вусы. Насупраць яго на паваленым i ўрослым у зямлю помнiку габлюе калоду зашмальцаваных карт дробненькi ды кiрпаты Цiма, якi таксама чакае позву ў войска i не можа прыдумаць лепшага занятку, як з самай ранiцы гуляць 'у дурня' з Савам. Карты хлёстка пляскаюць па адпалiраваным целе заваленага помнiка з квадратнымi тлустымi лiтарамi i шасцiканцовай зоркаю. Зноў пагоны! Сава акуратна выкладае на камень дзве чорныя сямёркi. Чакае цябе войска! Ён устае з дзёрну i ўскiдвае рукi, як салдат, здаючыся ў палон. Знайдзi ў мяне нож! Цiма разы са тры абшуквае Саву, абляпвае, абмацвае ўсяго, але нажа так i не знаходзiць. Бо той прышыў сабе да кашулi, за каўняром, мiж лапатак, патаемную скураную кiшэню, у якой i трымае бацькаў паляўнiчы нож. Цiма здзiўляецца. Нашто было столькi шыць? А ты, Цiмка, зiрнi на свае чобаты, брыдка глядзець, дзеўкi насы адварочваюць, як цябе ўбачаць. А ты лепшы? На тваiх спартыўных падштанiках каленi, што торбы, вiсяць... Не трапячыся, будуць у мяне нагавiцы i чаравiкi скураныя. Ты што, Саўка, рабаваць пачнеш? Можа, i нож схаваў, каб... Дагаварыць Цiма не паспявае. Дужыя рукi сцiскаюць каўнер на шыi: нi ўдыхнуць, нi выдыхнуць. Дробны тварык рудзее, моршчыцца, як антонаўка ў печы, вочкi вылуплiваюцца, а з носа вылятае зялёны смаркач. Падла здохлая, зараз ты ў мяне пасмяешся. Сава выпускае каўнер, замахваецца, каб урэзаць па сцятым тварыку, але спыняецца i апускае кулак. Заўтра паедзеш са мной у Маскву! Ехаць у Маскву Цiма хоча, нi разу не быў, цiкава глянуць. Толькi што за вандроўка з Савам, у якога мiж лапатак вiсiць нож?! Пярэчыць Цiма не адважваецца нi на могiлках каля паваленых помнiкаў, нi на другi дзень, калi Сава на золку грукае ў шыбу, нiбыта хлопцы збiраюцца на рыбу, а не ў Маскву.
Да Менска Сава з Цiмам даедуць на дызелi, без квiткоў i без прыгод. Усю дарогу прагуляюць у карты з рабочымi. Цiму будуць iсцi казыры, i ён выйграе колькi рублёў i страшэнна ўзрадуецца. Пакамечаныя паперкi ён аддасць мардатаму шафёру, якi на новенькiм, без нумароў 'ЗIЛе' давязе хлопцаў да Барысава, так i не вымавiўшы нiводнага слова надзьмутымi сiняватымi губамi. Сава таксама нiчога не скажа: маўляў, твае грошы - рабi што хочаш. А вось калi касавокi скуласты шафёр белага легкавiка 'Нiва', што за пяць гадзiн дамчыць хлопцаў з Барысава ажно да Тулы, запатрабуе разлiчыцца i Цiма пакорлiва палезе ў кiшэню, тады Сава папярэдзiць, што хай толькi касавокi скажа яшчэ хоць слова - яму адразу адрэжуць скуластую башку. Уладар 'Нiвы' змаўчыць, лясне дзверцамi i так iрване легкавiк з месца, што хлопцам падумаецца, што, пэўна, шафёр удзельнiчае ў аўтаралi. Сава з Цiмам пойдуць пешкi. Неба зацягнецца хмурнасцю. Сцямнее. Зацярушыць дробны, вiдаць, надоўга, дождж. Машыны не будуць спыняцца, шархацецьмуць далей, пакiдаючы хлопцам смуродлiвыя аблокi пырскаў. Сава з Цiмам пратупаюць кiламетраў з дзесяць, праклiнаючы кожную машыну, што пакажа iм крывавыя агеньчыкi стоп-сiгналаў. Нарэшце шафёр вялiкай фуры пашкадуе вымаклых небаракаў, ён скажа, што едзе з Менска i баiцца заснуць, таму будзе гаварыць абы-што, каб не заплюшчылiся вочы. Ён высока ўздыме даўганосы профiль з высокiм, як на дваiх, кадыком i пачне крыць матам маскалёў, казацьме, што ўсе яны алкаголiкi i не ўмеюць працаваць, а Масква - самы сквапны горад з усiх, дзе ён быў. Вы б, хлопцы, да Краснай плошчы дайшлi, каб мяне не было. Яны ж тут i спынiцца баяцца. Хлопцы будуць пасмейвацца, зрэдку падтакваць кадыкатаму шафёру i незаўважна даедуць да маскоўскай кальцавой дарогi. Позна, застануся начаваць на стаянцы. Тут да метро два крокi. А грошай не трэба. Газiроўкi вып'еце за маё здароўе.
Хмары разыдуцца. Па блiскавiчным асфальце, прытанцоўваючы, пад зорамi Сава з Цiмам рушаць на Маскву.
У паўпустым абшарпаным вагоне метро Сава згледзiць першую ахвяру: смуглявую невысокую маладзiцу з цылiндрычным футаралам для чарцяжоў. Чарнявая маладзiчка хутка заўважыць нядобрыя зiркi нацятага Савы i паспрабуе ўцячы. З метро яна выйдзе на асветлены праспект, а з яго рэзка заверне ў прахадны двор. Сава дагонiць маладзiцу ў чэзлым скверыку i важкiм ударам у скроню прымусiць скурчыцца на растрэсканым асфальце. Футарал адкоцiцца ў пясочнiцу ды ляжа там, нiбыта забытая дзецьмi цацка. Сава забярэ ў маладзiцы гадзiннiк, шлюбны пярсцёнак i скураную сумачку. Футарал ён пакiне ў пяску, а сумачку растрыбушыць на сметнiку за тры кварталы ад месца, дзе тварылася злачынства. Цiма, агаломшаны ўбачаным, будзе iсцi за Савам, як прыблудны, ужо раз прагнаны сабака. Здарэнне так перапалохае Цiму, што ён, пераляканы, ажно перастане бачыць колеры, i свет паўстане для яго ў шарым аблiччы.
Першую маскоўскую ноч хлопцы пераседзяць на гарышчы вялiкай будынiны, па-над станцыяй метро 'Смаленская'. Разаслаўшы кардонныя скрынкi з-пад садавiны, Саўка засне. Цiма будзе ўслухоўвацца ў прапыленае чарноцце. А цi ж не iдуць мiлiцыянты iх арыштоўваць? Ён i пабудзiць Саву, як толькi пачуе ў двары радасны брэх кватэрных сабак, якiх павыводзяць на шпацыр. Абураючыся кучкамi сабачага гною, пакiнутага чатырохлапымi сябрамi гараджан, Сава прывядзе Цiму на Беларускi вакзал, дзе ў неахайнай цырульнi хлопцы пастрыгуцца. Каратканогаму цырульнiку ў бруднаватым расшпiленым халаце Сава загадае пагалiць свае рэдкiя вусы. У трэснутую чарупiну разам з густым мыльным шумам паляцiць i тое, чым яшчэ ўчора Сава намерваўся ганарыцца. Пах таннага адэкалону хлопцы панясуць у прывакзальны гастраном, дзе набяруць абаранкаў i пакетаў малака. Паснедаюць яны ў альтанцы, што ў дваровым калодзежы, прапахлым да дурноцця гастраномным начыннем. Закурыўшы пасля перакускi, Сава плюне на дашчанае дно альтанкi i скажа, што варта пашукаць новае месца начлегу, бо гарышча пыльнае, а спаць на скрынях мулка ды холадна.
Паселяцца хлопцы ў iнтэрнаце, дзе камендантам будзе працаваць далёкi сваяк Савы. Гэтаму вялiкагаловаму кульгаваму сваяку Сава будзе доўга тлумачыць пра свае намеры паступiць у вайсковую вучэльню i пра тое, што iспыты пачнуцца праз тыдзень, таму ў вайсковы iнтэрнат не пусцiлi. Камендант пашкрабе пазногцем цемя, напэўна, не паверыць нiводнаму слоўцу, але пакульгае да кладоўкi дый разам з ключом ад пакоя выдасць коўдры, падушкi, бялiзну i электрачайнiк з пагнутай дзюбай. Пакой будзе такi вузкi, што ў iм ледзь уцiснуцца два ложкi ды тумбачка. Займеўшы жытло, Сава пакiне Цiму засцiлаць ложкi, а сам злётае ў гастраном па пiва i гарэлку. Пакуль хлопцы каўтацьмуць саракаградусную вадкасць i запiвацьмуць яе перастаялым пiвам, брыдкаваты камендант раскажа пра любоўныя прыгоды са студэнткамi.
Пару дзяўчат, якiм не хапiла месца ў iнтэрнаце, камендант пускаў жыць у вузкi, што школьны пенал, пакойчык i замест кватэрнай платы браў з iх каханнем. Што мне тыя паперкi з Ленiным? Я з цялушак натураю патрабаваў. Не мучыў шмат. Але раз на тыдзень ногi раскiнь! Камендант задаволена пакрэктваў ад слодычы ўспамiнаў. А каб якая адмовiлася? Не было!
Выпiўшы гарэлкi з пiвам, Сава ляжацьме пад расчыненым акном i разоў з дзесяць паўторыць, што iм вельмi падфарцiла, бо пакой на першым паверсе, i калi хто прыходзiць i выходзiць - не вiдаць. Праспяць Сава i Цiма да самае ночы.
У цёмную Маскву хлопцы вылезуць праз акно. Сава запрапануе пачакаць каля вайсковае часткi якога п'янага афiцэра цi прапаршчыка. Частку ён запрыкмецiў яшчэ ўдзень, калi хадзiў па пiтво. Не праседзяць хлопцы i дзесяцi хвiлiн у прыдарожных хмызах, як убачаць тоўстага, нiбыта напампаванага тлушчам, маленькага афiцэра ў ссунутай на патылiцу фуражцы з аколышам колеру запечанай крывi. Афiцэр выкацiцца з кантрольна-прапускнога пункта i, хiстаючыся дый падскокваючы, пойдзе да тралейбуснага прыпынку. Важкi дыпламат будзе пагойдвацца на сагнутым у крук пальцы. Афiцэр будзе такi п'яны, што здасца, ён вось-вось заскавыча на ўсю вулiцу прыпеўку. Таўстун i заспяваў бы, але Сава лясне яму цаглiнаю ў патылiцу, калi афiцэр зацурболiць у бэзавых хмызах. Сытае цела шорстка асунецца ў палыновыя ды крапiўныя стамбуры. Лежачы на зямлi, непрытомны вайсковец будзе ўсё адно спраўляць патрэбу. Спрытны Сава адкiне цаглiну i павыцягвае з афiцэравых кiшэняў дакументы i партманетку. А перапужанага Цiму ён прымусiць валачы дыпламат.
Цiма, лежачы на ложку i гледзячы ў шарую столь, пачне ўгаворваць Саву больш не рабаваць людзей. Ён папросiць адпусцiць яго назад, у Койданава, дзе ў царкве ён замолiць як свае, так i Сававы грахi. Грэшнiк адно пасмяецца з Цiмкавага скавытання i паабяцае, калi ныццё не супынiцца, паабдзiраць вушы дый завязаць на вузел шланг, якi целяпаецца памiж ног.
Цiма сцiхне.
За выцягнутае з афiцэравых кiшэняў i дыпламата хлопцы справяць новыя кашулi i нагавiцы. Сава раскашэлiцца i на скураныя чаравiкi, а вось Цiма застанецца ў стаптаных чобатах. Яму выберуць абутак пасля рабавання прасторнай, на шэсць пакояў, кватэры. Да справы Сава будзе рыхтавацца ажно тры днi, а не тры хвiлiны, як да папярэднiх. Ён выбера дом у цэнтры Масквы, той самы, над станцыяй 'Смаленская', дзе хлопцы перакiмарылi першую ноч. Сава абыдзе ўсе пад'езды з размаляванымi ў анёлы i вiнаград лiфтамi, паторгае дзверы, аблазiць сутарэннi ды гарышчы, паходзiць па даху i пазнаёмiцца з прыбiральшчыкам, барадатым, яшчэ не старым мужчынам у акулярах з трэснутым шклом на правым воку.