сякеру, усаджаную ў бярозавую калоду. Я збiраўся паступiць у мастацкую вучэльню i хадзiў рыхтавацца да Чэсевага сына Толiка. Навука была простая: Толiк браў i ставiў перада мною нейкую рэч, напрыклад сякеру, даваў аркуш i сыходзiў. Ну, а я сядзеў пад яблыняю дый пацiху крэмзаў.

Дзядзька Чэсь стаяў басанож на невысокай мяккай траве. I мне было добра вiдаць, што на адной назе ў яго не хапае вялiкага пальца. Я старанна вымалёўваў старое тапарышча i раптоўна адчуў, што iснуе невытлумачальная сувязь памiж сякерай i адсутнасцю пальца. Рука з алоўкам спынiлася, я глянуў на Чэсеў загарэлы твар, i мой позiрк сустрэўся з цёмна-блакiтнымi вачыма.

- Гладка малюеш, як мой Толiк, - Чэсь гаварыў сур'ёзна. Ён любiў свайго сына, i таму параўнанне набывала кошт самай высокай адзнакi.

- А чаму ў вас аднаго пальца няма? - я нават сам здзiвiўся нясцiпласцi, але пытанне прагучала.

- У партызанах згубiў.

Партызанаў у Койданаве не любiлi. А мае сваякi дык асаблiва. А за што iх было любiць? За тое, што адзiн п'яны распуста застрэлiў у вёсцы Рудзiца, пад Койданавам, другога нецвярозага дурня? Толькi першы быў партызанам, а другi служыў у палiцыi, таму немцы i спалiлi вёску ды забiлi дзевяць мужчын. Майго прадзеда, а Чэсевага бацьку, спалiлi жыўцом.

Мае сваякi, хто ў лесе перахаваўся, перабралiся ў Койданава, на апусцелыя жыдоўскiя вулiцы. Дзядзькi Чэся тады ўжо не было нi ў Рудзiцы, нi ў Койданаве. Яго яшчэ раней забралi ў савецкiя партызаны. Уночы прыехалi тыя партызаны ў Рудзiцу на конях, зайшлi ў нашу хату, пэўна, нехта падказаў, бо афiцэр у парозе сказаў, што ў нас многа мужчын i таму адзiн пойдзе з iмi. Мужчын у хаце было чацвёра, але за тыдзень у вёску прыходзiлi польскiя партызаны i павялi з сабою двух Чэсевых братоў, Ладака ды Яся. Сказаць расейцам пра палякаў было б тое самае, што галавою кiнуцца ў пельку. I Чэсь пайшоў за расейскiм афiцэрам. А ў вялiкай хаце пры дзедавай кузнi застаўся адно стары гаспадар, ну i жанчыны з дзецьмi...

- Добра, што толькi палец згубiў, а не што iншае, - дзядзька засмяяўся.

- А як вы яго згубiлi? - маляваць расхацелася.

- А табе ўсё цiкава...

Расказваць пра сябе Чэсь не любiў. I на цвярозую галаву амаль нiчога не распавядаў. Але галава ў беларускiх дзядзькоў бывае i захмялелая, тады вам i апавяданнi, i смех, i байкi з показкамi, ну i слёзы.

Калi Чэсь моцна напiваўся, дык не iшоў дадому, а заварочваў да сваёй сястры, а маёй бабы - Ядзi. Ён доўга з крэктам разуваўся ў калiдоры, нязграбна бразгаў клямкаю, заходзiў у хату i сядаў за стол. Казаў, што дадому ён такi п'яны не пакажацца, а пасядзiць тут, пакуль працверазее. Ядзя ведала, што да ранiцы ён не паправiцца, i слала чыстыя прасцiны на канапе ў зале. Але Чэсь наравiста зiркаў на сястру, упарцiўся, не iшоў спаць, а сядзеў за пустым сталом i абураўся, чаму гэта ягоная прыгожая сястра пайшла за маленькага, тоўстага Бронiка Кiсяля, а не знайшла сабе высокага i кучаравага хлопца, як яе браты. Бронiк адно пасмейваўся, бо ўсе ведалi, што i Чэсева жонка Алена анi блiзка не мае той прыгажосцi, якую Бог даў Ядзi. Часам Бронiк садзiўся за стол, каб Чэсю было каму расказваць, каб ён выгаварыўся i яму зрабiлася лягчэй. Чэсь гаварыў пра партызанаў, Маскву, немцаў, Берлiн, забойствы...

У расейскiх партызанах Чэсь прабыў месяцы тры. На самалёце яго перакiнулi праз фронт у Маскву, дзе ён правучыўся ў разведчыцкай школе ажно да самага канца вайны. I калi Масква адсвяткавала перамогу над Берлiнам, для Чэся толькi i пачалася вайна. Яго накiравалi ў Германiю, дзе Чэсь павiнен быў адшукваць асуджаных завочна ваенных злачынцаў. Праца гэтая была зусiм не для такiх, як ён. За два гады ў Нямеччыне Чэсь так змянiўся, высах, зблажэў, што калi вярнуўся ў Койданава, дык яго ледзь пазнавалi сваякi. Зрэшты, гэта i нядзiўна.

Прахварэў дзядзька Чэсь больш як год, i яго ўрэшце камiсавалi.

- Не магу я людзей забiваць! Ядзя, чуеш? Не навучыўся, - мармытаў Чэсь, седзячы за пустым сталом. - А цi ж можна прывыкнуць забiваць па графiку? А ў нас у iнтэрнаце на сцяне такi графiк вiсеў. Надыходзiць твой дзень, бярэш зброю, iдзеш у камеры i страляеш. Адны перад смерцю плакалi, другiя малiлiся, а знаходзiлiся i такiя, што маўчалi. А ты заходзiш у камеру i страляеш, страляеш. I ведаеш: праз тыдзень зноў твая чарга, зноў пойдзеш i застрэлiш чалавека, а потым нап'ешся, як скацiна. А быў немец, якога я так i не змог забiць. Адчынiў дзверы, а ён устаў з ложка i глядзiць на мяне. Я ўзняў пiсталет i стрэлiў яму ў грудзi. А ён як стаяў, так i стаiць гарою. Я нацiснуў курок, але пацэлiў толькi ў руку. Захваляваўся. А ён пайшоў на мяне, ускiнуў здаровую руку з кулаком i пайшоў на мяне. Перапужаўся я, выскачыў з камеры i дзверы на ключ зачынiў. Вярнуўся да маёра i кажу, што больш людзей страляць не буду. А маёр пачаў, што гэта i не людзi зусiм, яны твайго бацьку ў хляве зачынiлi i хлеў той газаю аблiлi i падпалiлi... А я ўсё адно паўтараю - не буду болей забiваць.

Маёр загадаў мне выпiць вады i павёў у камеру, каб разам паглядзець, цi застрэлiў я вялiкага немца. Ён ляжаў пры самых дзвярах i, напэўна, ужо i не дыхаў, але маёр узяў мой пiсталет i стрэлiў немцу ў патылiцу. Мяне ўсяго закалацiла, пачало курчыць, скручваць, ванiтаваць... Прахапiўся я толькi ў шпiталi. Да мяне яшчэ, дзякуй Богу, жаўтуха прыляпiлася. Вось мяне i адпусцiлi.

Чэсь уставаў з-за стала, казаў, што паўгадзiнкi паляжыць на канапе, i спаў да ранiцы. А баба Ядзя хадзiла праз гароды да Чэсевай жонкi, каб сказаць, што ён спiць у нас. Чэсева Алена прасiла перадаць, каб ён ранiцай абавязкова забег дадому.

Перад працаю Чэсь заходзiў дамоў, каб пагалiцца ды выслухаць жончыны нараканнi.

Не ведаю дакладна, як называлася пасада, якую займаў Чэсь Александровiч, але ў Койданаве яго называлi галоўным гандляром. Пасля войска Чэсь атрымаў мiрную, як ён гаварыў, прафесiю эканамiста. Маючы здольнасцi ў такой даволi складанай навуцы, як местачковы гандаль, ён, у дадатак, не краў. А калi галоўны гандляр не крадзе, то i прадаўшчыцы з кладаўшчыкамi пабойваюцца многа выносiць. I таму на Чэсева пахаванне выйшла ўсё Койданава, каб правесцi паважанага чалавека ў апошнi шлях. Многiя плакалi, многiя шэптам успамiналi добрыя часы, калi ў крамах шмат чаго было, бо Александровiч не даваў красцi i перапрадаваць даражэй.

Перад смерцю Чэсь доўга хварэў. Ён памёр у менскай лякарнi, у палаце, дзе за тыдзень да яго адышоў на вечны спачын легендарны менскi разьбяр Кастусь Сарока. Чэсь памёр ад рака, якi спачатку ўбiўся ў страўнiк, а потым так засушыў дзядзьку, што я, прынёсшы перадачу, ледзь пазнаў яго. З гожага i дужага мужчыны Чэсь, не раўнуючы ваўкалак у паданнях, перакiнуўся ў сухенькага дзядка. Скура на ягоных руках так зжоўкла i патанчэла, што я, пацiскаючы iх, баяўся, каб прывiтанне не абярнулася болем.

- Не пазнаў адразу? - дзядзька Чэсь павёў даланёю па выцвiлай, шарай, як мышыная спiна, пiжаме.

Не паспеў я адказаць, бо ўглядаўся ў змораны твар i згадваў густыя кудзеры, замест якiх над высокiм iлбом адсвечвалi сiвiзною рэдкiя, нiбыта чужыя, валасы.

- Не пазнаў i не пазнаў. Нiчога страшнага. Мяне, калi з Германii вярнуўся, таксама не пазнавалi. Толькi тую вайну я выйграў, а гэтую прайграю.

- Тут шакалад i часопiсы новыя...

- Непрыемна тут, у бараку. Хворыя людзi. Пiжамы. Тапкi. Так што, iдзi на сонца. Сягоння сонца. Цёпла...

Мы развiталiся. Я вярнуўся дамоў i па памяцi намаляваў партрэт чалавека, хворага на рак. Тады згадалася i сякера пад райскай яблыняю, i Чэсеў аповед пра партызанаў.

- Цэлы тыдзень я толькi рабiў, што бульбу абiраў. Да мяне прыглядалiся. Зброi не давалi. А я не рваўся, як другiя, да зброi. Быў упэўнены, што дадуць. I далi, паклiкалi да камандзiра i паказалi дзве вялiзныя супрацьтанкавыя мiны. Загад быў просты, як гэтыя граблi, - Чэсь пастукаў старымi граблямi ў зямлю, узарваць чыгунку пад Негарэлым. Я з Наркевiчам сеў на воз i паехаў, а конь трапiўся наравiсты: то ён пабяжыць, а то i стане. Чорт, не конь. Нават як яго зваць, нiхто не ведаў. Прыехалi мы пад Негарэлае, каня ў лесе пакiнулi, а самi папаўзлi да адхону. Я адно па баках пазiраў, а мiны ставiў Наркевiч, ён быў мастак на такiя спрыты. Прыпаўзлi мы назад у лес, там на воз i ўцякаць. Кiламетраў з пяць ад'ехалi i пачулi выбух. Тут Наркевiч як закрычыць на ўвесь лес: 'Спрацавала! Спрацавала!' А мне i няўцям, адкуль столькi радасцi. Выехалi мы з лесу на поле, а за полем вёсачка невялiкая, двароў дзесяць. Едзем праз поле i бачым, як з канцавой хаты людзi выходзяць i да нас iдуць. Я адразу i не зразумеў, што гэта казакi, якiх немцы супраць партызанаў па вёсках пасялiлi. Тут яны пачалi страляць па нас. Наркевiч з падводы саскочыў i напрасткi праз жыта ў лес паляцеў. Па мне страляюць, а я каня разварочваю, думаю, нельга ж дзяржаўнага каня пакiдаць, ну i воз таксама. Тут конь спудзiўся. Лейцы напялiся. Стаю на возе, а конь ляцiць, як шалёны. У лес ускочылi. Колы скачуць па карэннях, як не разваляцца. Я каня спынiць не магу. Заб'юся, круцiцца ў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату