiся, калi ён зайшоў у iхнi пакой - Эдыт яшчэ больш за яго; цi ўвогуле яны калi-небудзь казалi адно аднаму 'ты'?