- Колькi яна папрасiла.
Цётка была карыслiвая, i калi перад яе носам цвялiлi пачкам сторублёвак... Але як яны гэта ўсё ўладзiлi?
- Сёння ўранку? - перапытала Ганна.
- Ага. Мы тэлеграфавалi нашаму сябру ў Крым учора ноччу. На досвiтку пiсьмо было дастаўлена сюды самалётам.
Пiсьмо як пiсьмо, з маркай, але без штэмпеля.
- У вас i рацыя ёсць? - спыталася Ганна.
- Вам дапамагчы перанесцi рэчы? - запытаўся Кiн.
- Не спадзявайцеся, - сказала яна. - Я не здамся. Мне пляваць, колькi лiстоў вы там яшчэ панавалакаеце ад маёй цёткi. Калi вы паспрабуеце мяне забiць цi выгнаць сiлаю, я буду супрацiўляцца.
- Ну навошта так, - пакрыўджана сказаў Кiн. - Наша праца, на жаль, не церпiць адкладу. Мы просiм вас вызвалiць гэтую хату, а вы паводзiце сябе як дзiця.
- Таму што я зняважаная, - сказала Ганна. - I ўпартая.
- Мы iмкнёмся не прыцягваць да сябе ўвагi, - растлумачыў Кiн.
Вочы яго сталi сумныя; калi ён прытвараўся, то атрымалася гэта цудоўна.
- Вы ўжо заўважаныя, - сказала Ганна. - I вам больш нiчога не застаецца, як паведамiць мне, чым вы тут збiраецеся займацца.
- Можа быць, вы ўсё ж такi паедзеце? Паверце, гэтак усiм будзе лепш.
- Не, паразважайце, а я пайшла купацца. I не ўздумайце выкiдаць мае рэчы або замыкаць дзверы.
Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, i калi б не Ганнiна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзiну ракi, заўважыла, як далёка аднесла яе ўнiз цячэннем, павярнула назад i страцiла хвiлiн пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакiнула ручнiк i кнiжку.
Ганна выбралася на траву i легла на ручнiк. Як назло, нiчога добрага з гэтага не выйшла - наляцела некалькi нахабных сляпнёў, i настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.
- Прабачце, - сказаў Кiн, сядаючы побач на траву.
- Я вас не клiкала, - буркнула Ганна.
- Мы параiлiся i вырашылi вам сёе-тое расказаць.
- Толькi не манiць, - сказала Ганна, насцярожыўшыся.
- Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.
- Цудоўны пачатак.
Кiн з размаху пляснуў сабе па шыi.
- Сляпнi, - сказала Ганна. - Тут, напэўна, каровы пасуцца.
Яна села i прыкрыла свае плечы ручнiком.
- Мы павiнны пачаць сёння, - сказаў Кiн. - Кожная хвiлiна каштуе шалёныя грошы.
- Дык не трацьце iх дарэмна.
- Мяне цешыць толькi тое, што дзяўчына вы разумная. I водгукi пра вас у iнстытуце давалi станоўчыя. Праўда, вы свавольнiца...
- Вы i да iнстытута дабралiся?
- А што рабiць? Вы - непрадугледжаны фактар. Наша вiна. Дык вось, мы жывём не тут.
- Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?
- Мы жывём у будучынi.
- Якая любата! А ў чамаданах - машына часу?
- Не iранiзуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цiкавiць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапiць туды, мы вымушаны зрабiць прыпынак менавiта тут.
- Я заўсёды думала, што вандроўнiкi ў часе - народ патаемны.
- Паспрабуйце падзялiцца гэтай тайнай з сябрамi. Мяркую, што яны вам не павераць.
Кiн адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, i адразу павеяла халадком.
- А чаму я павiнна вам паверыць? - спыталася Ганна.
- Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзi. Гэта даволi неверагодна, каб прымусiць вас хоць бы задумацца.
Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэннi.
- I ў якiм жа вы жывяце стагоддзi?
- Лагiчнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзi на гэтым вось пагорку стаяў невялiкi горад Замошша. Лапiк у стракатай коўдры Русi. На ўсход ляжалi землi Полацкага княства, з захаду i поўдня жылi жамойты, леты, самагiты, яцвягi, лiтоўцы i iншыя плямёны i народы. А яшчэ далей на захад пачыналiся ўладаннi нямецкага ордэна мечаносцаў.
- Вы археолагi?
- Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.
- Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлiчыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранiкаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнiк?
- Не, ён генiй.
- А вы адкуль ведаеце?
- Гэта наша спецыяльнасць - шукаць генiяў.
- А як яго звалi?
- Яго iмя - Раман. Баярын Раман.
- Нiколi не чула.
- Ён рана загiнуў. Так падае летапiс.
- Можа, летапiсцы ўсё прыдумалi?
- Летапiсцы шмат чаго не разумелi. I не маглi прыдумаць.
- Што, напрыклад?
- Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня... Гэта быў унiверсальны генiй, якi апярэдзiў свой час.
- I вы хочаце, каб ён не загiнуў, а прадаўжаў працаваць i вынайшаў яшчэ i мiкраскоп? А хiба можна ўмешвацца ў мiнулае?
- Мы не будзем умешвацца. I не будзем перайначваць яго лёс.
- Што ж тады?
- Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерцi. Гэта не паўплывае на ход далейшых гiстарычных падзей. Зразумела?
- Н-не вельмi. Дый навошта гэта вам?
- Самае каштоўнае на свеце - мозг чалавечы. Генii бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка...
- Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнiк можа вынайсцi порах.
- Памыляецеся. Чалавечы мозг быў i застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькi ўзровень адукацыi. Сёння вынаходнiцтва пораху не выпадзе на долю генiя. Сённяшнi генiй павiнен вынайсцi...
- Машыну часу?
- Скажам, машыну часу... Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходнiка кола або пораху.
- А навошта вам вынаходнiк пораху?
- Каб ён вынайшаў штосьцi новае.
5
Воблакi, высокiя, цёмныя пад сподам, вызвалiлi сонца, i яно зноў асвяцiла бераг. Аднак колер яго змянiўся - стаў трывожны i белы. I тут жа хлынуў дождж, пачаў лупiць па чароце, па траве. Ганна схапiла кнiжку i, прыкрываючы галаву ручнiком, кiнулася пад яблыню. Кiн тут жа дагнаў яе, i яны прыцiснулiся спiнамi да шурпатага дрэва. Кроплi лопалi па лiсцi.
- А калi ён не захоча? - спыталася Ганна. Кiн нечакана засмяяўся.
- Вы мне амаль паверылi, дарагая Ганна, - сказаў ён.
- Выходзiць, не трэба было верыць? - Яе твар, якi звужаўся да ямкi на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за ранiцу, i ад гэтага валасы здавалiся яшчэ святлейшымi.
- Гэта добра, што вы паверылi. Мала хто можа пахвалiцца такiм непасрэдным успрыманнем.