пяцiдзесяцi.
- Дзесяць братоў? - спыталася Ганна.
- Божы брат - гэта паўнапраўны рыцар, рэдкая птушка. У кожнага свой атрад.
Шар узняўся ўверх, праляцеў над шырокiм неглыбокiм ровам, у якiм не было вады. Дарога перапынялася каля рова, а мост цераз яго быў разабраны. Але, вiдаць, яго не паспелi вынесцi - некалькi бярвенняў ляжала каля вала. На вале, парослым травою, высiлася сцяна з тарчма пастаўленых бярвенняў. Дзве высокiя вежы з пляцоўкамi наверсе ўзвышалiся з абодвух бакоў абабiтых жалезнымi палосамi варотаў, якiя былi зачыненыя. На пляцоўках стаялi людзi.
Шар падняўся на вышыню пляцоўкi i завiс. Потым павольна пачаў рухацца ўздоўж пляцовак. I Ганна магла зблiзку разгледзець людзей, якiя жылi ў яе краях семсот гадоў назад.
10
На вежавай пляцоўцы таксама ўсё было няправiльна. Там павiнны былi стаяць суровыя воiны ў высокiх русiнскiх шлемах, iх чырвоныя шчыты павiнны былi грозна зiхацець на сонцы. А на самой справе публiка на вежах Замошша вяла сябе так, як на стадыёне. Людзi не жадалi зразумець усёй сур'ёзнасцi становiшча, у якiм апынулiся. Яны перамаўлялiся, смяялiся, размахвалi рукамi, разглядалi асадную вежу. Круглатварая маладзiца з дзiцем на руках балбатала штосьцi з проставалосай старою, потым развязала на грудзях тасёмку сваёй прасторнай, у складках, шэрай сукенкi з вышыўкай на каўняры i стала кармiць грудзьмi немаўля. Яшчэ адно дзiця, годзiкаў сямi, сядзела на плечуку ў манаха, якi быў у чорным клабуку, i дубасiла старога па галаве драўляным мячом. Побач з манахам стаяў каранасты мужчына ў футравай куртцы, накiнутай на голае цела, з доўгiмi, да плячэй, валасамi, сцятымi аборкаю.Ён смачна ўплятаў лусту чорнага хлеба.
Раптам у натоўпе заварушылiся. Быццам на людзей напiралi ззаду ўладальнiкi бiлетаў на занятыя ў першым радзе месцы. Натоўп неахвотна раздаўся.
Паказалiся два воiны, першыя сапраўдныя воiны, якiх убачыла Ганна. Яны, праўда, не дужа адпавядалi звыкламу аблiччу дружыннiкаў з падручнiка. На iх былi чорныя плашчы, якiя прыкрывалi цьмяна блiскучыя кальчугi, i высокiя чырвоныя каўпакi, аблямаваныя бурым футрам. Воiны былi смуглыя, чарнавокiя, з доўгiмi абвiслымi вусамi. У руках трымалi кароткiя дзiды.
- Хто гэта такiя? - прашаптала Ганна, нiбыта баючыся, што яны яе пачуюць.
- Полаўцы, - сказаў Жуль. - Або берандзеi.
- Не, - запярэчыў Кiн. - Я думаю, што яцвягi.
- Самi не ведаеце, - сказала Ганна. - Дарэчы, Берандзей - асоба не гiстарычная, гэта казачны цар.
- Берандзеi - народ, - сказаў Жуль строга. - Гэта праходзяць ушколе.
Спрэчка тут жа зацiхла, бо яцвягi вызвалiлi месца для знатных гледачоў. А знатныя гледачы выклiкалi асаблiвую цiкавасць.
Спачатку да поручняў выйшла пажылая панi, велiчная на выгляд, у сiняй сукенцы, белай хустцы, з белым, моцна напудраным тварам. Над вачыма былi груба нафарбаваныя высокiя бровы, на шчоках, нiбы бураком, намаляваныя круглыя плямы. Каля яе з'явiўся мужчына сярэднiх гадоў з доўгiм, сумным, але разумным тварам. Ён быў багата адзеты. На зялёны кафтан накiнуты кароткi сiнi плашч-карзно з залатым шлякам i спражкай з золата на левым плечуку ў выглядзе львiнай мызы. На галаве ў яго сядзела насунутая на лоб невысокая шапка з футра, хоць было зусiм не холадна. Ганна вырашыла, што гэта i ёсць князь. Памiж iмi праслiзнуў нейкi дзiўны хлапчук з сярдзiтым, знявечаным тварам. Ён паклаў падбародак на поручнi. У хлапчука на правым воку было бяльмо i на адной руцэ, якой ён учапiўся за брус, не хапала двух пальцаў.
Потым з'явiлiся яшчэ двое. Гэтыя Ганне спадабалiся.
Яны ўвайшлi адначасова i спынiлiся за спiнамi велiчнай панi i князя, але паколькi абое былi высокiя, то Ганна магла iх разгледзець. Мужчына быў параўнальна малады, гадоў трыццацi. Ён быў вельмi прывабны на выгляд, зразумела, калi вы не маеце нiчога супраць вогненна-рыжых прыгажуноў з белым, трошкi пакрэпленым вяснушкамi тварам i зялёнымi вачыма. З-пад чырвонага плашча вiднелася кальчуга. Ганне надта захацелася, каб прыгажуна звалi Раманам, пра гэта яна тут жа сказала Кiну, але той толькi хмыкнуў i сказаў штосьцi аб вынiках эмацыянальнага падыходу да гiсторыi. Поруч з зеленавокiм прыгажуном стаяла дзяўчына, кагосьцi нагадваючы Ганне. Дзяўчына была высокая... зграбная - усё ў яе мела тонкi, гатычны выгляд. Пукаты чысты лоб перасякала павязка, упрыгожаная залатым абручом, такая самая бiрузовая хустка шчыльна аблягала галаву i звiсала на шыю. Тонкiмi пальцамi яна прытрымлiвала свабодны шырокi плашч, быццам ёй было зябка. Рыжы прыгажун гаварыў ёй штосьцi, але дзяўчына не адказвала, яна глядзела на поле перад крэпасцю.
- Недзе я яе бачыла, - вымавiла Ганна. - Але дзе? Не памятаю.
- Не ведаю, - сказаў Кiн.
- У люстэрку. Яна дужа падобная на вас, - сказаў Жуль.
- Дзякую за камплiмент.
Яшчэ адзiн чалавек уцiснуўся ў гэты гурт. Ён быў адзеты амаль гэтаксама, як i смуглыя воiны, можа, толькi багацей. На грудзях у яго была прышпiлена вялiкая сярэбраная брошка.
- Ну як, Жуль, сёння iх пачуем? - спытаўся Кiн.
- Што я магу зрабiць? Гэта ж заўсёды так бывае! Ганна падумала, сам факт тэхнiчных непаладак неяк яднае яе з далёкай будучыняй. Але гаварыць пра гэта нашчадкам не варта.
Раптам хлапчук каля бар'ера штосьцi крыкнуў, велiчная панi ахнула, рыжы прыгажун нахмурыўся. Знадворку нешта адбылося.
11
Кiн развярнуў шар.
З лесу, з далёкага боку ад ракi, мiрна выйшаў статак кароў, якiх гналi да горада тры пастухi ў шэрых портках i доўгiх, да каленяў, кашулях. Чамусьцi пастухi не ведалi, што рыцары ўжо побач. Iх адначасова заўважылi з крапасной сцяны i з боку ручая. Яны замiтусiлiся, падганяючы кароў, а каровы нiяк не маглi ўцямiць, куды i чаму iм трэба спяшацца, статак збiўся ў кучу, i пастухi бязлiтасна хвасталi няшчасную скацiну пугамi.
У рыцарскiм стане таксама панавала сумятня, божым дваранам вельмi хацелася перахапiць статак. Але конi мечаносцаў былi рассядланы, i таму да ручая пабеглi пехацiнцы, размахваючы мячамi i сякеркамi. Гуку не было, але Ганна ўявiла сабе, якi гоман стаiць над схiлам пагорка. Кiн павярнуў шар да сцяны горада. Народ на вежах раздаўся ў бакi, саступiўшы месца лучнiкам. Рыжага прыгажуна не было вiдаць, даўгатвары князь быў такi змрочны, што Ганна падумала: ён баiцца, як бы ў час асады яго народ не астаўся без малака.
Лучнiкi стралялi па ратнiках, якiя беглi ад ручая i ад асаднай вежы, але большасць стрэл не далятала, хоць адна з iх трапiла ў карову. Тая раптам вырвалася з чарады i панеслася, падбрыкваючы, па лузе. Апераная страла пагойдвалася ў яе ў карку, нiбыта бандэрылля ў быка ў час карыды.
Тым часам рыцары дабеглi да пастухоў. Усё адбылося так хутка, што Ганна ледзь была не папрасiла Кiна пракруцiць сцэну яшчэ раз. Адзiн з пастухоў упаў на зямлю i не варушыўся. Другi - павiс на мажным ратнiку, алеяшчэ адзiн немец круцiўся вакол яго, падымаючы сякеру, i не мог ударыць - баяўся пакалечыць таварыша. Трэцi пастух бег да варотаў, i за iм гналiся адразу ажно чалавек дзесяць. Ён дабег да рова, скочыў унiз. Немцы - за iм. Ганна бачыла, як у адчаi - толькi тут да яе дакацiўся той адчай, якi гнаў пастуха, - маленькая фiгурка караскалася, распластаўшыся на спадзiстым схiле рова, каб выбрацца да сцяны, а ратнiкi ўжо дацягвалiся да яго.
Раптам адзiн з праследвальнiкаў рухнуў на дно рова. Аднак гэта не спынiла астатнiх. Стрэлы ўпiвалiся ў траву, адляталi ад кальчуг, яшчэ адзiн рыцар апусцiўся на каленi, прыцiскаючы далоняю рану ў руцэ. I тут пярэднi кнехт дагнаў пастуха i секануў яму па назе. Боль - Ганна адчула яго так, быццам секанулi яе, - вымусiў пастуха скочыць наперад i на карачках кiнуцца да сцяны. Яркая чырвоная кроў лiлася з рассечанай раны, пакiдаючы след, па якiм, нiбы ваўкi, паўзлi праследвальнiкi.
- Адчынiце вароты! - закрычала Ганна.
Жуль здрыгануўся.
Яшчэ адзiн рыцар упаў, спрабуючы вырваць з грудзей стралу, i, як бы паслухаўшыся Ганну, вароты пачалi павольна расчыняцца. Але пастуху было ўсё роўна, бо ён зноў павалiўся каля варотаў, i, дагнаўшы яго, кнехт усадзiў яму ў спiну баявую сякеру i тут жа сам рухнуў побач, таму што хiба з пяць стрэлаў працялi яго, прыкалоўшы да зямлi, як жука.
У расчыненых варотах узнiкла iмгненная таўкатня - лёгкiя коннiкi ў чорных портках, фастрыгаваных куртках i чырвоных каўпаках з шаблямi ў руках замiналi адзiн аднаму, спяшаючыся выехаць.
- Ну вось, - сказала Ганна, - маглi бы на дзве хвiлiны выскачыць раней. Статак жа яны вернуць, а