тое, што ў нашым мястэчку трыццаць дзьве гасподы, а ў дваццацi васьмёх ёсьць дзяўчаты, што ўсё мястэчка звар'яцела на тэатральным мастацтве, бо ў iм было ажно пяць тэатраў, найлепшыя кавалкi аднак ставiлi ў Каталiцкiм Доме, дзе была суполка рамiзьнiкаў 'Пшэмыслаў', найбольшы посьпех мела мэксыканская п'еса El Tigro, галоўную ролю ў той час iграў чаляднiк Капэцкi, якi аднак надарваўся перад прэм'ерай, накладаючы скошаную канюшыну на воз, расьцягвалi яго на драбiне, а перад самай прэм'ерай мусiлi моцна наступiць на яго, потым усё было прыгожа, толькi калi чаляднiк стаў на каленi прызнацца ў каханьнi, дык ужо ня змог устаць, затое сьпяваў El Tigro надзвычай задушэўна i пры тым у яго расшпiлiлiся нагавiцы, ну дзiва такое, што жанчыны не маглi ўгаманiцца яшчэ тыдзень пасьля спэктаклю, а ў Народным Доме iгралi бляхары i сьлесары, яны найбольш ахвотна выбiралi п'есы з арыстакратычных колаў, 'Веер ледзi Вiнцiх' цi, можа, Вiнтэр, таго лорда iграў адзiн маляр, ды зноў, калi ён укленчыў, яму падцягнулiся ўверх нагавiцы ад фрака i паказалiся матузкi ад споднiкаў, а калi ён раскланьваўся i дзякаваў, дык ударыла яго заслона тым алавяным канцом i ён распластаўся на сцэне, а жанчыны шалелi, бо думалi, што тое належала да п'есы, а калi ў 'Гальку' iгралi 'Пэрлы панны Сэрафiнкi', пасьля перапынку рэжысэр выглядваў празь дзiрку ў заслоне, цi людзi ўжо на месцы, i падняў руку, а кулiсьнiк, якi напiўся малака ад шалёнае каровы, падняў заслону разам з рэжысэрам, рэжысэр зьляцеў з тае вышынi ў аркестар, а людзi цешылiся, што п'еса так файна пачынаецца, iншым разам, калi йгралi 'Радуза i Магулену', гэты кавалак пачынаецца ў цемры, кулiсьнiк нi з таго нi зь сяго падняў заслону, а Радуз думаў, што заслона ўсё яшчэ нанiзе i запытаўся, Магулена, дзе ты? а Магулена з галiны адказала, у срацы! а людзi цешылiся, што п'еса будзе скаромная, з жыцьця, а той кулiсьнiк, калi ўбачыў, што нарабiў, пацягнуў за вяроўку, а яна абарвалася i заслона паляцела долу i прыплюснула Рагузаву галаву, а той кулiсьнiк запалiў сьвятло ў залi i крыкнуў, што парвалася вяроўка, ну, тая Магулена мела вялiзарны посьпех, але найбольшы посьпех меў 'Сон у Купальскую ноч', калi яго ставiлi ў Каталiцкiм Доме, гралi толькi члены 'Пшэмыслава', усе пагалiлiся, а тая, што iграла фэю, схапiла падагру, бо iгралi тую п'есу зiмою, а тыя русалкi, калi падскоквалi, лiчылi такты i сьвяцiлi лiхтарыкамi, а потым той, што iграў з асьлiнай галавой, упаў у пастку i крычаў ой-ёй-ёй! а людзi пляскалi пры паднятай заслоне, адзiн харунжы, мужычышча як Баўэр, той што мог падняць карову i пабiў Фрыштэнскага, той во харунжы кажа мне на муштры, каб я паводзiў сябе зь iм як з ворагам, а практыкавалi мы тады parade rechts! parade links! паядынак на штыхi з працiўнiкам, ну й калi паставiлiся, я доўга ня думаючы пырнуў яго штыхом! на ягоным кончыку была галушка, тым штыхом харунжаму пад бараду, а ён кульнуўся цераз галаву i басьнякi кiнулiся адходжваць яго, а паручнiкi верашчалi на мяне, ты яго ледзь ня ўходаў! а я iм, ён жа сам казаў мне, каб я паставiўся да яго як да ворага, але паручнiкi мне, што найперш трэба было зрабiць parade rechts! i parade links! а потым ужо einfacher stoss! а я iм кажу, а дзе там я буду бавiцца з ворагам у parade rechts цi parade links, я там адразу зраблю einfacher stoss! i я зноў быў герой, адна дзеўка ў нас называлася Кача Рыпава, велiканка ды вялiкая танцорка i аматарка пiва, падчас танцаў у кожнага жлукцiла пiва, адзiн спрытнюк налiў у кухаль ртуцi, а калi яна апаражнiла той кухаль, ён пусьцiўся зь ёю ў скокi, ну, гэта быў жах, а ў ейнай дачкi былi асаблiвыя прыхамацi, яна рабiла тое з мужам на падлозе, а iхныя дзецi прыглядалiся, я таксама бачыў, калi паслаў мяне да iх архiтэктар, але найбольш падабаўся мне рай магамэтанаў, на кожным паверсе iншая прыгажуня, так што магамэтанiн мае чым радавацца, тым часам як каталiк можа хутчэй за ўсё звар'яцець, бо калi ўжо патрапiць на сваё неба, дык увесь час будзе глядзець быццам на сонца, Сьвятая Багародзiца! сказаў паэт Бонды, калi адно дзiцятка выляцела яму з возiка, калi мы выйшлi з гасподы, Iсусе, як гэта дзеецца, што адзiн купляе кiляграм сьвiнiны за пяцьдзесят галераў, а я за лустачку хлеба плачу пяць сотняў? я выяжджаў са Штайнбруку, пасажырскi цягнiк ня йшоў, дык дзяжурны ўпiхнуў мяне ў хуткi i мною адразу занялася кандуктарка, фарсуня як панна Сiкорава, адразу пасадзiла мяне ў першай клясе, калi б каго iншага, дык прагнала б i яшчэ дала прабiвачкай па носе, а мне запрапанавала эгiпецкую цыгарэту, а тут пхаецца нейкi бамбiза, аброслы i чорны як чыгун, i да таго зь пiпкай, а тая кандуктарка кажа, пайшоў прэч, мужык! у вас жа трэцяя кляса, i прагнала яго, я кажу, што i ў мяне трэцяя кляса, а яна штурхае мяне каленам i шэпча мне на вуха, што як заедзем у Вену, дык пойдзем разам гульнуць, бо ведаеце, жанчыны назойлiвыя, асаблiва ў гэтым верхаводзяць полькi, адна прыселася на мой ложак у лязарэце i старэйшы лекар разьверашчаўся на яе, сьвiньня! распусьнiца! ейнае хроснае iмя было Ядвiга, яна любiла мужчын больш за ежу, жандары, калi я забаўляў гасподу, адстаўлялi карабiны, зьнiмалi дзягi i казалi мне, вы чаруеце як зводнiцкi махляр, а я, брывом не павёўшы, выцягваў штых i гастрыў аловак для афiцыянткi, як тое рабiў Чаплiн, калi я ўжо абыйшоў усе гасподы, вяртаўся ў бровар, дзе мяне нiхто не асьмелiўся i словам папракнуць, я пераскокваў мур як сокал i вяртаўся дадому, аднойчы прыйшлi купцы i заказалi вiно i лiкёры, а адзiн ваяка ўзьлез на бiльярд i паказваў жывыя карцiны, павесiў конаўку з вадою сабе на чэлес, ну, проста вiртуоз, бабы й па сёньняшнi дзень спрачаюцца на гэты конт, адзiн пачаставаў мяне вiрджынскай цыгарай, пасьля чаго мяне зблажыла i я звалiўся пад стол, палiцыянты адвезьлi мяне ў бровар возiкам, як лiнолеум, Канупак, той машынiст што йграў на гелiконе, гэта такi iнструмант з муштуком як начны гаршчок, у якi трэба пляваць, дык той Канупак, казаў, што клясычная музыка заморвае яго, што ад таго гелiкону горла ў яго стала як у быка, i што ягоны дзед, калi ехаў са сьвята, дзе йграў на гелiконе, як толькi выехаў зь лесу, вецер абярнуў той гелiкон на рамянi i дзед задушыўся, а злотнiк Дубоўскi хацеў ведаць, што робiць ягоная дачка з нарачоным, калi бацькi няма дома, дык прыкiнуўся, што йдзе ў кiно, а папраўдзе ўлез пад канапу i чуў, як ягоная дачка прыйшла з тым мужыком, убачыў ягоныя халявы, а потым яны селi на канапу, якая ўвагнулася i спружыны нацiснулi на пуза злотнiка Дубоўскага, а потым бачыў, як на падлогу падае вопратка i бялiзна, а потым як ногi высоўваюцца з ботаў з халявамi, але далей злотнiк ужо нiчога ня бачыў, бо спружына з канапы ўлезла яму ў карак i ён пачаў крычаць, але нiхто яго ня чуў, бо дачка з нарачоным таксама крычалi i толькi потым пачулi яго, адвалiлi канапу i выцягнулi тую спружыну з карка злотнiка Дубоўскага, якi хацеў расхiнуць заслону эўрапейскага рэнэсансу, паэт Бонды, калi зноў прыехаў з возiкам, у якiм была пара тых ягоных дзяцей, даверыўся мне, што цяпер пiша вершы толькi ў прыбiральнi, дзе сядзiць i трымае на каленях дошку, а на ёй сшытак, але i туды прыходзяць тыя дзецi i грукаюць у дзьверы, такога i Гётэ не стрываў бы, якi быў прызвычаены да ўсякай усячыны, дык вось, панна, я сядзеў на гiльзе гасiлкi 'Мiнiмакс', шэсьць дзяўчат загарала i слухала, што я iм распавядаю, ксёндз-дэкан стаяў на вядры з рукамi перакiнутымi цераз плот i глядзеў на мяне як на зьявiшча, а я быў усяго толькi начытаўшыся 'Сьветагляду' i Гаўлiчка, а таксама твору спадара Батысты аб полавай гiгiене...

Сонца заходзiла, а панна Камiла стаяла на драбiне, ела чарэшнi i ўсьмiхалася старому ўнiзе, якi кожны дзень прыносiў ёй ружы, нарваныя ў чужых садох, якi абяцае ёй, як паляцяць яны разам у Вену i Будапэшт, i ён пакажа ёй усе тыя месцы, дзе ён бываў за Аўстрыi, як паедуць яны разам хуткiм цягнiком у Прасьцеева паглядзець на тую вялiзную чорную грабнiцу дворскага пастаўнiка Вайнлiха, у якога ён працаваў, як паедуць на аўтамабiлi ў Кокары, дзе ён пакажа ёй родны дом славутага Рымскага, якi не баяўся нiчога на сьвеце i такiм чынам уварваўся ў Божае каралеўства, глядзела i ўсьмiхалася старому, зь якiм ягоная сям'я мае клопат, бо ён ня мыецца, нават каб хоць трошкi апаласнуцца, i як толькi пачынаецца дождж, адразу даюць яму бiдон i пасылаюць у другi канец гораду па малако, якi ўжо не адрозьнiвае часу i кладзецца спаць адзеты, якi i цяпер у гэтай сьпякоце носiць трое нагавiц на цёплых споднiках, нанiзе зусiм абтрапаных, так што выглядае як тыя пухнатыя вуркатлiвыя галубы, якi ходзiць у заляпаных гразьзю чаравiках, да якiх заўсёды нацягвае адну шкарпэтку на другую так спрытна, што не прасьвечваюцца дзiркi, пра якога сям'я гаварыць, што ён бываў страшэнна нясьмелы, а нават палахлiвы, нейкi час зусiм непрылюдны, зь якога жанчыны толькi насьмiхалiся, але якi поўны да iх шляхотных пачуцьцяў i мiлы ў кампанii, што так як стаяла на драбiне ў заходным сонцы, а за ёй блiшчала рака, па якой жанчына ў чырвонай апратцы везла на пароме капiцу сена, што тая панна раптам узрадавалася добрай думцы, якая яе неспадзявана ўразiла, i сыходзiла долу, ступаючы па папярэчынах адной нагой за другою, ажно апынулася ў шортках сярод шасьцi кашоў чарэшняў, якiя нарвала надвячоркам, падыйшла да буды, узяла вядзерца, адсунула века студнi i выцягнула на круку поўнае вядзерца сьвежай вады, а потым падняла рукi, выцягнула блюзку апырсканую чарэшневым сокам, расшпiлiла гузiк у шортках i блюзка пайшла ўверх, а шорткi ўнiз, закруцiлася i выступiла з апратак i так голая пайшла i на палянцы ў засенi яблыняў уся ўмывалася, а стары, якi ўвесь надвячорак апавядаў, цяпер сядзеў як працяты маланкай, абхапiўшы сагнутае калена даланямi, i глядзеў паўзь яе, зьнямелы, насьцярожаны i тактоўны, пакуль яна дарыла яму тое, што толькi жанчына можа падараваць мужчыну, мыючыся ў поцемках для ягоных захопленых вачэй...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату