Меў, праўда, i старэйшы сын адну загану: быў баязлiвы. Пасылае, бывала, бацька куды-небудзь, а на вулiцы ўжо цёмна, то ён заўсёды просiцца:
- Ох, бацечка, не пайду, мне страшна!
Пачнуць вечарам ля агню расказваць усялякiя небылiцы, аж мароз па скуры бегае, зноў старэйшы брат уздыхае:
- Ах, як страшна!
Малодшы брат кожны раз дзiвiўся:
- А мне вось анiчуць не страшна.
Аднойчы бацька i кажа яму:
- Паслухай, сын, ты ўжо вунь якi вялiкi ды моцны вырас, трэба самому вучыцца хлеб зарабляць. Бачыш, як брат твой стараецца.
- Эх, бацечка, - адказаў малодшы сын, - я б ахвотна чаму-небудзь навучыўся. Але найперш хачу навучыцца, каб мне было страшна.
Пачуў гэта старэйшы брат i заўсмiхаўся, падумаў: 'Божа, якi ўсё-такi мой брат дурань. З яго нiколi нiчога не атрымаецца'.
Уздыхнуў бацька i кажа малодшаму сыну:
- Чаму-чаму, а страху ты павiнен навучыцца. Толькi на хлеб наўрад цi гэтым заробiш.
Неўзабаве зайшоў да iх у госцi дзяк. Пачаў бацька пра сваю бяду яму жалiцца, расказваў пра малодшага сына.
- Калi так, - адказаў дзяк, - страху ён мог бы ў мяне навучыцца. Прышлiце сына да мяне.
Бацька задаволены: 'Вось хлопца i прыладкую куды-небудзь'.
Стаў жыць яго малодшы сын у дзякавай хаце. I даручыў яму гаспадар званiць у званы. Аднойчы будзiць ён свайго работнiка апоўначы i загадвае падняцца на званiцу ды бiць у званы.
'Цяпер ты навучышся страху', - падумаў дзяк. Потайкам ён прабраўся на званiцу, стаў насупраць вакна ўвесь у белым. Званар, як толькi ўзяўся за вяроўку, убачыў прывiд i крыкнуў:
- Хто гэта?
Постаць у белым не адгукнулася, не здрыганулася.
- Адказвай альбо згiнь, табе тут няма чаго рабiць! - закрычаў хлопец.
Але дзяк прадаўжаў стаяць.
- Што табе трэба? - зноў закрычаў званар. Калi не адкажаш, то скiну ўнiз з лесвiцы.
Дзяк думаў, што да гэтага справа не дойдзе, i стаяў моўчкi. А пасля трэцяга вокрыку, хлопец падбег i скiнуў прывiд з лесвiцы ўнiз.
Адзванiў работнiк у званы. Вярнуўся дамоў i моўчкi лёг спаць. Доўга чакала дзячыха свайго мужа, а ён усё не вяртаўся. Урэшце зрабiлася ёй страшна. Яна разбудзiла хлопца i давай распытваць:
- Цi не ведаеш ты, куды гэта мой муж дзеўся? Ён жа на званiцу падняўся раней за цябе.
- Не ведаю, - адказаў хлопец, - але бачыў я, нехта стаяў на лесвiцы ўвесь у белым. Адмоўчваўся на мае запытаннi i не хацеў пакiдаць званiцу. Я палiчыў, што ён злодзей, i скiнуў унiз. Схадзiце ды зiрнiце на яго.
Кiнулася дзячыха да званiцы i знайшла там свайго мужа. Ён ляжаў у куце ды стагнаў, зламаў сабе нагу.
Прынесла жонка мужа дадому, кiнулася з плачам да хлопцавага бацькi.
- Ваш сын, - сказала дзячыха, - вялiкую бяду ўчынiў, скiнуў майго мужа з лесвiцы, i той зламаў нагу. Забiрайце ад нас свайго шалапута.
Напалохаўся бацька, пабег да дзяка i давай лаяць сына. Як той нi апраўдваўся, а бацька сваё:
- Эх, мне з табой адно гора. Iдзi-тка ты куды-небудзь, каб вочы мае цябе не бачылi.
- Добра, бацечка, ахвотна пакiну вас. Пайду страху вучыцца, каб гэта рамясло мяне кармiць магло.
- Вучыся чаму хочаш, - махнуў бацька рукой. - Вось табе пяцьдзесят талераў, iдзi з iмi куды хочаш. Ды толькi не кажы нiкому чый ты, бо мне за цябе сорамна будзе.
- Добра, бацечка, выканаю ўсё, як просiце.
Ранiцай юнак укiнуў у кiшэню бацькавы грошы i выйшаў на вялiкую дарогу. Iдзе i сам сабе паўтарае: 'Ах, каб мне стала страшна! Ах, каб мне стала страшна!'
Пачуў гэту просьбу адзiн падарожнiк, далучыўся да юнака. Нейкi час яны iшлi разам. Убачылi шыбенiцу, падарожнiк дый кажа:
- Бачыш, вунь стаiць дрэва, а на iм вiсяць сем чалавек. Вяселле згулялi, а цяпер лётаць вучацца. Садзiся пад тым дрэвам, а як ноч наступiць, то страху i навучышся.
- Калi так хутка я навучуся страху, - адказаў хлопец, - то прыходзь да мяне ранiцай i атрымаеш ад мяне пяцьдзесят талераў.
Усеўся дурань пад дрэвам, на якiм былi падвешаны людзi, i пачаў змроку чакаць. Пахаладала, i ён распалiў касцёр. А ноччу ўзняўся калючы вецер, што нават касцёр не саграваў. Зiрнуў ён уверх, а там павешаныя гайдаюцца. Падумаў хлопец: 'Я ля кастра зябну, а яны ўверсе зусiм адубеюць'. Ад прыроды ён быў жаласлiвы, таму прыставiў лесвiцу да дрэва i палез адвязваць мерцвякоў. Сцягнуў усiх унiз, пасадзiў iх ля кастра. Ды i сам сцiшыўся, прыгрэўся. Раптам бачыць, гарыць адзежа ў мерцвякоў. Ён крычыць iм:
- Эй, будзьце з агнём асцярожныя, а то я вас зноў зацягну на шыбенiцу.
Ды хто ж яго пачуе, калi вакол кастра адны нябожчыкi. Раззалаўся хлопец i зноў падвесiў iх на дрэва. Стамiўся ад такой працы, прысеў ля агню i моцна заснуў.
Ранiцай прыходзiць знаёмы падарожнiк па грошы i кажа:
- Ну, цяпер ты даведаўся, што такое страх?
- Не, - адказаў хлопец, - адкуль мне яго ведаць? Тыя, што наверсе, i рота за ноч не адкрылi ды такiя дурнi, ледзь не спалiлi свае старыя лахманы.
Зразумеў прахожы, што не атрымае абяцаных грошай, сказаў пры развiтаннi:
- Такога, як ты, яшчэ нi разу не сустракаў.
Пайшоў хлопец далей сваёй дарогай. Iдзе i зноў мармыча:
- Ах, каб мне стала страшна!
Пачуў гэта адзiн возчык, цiкавiцца:
- Хто ты такi?
- Не ведаю, - адказаў дурань.
- А ты адкуль?
- Не ведаю.
- Хто твой бацька?
- Гэтага мне расказваць не дазволена.
- А што ты ўсё пра сябе мармычаш?
- Э-э, - адказаў хлопец, - хачу, каб мне стала страшна, а мяне нiхто гэтаму не навучыць.
- Iдзi за мной, - сказаў возчык, - я дапамагу табе.
Пад вечар яны прыпынiлiся ў карчме, вырашылi там пераначаваць.
Гаспадар карчмы, як толькi даведаўся, чаго жадае малады хлопец, сказаў яму:
- Калi табе хочацца навучыцца страху, то выпадак для гэтага ёсць.
Гаспадар расказаў яму, што непадалёк ад карчмы стаiць заварожаны замак. Варта там правесцi тры ночы запар, i страху можна навучыцца.
- Няўжо?!
- Слухай, хлопча, - таямнiча паведамiў карчмар, - кароль таго замка абяцае смельчаку аддаць у жонкi сваю дачку-прыгажуню. Там ёсць вялiкiя скарбы, але яны зачараваныя. Хто прагонiць ад iх злыя духi, той стане багатым. Было, на жаль, ужо багата ахвотнiкаў пабываць у тым замку, але нiхто не вярнуўся назад.
Як толькi развiднела, пайшоў хлопец да караля i кажа:
- Калi будзе дазволена, то я хацеў бы правесцi тры ночы ў вашым зачараваным замку.
Каралю спадабаўся адчайны юнак, ён i прапанаваў:
- Прасi ў мяне тры рэчы, можаш iх узяць з сабой у замак.
Хлопец адказаў:
- Дайце мне агню, сталярны станок i такарны разам з разцом.