слушна зрабiў, калi не аддаў зброю, якой абаранiў свой гонар.

Вiнак

Вiнак вырошчваў памiдоры. У Койданаве кожная сям'я нешта садзiла i нешта збiрала. Памiдорамi нiкога не здзiвiш. Але памiдоры Вiнака Шавуры адрознiвалiся ад усiх астатнiх у мястэчку, як сонца ад месяца.

Гаспадынi куплялi ў яго насенне, распытвалi, як i што рабiць, у якi дзень высаджваць i калi палiваць. Толькi, як яны нi старалiся, а прыходзiў час - i самыя-самыя памiдоры вырасталi ў Вiнакавым гародзе.

Не скажу, што ў астатнiх былi кепскiя, i калi iх вывозiлi на менскiя рынкi, дык на прылаўках яны глядзелiся як мае быць i прадавалiся выдатна. А вось Вiнаку i вывозiць не было чаго, усё Койданава прыходзiла купляць ягоныя.

Навошта купляць, калi свае пад бокам? Два крокi ад ганка ступiў, пахадзiў па градах, навыбiраў спялейшых цi, калi любiце, i цвярдзейшых, намыў, нарэзаў, накрышыў цыбулi, пасалiў, напярчыў, кропу кiнуў, заправiў алеем цi, калi хочаце, смятанаю, i стаўце на стол. Бярыце, частуйцеся, госцi дарагiя. Усё так, але...

Як гавораць у Парыжы, 'жакет ад Кардэна', так у Койданаве казалi: 'памiдоры ад Шавуры'. I можаце не верыць. Адно скажу, што Вiнак быў не такi просты, як выглядаў з твару.

Выглядаў Шавура будзённа i шэра. Сiвы, загарэлы па-сялянску, у старым пiнжаку, надзетым на майку. Нагавiцы ў зямлi. Галёшы на босых нагах. I ўся будзённасць i някiдкасць кампенсавалася тварам. Гэта жарт, што Вiнак меў просты твар. Калi каму цiкава, дык можна знайсцi ў Беларускай Энцыклапедыi кандыдата ў члены Палiтбюро ЦК КПСС з 1968 года Шавуру. Гэта, вядома, не койданаўскi агароднiк, але твар вельмi падобны. Вiнак, калi б на яго надзець белую кашулю i ўзяць пад гальштук, быў бы рыхтык кандыдат, i вядома чаму стрыечныя браты.

Раней на розныя камунiстычныя святы на аскетычных фасадах урадавых пабудоў, акрамя чырвона- белых лозунгаў i сцягоў, вывешвалiся манументальныя палотны з тварамi Энгельса, Ленiна, Маркса i ўсiх жывых членаў i кандыдатаў у члены Палiтбюро ЦК КПСС. Жывыя (усе, як адзiн) былi намаляваныя ў цёмных пiнжаках, белых кашулях i пад гальштукам.

Сярод вохрыстых фатаграфiчна-дакументальных твараў я заўсёды адшукваў койданаўскага земляроба i з гонарам адзначаў сваю далучанасць да вельмi вялiкай справы.

Сваяцтва Вiнака Шавуры не магло не абрасцi ў мястэчку рознымi байкамi i казкамi, як у гародзе - колькi нi палiце, нi касiце, а крапiва куток свой знойдзе. I чаго толькi не плялi доўгiя языкi!

Гандлярка Стэфа з крамы 'Садавiна i гароднiна' казала, што яе муж Волесь на ўласныя вочы бачыў, як Вiнак закопваў на сваiх градах бляшанкi з золатам, якiя яму на 'чайцы' прывозiў маскоўскi брат.

- Ён таму i не ходзiць нiкуды са свайго двара ды поркаецца дзень i ноч на гародзе, - нашэптвала Стэфа даверлiвым старым цёткам - Юзэфе з Канстанцыяй. I памiдоры садзiць, каб замаскiравацца. А сам крамлёўскае золата пiльнуе.

Стэфу ўсе разумелi, бо Вiнак адных памiдораў прадаваў больш, чым яна ўсёй сваёй дзяржаўнай садавiны разам з гароднiнай. План у Стэфчынай краме трымаўся толькi на тым, што напрыканцы месяца ёй прывозiлi дзесятак скрынак з 'Вермутам' па сто дваццаць дзве капейкi за рыльца. А якiя ў краме памiдоры, усе i так ведаюць. А вось калi цётка Пэля параўнала свае памiдоры з Вiнакавымi, дык у яе нарадзiлася думка, што Вiнакаў брат прысылае ў Койданава амерыканскае насенне, бо толькi з амерыканскiх зярнятак могуць вырастаць такiя смачныя памiдоры. Пэля пераканала сябе i спрабавала запэўнiць iншых, што Шавура ўсiм прадае адно насенне, а сам садзiць другое.

Да таго дайшло, што Казiкаву Валю паслалi на пошту даведацца, цi не атрымлiвае часам Вiнак пакункаў з Амерыкi. Валя праз былую аднакласнiцу даведалася, што нiякiх пасылак з ЗША i Канады ў Койданава за апошнi год не прыходзiла, а Вiнак атрымлiвае толькi часопiсы па садаводству i маскоўскую газету 'Правда'.

Цётку Пэлю такiя звесткi не пераканалi:

- Ну i што? Калi не па пошце прыслаў, значыць, на машыне прывёз!

Пярэчыць было бессэнсоўна.

Доўгая чорна-блiскавiчная машына разы два на год спынялася каля нефарбаванай Вiнакавай брамы. З яе выскокваў, як чорцiк з табакеркi, увiшны шафёр з тонкiмi кагэбiсцкiмi вусiкамi. Адчынялiся другiя дзверцы, i на койданаўскую запыленую прыдарожную траву ступаў цьмяна-блiскучы вузкi чаравiк Шавуры-малодшага.

Кандыдат у члены Палiтбюро ЦК iшоў, высока ўзняўшы паголенае падбароддзе, у братаву хату, а за iм, угiнаючыся, бег, як ненавязаны цюцiк, адданы шафёр.

Пра што гаварылi браты Шавуры? Цi бралi яны чарку? Цi даваў малодшы старэйшаму грошы? Койданава не ведала.

Услужлiвы шафёр пакаваў у багажнiк дзяржаўнай машыны скрынкi з памiдорамi. Светлыя, з абгабляваных дошчачак, зграбныя, невысокiя скрынi Шавура-партыец прывозiў з сабою. Койданаўцы казалi, што ён возiць памiдоры ў маскоўскi Крэмль, каб частаваць Хрушчова, Брэжнева i ўсiх астатнiх членаў Палiтбюро ЦК КПСС. Сам ён столькi з'есцi не мог, а вазiць памiдоры на 'чайцы', каб згнаiць i выкiнуць - глупства. Так што Шавура-цэкоўскi ўсё ж некага частаваў.

Пры ўсiм сваiм скептычным стаўленнi да ўрада, койданаўцы паважалi Шавуру-малодшага, бо разумелi - не было б яго, i не было б памiдораў ад Шавуры-старэйшага. Бо хто б тады дазволiў Вiнаку прадаваць свае таматы налева i направа?

Хто гэта ў канцы 60-х мог дараваць беларусу заняткi адасобленай уласнiцкай эканамiчнай палiтыкай? Хто б дазволiў яму садзiць памiдоры i толькi памiдоры, калi ўсе астатнiя садзяць бульбу, рэпу, капусту, моркву, буракi, агуркi i боб з гарохам? Нiхто!

А так вось былi ў Койданаве лепшыя ў Беларусi памiдоры. Я, ва ўсялякiм разе, смачнейшых не каштаваў.

Баба Ядзя давала мне папяровы рубель, манетку ў дваццаць капеек i чысты, не з-пад бульбы, кошык.

- Папросiш Вiнака, каб ён сам табе навыбiраў, - казала яна. - Ён прапануе выбiраць, а ты скажаш, лепей вы самi навыбiрайце.

У Вiнакавай светлай хаце панаваў кiславата-салодкi востры памiдорны водар. На вокны не вешалiся фiранкi, i сонца вялiкiмi ромбамi ляжала на падлозе. У Вiнака амаль не было мэблi, так, самае неабходнае - ложак, стол, крэслы. I паўсюль на разасланых газетах у ромбах густога святла i ў празрыстых блакiтных ценях ляжалi, свяцiлiся сакаўной мякаццю праз тонкую глянцавую скурку, чырванелi наспелымi бакамi, зелянелi вострымi пупавiнамi пладаножак, патыхалi летнiм цяплом Шавуравы памiдоры.

- Выбiрай, - казаў гаспадар i працягваў узважваць на шалях, што стаялi на падлозе каля дзвярэй, памiдоры для дзвюх дзяўчынак. Яны былi старэйшыя за мяне, i я iх не ведаў. Пэўна, прыйшлi з другога канца Койданава цi з вёскi, з якiх-небудзь Макаўчыц цi Бакiнава.

Вiнак пазвоньваў дробнымi гiркамi, састаўляў iх па росту каля плiнтуса.

- Чаго не выбiраеш?

- Навыбiрайце самi, калi ласка. У мяне грошай на тры кiлаграмы...

I ён выбiраў i складаў на алюмiнiевы сподак.

Падобныя да цацачных качак дзюбкi вагаў пачыналi скакаць, аж пакуль тая, дзе ляжалi памiдоры, не плыла ўнiз. Шавура акуратна перасыпаў памiдоры ў мой кош.

Нёс я iх асцярожна, гэта ж памiдоры ад Шавуры.

Пазней, ужо ў iнстытуце, калi буду чытаць Басё, згадаецца Вiнак. Вялiкi японец па мянушцы Горкi Гарбуз сказаў вучням: 'Хоку, i нiякiх iншых думак'.

Так i ў Шавуры, не было iншых думак, акрамя салодкiх памiдораў. Але ў Вiнака была мара.

Аднойчы ён зайшоў у нашу хату па нейкую драбязу. Здаецца, дзед Бронiк паабяцаў яму аддаць нашу старую спружыну на дзверы... Не памятаю. Толькi дзеда не было. Мы з бабай Ядзяй вячэралi. Вiнак адмовiўся сесцi за стол. Стоячы ў парозе, ён раптам сказаў, што хоча кiнуць памiдоры, бо думае паспрабаваць вырошчваць вiнаград, але нiяк не збярэцца прадаць дом i пераехаць у Берасцейскую вобласць, бо там цяплей, чым у Койданаве. Баба не адгаворвала Вiнака. Кожны чалавек павiнен сам выбiраць, куды ехаць i што садзiць на сваёй зямлi.

Праз гады тры Вiнак з'ехаў спачатку на Берасцейшчыну, а далей i ў Малдавiю. Цi жыве ён там цяпер, у Койданаве не ведаюць.

А для койданаўскiх памiдораў насталi новыя часы, часы цяплiц i парнiкоў, але цi можна параўнаць тамат

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×