як кажуць. Праз дзень я ў магазiне 'Чаравiчкi', што каля кiнатэатра 'Цэнтральны' такiя боты i набыла, брунатныя, з маланкаю, на высокiх абцасах.

Гэта не сны.

Як мама памерла, я ўсё плакала. Успомню - слёзы самi цякуць. Мы тады каля могiлак Кальварыйскiх жылi. Бацька за сталом сядзеў, пiсаў, я на ложку ляжала, вы спалi. Мама ўспомнiлася, i сляза, вялiкая- вялiкая, па скронi пабегла. Нават цяпер адчуваю тую слязу. Тут бачу маму, яна злосна глядзiць на мяне i гаворыць: 'Нiна, што вы з Бронiкам крычыце ўсё i крычыце? Спакою не даяцё. Перастань крычаць!' Сказала i выйшла на гаўбец. А мне падумалася - цiха плачу i зусiм не крычу. Чаму яна кажа, што з айчымам крычу? Устала з ложка i ў бацькi спытала: 'Ты маю маму бачыў?' Бацька збялеў, па сардэчныя кроплi на кухню пабег. Прынёс. 'Ты што, Нiна? Якая мама? Супакойся'. А я: 'Вось дзверы гаўбцовыя яна адчынiла'. - 'Скразняком дзверы адчынiла. Восьмы паверх'. Мы тады на восьмым паверсе жылi. Вокны - на могiлкi. Мама iх любiла. Каплiцы, касцёл закiнуты. Яна ж каталiчка.

Як плакаў па бабе Ядзi наш дзед Бронiк, я забыць не магу. Штодня, i ўвосень, i ўзiмку, хадзiў на могiлкi, клаўся каля Ядзiнага капца i плакаў. Не мог ён без яе. Увесну iнсульт. А ўлетку, якраз праз два гады, каля Ядзiнага капца насыпалi Бронiкаў. Зямля пухам.

Трэба ў Кальварыйскiм касцёле iмшу замовiць.

А самае яркае, самае рэальнае з'яўленне было ў школе. Я тады ў школьнай бiблiятэцы працавала. Дзецi разышлiся. Цiха. Кнiжкi па палiчках расставiла, сяджу за сталом. Сцямнела. Я сяджу, стамiлася, устаць не магу. Спачатку крокi на калiдоры, потым мама ў бiблiятэцы. Падышла i так цiха-цiха ласкава шэптам: 'Нiначка, сябе не глядзiш зусiм. Трэба да доктара iсцi, трэба сябе глядзець. Няўжо надумала дзяцей пакiнуць?' Яна гаворыць. А праз яе голас - крокi на калiдоры. Мама праз чытальную залю, за стэлажы, у кут, там зусiм цёмна. У бiблiятэку дырэктар заходзiць, святло запальвае i гучна-гучна: 'Нiна Ўладзiмiраўна, што з вамi?' Лямант, мiтусня. Я не варушуся. Ён пабег у медпункт. Школьная доктарка яшчэ не сышла. Укол мне зрабiлi, 'хуткую дапамогу' выклiкалi, але ў бальнiцу не павезлi. Бацьку нiчога не сказала, ён i так пасля адчыненых на гаўбец дзвярэй моцна перажываў.

Бываюць светлыя, радасныя з'яўленнi. Вось каля крамы 'Бурацiна' - дзiцячае адзенне, бачу - мама насустрач iдзе. На ёй доўгая вiшнёвая сукенка, а праз руку, вось так, яшчэ некалькi сукенак перакiнутыя. Вецер. Валасы развяваюцца. Прыгожыя ў яе валасы былi, густыя, каштанавыя i вiлiся. Хустак мама не любiла. А вочы светла-блакiтныя. Твар белы, чысты. Яна такая гожая, маладая, iдзе мне насустрач, смяецца i гаворыць: 'Ой, Нiна, як добра, што ты мне ў дарогу вiшнёвы адрэз паклала. Бачыш, якая сукенка атрымалася? Я тут самая прыгожая'. Я хацела маму за руку ўзяць, а яна так мякка плячом павяла - не трэба. I пайшла. Я засталася. Схамянулася, а навокал пуста, вечар, нiдзе нiкога няма. А з гэтым вiшнёвым адрэзам вось як было... Калi ехала на пахаванне, дык па дарозе ў краму зайшла i купiла адрэз, ведала - мама больш за ўсё вiшнёвы колер любiла. Прыехала, у хату зайшла, а маму памылi ўжо i ў труну паклалi. Сукенка на ёй блакiтная i труна блакiтная. Дастала я з сумкi вiшнёвы адрэз i кажу: 'Будзем пераапранаць. Пашыем зараз вiшнёвую сукню, блакiтную нажнiцамi разрэжам i здымем'. Усе не чакалi такога i пагадзiлiся. Сваячка нават адрэз на стале разаслала, каб раскраiць. Але спачатку тая ж сваячка, а потым i ўсе астатнiя пачалi ўгаворваць - лета, гарачыня, не трэба... Я ў плач, у слёзы, а самой падумалася, што прывезла той адрэз маме, дык у труну ў ногi трэба пакласцi. Так i зрабiла.

Вочы ў бабы Ядзi былi блакiтныя. А здымак на помнiку брунатны. I ў дзеда Бронiка здымак брунатны. Але нават на карычневых здымках вiдаць, што вочы ў iх светлыя, блакiтныя. А можа, гэта толькi здаецца мне.

Звычайна, як хто блiзкi памiрае, я ў сне бачу яго. Першы раз гэта было, калi я ў iнтэрнаце жыла. Вярнулася з заняткаў, збiралася пачытаць, а ўсе дзяўчаты з нашага пакоя ў адзiн голас: 'Мы будзем спаць, выключай святло'. Пакрыўдзiлася, пайшла на калiдор чытаць. Суседка-аднакурснiца да мяне: 'Чаго твая мацi сягоння прыязджала?' 'Не сягоння, а ўчора', - кажу. А яна: 'Учора гэта ўчора, а сягоння гэта сягоння. Тое i дзiўна, што два днi запар'. Я ў наш пакой: 'Вы спiце?' Спяць. Я грамчэй: 'Вы спiце?' Тут Люда, самая старэйшая з нас, села на ложку: 'Нiна, ты толькi не хвалюйся. Мы ж хацелi як лепей. У цябе баба Марыя памерла. А твая мацi хацела, каб ты заўтра ўранку прыехала. Мы i маўчалi'. А сон? Сон быў напярэдаднi такi... Якраз у тую ноч, як баба памерла. Яна мяне ў дзяцiнстве вадзiла ў касцёл. I мне снiлася, што мы ўдзвюх заходзiм у касцёл. Яна - высокая, прыгожая жанчына, а я - зусiм маленькая дзяўчынка ў палярыне. У касцёле нiкога няма, светла, урачыста. Я глянула на бабу Марыю, яна вядзе мяне да алтара i маладзее. А я наадварот - расту. Я стала такой, як была на той час у сапраўднасцi. А яна - зусiм маленькая дзяўчынка. I ўжо не яна мяне вядзе, а я яе. Пасярод касцёла яна раптам вырвала сваю руку з маёй, пабегла i схавалася за алтаром. Я прачнулася.

А як мама памiрала, я ў дзiцячым лагеры была. Ну, правiльна, мы ж разам усе былi: i ты, i Мiрак. Мне ўбачылася такое: прыехала ў Койданава. Заходжу ў двор, а мама стаiць каля ганка i нешта робiць. Здаецца, бялiзну мые. Так, яна бялiзну мыла i пачула, як я клямкаю бразнула, азiрнулася. Яна маладая, смяецца, кажа: 'Нiначка, мне ўжо нiчога-нiчога не балiць. (А ў яе рак, жахлiвыя болi.) Так добра. Я такая шчаслiвая. Нiна, мне нiчога не балiць'. Я ўзрадавалася, iду да яе. А яна каля плота пабегла, стала маленькай, пад самай рукою маёй прабегла i - за веснiцы. Клямка бразнула. Прачынаюся, а ў вушах яшчэ бразгат клямкi звiнiць. Устала, выйшла на вулiцу. А тут ужо наш бацька: 'Я па цябе. Машыну ўзяў. Трэба ехаць. Не плач'.

У тую ранiцу пасля снядання я шукаў мацi па ўсiм лагеры. I ўбачыў яе, i пабег, а калi быў зусiм блiзка, схамянуўся - не мая мама, а выхавацелька. Я не спынiўся. Выхавацелька ўслед маё iмя крычыць. Слёзы душаць. Я ў лес. Ляжаў, плакаў на кастрыцы i пераконваў сябе, што баба Ядзя не памерла, што гэта я сам навыдумляў немаведама чаго. А калi слёзы скончылiся i прыйшоў да выхавацелькi i яна сказала, што баба Ядзя памерла, я не плакаў.

Мама мяне заўсёды папярэджвае. Даўно нешта не прыходзiла. Што гэта я кажу? Трэба па дрэве пастукаць.

Тук-тук-тук.

I ты пастукай.

Тук-тук-тук.

А калi абутак прыснiцца...

Як гэта я мог маму з выхавацелькай пераблытаць? Яны зусiм не падобныя.

...усё залежыць ад таго, якi абутак. Цi свой? Цi чужы? Цi новы? Цi чысты? А калi прыснiцца пажар, абавязкова пасварышся. Так у Койданаве казалi: пажар сварка.

САВА

Апавяданне

Саву ў Койданаве не любiлi. Нi тады, калi ён яшчэ стрыжаным пад нуль хлапчанём латашыў суседскiя сады i гароды, нi тады, як скончыў дзесяцiгодку i трос на танцах вiхрастым чубам. Яго недалюблiвалi яшчэ i з-за бацькi мiлiцыянта, чалавека звераватага, якi нiкому нiчога не дараваў: нi накапанага на чужым полi кошыка маладой бульбы, нi падшыпнiка, вынесенага з рамонтнай базы дзецям на самакат. Бацька лупiў Саву мiлiцыянцкай партупеяю, але жорсткае выхаванне толькi азлiла ды загартавала лядашчага хлопца. Саву абыходзiлi аднагодкi яшчэ i з-за мацi - крыклiвай пляткаркi, якая магла без дай патрэбы ўчынiць такi гвалт i прылюдны здзек у чарзе па цукар, што сёй-той згодны быў каўтаць вар голы, абы толькi не чуць брудных слоў i праклёнаў, што выляталi з шырокага, аздобленага металам рота мiлiцыянцiхi.

Саву нiхто не шкадаваў, калi ягоныя бацькi загiнулi ў адначассе. На чыгуначным пераездзе яны, абмiнуўшы караткаваты шлагбаўм, на ўсёй хуткасцi загналi жоўты службовы матацыкл пад колы лакаматыва. Хавалi iх у закрытых трунах, бо рэшткi людзей так перамяшалiся з анучамi ды жалеззем, што не раздзярэш, каб i хацеў. Парабiлi глыбокiя труны, паскладалi так-сяк тое, што яшчэ ўчора звалася прынцыповым мiлiцыянтам i нястрыманай жанчынаю, i занеслi на могiлкi. Сава застаўся на свеце адно з бабай Анцяй, якая з-за хворай нагi нават на магiлу сына i нявесткi не пайшла глядзець.

Тым летам Сава якраз i скончыў школу. Ён бадзяўся па Койданаве цэлымi днямi - забiваў час, што заставаўся да восенi, калi яго павiнны былi загрэбцi ў салдаты. Аднагодкi дый старэйшыя пазбягалi гэтага не па гадах дужага, шырокага ў плячах хлопца з белым чубам над заўсёды злосным гарбаносым тварам. Адно брыво Сава ўздымаў падчас гаворкi вышэй за другое, i з-пад яго, высока ўзнятага, пераламанага, глядзела на свет жоўтае, што ў рысi, вока. Адзiнае, што змянiлася ў Саве пасля гiбелi бацькоў, гэта губа пад носам - вусы запусцiў.

Прахалодны ранак. Сава сядзiць на дзёрне жыдоўскiх могiлак i пачэсвае пазногцем рудаватыя рэдкiя

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату