галаве, далiбог, храснуся аб якое дрэва. Нёс ён мяне па дарозе, пакуль тая не павярнула. Дарога ўбок завярнула, а конь проста па лесе паляцеў. Ён памiж соснаў праскочыў, а воз захрас. Ну, а я праз галаву i ў папараць. Прахапiўся, агледзеўся - цiха. Абмацаў сябе - цэлы. Толькi вялiкi палец на правай назе балiць. Устаў. Распрог каня. Воз адкацiў. Паглядзеў, даедзе - думаю. Запрог чорта наравiстага i павёў, кульгаючы, на дарогу. А калi прыехаў i нарэшце зняў чаравiк, дык палец мой быў крывы, распухлы ды чорны. Да фельчара прычыкiльгаў, а ён глянуў i кажа, што трэба адрэзаць. А я рады, што вярнуўся дый казакi не застрэлiлi. 'Рэж! - кажу. - Лiха яго бяры'. Прывязалi мяне рамянямi да стала, далi самагону выпiць. Наркевiч трымаў, а фельчар рэзаў. А ты малюй сякеру, не сядзi склаўшы рукi, малюй.

Стась

Стась адсядзеў больш за дваццаць гадоў па розных турмах i вярнуўся ў Койданава. Адны казалi, што ён вырашыў завязаць са сваiм мiнулым жыццём; другiя пераконвалi, што Стасю забаранiлi жыць у Менску, таму ён вымушаны быў наведацца ў пахiлены дамок сваiх родных сясцёр. Хутчэй за ўсё, мелi рацыю апошнiя, бо здарэнне, якое скаланула Койданава праз некалькi дзён, давяло ўсiм, што завязваць Стась не збiраўся.

Юзэфа ды Канстанцыя сустрэлi брата насцярожана, але бутэльку на стол паставiлi i ложак паслалi.

Сёстры, пэўна, падумалi, што ўсё ад Бога i калi наканавана iм на старасцi гадоў жыць з неспакойным братам, значыць, так яно трэба Ўсявышняму. Яны працавалi ў царкве: прыбiралi, гандлявалi свечкамi i абразкамi, мялi двор. Апраналiся сёстры ва ўсё чорнае, i таму койданаўскiя дзецi пабойвалiся i не любiлi Юзэфу ды Канстанцыю. Хто iх ведае, гэтых згорбленых старых у жалобных хустках i доўгiх спаднiцах?!

Стась выпiў гарэлкi, павячэраў i, падзякаваўшы сёстрам, пайшоў пад клуб.

Была летняя субота, i пры клубе ладзiлi танцы. Цёплымi вечарамi койданаўская моладзь танцавала ў высокай, не пералезцi, сятчастай загарадцы. Дзецi ў загарадку не iшлi, грошай на бiлет не было, таму заставалася адно назiраць праз сетку. Старэйшыя людзi таксама паглядалi на танцораў праз сетку. Стась пайшоў пад загарадку i стаў, склаўшы рукi на грудзях. На пляцоўцы гучаў вальс.

- Гэй, стары, можа цыгарэты маеш? - з цемры да Стася падышлi п'яныя хлопцы. Iх было трое. Адзiн высокi, хударлявы, двое нiжэйшыя, вельмi падобныя, толькi апранутыя па-рознаму. На адным усё было цёмнае, а на другiм - белая кашуля ды васiльковыя, ажно свяцiлiся, нагавiцы-клёш.

- У мяне папяросы, - Стась выцягнуў з кiшэнi i паказаў пачак 'Севера' з сiнiм, нiбыта вытатуiраваным на пачку сонцам.

Праз два днi пра гэты пачак 'Севера' загаварыла ўсё Койданава. А высокi i хударлявы Юрка Зiнкевiч дрыжачым голасам апiсваў тое здарэнне так:

- Лёнiк пашыў сабе васiльковыя клёшы. Падзея. Вырашылi замачыць нагавiцы, каб доўга насiлiся. Узялi чарнiла i пайшлi пад клуб, на сквер. Селi на лаўку пад помнiкам Дзяржынскаму ды пацiху выпiлi ўтрох дзве семсотграмоўкi. Сядзiм, кайф ловiм. Нi з таго нi з сяго Лёнiку закарцела цывiльную цыгарэту закурыць. Пашыў сабе нагавiцы файныя, паўлiтра вiна выпiў, а яму яшчэ i цыгарэту з фiльтрам падавай. У мяне 'Прыма', а ў Базыля - 'Беламор'. Пайшлi мы пад загарадку, каб у каго стрэсцi па цыгарэце. Бачым: стары дзядзька, незнаёмы, пасярод дзяцей стаiць рукi склаўшы. Каб жа хто з нас у тым старым Стася Ажгiровiча пазнаў, мы б яго за тры вулiцы абышлi. А так стаiць сабе стары i незнаёмы. Чаму ў яго не запытацца пра цыгарэты? Лёнiк i папрасiў у Ажгiровiча цыгарэту, i той пачак 'Севера' паказаў. Лёнiк раззлаваўся так, нiбыта ў старога ўсе кiшэнi замежнымi цыгарэтамi набiтыя, а ён нам смярдзючыя папяроскi падае. 'Ты мне, сiвы казёл, цыгарэту дай, а не папяросу. Цi, можа, ты не дачуў? Дык зараз вушы прачышчу i рогi паабломваю!' - Лёнiк вакол Ажгiровiча заскакаў, як той певень вакол курыцы. А Стась стаiць, i хоць бы хны. 'За 'казла' магу i зарэзаць, смаркач паганы!' - цiха так сказаў Стась, а ў мяне ажно мурашкi па спiне пад нейлонавай кашуляй пабеглi. А Лёнiк на яго як кiнецца, з ног збiў i давай-давай чаравiкамi мясiць. Тут i Базыль дапамог. А Стась адно галаву рукамi закрыў, скурчыўся, павалiўся i як нежывы стаў, далiбог. А гэтыя месяць i месяць.

Яны б'юць, а я стаю, утрупянеў, не ведаю, што рабiць, куды кiнуцца. Танцы спынiлiся. Усе да сеткi падбеглi, глядзяць. Дзеўкi вiшчаць пачалi: 'Забiваюць! Забiваюць!!!' Каб не гэтыя вiскi, i сапраўды забiць маглi. Але цяпер я ўжо i не ведаю, што лепей. Можа, хай бы яны яго тады забiлi. Даруй Божа.

I я закрычаў: 'Шухер!'

Мы паляцелi ў сквер, абмiнулi помнiк Дзяржынскаму, перабеглi пляц каля царквы i схавалiся за хлебную краму. Там аддыхалiся. Выкурылi па цыгарэце i разышлiся дадому. Больш Лёнiка жывога я не бачыў.

Аповед Юркi Зiнкевiча пра бойку я пачуў пазней, можа, праз тыдзень, а на другi дзень пасля здарэння пад клубам, у нядзелю, я стаяў каля хлебнай крамы, дзе ўночы курылi Лёнiк i Базыль Даўнарыкi з Юркам. Белай вяроўкай я мацаваў на багажнiк свайго старога ровара шэсць боханаў чорнага хлеба.

Пыльны пляц каля царквы выглядаў чыстым з-за ранiшняе прахалоды i яшчэ не пякучага сонца. Сям-там на пляцы стаялi купкi мужчын, па двое, па чацвёра. Яны пiлi бутэлечнае пiва проста з рыльца. Непадалёк ад царкоўных веснiц пацягвалi пiва браты-блiзняты Даўнарыкi. Падабенства ў iх не такое ўжо вялiкае, адрознiць можна. Лёнiк - драбнейшы, i можа таму дзеўкi любiлi яго больш за ягонага брата. Але i агульнага ў iх было шмат: i чорныя, аж да сiнечы, цыганскiя валасы, i смуглявасць, i вочы з налiтымi блакiтам бялкамi - зiрне каторы, аж холад па спiне пойдзе, i каржакаватасць, i местачковая заземленасць. Адным словам - блiзняты. Каб не блыталi цi, можа, з-за характараў, апраналiся яны па-рознаму. Лёнiк у светлае, а Базыль у цямнейшае, чорнае. Той ранiцай на Лёнiку была белая кашуля ў тонкiя сiнiя пасачкi.

Браты пiлi сваё нядзельнае пiва. Колькi яшчэ закаркаваных пляшак стаяла каля ног, проста на зямлi.

Са сквера на пляц выйшаў не знаёмы мне стары ў зношаным гарнiтуры i шэрай паласатай кепцы. Гэта пазней даведаюся, што на асветлены сонцам пляц выйшаў з цёмнага сквера Стась Ажгiровiч.

Стась хвiлiну пастаяў на беразе шырокага пляца, прыглядаючыся да мужчын, знайшоў вачыма блiзнят i няспешна накiраваўся да iх. Нi Лёнiк, нi Базыль не адчувалi нават ценю небяспекi, былi ўпэўненыя ў сабе цалкам. Што можа зрабiць сухенькi, падобны да вераб'я, дзядок супраць здаровых дзецюкоў? Нiчога! А можа яму падалося, што пад клубам каля танцавальнай загарадкi яго дрэнна адмясiлi? Пэўна, такiя пытаннi круцiлiся ў Лёнiкавай, асмужанай пiўнымi парамi галаве, а што Базыль падумаў такое, ён i сам раскажа пазней.

Мужчыны, што пiлi пiва на пляцы, нечакана змоўклi. Шмат хто са старэйшых пазнаў Стася, i ў iх з'явiўся страх. 'Нiбыта халодным скразняком астудзiла патылiцу', - казаў пазней Iван Мiлько.

Стась за два крокi да блiзнят выняў з унутранай кiшэнi свайго заношанага пiнжака самаробную фiнку. Ён ударыў Лёнiка ў сэрца. Той знямеў. Стась лёгка дастаў лязо з Лёнiкавых грудзей, схаваў зброю i павольна пайшоў у бок сквера.

Закрычаў Базыль.

Я стаяў каля крамы i трымаў у руках ровар з напакаваным на багажнiк хлебам, а Базылёў крык працiнаў мяне нябачнымi вострымi спiцамi...

Базыль упаў на зямлю, у светлы тонкi пыл i пачаў курчыцца, нiбыта гэта яму, а не Лёнiку ўдарылi фiнкаю ў сэрца. А Лёнiк спачатку стаяў i пахiстваўся. Упаў ён на спiну, роўна, як бервяно, iмгненне ляжаў, а потым цела пачало бiцца ў перадсмяротнай агонii. Белая кашуля зачырванела на грудзях. З разяўленага рота пацякла ружовая пухiрыстая пена. Базыль не пераставаў крычаць, поўзаў на карачках вакол брата i драў пальцамi зямлю.

Мужчыны папакiдалi недапiтыя пляшкi i абступiлi блiзнят шчыльным колам.

Трымаючы ровар, я не мог варухнуцца. Да мяне падышла цётка Пэля, нахiлiлася i зазiрнула мне ў вочы. Яна колькi разоў паўтарала маё iмя, а я ўсё не мог адказаць - мову адняло.

Але мова вяртаецца iмгненна, як i знiкае.

Цётка ўдарыла мяне па шчацэ, мова вярнулася, i я сказаў ёй, што Лёнiка зарэзалi.

Сёстры Юзэфа ды Канстанцыя плакалi i закрывалi насы белымi хустачкамi, калi мiлiцыянты прыехалi па Стася. Ён не супрацiўляўся, яму было ўсё роўна, дзе жыць - у турме цi ў Койданаве. Адзiная замiнка ў гэтай справе выйшла з фiнкаю. Калi ў Ажгiровiча спыталi, якiм нажом ён забiў Леанiда Даўнарыка, дык той дастаў з шуфляды кухоннага стала звычайны хлебны нож i сказаў, што вось iм. Мiлiцыянты спрабавалi адшукаць фiнку, але не знайшлi.

На Лёнiкавым пахаваннi старыя койданаўкi прадракалi Базылю хуткую смерць. Шапталi, што калi памiрае адзiн з блiзнят, то i другому век скароцiцца. Прароцтва не спраўдзiлася. Базыль жыве. Ажанiўся, дзецi знайшлiся, працуе на рамбазе i п'е, як усе.

А Стась Ажгiровiч памёр у турме.

Часам мне згадваецца фiнка. Яна ж недзе так i ляжыць, схаваная ў Койданаве. I думаю, што Стась

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату