распранулася дагала i пайшла са збанком па ваду, а потым сказала мне, што мы ўжо маглi б пачаць практыкавацца пад вясельле, як гэта рабiў Гарды, але на калiдоры пачуўся крык, гэта прыдарыўся iнцыдэнт кавалю, якi быў так нажлукцiўся, што яму замест красунi падсунулi старую качаргу, але той каваль пасьвяцiў сабе лiхтарыкам i калi яе ўбачыў, дык выбег у споднiках на калiдор, ламаў балюстраду як абаранкi i крычаў, хто мне падаслаў тую лярву?! яна гадкая як акадэмiчная мастачка! i я пачаў зноў апранацца, бо быў я чалавекам пачуцьцёвым як i той каваль, iншага разу было, як аднаго каменяра прывучвалi да тайнiцы каханьня на бiльярдзе, але ён усё роўна быў слабы на розум, бо двойчы замураваў сябе ў печцы i трэба было даставаць яго адтуль кiркаю, i ён мусiў ставiць печку нанава, мяшчанскi дочкi i па сёньняшнi дзень дораць мне ружы i зьдзiўляюцца, дзе я навучыўся ўсiх тых адборных фокусаў? затое Оланак пекна паказаўся! мы вiншавалi яго на пляцы з пяцiдзясятымi ўгодкамi i пыталi, цi служыць яму здароўе? а Оланак выцягнуў сваё дзетародзтва, а як што быў папярэдне выпiўшы дзесяць лiтраў, дык сцыкнуў ажно на рэкляму Находзкай Ткацкай Фабрыкi, дакладна на першае 'а', а пад гэтай дугой праходзiў пан натарыюс i вiтаўся з намi, потым мы зрабiлi спаборнiцтвы ў 'Тэрасе', хто каго перасцыць? Оланак ужо загадзя адчуваў сябе пераможцам, але там сядзеў адзiн дзядзька, выглядам як жабрак з Марыяцэлу, i ён пытаецца, цi можа таксама ўзяць удзел? Оланак пагадзiўся з умовай, што будуць спаборнiчаць за лiтровую пляшку францускага каньяку, так што на стол паставiлi дзьве пляшкi, а па поўначы яны выйшлi перад 'Тэрасай', той дзядзька быў першы, расшпiлiўся i паказаў клясу! там па другi бок вулiцы быў такi дамок i той дзядзька перасцаў дугою над дамком i было чуваць, як струмень цурчыць, падаючы за дамком у Лабу, Оланку не было чаго i пачынаць, i той дзядзька забраў абедзьве пляшкi, Вiт, якi ў флёце йграў на бубнах, сказаў скрыпачу Новаку, зайграйма яму 'Вiялету'! i ўвесь горад паўзлазiў на лавы, а я потым дакiнуў 'Султанава вясельле', а Оланак, каб падправiць сваю рэпутацыю, паказваў жывыя карцiны, стаяў на стале i сцаў на гасьцей, адна панюся потым мне сказала, добра вам так, сябруеце зь iм, дык вас яшчэ i ў суд зацягнуць, у Народным Доме сьпяваў Ярынак Посьпiшыл i запытаўся людзей у залi, а хто тут умее сьпяваць? а жанчыны паднялi вiскатню, каб я пайшоў паспаборнiчаць зь iм! славуты тэнар дапамог мне ўвайсьцi на сцэну i сказаў сядайце! а я адказваю, што не мягу, а Ярынак пад вялiкi шум пытаецца чаму? а я адказваю, што ў мяне квiток на стаячае месца! а бабы шалелi i лiкавалi, што я атрымаў перавагу ў канвэрсацыi, але фартэпiян ужо зайграў мой кавалак i я прасьпяваў 'Цяжка нам расстацца', ну i потым узьняўся вялiкi вэрхал i гам, бабы ледзь не развалiлi той Народны Дом, а пра Ярынкаў сьпеў казалi, што хоць ён i разводнiк, але голас у яго ўвесь час як у салаўя, i што такiх людзей як Ярынак Посьпiшыл не павiнны пасылаць на вайну, каб народ не панёс страты, калi б яго забiлi, я з гэтым пагадзiўся, таму што за Аўстрыi я насiў шаблю капiтану Тонзэру, а нават меў шчасьце бачыць у аўтамабiлi фон Мантойфэля i гер фон Розэнэка, як яны сядзелi побач, два генэралы ў залатых пiкельгаўбах, што глядзелiся як начныя гаршкi, наверсе такiя шпiгулеты, як калiсьцi рабiлi вежы на кухонных шафах, я нават быў пры тым, як Аўфэнбэрг i Данкль давалi каманду да першай атакi, два маршалы з маноклямi, мне таксама пашэнцiла трымаць вуздэчку Конраду фон Гецэндорфу, гэта значыць, ягонай кабыле, старому чалавеку, але стройнаму як паненка, ягоны сын загiнуў пад Гарадэнкай у тамтэйшых балотах, але яны там мусiлi сядзець на заднiцах, бо што iншага маглi зрабiць? Конрад Гецэндорф належаў да кайзэравай сям'i, а як што быў эрцгерцагам, дык меў на шыi авечку, толькi што ў кайзэра яна была галавою ўверх, а ў Конрада фон Гецэндорфа галавою ўнiз, шмат разоў сьнiлiся мне малпы, а яны паволе соньнiку Анны Новакавай значаць цяжкую хваробу або шчасьце ў каханьнi, iншым разам сьнiўся мне нож, убiты ў грудзi, а гэта значыць каханьне з узаемнасьцю, падчас iмшы наш ксёндз-пробашч адварочваецца i пытае, а дзе касьцельны? чаму ён не прыслужвае i парушае багаслужбу, калi ўжо даўно павiнен быў прыйсьцi? а касьцельны заскочыў у карчму на гарэлiцу замест каб падсыпаць тры лыжачкi кадзiла ў кадзiльнiцу, каб ксёндз мог кадзiць у касьцеле, тое кадзiла ёсьць жывiцай аднекуль з Афрыкi, мiра i альяс, касьцельны вярнуўся трохi набраклы мятным лiкёрам, а ксёндз правiць багаслужбу i пытаецца, дзе вы былi? i вымае келiх з дараносiцы, а касьцельны кажа, што выходзiў пасцаць, а ксёндз адставiў келiх i лясь яго! i шарах яму! i крычыць, вы ня ведаеце, чалавеча, што падчас багаслужбы вы мой ад'ютант? а вам больш даспадобы пайсьцi на мятную гарэлку? i надаваў яму высьпяткаў, i натоўк яму нос псалтыром, потым узяў келiх i далей служыў iмшу, а бабы зьдзiўлялiся, што за новыя лiтургiчныя абрады ён паўводзiў, ну й бачыце, панны, пасьля таго выпадку касьцельны перастаў хвалiць Царкву i зрабiўся ўзорным сацыял-дэмакратам, раней людзi былi страшэнна нэрвовыя, калi каму прысьнiлася ўначы, што на яго сыплюцца зь мiскi агуркi, гэта значыла палкае каханьне, або калi вы бачылi ў снах старую бабу, гэта значыла, што твой дом абмiнуць заручыны, мой брат вучыўся на пекара ў Бэнды Валаха, а як што не дачуў, што яму сказалi, дык спытаўся што? i дастаў па мордзе, ажно абамлеў, а калi прачмухаўся, Бэнда яму кажа, у нас кажуць, прабачце, калi ласка, я не дачуў, але потым ён скацiўся, успадкаваў па мацi маёнтак i пачаў так пiць, ажно недзе замёрз, гэта бяда, усё роўна што даць дзiцяцi нож у руку, нашаму ксяндзу выпала бяда, калi ён засьпеў аднаго хлопца, як той габляваў дзеўку ля касьцёла ўначы, спачатку спалохаўся, што гэта быў вiкары, але i так мусiў данесьцi аб тым i да нас прыйшлi мiсiянэры, таму што ў краi заняпала маральнасьць, прыйшлi чатыры футбалiсты, тыя мiсiянэры так менавiта выглядалi, каптаны ў iх былi падперазаныя перавясламi, i яны так пачалi паляпшаць маральнасьць, што ажно мусiлi ўступiцца жандары, таму што сацыял-дэмакраты ставiлi падступныя пытаньнi адносна паходжаньня чалавека ад малпы, потым паспрачалiся, з чаго паходзiць курыца? ну дык зь яйка! а з чаго паходзiць яйка? ну дык з курыцы! i так адны на адных крычалi дзьве гадзiны вальнадумцы з мiсiянэрамi, ажно з апошнiх сiлаў выгукнулi, а з чаго паходзiць першае яйка? вальнадумцы вярэснулi, што з натуры, а мiсiянэры, што стварыў яго Бог, i пачалi адны адным даваць па мордах, так што жандары мусiлi ўмяшацца, таму што бабы прыбеглi па iх i сказалi, што бязбожнiкi абражаюць сыноў божых, а потым бабы пачалi кiдаць у вальнадумцаў каменьнем i пацэлiлi ў двух жандараў, таму што Бога нельга зачынiць у шкатулку, цяпер успомнiў! бачыць плуг на ворыве ў сьне значыць вясельле! а чыркаць запалкай, значыць закаханасьць, а паводле твора спадара Батысты, дваццацiгадовая красуня, пакуль ня станецца распуснай, дае мужчыну тое райскае адчуваньне, тую электрычнасьць, тым часам як дзеду такая дапамагае як мёртваму кадзiла, наш маёр сядзеў на жарабцы i рабiў агляд тае найпрыгажэйшае армii на сьвеце, глядзiць, а тут у жаўнера ўвесь плашч у крывi, адразу выцягнуў яго з шыхту i аблаяў сяржанта, што войска ў яго засьвiненае, гэта было дзiва, што за Аўстрыi бароны мелi ў стайнях люстры для коней, а стайнiкi i служанкi спалi на гарышчы, наймiты часам жылi горш за быдла, але затое людзi больш сьпявалi, каб адвесьцi душу песьняй, тым часам як сёньня нiхто ўжо не сьпявае за працай, маiм сябрам быў Рымскi, ён малацiў усiх, адразу паўкарчмы сморкалася юшкаю, муштрай у нас кiраваў паручнiк, ён скамандаваў Habacht! а Рымскi паварушыўся i паручнiк падбег i даў яму плазам шаблi ў жывот, ну й тут наступiў зорны момант для Рымскага, ён схапiў тую паручнiкаву шаблю i пераламаў яе аб калена, гваздануў паручнiку пад вуха i адным ударам звалiў яго на зямлю, капралы паразьбягалiся, а жаўнеры мелi з таго пацеху, князь Лiхтэнштайн меў сто маёнткаў, але каб не плацiць падаткаў i не заводзiць уласнага войска, ён спалучыў iх у дзевяноста дзевяць, але з другога боку яму не пашанцавала, бо дактары адрэзалi яму дзетародзтва i ўставiлi ў тое месца срэбную трубачку, так што бачыце, панна, багатыр, але тая штучка нямоглая, таму паводле твору спадара Батысты ўсё трэба агледзець загадзя, каб вы не куплялi ката ў мяху, бо потым маеце клопат, калi тое пачне вас падводзiць, так яно вядзецца, што адзiн мужчына можа нават скочыць на кабылу i нiчога яму ня станецца, а iншы схопiць хворасьць i пры найбольшай асьцярожнасьцi, адна скача з драбiны, каб выкiнуць дзiця, i нiчога, а iншая асьцерагаецца як можа i толькi трохi мацней высмаркаецца i ўжо выкiнула, нялёгкая справа таксама з тымi змовiнамi, шыкоўная дзяўчына дае аб'яву, што шукае беззаганны характар, а калi напрыклад я адкажу, дык тая дзеўка дзеля большай упэўненасьцi пасылае мяне на абсьледаваньне i распытвае ў суседзяў, цi гэты спадар ня бабнiк? i яшчэ пiша ў дэтэктыўнае бюро 'Карлiк', каб выведаць падрабязную iнфармацыю, аёй, аднаго разу на манэўрах сталася бяда, адзiн спрытнюк замест марганцоўкi налiў у пляшачку дэнатурату, а другi прыйшоў ад дзевак i хацеў апаласнуцца той нiбыта марганцоўкай, дык накапаў сабе на штуку таго дэнатурату, а потым як выскачыць i як пабяжыць паўз казарму, а мычаў як цельная карова, тое самае сталася нашай бабулi з мазяй, якую лекар падрыхтаваў як пiтво, яно было карычневае i стаяла каля люстра, а ў нашага дога балела лапа i ён таксама дастаў карычневую мазь, абедзьве пляшачкi былi аднолькавыя i бабуля памылкова налiла сабе пiтво для дога, усьмiхалася шчасьлiвая, бо лек смакаваў як малiны, але калi яго каўтнула, дык трэба было яе ставiць на ногi i бегчы па доктара, а потым па ксяндза, адна прыгажуня папрасiла мяне безь людзкiх вачэй занесьцi ейную мачу для аналiзу, але доктар аблаяў мяне, бо, маўляў, яна мусiць прыйсьцi асабiста, даўней людзi вельмi мяне любiлi, так што казалi мне, ня йдзеце, пабудзьце яшчэ, ваша работа пацерпiць! або запрашалi мяне ўсюды на сьвяты, толькi напэўна прыйдзеце, каб мы мелi каму даць у морду! так жартавалi са мною, я трымаў адну красуню за руку i мы разам глядзелi з мосту на хвалi i захмаранае неба, а я ёй распавядаў пра