Пайшоў ён i сустрэўся па дарозе з зайцам, якi таксама iшоў у поле - на сваю капусту паглядзець.
Убачыў вожык зайца, пакланiўся яму i гаворыць ветлiва:
- Дзень добры, паважаны заяц. Як вы маецеся?
А заяц быў вельмi важны i горды. Замест таго каб ветлiва прывiтацца з вожыкам, ён толькi галавой хiтнуў i сказаў груба:
- Чаму гэта ты, вожык, у такую рань па полi рыскаеш?
- Я пагуляць выйшаў, - кажа ён.
- Пагуляць? - спытаў заяц насмешлiва. - А па-мойму, на такiх кароценькiх ножках далёка не зойдзеш.
Пакрыўдзiлi вожыка гэтыя словы. Не любiў ён, калi так гаварылi пра яго ногi, якiя i сапраўды былi кароценькiя i крывыя.
- Цi не думаеш ты, - спытаўся ён у зайца, - што твае заечыя ногi бегаюць хутчэй i лепш?
- Зразумела, - кажа заяц.
- А цi не хочаш ты са мной навыперадкi пабегчы? - пытаецца вожык.
- З табой навыперадкi? - кажа заяц. - Не смяшы мяне, - калi ласка. Ну няўжо ты на сваiх крывых нагах мяне абгонiш?
- А вось убачыш, - адказвае вожык. - Убачыш, што абганю.
- Ну, давай пабяжым, - кажа заяц.
- Пачакай, - кажа вожык. - Спачатку я схаджу дамоў, паснедаю, а праз паўгадзiны вярнуся на сваё месца. Тады i пабяжым. Добра?
- Добра, - сказаў заяц.
Пайшоў ён дадому. Iдзе i думае: 'Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахiтру'.
Прыйшоў ён дадому i кажа жонцы:
- Жонка, збiрайся хутчэй, прыйдзецца табе са мной у поле iсцi.
- А што здарылася? - пытаецца вожычыха.
- Ды вось мы з зайцам паспрачалiся, хто хутчэй бегае - я цi ён. Я павiнен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.
- Што ты - з глузду з'ехаў? - здзiвiлася вожычыха. - Куды табе з зайцам цягацца? Ён цябе адразу абгонiць.
- Не твая справа, жонка, - сказаў вожык. - Збiрайся i пойдзем. Я ведаю, што раблю.
Вожычыха пайшла з вожыкам у поле. Па дарозе ён гаворыць жонцы:
- Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгiм полi. Заяц пабяжыць па адной баразне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля ля маёй баразны. Як толькi падбяжыць да цябе заяц, ты крыкнi: 'Я ўжо тут!' Зразумела?
- Зразумела, - адказвае жонка.
Так яны i зрабiлi. Адвёў вожык вожычыху на пачатак сваёй баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакiнуў зайца.
- Ну што, - кажа заяц, - пабяжым?
- Пабяжым, - кажа вожык.
- Раз, два, тры! - крыкнуў заяц.
I абодва яны пабеглi з усiх ног.
Зрабiў вожык крокi тры-чатыры, а потым цiхенька вярнуўся на сваё месца i сеў. Сядзiць i адпачывае. А заяц усё бяжыць i бяжыць. Дабег да канца сваёй баразны, а тут вожычыха яму i крычыць:
- Я ўжо тут!
А трэба сказаць, што вожык i вожычыха вельмi падобныя адзiн на аднаго. Здзiвiўся заяц, што вожык яго абагнаў.
- Бяжым цяпер назад, - кажа ён вожычысе. - Раз, два, тры!
I паiмчаўся заяц назад хутчэй, чым раней. А вожычыха засталася сядзець на сваiм месцы.
Дабег заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць:
- Я ўжо тут!
Яшчэ больш здзiвiўся заяц.
- Бяжым яшчэ раз, - кажа ён вожыку.
- Добра, - адказвае вожык. - Калi хочаш, пабеглi яшчэ раз.
Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды i назад. А вожык усё абганяў яго.
Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык яму крычыць: 'Я ўжо тут!'
Пабяжыць заяц назад да канца баразны, а вожычыха яму крычыць: 'Я ўжо тут!'
На семдзесят чацвёрты раз дабег заяц да сярэдзiны поля i звалiўся на зямлю.
- Стамiўся, - кажа, - не магу больш бегаць.
- Вось бачыш цяпер, - кажа вожык, - у каго ногi хутчэйшыя?
Нiчога не сказаў заяц i пайшоў з поля. А вожык з вожычыхай паклiкалi сваiх дзяцей i пайшлi з iмi гуляць.
ХЛОПЧЫК ЯК ПАЛЬЧЫК
Жыў калiсьцi на свеце бедны селянiн. Сядзеў ён аднойчы вечарам ля печы i прысак варушыў, а жонка сядзела i прала. Вось ён i кажа жонцы:
- Так прыкра, што няма ў нас дзяцей. Вельмi ж у нас цiха, а вось у iншых хатах, ты толькi зiрнi, як шумна ды весела.
- Гэта праўда, - адказала жонка i ўздыхнула, - каб было ў нас хоць адно, хай сабе такое маленькае, як мезены пальчык, дык i то я была б шчаслiвая. А як мы любiлi б яго!
I здарылася так, што жонка стала цяжарнай i праз сем месяцаў нарадзiла немаўлятка, i было яно здаровае ды статнае, але росту мела не болей за палец.
I сказалi яны:
- Вось так яно i сталася, як мы хацелi: сыночка нашага мы будзем любiць, i iмя яму далi за яго рост Хлопчык як пальчык.
Яны добра яго кармiлi, але хлопчык усё не рос ды не рос i заставаўся такiм, якiм i нарадзiўся; аднак вочы ў яго былi разумныя, быў ён кемлiвы i руплiвы, i ўсё, за што ён нi браўся, яму ўдавалася.
Сабраўся аднойчы селянiн у лес дровы секчы i сказаў сам сабе: 'Вось было б добра, каб нехта прыехаў па дровы з возам'.
- Татка, - кажа Хлопчык як пальчык, - я прывязу воз, ты ўжо не сумнявайся, буду ў лесе своечасова.
- Але як жа ты з гэтым справiшся, ты ж такi маленькi, каб канём кiраваць?
- Гэта, татка, не бяда! Калi мацi запражэ, дык я залезу каню ў вуха i буду яму крычаць, куды трэба ехаць.
- Добра, - адказаў бацька, - адзiн раз, бадай што, паспрабуем.
Калi прыйшла пара, запрэгла мацi каня i пасадзiла Хлопчыка як пальчык каню ў вуха, i стаў хлапчына пакрыкваць: 'Но! но! Лявей, правей!'
Усё iшло як мае быць, як у вопытнага фурмана, i воз кацiўся проста ў лес. Ды здарылася так, што на паваротцы, калi Хлопчык як пальчык крыкнуў: 'Налева, налева!', насустрач з'явiлiся двое незнаёмых.
- Глянь, - кажа адзiн з iх, - што гэта такое? Едзе сабе воз, фурман на каня пакрыквае, а самога не вiдаць.
- Тут штосьцi не тое, - зазначыў другi, - давай пойдзем следам за возам i пацiкуем, дзе ён спынiцца.
А воз ехаў сабе ўсё далей i далей у лес i прамым кiрункам туды, дзе секлi дровы. Убачыў Хлопчык як пальчык бацьку i кажа яму:
- Вось, татка, я i прыехаў з возам. А цяпер ты знiмi мяне i апусцi на зямлю.
Бацька левай рукой узяў каня за аброць, а правай дастаў з конскага вуха свайго сыночка, той весела ўсеўся на былiнцы.
Убачылi незнаёмцы Хлопчыка як пальчык i не ведалi, што iм i казаць ад здзiўлення. Пасля адзiн з iх i кажа:
- Паслухай, гэты недаростак мог бы прынесцi нам шчасце, мы паказвалi б яго ў вялiкiм горадзе за грошы, - давай купiм яго.