Александровiчаў забралi кузню i дом, а ў Кiсялёў - хату ды сталярню. Ляснулася вяселле! Гаспадароў вывезлi ў таварным вагоне ажно ў Архангельскую вобласць, а сем'i, дзякуючы намаганням афiцэра Глобуса, пакiнулi ўсё ж у Беларусi.
Ядзя ўладкавалася на магiлеўскую швачную фабрыку i сказала, што Глобусавай нагi больш не будзе ў яе хаце. А Ўладзiмiр не паверыў i ўсiмi праўдамi i няпраўдамi дамогся пераводу на службу ў магiлеўскi банк. Толькi Ядвiга сапраўды не пусцiла свайго мужа на парог. 'Бацьку майго адправiў у архангельскi лес, а сам да мяне прывалокся. Стаiць i не пачырванее. Сораму ў цябе няма i не будзе...' - 'Пра дачку падумай', - спрабаваў пярэчыць Уладзiмiр, але ўсе ягоныя пярэчаннi скончылiся грукатам дзвярэй.
Вось таму i падумала Ядзя пра Глобуса, як прапала дачка Нiначка, i паляцела ў банк, i ўсчынiла такi лямант, што, пэўна ж, увесь Магiлеў чуў. Ядвiга крычала, што ўсе вайскоўцы - нелюдзi, што Божачка iх пакарае маланкамi спалiць i громам паб'е, а калi ёй дачку не вернуць, яна возьме сякеру i пасячэ афiцэра Ўладзiмiра Глобуса на дробную драбнiцу. Банкаўскiя кабеткi ледзь супакоiлi раз'ятраную жанчыну, ледзь угаварылi глытнуць хоць бы кроплю вады. Збляднелы Глобус бажыўся дрыжачым голасам: 'Не краў я дачкi. Далiбог не краў. Мацi да мяне прыязджала з Жылiхава. Тыдзень пажыла... Толькi нашто ёй тваё дзiця?' - 'Яна! Яна дзiця звезла!' - захлынулася здагадкаю Ядзя, узрадаваўшыся, што хоць нешта праяснiлася.
Толькi на чыгуначны вакзал яна спазнiлася, цягнiк на Менск з гадзiну як ад'ехаў. Але ж мацi за сваё дзiця нi ў якай бойцы не адступiцца. I таму ў Менску Ядзя чакала цягнiка на пероне. А даехала яна ў сталiцу на спадарожных...
О, гэтыя спадарожныя машыны! Колькi разоў яны выратоўвалi нас!
А ў свой час дапамагалi яны i сем'ям Александровiчаў i Кiсялёў.
Увосень 1941 года, калi ўсе канчаткова зразумелi: распачатая вайна бальшавiкоў з фашыстамi зацягнецца надоўга, i было зусiм няясна, хто выйдзе з калатнечы ў пераможцы, цi то немцы, цi то расейцы, - вось тады каваль Ян i сталяр Вацлаў уцяклi з Архангельскай вобласцi i дабралiся на спадарожных машынах да сваякоў у горад на Дняпры. Маскалi спрабавалi ўтрымаць Магiлеў, але ўрэшце туды прыйшлi германцы. Фронт пасунуўся далей, а Кiсель з Александровiчамi знайшлi пабiты грузавiчок, адрамантавалi, пакiдалi ў кузаў транты i рушылi на захад. Грузавiчок, што працаваў не на бензiне, а на драўляных цурках, ледзь дапыхкаў да Менскага раёна, i кацёл трэснуў, заглух назаўсёды. Дзе пешкi, дзе на падводзе, а дзе на спадарожных дабiралiся сем'i ў сваю цiхую Рудзiцу. I дабралiся на радасць аднавяскоўцам, што больш як два гады пакутавалi без каваля i сталяра.
Новыя ўладары свету вярнулi Александровiчам i кузню, у якой так нiхто i не распалiў горн без гаспадара, i зямлю, i дом, дзе камсамольчыкi паспелi зладзiць клуб - знеслi перагародкi i паставiлi ў покуце сцэну. Сыплючы лаянку ў доўгiя падкручаныя вусы, рахманы каваль раскiдаў камсамольскую сцэну, парабiў наноў перагародкi, адрамантаваў сёе-тое з мэблi, паставiў новыя замкi, i сям'я зажыла цiха-мiрна i працавiта.
Яшчэ скажу, што Александровiчы i Кiсялi перад самай вайной паспелi параднiцца. Ядвiга, калi ганяла банкiра Глобуса, ужо мела намер пайсцi за Бронiка Кiсяля. Вяселля не рабiлi, Бронiк незаўважна перайшоў жыць да Ядзi, i ў iх нарадзiўся Вiцечка, толькi вось пражыло дзiця адно месяц i памерла ад запалення лёгкiх. Бронiк сам зрабiў труну i занёс пад пахаю на могiлкi.
А праз якi тыдзень у Ядвiгi ўкралi дачку. I звезла яе афiцэрава мацi, бо, як тлумачыла яна на менскiм пероне раз'юшанай нявестцы: 'Ты ж, Ядзечка, жанчына зусiм маладая. Знайшла сабе роўнага мужчыну i жывi з iм. А дзецi ў вас яшчэ знойдуцца. Жыццё наперадзе. А ўнучку я i сама выгадую. Ёй у нашым Жылiхаве лепей будзе, чым у вашым Магiлеве. Яна ж толькi замiнаць будзе. Аддай Нiну мне...' Не аддала Ядвiга дачкi Нiны, вярнулася з ёю ў Магiлеў, а там новая бяда чакае: Бронiка забралi ў бальшавiцкае войска i пагналi на Фiнскi фронт.
I хай каму будзе за дзiва, але скажу, што праз сем месяцаў, ужо ў Рудзiцы, Ядвiга падаравала Нiне другога брата - Антона. З двума дзецьмi на руках Ядвiга перабралася ў Койданава, дзе на былым жыдоўскiм пляцы Кiсялi паставiлi дом.
Жыдоў немцы выбiлi, дамы абрабавалi i спалiлi, i засталiся на ўскрайку мястэчка нiчыйныя сады i гароды. Кiсялям у якасцi кампенсацыi за 'жыдоўска-бальшавiцкi, як пiсаў беларускi фашыст Ганько, тэрор' немцы прапанавалi абгарэлы сад разам з падмуркам, бо iхную сталярню камунiсты збяёдалi, а хату разабралi i распрадалi на дровы. 'Каб яны ўчадзелi з тых дроў', - казала Маня, жонка старэйшага Кiсяля. Можа, яе праклёны i даляцелi з Магiлева ў Койданава, бо жыдоў i камунiстаў немцы пачалi страляць у першы дзень, як толькi прыйшлi.
Пэўна, жыды ведалi, як абыходзiцца немец з iхнымi суродзiчамi ў Польшчы, i вось знайшоўся адзiн хлопчык, вось i зняў ён са сцяны бацькаву паляўнiчую стрэльбу, залез на гарышча i праз маленькае акенца пальнуў у афiцэра вялiкай i непераможнай Германii. Стрэлiў, трапiў i забiў вайскоўца, якi вёў у Койданава цэлы атрад узброеных шарагоўцаў. Полымя тады ўсю вулiцу i выкацiла. Хлопчыка разам з сям'ёю i суседзямi пастралялi. I засталiся на ўскрайку мястэчка чорныя пляцы, якiя немцы пачалi раздаваць сялянам з навакольных вёсак.
Прыблiзна тое самае здарылася i ў Рудзiцы. Польскi партызан забiў, засек шабляю койданаўскага палiцыянта, якi прыйшоў да сваякоў на хрэсьбiны. Рудзiцкiя сяляне, зразумеўшы, чым гэты iнцыдэнт скончыцца, уцяклi: хто ў блiзкi лес, хто ў Койданава да сваякоў, а хто i ў Бакiнава да знаёмых. У вёсцы пазаставалiся толькi старыя. I калi наранiцу фашысты ачапiлi вёску, дык па ўсiх хатах назбiралi толькi дзевяць мужчын дый кабет з дзецьмi чалавек дваццаць. Старэйшаму Александровiчу, якi не захацеў кiнуць кузню, пашанцавала... У абозе, што прыйшоў у Рудзiцу з немцамi, знайшоўся знаёмы мужчына - каваля Яна ведалi далёка. Мужчына i рызыкнуў сказаць кавалю, каб той сеў на ягоны воз, нiбыта i ён абознiк. Толькi не ўседзеў Ян Александровiч на возе, калi немцы пачалi страляць у аднавяскоўцаў, ускочыў, крычаць пачаў, што няма сярод людзей польскiх партызанаў, лаяўся, нават бiцца да салдат кiнуўся. Збiлi старога каваля, зацягнулi ў гумно, дзе на гнiлой саломе ўжо ляжалi пастраляныя мужчыны, зачынiлi гумно i падпалiлi. Ян апрытомнеў, спрабаваў ратавацца, зашыўся пад нябожчыкаў, пад гнiлую салому... Ён i не згарэў, ён задыхнуўся ў куродыме. Пахавалi яго разам з астатнiмi пакутнiкамi на могiлках, у брацкай магiле, на беразе цёмнай ад торфу рэчкi Рудзiцы. Пасля пажару вёска адбудавалася толькi напалову, большасць сем'яў перабралася ў Койданава на жыдоўскiя гароды, чаго-чаго, а iх у мястэчку яшчэ хапала.
Пахаваўшы бацьку, Ядзя два доўгiя, як дарога з Магiлева, гады чакала Бронiка. А каб неяк пракармiць дзяцей, пачала браць замовы на шытво. Мусiць, у тыя часы яна i палiць пачала; хаваючыся, яна курыла мужчынскiя папяросы, а дым выпускала ў печ. Палiла яна толькi з ранiцы, дзве-тры папяросы ўзапар, пакуль гатавалася сняданне. Гэтая звычка застанецца ў яе да самае смерцi. I ў свае сорак i ў пяцьдзесят Ядвiга будзе ўставаць на золку, раней за ўсiх, i нашча выпальваць пару-тройку доўгiх папярос. А Бронiк, якi нiколi ў жыццi не закурыць, так i не даведаецца, што ягоная Ядзя купляла кожную нядзелю пачак папярос.
Так i Нiна не даведаецца ад мацi, што сталася з яе бацькам Уладзiмiрам Глобусам. Значна пазней, калi ўжо ў васьмiдзесятых гадах Нiна Глобус, прозвiшча яна так i не зменiць, нават выйшаўшы замуж, паедзе ў Жылiхава i дазнаецца, што Ўладзiмiр Глобус прайшоў дзве вайны, фiнскую i германскую, вярнуўся ў сваё мястэчка, дзе да самай смерцi - а памёр ён у 1961-м - працаваў загадчыкам пашпартнага аддзялення. Нiна i ў думках не папракне сваю мацi за тое, што нiколi не расказвала пра бацьку, хоць з айчымам Бронiкам адносiны складуцца ў яе несалодкiя.
А тады, калi Бронiк быў на фронце, а Ядвiга адна гадавала дзяцей, Нiна любiла сядзець каля швачнае машынкi i сачыць, як плыве пад iголкаю тканiна. Шыла Ядзя майстравiта, хутка i грошы брала невялiкiя. Праўда, што да шытва, дык у Койданаве i да германскай вайны i пасля працавала вялiкая швачная фабрыка. Але замоваў у Ядвiгi ўсё адно хапала. Вайна, дзе ты накупiшся апранах? Вось i перакройвалi, перашывалi, перанiцоўвалi па два-тры разы адны i тыя ж рэчы.
Утульны, цiхi строкат швачнай машынкi 'Зiнгер' я помню, пад яго так добра засыналася на печы з дзедам Бронiкам, якi клаўся мяне малога прысыпаць, а сам засынаў iмгненна i пасопваў, а то i хроп. А машынка фуркатала, замiрала, а потым iзноў набiрала абароты. Шпарка-шпарка круцiлася яе срабрыстае колца.
Так, i сапраўды не сказаў...
Ядвiга - мая родная баба, а Бронiк - айчым маёй мацi Нiны, дачкi таго афiцэра-памежнiка, якi ратаваў i не выратаваў сям'ю Александровiчаў ад раскулачвання i высылкi.
З бабай Ядзяй i дзедам Бронiкам я гуляў у дамiно i шашкi. Нашую Ядвiгу навучыў гуляць у шашкi ксёндз Кастравiцкi ў прыкасцельнай школцы, якую два гады наведвала яна яшчэ дзяўчынкаю. Той самы Кастравiцкi, што даводзiўся далёкiм сваяком найвялiкшага паэта дваццатага стагоддзя Гiёма Апалiнэра, Апалiнарыя