Прыбiральшчык будзе жыць у паўпадвале, бо калi ён вярнуўся з псiхiятрычнай клiнiкi, дзе спрабаваў вылекавацца ад алкагалiзму, дык жонка не пусцiла ў кватэру. На працу ў канструктарскае бюро не аднавiлi, давялося адукаванаму чалавеку ўзяць замест цыркуля венiк. Жонка выйшла замуж за журналiста i з'ехала ў Камерун, а ў шыкоўнай кватэры засталiся толькi цешча з цесцем, якiх прыбiральшчык сустракае кожную ранiцу, калi тыя клэпаюць па малако. Яны не вiтаюцца.

Сумнае апавяданне Сава пачуе за пляшкаю вiна ў паўпадвале, дзе раскажа пра сур'ёзныя намеры паступаць вучыцца на гiстарычны факультэт. П'яненькi iнтэлiгент расчулiцца i прапануе пажыць у яго, а не шукаць кватэру за невядома якiя грошы. Ты збiраешся знайсцi ў гэтым доме кватэру? Прыбiральшчык заперхае пракураным смехам. Ён не здагадаецца, што Сава не збiраецца здымаць кватэру, а намерваецца яе абрабаваць.

Сава з Цiмам дачакаюцца, стаiўшыся за сеткаю лiфтавай шахты, пакуль з кватэры сыдуць гаспадары: дзядок з казлiнай бародкаю ды гарбаценькая старая ў бялюткiх летуценных гольфах. Зачыненыя на два замкi дзверы Сава вынесе абцасам з трэцяга ўдару. Залацiстыя стрэмкi ўпрыгожаць шлях. На ўсё - тры хвiлiны, прасiпiць Сава i кiнецца ў цемнаваты, прапахлы лекамi калiдор. За тры хвiлiны ён паспее натаптаць у вялiзную валiзу розных рознасцей, ад футра да завушнiц. А Цiма так i прастаiць скамянелы каля знявечаных, ашчэраных стрэмкамi дзвярэй.

Валiзу з нарабаваным Сава разбiрацьме ў камендантавай кладоўцы. Той будзе скрэбцi цемя, не хочучы заплацiць Саву запатрабаваныя грошы. Пярэчаннi Цiма падслухае праз тонкiя дыктавыя дзверы, калi будзе сядзець на iнтэрнацкiм падваконнi. Сава выйдзе радасны. Хлопцы вернуць кульгаваму каменданту падушкi, коўдры, брудную бялiзну i чайнiк з крывым носiкам.

З iнтэрната Сава з Цiмам папрастуюць на Беларускi вакзал. Хлопцы стаяцьмуць у чарзе па квiткi, калi Сава заўважыць, як вуграваты хлапчук лезе ў разяўлены партфель да ўзмакрэлага, стомленага вакзальнай каламесаю дзядзькi. Сава пакiне Цiму ў чарзе, а сам пойдзе за кiшэнным злодзеем. Спрацуе мiлiцыянцкая генетыка. Цiма сцiскацьме ў кулаку пругкiя кардонкi жаданых квiткоў да Менска, калi слых зловiць далёкi лямант. Вантробамi ўчуўшы нядобрае, ён подбегам памкнецца на крыкi. Працiснецца праз гудлiвы натоўп цiкаўных разявак i пабачыць на рудой кафлянай падлозе ў вакзальнай прыбiральнi Саву. Раскiнутае цела ў новенькай, толькi з крамы, вопратцы будзе ляжаць у плыткай лужыне. Над кадыком будзе чарнець эбанiтавая тронка нажа. Таго самага, якi не змог знайсцi на жыдоўскiх могiлках Цiма.

Саву не любiлi ў Койданаве, не было за што. Нават баба Анця не заплакала па сваiм адзiным унуку, зарэзаным у Маскве.

Злы ён быў, твой Сава. Злы, як рысь. Прашамкае старая ў расчырванелы п'яны тварык Цiмы. Той не адкажа, Цiма засне, паклаўшы галаву на бедны жалобны стол.

ЯДЗЯ

Апавяданне-кронiка

У Ядвiгi Александровiч укралi дачку...

Здарылася тое ў Магiлеве, у 1940 годзе. А ў горадзе на Дняпры сям'я Александровiчаў апынулася прымусова. Яе выслалi з вёскi Рудзiца, што ў Койданаўскiм раёне, якi з ласкi Сталiна ды Пiлсудскага зрабiлi польскiм рэгiёнам. Выслалi з-за драбязы, хоць i наважвалiся выслаць сур'ёзна, i не ў беларускi абласны цэнтр, а ў галодную Расею, за Ўрал.

Бацька Ядзi, Ян, трымаў кузню i жыў заможна. Вясковая кузня на той час, як аўтарамонтная майстэрня зараз, а можа i больш. Ну, хто такi селянiн без каня? Нi ўзараць, нi пабаранаваць, нi дроў на зiму прывезцi. А чаго варты непадкаваны конь? Дзяцей на падворку пакатаеш, i больш нiчога з яго не возьмеш. Дык на баране цi кабане дзецям весялей пракацiцца. Хто-хто, а дачка Яна Александровiча пакаталася на конях. Ледзь не кожны дзень прыводзiлi iх да кузнi. Лiха iх бярэ, з гнутымi падковамi: цi адна адвалiцца, цi другая пачне па зямлi ляпаць, а iх, жалязяк, на аднаго каня ажно чатыры падавай. 'Добра, што не шэсць!' - жартаваў каваль Ян Александровiч. А майстра быў адмысловы, ён вам i замок можа выштукаваць, згубiш ключ - не адчынiш, i жырандолю выкаваць, i крыж з прамянiстым сонцам на магiле паставiць. Нораў, праўда, меў татарскi, блiсне гругановым вокам - не падлазь. Наравiстасць i ўпартасць да Ядвiгi перайшла; што ж тут дзiўнага, дзiця ў кузнi гадавалася, бацька ёй на сняданак гусiнае яйка на вуголлях у жалезнай конаўцы варыў. Але ўпартых i наравiстых чамусьцi паважаюць. Любiлi i шанавалi каваля не толькi ў каталiцкай шляхецкай Рудзiцы, але i ў суседняй, бяднейшай, праваслаўнай вёсцы Бакiнава.

Той самай вёсачцы, з якой паходзiць род слынных спадароў Шушкевiчаў. Адзiн з iх на школцы мемарыяльную дошку прышрубаваў, маўляў, тут вучыўся беларускi паэт Станiслаў Шушкевiч, i ўсё такое астатняе. Дошчачка, праўда, нягеглая, на фанерцы намаляваная, толькi паэт не вiнаваты, ён сумленна пiсаў заяву ў Саюз пiсьменнiкаў, каб выдзелiлi грошы на бронзавую дошку. Адмовiлi паэту Станiславу. А цяпер кiраўнiкi таго ж Саюза пiсьменнiкаў пiшуць просьбу паэтаваму сыну, старшынi Вярхоўнага Савета. А Станiслаў Станiслававiч Шушкевiч iм адмаўляе. I правiльна робiць. Трэба ж было ў свой час павесiць бронзавую дошку ў Бакiнаве. У той самай вёсцы, дзе паважалi каталiкi Яна з Рудзiцы, самавiтага гаспадара, якi не пiсаў заявы ў калгас, а жыў з кузнi i невялiкага надзелу зямлi. Дый колькi трэба працавiтаму чалавеку, калi ў сям'i толькi трое: жонка Ганна, дачка Ядвiга i сам гаспадар? Трэба не трэба, а самы лепшы дом у Рудзiцы паставiлi Александровiчы. Праз добры дом i пачалiся бядоты.

'Александровiчы - кулакi! Iх трэба высяляць! Каваль эксплуатуе ў кузнi хлопца, Бронiка Кiсяля!' - думалi i казалi мясцовыя прыхiльнiкi камунiстычнага ладу. Толькi парабаваць Александровiчаў нескладана. Але хто тады коней у тым жа калгасе падкуе? Хто бароны i плугi адладзiць? Да каго пойдзеш па замок, каб замкнуць гербавую пячатку? Прыбяжыш да дзядзькi Яна i папросiш, i ў чарзе дзень-другi пачакаеш. 'Усiм трэба, - ухмыльнецца ён у чорныя падкручаныя вусы. - Чым ты лепшы?' Не раскулачылi бальшавiкi Александровiчаў, але злосць прыхавалi.

Толькi i каваль, як той казаў, у шапку не соп. Задумаў ён на сваёй зямлi замацавацца яшчэ больш трывала. План склаў просты, але па-татарску жорсткi. Недарма ж у жылах Александровiчаў цякла азiяцкая кроў. У пашпартах яны як каталiкi былi запiсаныя палякамi, але душу мелi тутэйшую. Што той пашпарт? Кардонка размаляваная з паперкамi праштэмпеляванымi. Толькi ведаў каваль сiлу паперы, да якой прыкладалiся дзяржаўныя пячаткi. Ён i хацеў выкарыстаць папяровую моц. А шлях абраў такi: выдаць белатварую рыжую прыгожую Ядзю замуж за чырвонага афiцэра-памежнiка Ўладзiмiра Глобуса. Памежнiк месяцы са тры як пачаў заляцацца да Ядвiгi. Мяжа ляжала зусiм побач з Рудзiцаю, пад Негарэлым. Да заставы ад вёскi i кiламетра не было. Вось афiцэрык i панадзiўся на вячоркi прыходзiць. Сумна ў казарме, а тут гармонiк, танцы i дзяўчаты. Быў спадар Глобус хоць i невысокi, але дужы i зграбны, i адукацыю цывiльную паспеў займець - фiнансавы тэхнiкум скончыў.

Усю ноч бацька з дачкою прагаварылi, зачынiўшыся ў кузнi. Не хацелася Ядзi iсцi за праваслаўнага, дый у дадатак бальшавiка. Але сям'я - перш за ўсё. Дый афiцэр, што нi кажы, а не салдат. Вось i згулялi ў Рудзiцы сумнаватае вяселле.

I года не мiнула пасля гулянкi, а ў Ядвiгi нарадзiлася дачка, Нiначка, якую i ўкралi ў Магiлеве...

А пасля вяселля Ўладзiмiр Глобус пераехаў жыць у светлы i вялiкi дом Александровiчаў. Каваль жа супакоiўся, бо верыў, што нiякая паскудзiна яго з роднага дома не пагонiць. Толькi iнакш лёс Александровiчаў павярнуўся.

У суседзяў Кiсялёў таксама мелася грымець вяселле. Бронiк, якi ў кузнi за памочнiка хадзiў, вырашыў узяць дзяўчыну з Бакiнава. I браў яе старэйшы сын Кiсялёў не проста, а насуперак бацькам i Ядзi, каб адпомсцiць, бо адну яе, рыжую, кахаў. А вяселле, я мяркую, - справа сур'ёзная. Да яго загадзя рыхтуюцца, похапкам не зробiш, каб не асарамацiцца. А што на вяселлi галоўнае? Маладая з маладым, госцi, ну, i чарка з закускаю. Чаго-чаго, а закускi ў Рудзiцы, дзякуй Богу, хапала. Варта ж толькi згадаць рудзiцкi кiндзюк, гэта калi ў свiны сiкуновы пухiр набiваюць каўбаснае начынне - мяса, сэрца, дробна накрышанае сала, ныркi, часнок з кменам. А потым гэты круглы, як гарбуз, выраб падсушваецца на гарышчы. Ядуць кiндзюк на вялiкае свята. Александровiчы на вяселлi паставiлi на стол ажно тры кiндзюкi! Але колькi з'ясi, калi запiваць не будзеш? А ў суседняй беларускай Польшчы, як на грэх, налiўка i вiно таннейшыя, а гарэлка з самагонкаю каштавалi больш.

Старэйшы з Кiсялёў - Вацлаў - угаварыў старэйшага з Александровiчаў - Яна - прагуляцца па лесе за мяжу. Намянялi дзядзькi гарэлкi ў жыдоўскай манапольцы. А калi вярталiся, дык сутыкнулiся лоб у лоб з бальшавiцкiм памежнiкам. Каб не Янаў зяцёк, Уладзiмiр Глобус, пасадзiлi б дзядзькоў гадоў на пятнаццаць, тады якраз такiя тэрмiны любiлi прызначаць зашпiленыя на ўсе гузiкi пракуроры. Але ж недарма стары каваль думаў i маракаваў, калi дачку любую замуж выправiў. Выпусцiлi памежнiкi небаракаў кантрабандыстаў, але мясцовым уладам загадалi iх раскулачыць i выслаць.

Трэба ж было бальшавiкам некага i некалi раскулачыць у Рудзiцы, калi паўсюль тое дурное коцiцца. У

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату