Кароль загадаў удзень занесцi ўсё гэта ў замак. А ноччу хлопец-смяльчак пайшоў туды. У адным з пакояў расклаў агонь, паставiў побач сталярны станок, а на такарны сам усеўся, зноў пачаў мармытаць:
- Ах, каб мне стала страшна!
Апоўначы чуе дзiўныя галасы:
- Мяў-мяў! Як нам холадна!
- Эй, вы, дурнi, - крыкнуў хлопец. - Калi вам холадна, то падсаджвайцеся да агню ды грэйцеся.
I толькi ён так сказаў, як да яго скокнулi дзве вялiзарныя чорныя кошкi. Селi па баках, вочы агнямi гараць. Крыху сагрэлiся i прапануюць:
- Прыяцель, а давай у карты згуляем.
- Чаму б не згуляць - пагадзiўся хлопец. - Толькi пакажыце спярша вашы лапы.
I выпусцiлi кошкi свае кiпцюры.
- Э-э, якiя яны ў вас доўгiя! Iх трэба крыху абрэзаць.
Схапiў ён кошак за шкiркi, падняў на сталярны станок i моцна прыкруцiў лапы. Пасля, мёртвых, выкiнуў праз вакно ў ваду.
Толькi прысеў ля агню, як з усiх куткоў павылазiлi чорныя кошкi i чорныя сабакi на распаленых ланцугах. Яны страшна крычалi, раскiдвалi агонь, хацелi яго патушыць.
Гэта раззлавала хлопца. Ухапiў ён разец i давай ганяць страшыдлаў. Каго забiў, выкiнуў у сажалку. Астатнiя разбеглiся.
Вярнуўся ён да агню, раздзьмуў яго, захацелася яму паспаць. Азiрнуўся, бачыць у куце вялiкi ложак.
- Гэта якраз мне i трэба, - узрадаваўся юнак.
А як толькi ўлёгся, ложак той пачаў рухацца i пакацiўся па замку, як бы ў яго запрэглi вараных. Праз парогi i лесвiцы, то ўнiз, то ўверх. Ды раптам гуп!-гуп! - перакулiўся ложак, бытта гара на хлопца навалiлася. Вызвалiўся з-пад яго i кажа:
- Хай на iм катаецца той, каму ахвота.
Лёг ля свайго агню i заснуў. Так моцна спаў, што кароль, калi ранiцай убачыў яго, думаў ён мёртвы:
- Шкада мне хлопца-прыгажуна.
Пачуў гэта юнак i прачнуўся, сказаў:
- Усё было добра. Адна ноч прайшла, перажыву i дзве астатнiя.
Вярнуўся хлопец да карчмара, а той вачам сваiм не верыць, пытаецца:
- Ну, навучыўся страху?
- Не, усё марна. Ах, каб хто расказаў мне, што гэта за страх!
На другую ноч зноў пайшоў смяльчак у стары замак. Сеў ля агню, думае. З прыходам поўначы пачулiся шумы, стукi. Раптам з трубы выскачыла палова чалавека i звалiлася перад iм.
- Гэй, - крыкнуў хлопец, - а дзе ж другая палова? Гэтага мала!
Зноў падняўся шум, усё загрымела, завыла, i з трубы выпала другая палова.
- Пачакай, я для цябе раздзьму агеньчык.
Раздзьмуў, азiрнуўся, бачыць - страшны чалавек усеўся на яго месца.
- Так мы не дамаўлялiся, - зазлаваў юнак. - Лаўка мая!
Спiхнуў ён страшыдла i ўсеўся на сваё месца. I выпала потым з трубы багата яшчэ такiх жа людзей. Яны прыцягнулi косткi мерцвякоў, два чарапы i пачалi гуляць у кеглi. Юнак пацiкавiўся:
- Слухайце, вы, а цi нельга з вамi пагуляць?
- Можна, калi грошы ў цябе водзяцца.
- Грошай хапае. А вось кеглi ў вас не зусiм круглыя.
Узяў ён чарапы, прыладкаваў iх на такарны станок, абтачыў.
- Так-то лепш будуць качацца. Цяпер гульня пойдзе весялей!
Згуляў юнак з iмi, прайграў крыху грошай. А як толькi пачало развiдняць, усе страшыдлы разбеглiся. Ён яшчэ паспеў моцна заснуць.
Прыходзiць ранiцай кароль:
- Ну, як гэту ноч правёў?
- У кеглi гуляў, некалькi талераў прайграў.
- А хiба табе не было страшна?
- Што вы, весела было. Эх, уведаць бы мне толькi, што такое страх!
На трэцюю ноч да хлопца з'явiлiся шэсць велiканаў. Прынеслi на пахавальных насiлках памёршага стрыечнага брата. Ён ляжаў халодны ў труне.
Юнак узяў нябожчыка на рукi, падсеў з iм да агню, пачаў расцiраць халодныя рукi. Нiчога не дапамагло, кроў не разыходзiлася па жылах. Тады хлопец вырашыў легчы з iм у пасцель i сагрэць яго сваiм целам. Так i зрабiў.
Адагрэўся мярцвяк, заварушыўся ды як крыкне:
- А цяпер я цябе задушу!
- Што?! - здзiвiўся хлопец. - Ты мне так хочаш аддзячыць? Калi так, то вяртайся ў сваю дамавiну.
Ён падняў мерцвяка, кiнуў яго ў дамавiну i прыкрыў векам. З'явiлiся шэсць велiканаў i вынеслi яго.
- Усё нiяк не робiцца мне страшна, - сам сабе паскардзiўся хлопец.
Тады раптам да яго падступiўся адзiн з велiканаў, ростам вышэй за ўсiх i старэйшы за iх, з доўгай сiвой барадой, закрычаў:
- Ах ты, хлапчук! Ты зараз даведаешся, што такое страх. Ты павiнен памерцi!
- Як гэта?!
- Вось зараз...
Страшыдла працягнула рукi да хлопца, хацела ўхапiць яго, але ён выкруцiўся i сказаў:
- Цiшэй, няма чаго рукi распускаць! Калi ты моцны, то i я не слабы.
- Давай памераемся сiлай!
Велiкан павёў хлопца ў кузню, узяў сякеру i адным махам увагнаў кавадла ў зямлю.
- Я здолею не горш, - сказаў хлопец i падышоў да другога кавадла.
Стары сагнуўся, каб лепей бачыць, як юнак будзе заганяць кавадла ў зямлю. Барада яго апусцiлася. А хлопец хуценька адсунуў кавадла дый зашчамiў у яго бараду страшыдлы.
- Вось ты i трапiў да мяне! Цяпер твая чарга памiраць.
Пачаў велiкан стагнаць, прасiцца. Паабяцаў вялiкае багацце. Паверыў хлопец, адпусцiў яго.
Павёў стары ў падзямелле замка i паказаў юнаку тры куфры, поўныя золата.
- Адна частка золата, - сказаў ён, - беднякам, другая - каралю, а трэцяя табе.
Мiж тым прабiла дванаццаць, i дух знiк. Хлопец застаўся адзiн упоцемку. Стаў прабiрацца вобмацкам. Знайшоў дарогу да пакоя, дзе гарэў агонь, i заснуў.
Прыходзiць ранiцай кароль, пытае:
- Ну што, цяпер страху навучыўся?
- Не!.. Пабываў тут мой памёршы стрыечны брат. Прыходзiў нейкi барадач, але што такое страх, так мне нiхто i не сказаў.
Кароль паведамiў яму:
- Ты замак мой вызвалiў ад чараў, можаш цяпер жанiцца на маёй дачцэ.
- Гэта добра, - адказаў хлопец, - але што такое страх, я так i не ведаю.
Паднялi з падзямелля золата. Згулялi вяселле. Малады кароль, як нi кахаў сваю жонку, як нi быў задаволены, а не-не дый паўтараў:
- Каб стала мне страшна!
Надакучыла слухаць такое каралеве. От аднойчы служанка i кажа ёй:
- У гэтай справе я дапамагу. Ён страху навучыцца!
Пайшла яна да ручая, якi бруiўся ў садзе, набрала поўны цэбар печкуроў. Ноччу, як толькi малады кароль заснуў, сцягнула жонка з яго коўдру i вылiла на яго поўны цэбар халоднай вады з печкурамi. Пачалi маленькiя рыбкi скакаць, цялёпкацца па целе маладога караля, ад чаго ён прачнуўся ды як закрычыць:
- Вой, мiлая жонка, як мне страшна, як страшна! Так, цяпер я ўжо ведаю, што такое страх!