А якраз надышоў час вяселля Раланда. I былi па вясковай старой традыцыi запрошаны на вяселле ўсе навакольныя дзяўчаты пець у гонар жанiха i нявесты песнi.
Пачула аб гэтым адданая любаму дзяўчына i так засумавала, што вось-вось сэрца разарвецца ад гора, i яна не пажадала iсцi на вяселле. Але за ёю ўсё ж прыйшлi дзяўчаты i ўзялi яе з сабой.
Вось надышла яе чарга пець песню, але яна запела толькi тады, калi засталася адна, без дзяўчат. Iнакш яна не магла. Як толькi пачуў яе песню Раланд, ускочыў са свайго месца i ўсклiкнуў:
- Мне гэты голас знаёмы! Вось яна, мая сапраўдная нявеста, нiякай iншай я не жадаю!
I ўсё, што ён паспеў забыць, раптам зноў ажыло, вярнулася зноў у сэрца, як у родны дом.
I адсвяткавала тады адданая дзяўчына вяселле са сваiм любым Раландам, знiклi яе пакуты, прыйшоў час радасцi i весялосцi.
ПАПЯЛУШКА
Захварэла аднойчы ў аднаго багача жонка i адчула, што канец ёй прыходзiць. Паклiкала яна да сябе сваю адзiную дачку i гаворыць:
- Любае маё дзiця, будзь сцiплай i ласкавай, i Бог табе заўсёды дапаможа, а я буду глядзець на цябе з неба i заўсёды буду каля цябе.
Потым закрыла яна вочы i памерла. Дзяўчынка хадзiла кожны дзень на магiлу да мацi i плакала, i была цiхмянай i ласкавай.
Вось надышла зiма, i снег накрыў белым саванам магiлу, а калi вясной зноў засвяцiла сонейка, узяў багач сабе ў жонкi другую жанчыну.
Прывяла мачаха ў дом сваiх дачок. Былi яны прыгожыя i тварам белыя, але сэрцам злосныя i жорсткiя. I наступiў тады цяжкi час для беднай падчарыцы.
- Няўжо гэтая дурнiца будзе сядзець у нас у пакоi? - сказала мачаха. - Хто хоча есцi хлеб, няхай яго спачатку заробiць. Ану, хутчэй на кухню, будзеш гаспадыняй.
Адабралi яны ў яе прыгожае адзенне, надзелi на яе старую зрэбную кашулю i далi ёй драўляныя чаравiкi.
- Паглядзiце вы на гэтую гордую прынцэсу, бачыце, як убралася ў строi, гаварылi яны, смеючыся, i адвялi яе на кухню.
I павiнна была яна там з ранiцы да вечара выконваць чарнавую работу: падымацца раненька-рана, насiць ваду, палiць у печы, кухарыць i мыць. Акрамя таго, зводныя сёстры ўсяляк iмкнулiся як можна мацней яе засмуцiць насмiхалiся над ёю, высыпалi гарох i сачавiцу ў попел, i ёй трэба было сядзець i выбiраць iх адтуль.
Вечарам, калi яна ад працы вельмi стамлялася, ёй даводзiлася класцiся спаць не ў ложак, а на падлогу, побач з печчу, на попеле. I таму, што была яна заўсёды ў попеле, у пыле i гразi, празвалi яе сёстры Папялушкай. Давялося аднойчы бацьку збiрацца ехаць на кiрмаш, i спытаў ён у сваiх падчарыц, што прывезцi iм у падарунак.
- Прыгожыя строi, - сказала адна.
- Жэмчуг i каштоўныя камянi, - папрасiла другая.
- Ну, а ты што, Папялушка, хочаш?
- Прывязi мне, тата, галiнку, што на зваротным шляху першая зачэпiць цябе за шапку.
Накупляў бацька сваiм падчарыцам прыгожых сукенак, жэмчугу i самацветных каменьчыкаў, i калi вяртаўся дамоў праз лясок, галiнка арэхавая сцебанула яго, ды так моцна, што i шапку ў яго з галавы збiла. Ён адламаў гэтую галiнку i ўзяў яе з сабой. А дома падарыў падчарыцам тое, што яны прасiлi, а Папялушцы аддаў арэхавую галiнку.
Падзякавала яму Папялушка, пайшла на магiлу да мацi i пасадзiла там арэхавую галiнку. I так моцна плакала, што слёзы ручаём цяклi з яе вачэй i шчодра палiлi гэтую галiнку. Вось вырасла галiнка i стала прыгожым дрэвам. Тройчы на дзень прыходзiла Папялушка да дрэва, плакала i малiлася; i кожны раз прылятала да дрэва белая птушка; i, калi Папялушка загадвала якое-небудзь жаданне, птушка скiдвала ёй тое, што яна прасiла.
Але вось аднойчы сталася так, што кароль наладзiў банкет, якi павiнен быў доўжыцца ажно тры днi, i склiкаў на яго ўсiх прыгожых дзяўчат краiны, з тым, каб сын яго мог выбраць сабе жонку. Калi зводныя сёстры даведалiся, што iм таксама трэба з'явiцца на банкет, яны паклiкалi Папялушку i кажуць ёй:
- Прычашы нам валасы, наваксуй туфлi i зашпiлi нам засцежкi, ды як можна мацней, бо мы iдзём у каралеўскi палац на агледзiны.
Папялушка паслухалася iх, але заплакала: ёй таксама вельмi хацелася пайсцi патанцаваць; яна пачала прасiцца ў мачахi, каб тая пусцiла i яе.
- Ты ж, Папялушка, - сказала ёй мачаха, - уся ў попеле ды ў гразi, куды ж табе iсцi на банкет! У цябе ж нi сукенкi няма, нi туфляў, а ты хочаш яшчэ танцаваць.
Перастала Папялушка яе прасiць, а мачаха ёй i кажа:
- Вось высыпала я мiску сачавiцы ў попел. Калi збярэш за дзве гадзiны, тады можаш iсцi разам з сёстрамi.
Выйшла Папялушка чорным ходам у сад i сказала так:
- Вы, галубкi ручныя, вы, галубкi, птушкi паднебныя, ляцiце, дапамажыце мне сабраць сачавiцу.
Лепшыя калiўцы - у гаршчок,
Горшыя - у валлячок.
I прыляцелi да кухоннага акенца два белыя галубкi, а за iмi i галубка, i нарэшце пазляталiся ўсе птушачкi паднебныя, селi на попел. Схiлiлi галубкi свае галоўкi i пачалi кляваць: тук-тук-тук-тук, а за iмi i астатнiя таксама: тук-тук-тук-тук, i хутка сабралi ўсе зярняткi ў мiсачку.
Прынесла Папялушка мiсачку сваёй мачасе, радуецца, што яна дазволiць ёй пайсцi разам з сёстрамi на банкет, а тая i не думае яе пускаць.
- Не, Папялушка, у цябе ж няма сукенкi, ды i танцаваць ты не ўмееш, - там смяяцца будуць з цябе.
Заплакала Папялушка, а мачаха кажа:
- Вось калi выбераш мне з попелу за адну гадзiну дзве поўныя мiскi сачавiцы, тады можаш пайсцi разам з сёстрамi.
А сама падумала пра сябе: 'Гэтага ёй ужо не зрабiць нiколi'. Высыпала мачаха дзве мiскi сачавiцы ў попел, а дзяўчынка выйшла праз чорны ход у сад i сказала так:
- Вы, галубкi ручныя, вы, галубкi, птушкi паднебныя, ляцiце, дапамажыце мне сабраць сачавiцу!
Лепшыя калiўцы - у гаршчок,
Горшыя - у валлячок.
I прыляцелi да кухоннага акенца два белыя галубкi, а за iмi i галубка, i нарэшце пазляталiся ўсе птушкi паднебныя, селi на попел. Схiлiлi галубкi галоўкi i пачалi кляваць: тук-тук- тук-тук, а за iмi i астатнiя таксама: тук-тук-тук-тук, i хутка сабралi ўсе зярняткi ў мiсачку.
Прынесла Папялушка сачавiцу мачасе, радуецца, што яна дазволiць ёй пайсцi разам з сёстрамi на банкет, а тая i не думае яе пускаць.
- Нiшто табе не дапаможа, не пойдзеш ты разам з сёстрамi: i сукенкi ў цябе няма, ды i танцаваць ты не ўмееш. Нам будзе за цябе толькi сорамна.
Павярнулася яна спiной да Папялушкi i пайшла са сваiмi дзвюма дочкамi на банкет.
А Папялушка, счакаўшы трохi, накiравалася да магiлы сваёй мацi пад арэхавае дрэўца. Прыйшла i просiць:
- Дрэўца, дрэўца, варухнiся-атрасiся,
Майго твару срэбрам-золатам кранiся.
I скiнула ёй птушка залатую i срэбную сукенкi, аздобленыя шоўкам ды срэбрам туфлiкi. Надзела яна сукенку i неўзабаве з'явiлася на агледзiны.
А зводныя сёстры i мачаха, нiчога не ведаючы, падумалi, што гэта нейкая чужая каралева, такая прыгожая, з'явiлася. Iм i ў галаву не прыходзiла, што гэта Папялушка. Яны думалi, што сядзiць тая дома ў гразi i выбiрае з попелу сачавiцу.
Вось выйшаў ёй насустрач каралевiч, узяў яе за рукi i пачаў танцаваць. I не хацеў ён танцаваць нi з якой другой дзяўчынай. I калi хто падыходзiў запрасiць яе на танец, ён гаварыў:
- Я з ёй танцую.
Танцавала яна да самага вечара i хацела ўжо дамоў вяртацца, а каралевiч ёй кажа:
- Я пайду цябе праводзiць. - Яму хацелася даведацца, чыя гэта дачка-прыгажуня; але яна ад яго ўцякла i ўзлезла на галубятню.
Дачакаўся каралевiч, калi прыйшоў яго бацька, i кажа яму, што невядомая прыгожая дзяўчына ўзлезла на галубятню. Стары падумаў: 'А цi не Папялушка гэта?' - i загадаў прынесцi сякеру i багор, каб разбурыць галубятню. Але там нiкога не было.
Вярнулiся бацькi дамоў - бачаць: ляжыць Папялушка ў сваёй зрэбнай кашулi ў попеле, i гарыць ля печкi